155503.fb2
І страляў, і трапляў у дрэўца, і збіваў шышку, і смяяўся. Мірошка захапляўся яго спрытам і зайздросціў яму.
Нарэшце падышлі да бортных дрэў. Жыхары Гарэлай Весі ставілі на бортных дрэвах, кожны на сваіх, «знамёны» — знакі, якія гаварылі ўсім навакольным людзям, каму належыць тое ці іншае пчалінае гняздо. Мірошкаў бацька звычайна высякаў на дрэвах дзве стралы, што перакрыжоўваліся адна з адною.
Няпростая справа прывабіць пчол, вольных мітуслівых працаўніц, у свой вулей. Трэба папрацаваць, трэба апырскаць сваю борць настоямі з пахучых траў і кветак, мёдам, воцатам. Асцярожныя пчолы высылаюць ва ўсе бакі разведчыкаў, якім трэба адшукаць для пчалінай сям'і жытло. Паселяцца пчолы ў борці, пачнуць насіць мёд, мацнець, набіраць сілу, ды раптам прыходзіць вялікі ласун, мядзведзь са сваёй заграбастай лапай. Супроць мядзведзя робяць падкуры — укопваюць каля дрэва вострыя тоўстыя колікі, навешваюць каля вулляў гладкія цяжкія бярвенні. Кране мядзведзь бервяно лапай, хоча адкінуць яго ўбок, а яно вяртаецца і балюча б'е мядзведзя па галаве. Аж раве мядзведзь, шалее, б'е бервяно лапамі, ды бервяно, як жывое, адказвае ўдарам на ўдар.
Мірошка з Якавам якраз і ўбачылі такога мядзведзя. Грозна равучы, ён лез на падкур па мёд. З дрэва злупілі перад гэтым кару, яно было голае, лапы ў мядзведзя слізгалі, ды мядзведзь (хто толькі яго навучыў?) цёрся лапамі аб лясную зямлю, набіраў на кіпці ігліцы і пяску і зноў спрабаваў забрацца на дрэва.
Якаў нацягнуў цеціву лука, і страла са свістам упілася мядзведзю ў сцягно. Ён ярасна зароў, зваліўся з падкура, узняўся ва ўвесь рост, пагрозліва памахаў усяму наваколлю лапамі, але ўсё-ткі забыўся пра мёд, борздзенька пабег у свой бярлог.
— Будзеш ведаць, як хадзіць у чужы мёд, — смеючыся, сказаў Якаў.— Мядзведзь разумней за некаторых людзей. Лезе, лезе на дрэва — бух! — зваліўся. Ні стогну, ні енку — сам вінаваты. Але ідзе па лесе, шышка з елкі ўпадзе, стукне па лбе — як падскоча мядзведзь, як зараве, як зазлуе! Смяхоцце, дый толькі.
Падышлі да ляснога ручая. Мірошка прыклаўся губамі да струменьчыка, папіў вады. Ружовыя промні вечаровага сонца мякка асвятлялі палянку, на якой прыпыніліся Якаў з Мірошкам.
Па беразе булькатлівага ручая, прадзіраючыся праз хмызняк, дабраліся да Свіслачы. Мноства баброў працавала тут. Бабры рэзалі дрэўцы, сплаўлялі іх уніз па цячэнню.
— Глядзі,— раптам зашаптаў Якаў і рукою, у якой трымаў лук, паказаў на раку. Нізка седзячы ў вадзе, з супрацьлеглага берага плыў човен. Малады светлавалосы хлопец, стаўшы на левае калена, часта і моцна гроб шырокім вяслом. За спінаю ў хлопца сядзелі двое мужчын у высокіх магерках21 з белай воўны, насцярожана ўзіраліся ў надрэчны хмызняк, дзе затаіліся Якаў і Мірошка.
Човен вузкім носам урэзаўся ў шархатлівую асаку. Незнаёмцы выскачылі на бераг, похапкам азірнуліся, выцягнулі з чоўна чалавечы труп і, ломячы зялёны чарот, па калена правальваючыся ў твань, хуценька панеслі яго ў глыб лесу. Хлопец-вясляр застаўся ля чоўна. Праз нейкі час мужчыны ў белых магерках вярнуліся, пакінуўшы труп у лесе. Човен панёсся туды, адкуль толькі што прыплыў.
Мёртвы стары з вялікай лысай галавою ляжаў на пясчаным пагорку. Зялёная муха поўзала па маршчыністай шчацэ. Страла з абламаным апярэннем тырчала ў старога ў грудзях.
— Хто яго забіў? — шэптам спытаўся Мірошка.
— Людзі з таго берага, — не зводзячы вачэй са старога, таксама шэптам адказаў Якаў.— Але яны, ты бачыў, прывезлі труп сюды, на зямлю нашай абшчыны. Яны хочуць, каб наша абшчына заплаціла князю Рагвалоду Свіслацкаму дзікую віру. Бяжым у весь, Мірошка.
«Дзікая віра! Дзікая віра!» — панеслася па Гарэлай Весі пасля таго, як туды прыбеглі Якаў з Мірошкам. Гэта былі страшныя словы. Стогадовыя дзяды разам з маленькімі карапузікамі, якія толькі што навучыліся хадзіць, пачуўшы гэтыя словы, шчыльней зачынялі дзверы хат, з асцярогаю пазіраючы на пацямнелыя вечаровыя вокны. З навакольных лясоў і балотаў паўзла ў весь трывога, нават, здавалася, паветра было насычана ёю. Галасілі жанчыны. Ніхто не мог заснуць. Самыя адважныя мужчыны, узяўшы сякеры і рогвіцы, з якімі ходзяць на мядзведзяў, запалілі каля дубовага крыжа, што стаяў на ўскраіне Гарэлай Весі, вогнішча, гуртом сядзелі ўкруг яго.
Чаму ж так напалохала ўсіх дзікая віра? Не з-за грыўняў, якія кожная сям'я, кожны дым22 павінны былі заплаціць за тое, што на зямлі абшчыны знойдзена мёртвае цела, а забойца невядомы. Грыўні, як бы ні было нявыкрутна, можна адшукаць. Жахлівым было тое, што нябожчык нёс праклён абшчыне і зямлі, на якой ляжаў. Дакрануўшыся да зямлі Гарэлай Весі, нябожчык як бы атручваў усю гэтую зямлю, яе ваду і траву. Заўсёды пасля такога чорны мор навальваецца на жывёлу і на людзей. Што ні рабі — закопвай труп, спальвай, кідай у рэчку, вязі на чужое поле — пячатка праклёну застаецца. Раней, яшчэ калі не было грэчаскага бога, а людзі маліліся драўляным балванам на капішчах23, прыносілі чалавека ў ахвяру, і цёплая чалавечая кроў змывала праклён. Але новы бог, Хрыстос, забараняе пазбаўляць чалавека жыцця.
— Трэба зарэзаць чорнага казла, кроў разліць у ваколіцах весі, а рогі закапаць пад святым крыжам, — параіў абшчыннікам самы стары жыхар весі Гняздзіла. Ягоны дзед калісьці быў вешчуном. Знайшлі чорнага казла, пры святле вогнішча адрэзалі яму галаву, усё зрабілі так, як навучыў Гняздзіла. Трывога трохі адпусціла людзей.
Выдзеўблі з тоўстага дуба труну, і пад покрывам ночы самыя адважныя з мужчын, і Якаў паміж імі, узялі нябожчыка, паклалі ў труну, як у човен, і аддалі хвалям Свіслачы, сказаўшы: «Вада дае, вада бярэ».
Мірошка, стаіўшыся на палатках, не мог заснуць. Даўно заснулі бацькі; пахныкаўшы, як звычайна, заснулі брацік Дамажыр і сястрычка Тэкля, а ён, лежачы ў цішыні, зноў і зноў успамінаў твар старога нябожчыка, калі яны з Якавам убачылі яго. Зялёная муха, што паўзла па шчацэ старога, неадчэпна мільгацела ўваччу, і, як ён ні заплюшчваў вочы, як ні варочаўся з боку на бок, не было ад яе паратунку. «Няўжо я таксама памру? — думаў Мірошка. — Няўжо і мяне засыплюць некалі зямлёй? Як жа гэта? Я ж так люблю маці з бацькам, і Дамажыра, і Тэклю. І стрыя Якава люблю. Я люблю слухаць, як булькочуць Свіслач з Бярэзінай, як лес шуміць увесну і ўвосень. Люблю на дождж глядзець. Калі дзятлоў вельмі чуваць, будзе дождж. Сыч крычыць па начах на дождж. Я ўсё гэта ведаю, ад бацькі ведаю. Дык няўжо я памру?»
З вялікім трапятаннем у душы, з вострым страхам і такой жа вострай цікаўнасцю ён звяртаўся ў думках да таго, хто трымае ў сваіх руках усё жывое, хто дае і адбірае жыццё, каму моліцца маці. «Зрабі, каб мы ўсе жылі і ніколі не паміралі,— прасіў ён. — Зрабі, каб прадзедава душа, якую я сёння пакалечыў, не са злосці пакалечыў, не пракляла мяне. Калі ты ўсё можаш, завядзі дзікую віру ў дрыгву, у пясок-плывун, каб яна не знайшла дарогі ў Гарэлую Весь».
Мірошка пачаў ужо засынаць, ужо думкі рваліся, блыталіся ў галаве, як павуцінне пад ветрам-свежаком. Але раптам крокі пачуліся спанадворку, лёгкія, хуткія. «Гэта Якаў вяртаецца з лесу, ідзе адтуль, дзе аддавалі рацэ нябожчыка», — адразу ж усхапіўся Мірошка. Ён таропка, але бясшумна спусціўся з палаткаў, адкінуў дубовую завалу на дзвярах, выйшаў пад начное неба. Перуноў Шлях24 ззяў над Гарэлаю Вессю. Абложна, з усіх бакоў, шумеў лес. На балоце чуўся чэкат дзікіх качак.
— Стрый, — ціха паклікаў Мірошка, — Якаў!
І раптам яму зрабілася так страшна, аж мароз па скуры пайшоў, аж падалося, валасы ўзвіліся дыбком і пачалі тоненька патрэскваць на галаве. Ён зразумеў, што гэта не Якаў, што Якаў яшчэ на рацэ, а ў трох-чатырох сажнях ад яго чарнеюцца нейкія чужыя, маўклівыя людзі, быццам прывіды, што ўсталі з пракаветных здзірванелых курганоў. Мірошка хацеў ускрыкнуць, хацеў ірвануцца назад у хату, але неадольная млявасць прыляпіла ногі да зямлі.
— Бяры малога, — ледзь чутна прагучаў старэчы голас, і Мірошку накінулі на галаву нешта мяккае, халоднае, шчыльнае (напэўна, мяшок), ускінулі на плячо і панеслі, як воўк носіць авечку. Усё гэта адбылося хутка-хутка, як воласу перагарэць.
— Прынясем трэбу25 дзікай віры, і яна пашкадуе весь, — данёсся да Мірошкі ўсё той жа голас.
Дык вось што хочуць з ім зрабіць? Яго ж, пэўна, зацягнуць у гушчар, да ляснога бога, там заб'юць і ягонай крывёю змажуць сухія вусны драўлянаму лясному богу. Дзе ж сапраўдны бог, нябесны бог, чаму ён не дапамагае?
— Хутчэй, хутчэй, — падганяў таго, хто нёс Мірошку, усё той жа агідны голас.
Мірошка праз мяшок з усім адчаем, з усёй злосцю ўпіўся зубамі ў чужое ненавіснае плячо, крутнуўся ўсім целам. Сіла, якую выгнаў з цела страх, зноў вярнулася.
Незнаёмец войкнуў ад болю, Мірошка з мяшком на галаве плёхнуўся на зямлю. Ён імгненна ўскочыў на ногі, садраў мяшок, закрычаў на ўсе грудзі, прарэзліва, адчайна:
— Мама! Якаў!
І рынуўся ў цемру, на нейкі міг апярэдзіўшы злыя страшныя рукі, якія гатовы былі зноў схапіць яго.
— Трымай малога! — закрычаў стары, і Мірошку падалося, што гэта голас Гняздзілы.
Але хіба можна было ўтрымаць Мірошку! Як на крылах імчаў ён да матчынай хаты, страла з лука не змагла б дагнаць яго. Ён дабег, даляцеў да хаты, бухнуўся ў нізкія дзверы і на парозе сутыкнуўся з маці.
— Мама! — толькі й крыкнуў Мірошка, і зямля паплыла з-пад ног, перакуліўся, пачарнеў срэбны Перуноў Шлях і патух, быццам не было яго на небе.
Доўга хварэў Мірошка. Чорная ліхаманка пасялілася ў ім. Ні зеллем, ні шэптам, ні святой вадой нельга было яе выгнаць. І ніхто не ведаў, што будзе з ім, бо чалавеку не дадзена ведаць свой час. Рыбы трапляюць у невад, птушкі заблытваюцца ў сіло, сыны чалавечыя робяцца ахвярай сваіх вёснаў і зім. Той, хто нарадзіўся, павінен памерці. Такі непарушны закон прыроды, але ж Мірошку было ўсяго дзесяць сонцаваротаў. І аднойчы ён адчуў, як зноў наліваюцца сілай рукі і ногі, як вочы, што звыкліся з паўзмрокам хаты, прагнуць глянуць за небасхіл, увабраць у сябе сонечныя промні, начныя зоркі.
— Сынок, — шчасліва заплакала маці,— мы ж ужо думалі, што ты грабніцай пахнеш, памрэш. Жыві, сынок, і моцна пацалавала Мірошку.
За час, калі хварэў Мірошка, у Гарэлую Весь прыязджаў княжацкі вірнік са сваім памочнікам. Яны прыпыніліся на пастой у бортніка Чырвона. І заплаціла весь дзікую віру, бо, як гаворыцца ва ўставах князёў свіслацкіх, «у іхняй зямлі, у іхняй верві26 галава ляжала». Акрамя таго, заплацілі смерды за чырвоную рану трыццаць грыўняў і за сінюю рану пятнаццаць грыўняў. Акрамя таго, дала весь вірніку і памочніку ягонаму корм на сядміцу27: сем вёдзер соладу, сыр, хлеба колькі могуць з'есці, курэй па дзве на дзень, аўса для чатырох коней, і рыбы мноства вялікае, і мёд. Чухалі патыліцы смерды.
Ужо зіма гула над пушчай, калі ачуняў Мірошка. Мароз-ядрэц камяніў зямлю. Снег заваліў усе дарогі, усе самыя вузенькія сцяжынкі. Дрэнна было звярам вялікім і малым — зямля ўжо не хавала іхнія сляды. Мядзведзі, патлусцеўшы за лета, клаліся спаць. Ваўкі бегалі гайнёю, і лютыя галодныя ваўчыцы былі ў іх за павадыроў.
Маці сядзела за прасніцай каля маленькага, закаванага празрыстым лёдам акна і спявала:
Мірошку дужа цікава было ведаць, дзе знаходзіцца гэткі двор, дзе можна ўбачыць гэтыя горы, брусы, стаўбы і катлы. Але маці толькі сказала:
— Так мая бабка пяяла.
Прыйшоў Якаў, весела ўсміхнуўся Мірошку, скінуў з пляча на падлогу маладую забітую казулю. У казулі былі прыгожыя масляніста-цёмныя вочы.
— На Звонкім беразе падстрэліў,— пахваліўся Якаў.— Гайда, Мірошка, нешта пакажу.
Мірошка апрануў тоўстую карычневую світку, поршні з цёплымі анучамі на ногі, шапку-аблавушку з воўчай футры.
Зіма разбяліла Гарэлую Весь. Усё было заслана снегам, ды якім — пушыстым, мяккім, бязважкім! Снег, калі прыгледзецца, быў сатканы з маленькіх прыгожых белых зорачак. Мірошка браў гэтыя зорачкі на далонь, і на цёплай далоні яны пакрысе пачыналі плаваць, як плавае свіны тлушч на разагрэтай патэльні, а потым знікалі — толькі бліскучая кропелька вады заставалася ад іх.
— Я табе канёк зрабіў,— сказаў Якаў.— Добры канёк, касцяны. З бычынай косці вытачыў. На Свіслачы будзем катацца, там ужо лёд пластом ляжыць.
Мірошка з радасцю схапіў канёк, валовымі жыламі прыкруціў яго да нагі. Так і пабег да рэчкі па снезе з каньком на правай назе.
У самым сутоку Свіслачы і Бярэзіны знайшлі месца, дзе амаль не было снегу, і Мірошка, адштурхнуўшыся левай нагою, ездзіў на каньку ад берага да берага, выразаючы на лёдзе мудрагелістыя блытаныя ўзоры. Якаў ляпіў снежкі і цаляў імі ў Мірошку. Весела і горача было абодвум.
Раптам на стромым беразе Бярэзіны, які быў густа засыпаны снегам, Мірошка ўбачыў тонкі струменьчык дыму. Ён спыніўся, прыгледзеўся пільней. Так, дым быў, і выходзіў гэты дым як знутры зямлі, з нейкай высока ўзнятай над ракою нары, што здалёку здавалася маленькай чорнай кропляй.
— Што там такое? — здзіўлена спытаўся Мірошка ў Якава.