155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Калядныя святы пачаліся куццёю. Старанна мыліся ў лазні, пасля захаду сонца селі за стол, які стаяў у куце трапезнай. На голыя дошкі паслалі сена, закрылі сена белым абрусам, на абрус паставілі куццю з грэчкі і ячменю і мядовую сыту.

Князь Рагвалод радасным вокам глянуў на сваю княгіню, на дачку, на ўсіх дамачадцаў, даў усім куццю з сытою, павіншаваў жывых з божым святам, успомніў нябожчыкаў, з вялізнай драўлянай лыжкі сыпнуў куццю ў кут — пачаставаў снежнавалосага Зюзю, бога маразоў. Усе загукалі: «Дзяды, дзяды, ідзіце куццю есці!»

Дабранега, накінуўшы на плечы кажушок, выбегла на цёмны двор, палахліва азіраючыся, паставіла гліняную міску з куццёю ля глухой сцяны церама. Зоркі глядзелі з неба, як нечыя сумныя вочы. Раптам хруст снегу пачуўся ўдалечыні. Аж горача зрабілася. Гэта дзяды ідуць з краіны мёртвых куццю есці. Дзед Судзіслаў, якога ўгры37 забілі, дзед Васілёк, што ўтапіўся ў Бярэзіне. Усё бліжэй і бліжэй снежны хруст… Ужо быццам лёгкія крокі чутны… Дабранега стрымгалоў ірванулася ў церам, на дубовы засоў зачыніла дзверы.

Князь Рагвалод запусціў руку пад абрус, выцягнуў з-пад яго пучок сена, уважліва разглядаў, круціў у пальцах кожную сяннінку, задаволена сказаў:

— Добры лён зародзіць.

А потым шумнай гурбою вываліліся на двор, пільнымі вачамі ўзіраліся ў наваколле. Шмат сцежак пратоптана на двары — багатая грэчка вырасце. Шмат зорак у небе — добра жывёла расплодзіцца. Густая шэрань на галінках лягла — ад яблыкаў, ад ігруш дрэвы да самай зямлі прыгнуцца.

Дабранега з чалядзінкаю Кулінай, бо адной было боязна, забегла за церам, прыслухоўвалася — з якога боку сабакі брэшуць. Але сабакі чамусьці маўчалі, пэўна, спалі, і нельга было даведацца, адкуль жаніх прыедзе. Тады дзяўчаты, хаваючыся ад чужога вока, прыгінаючыся, пачалі бегаць пад вокнамі чорных курных хат, у якіх жыла чэлядзь надворная. Вострае вуха і чуйнае сэрца патрэбны ў такой справе. Кожная дзяўчына радуецца, калі пачуе, што ў хаце кажуць позняму госцю: «Ну ідзі, ідзі, браце, досыць сядзець». Значыць, і яна не заседзіцца, выйдзе неўзабаве замуж. Адчайваецца дзяўчына, калі чуе, што госця ўпрошваюць яшчэ пасядзець. І зусім жудасна, калі гавораць у хаце пра дошкі, свечкі і папа — смерць, як ні круціся, падкосіць.

Але ў гэты вечар нічога не пачулі Дабранега з Кулінаю. Вецер свістаў, лес шумеў, сэрцы ад хвалявання моцна тахкалі.

Сумная вярталася Дабранега ў церам. Ішла паволі, у глыбокім одуме, нават забылася, што трэба дзядоў баяцца. Ды хто сказаў, што трэба баяцца дзядоў? Дзед Судзіслаў, як памятае Дабранега, такі добры, такі ласкавы быў з ёй, унучкаю. Аднойчы зайчыка ў лесе злавіў, прынёс у паходным шаломе.

— Ідзі спаць, — строга сказала Дабранега Куліне.

Чалядзіна пакланілася князёўне, бясшумна знікла. Гэтае смердава племя жыве непрыкметна і бясшумна, як мышы, як ніцая трава пры дарозе. «Няўжо яна гэтаксама, як я, можа кахаць, чакаць, хвалявацца?» — падумала пра Куліну Дабранега.

Раптам у цемры забрахаў сабака. Колькі іх брэша заўсёды! Цэлая гайня сабак носіцца па сядзібе. Але ж сёння быў асаблівы дзень, асаблівая ноч, зараз гэты брэх быў святым знакам, сігналам — рыхтуйся, дзявочая душа, наступае твой запаветны міг.

Дабранега напачатку падумала, што ёй падалося. Але зноў азваўся сабака. Брахаў, мяркуючы па тонкім вісклявым голасе, зусім маленькі сабачка, шчанюк.

Дабранега адчула, як усё цела, ад кончыкаў пальцаў ног да вачэй і вушэй, затапляе трывожная і ў той жа час шчымліва-салодкая хваля. Такога з ёю яшчэ не было. Князёўна зняможана прыхілілася, прыпала да марозлівай дубовай сцяны церама і ўсё глядзела, глядзела ў той бок, адкуль павінен быў прыйсці яе лёс.

Цішыня павісла над Княжым сяльцом, над усім светам. Здавалася, зверху, з неба, чулася трымценне зорак. Палахлівая мыш востранькімі зубамі асцярожна, як спрабуючы, тачыла дрэва. Цішыня была глыбокая, як калодзеж, як дзявочы сум.

Няўжо не было ніякага сабачкі? Няўжо зноў цэлы сонцаварот чакаць, таемна плакаць? Няўжо не будзе белага вэлюму, а будзе чорны клабук38 манашкі?

Тупат пачуўся з цемры. Зафыркалі коні. Зазвінелі цуглі. Нехта сказаў ціха і радасна, з палёгкаю:

— Прыехалі.

У Дабранегі як бы хто падрэзаў ногі. Яна ўпала ў снег і страціла прытомнасць.

Ачуняла ў сваёй святліцы. Заплаканая маці-княгіня націрала ёй скроні нейкім смуродлівым пякучым зеллем. Князь Рагвалод у разгубленасці стаяў каля ложка. Перапалоханыя чалядніцы бязладным роем снавалі ўзад-уперад: прыносілі цёплую ваду, прымочкі, прыпаркі. Адна з іх трымалася за чырвоную шчаку, пэўна, маці-княгіня адвяла на ёй душу, а рука ў княгіні цяжкая.

— Дзе ён? — адразу ж запыталася Дабранега.

— Хто? — не здагадалася, чамусьці спалохалася маці. Яна, калі палохаецца, робіцца надзіва непрыгожай.

— Ён… — знясілена прашаптала Дабранега, і князь Рагвалод зразумеў дачку.

— Гукніце кукейноскіх вояў,— загадаў князь чалядніцам.

Увайшлі воі. Адзін высокі, сінявокі, з чэрмнымі валасамі, другі ніжэйшы, бялявы. Ужо не было на іх паходнага даспеху, твары былі свежыя, вымытыя, але ўсё роўна пахла ад іх снегам, дымам, дарогай.

— Як клічуць вас, воі? — прыўзняўшыся на локаць, запыталася Дабранега.

— Я — Халадок, — весела адказаў чэрмнавалосы. — Ён — Грыкша. Занядужала, князёўна? Ад нашага гаспадара, ад князя Вячкі Барысавіча, што трымае сталец у Кукейносе на дзвінскім парубежжы, паклон табе, князёўна Дабранега, паклон тваім бацькам-князям. Слава князёў свіслацкіх дакацілася да Кукейноса. Меч моцны плячом, а плячо ў князёў свіслацкіх, як мы чулі і ведаем, заўсёды было моцнае. За зямлю полацкую, за веру дзядоў нашых непарушна стаяць яны на паўдзённых межах, як мы, людзі Кукейноса, стаім на захадзе.

Пры гэтых словах князь Рагвалод Свіслацкі паружавеў ад задавальнення, заўсміхаўся, раздзьмуў сівыя вусы. Любіў ён сечу, любіў хмельны мёд, а яшчэ любіў слова мяккае, ліслівае.

— Бяросту мы прывезлі ад князя Вячкі,— гаварыў далей Халадок, і вочы былі вясёлыя, бліскучыя. — Нізка кланяецца ён тваім бацькам, — тут воі пакланіліся ў пояс, — і просіць іх, каб дазволілі яму злюб39 з табою ўзяць, князёўна. Калі будзе тваіх бацькоў і твая згода, то наш князь на вадохрышча40 сватоў прышле. Сам ён зараз у Полацку, з вялікім князем Уладзімірам перамовы вядзе.

Халадок змоўк, і ў святліцы наступіла цішыня. Усе глядзелі на Дабранегу. А ў Дабранегі душа спявала, вочы свяціліся, нейкі салодкі невядомы голас клікаў яе. Толькі яна чула гэты голас, яна адна.

— Я ведаю князя Вячку, — сказаў Рагвалод Свіслацкі.— І бацьку ягонага, вялікага князя полацкага Барыса Давыдавіча ведаў. Моцнае племя. Добрае семя. Але скажы мне, вой, — дзе жонка князя Вячкі, княгіня Звеніслава?

— Бог паклікаў яе, — ціха прамовіў Халадок. — Памерла княгіня Звеніслава, пакінуўшы ў скрусе князя і дочачку Соф'ю. Пяць сонцаваротаў малады князь сэрца і вусны смутку аддаваў, на белы свет глядзеў без усмешкі. Але жывому — жыць, сонцу — свяціць, дрэву — расці, сэрцу — спадзявацца. І таму князь Вячаслаў Барысавіч, ці Вячка, як кліча яго ўвесь люд кукейноскі, павесялеўшы сэрцам, глянуў, нібы малады голуб, нібы месяц ясны, у ваш бок. За гарамі, за лясамі, казалі нам, што ў вас ёсць галубіца. Дык ці нельга злучыць нашых галубкоў? Колькі б ад іх было галубочкаў, белых, залатых, алмазных! Як будзе ваша згода, князь Вячка гатоў святы крыж цалаваць на сыноўнюю вернасць вашаму дому, на вернасць, да сырой зямлі і дубовай труны, князёўне Дабранезе. Рашай князь Рагвалод Свіслацкі. А пакуль прымі падарунак ад слаўнага горада Кукейноса. Наша мора бурштынам плача. І шле табе князь Вячка бурштын — марскія слёзы. Грыкша, нясі бурштын.

Грыкша прынёс у святліцу вялікі скураны мех, развязаў яго, высыпаў каля ног Рагвалода Свіслацкага і княгіні Мар'і цэлую гару бурштыну. Усе анямелі ад захаплення і здзіўлення. Жоўта-карычневай прамяністай вільгаццю мякка ўдарыла ў вочы. Быў тут і мядовы колер, і чырванавата-буры, і агністы, як восеньскае кляновае лісце. Бурштын зіхацеў, пераліваўся самымі нечаканымі адценнямі, лавіў дзённае святло і хаваў яго ў самую сваю глыбіню. Не холад, не падводны сум выпраменьваў бурштын. Цеплыня смалы, што бліскучым жывым ручайком цячэ па разамлелай ад сонца хваёвай кары, была ў ім.

Дабранега асцярожна ўзяла круглую ружова-залацістую гарошыну, паднесла да вачэй. Унутры празрыстай гарошыны, у самай сарцавіне, быў навекі замураваны зялёны вусаценькі жучок. Нават падалося, таемна блішчыць ягонае вочка — малюсенькая кропелька, іскрынка сонечнага святла, якое ззяла над зямлёй яшчэ да сусветнага патопу. Колькі людскіх пакаленняў знікла, згарэла ў полымі часу, а маленькі жучок, схаваўшыся ў кавалак бурштыну, глядзіць адтуль на людзей і як бы нешта хоча сказаць ім.

«Багата жывуць у Кукейносе», — думаў князь Рагвалод Свіслацкі, не адрываючы вачэй ад іскрыстага бурштыну. І хоць не жадаў, бачылася яму пясчаная нішчымная зямля свайго княства, незадаволеныя хітрыя баяры, якія ўсё часцей шэпчуцца аб нечым за спінаю, абдзёртая дружына, якую можна трымаць у паслушэнстве толькі віном і мясам.

— Я ведаю князя Вячку. І бацьку ягонага, вялікага князя полацкага Барыса Давыдавіча, ведаў,— пасля нядоўгага роздуму паўтарыў князь Рагвалод словы, якія ўсе ўжо чулі. Усе хацелі пачуць новыя словы, і князь цвёрдым голасам сказаў іх:

— Аб табе, дачка мая, думаю. Аб тваім шчасці клапачуся. Хочаш за князя Вячку? Хочаш быць княгіняй Кукейноса?

Усе позіркі скіраваліся на Дабранегу. Кукейноскія воі затаілі дыханне. У князёўны горача ўспыхнулі шчокі. Яна ўспомніла, як сярдзіта і сумна шуміць зімовы начны вецер, як хутка коцяцца дні. Яна зноў глянула на ружова-залацістую гарошыну. Вусаценькі зялёны жучок вечным сном спаў унутры гарошыны. І была гэта гарошына прыгожай бліскучай турмой.

— Хачу за князя Вячку, — дрыготкім голасам сказала Дабранега і стала перад бацькам і маці на калені. Княгіня Мар'я ўсхліпнула, аксамітным рукавом змахнула з вачэй слязу. Рагвалод Свіслацкі радасна і шырока, нібы зерне ў раллю кінуў, перахрысціў дачку.

— Вось вам маё слова, воі,— урачыста абвясціў ён Халадку і Грыкшу. — Князёўна Дабранега згодна ўзяць злюб з вашым князем. Я і княгіня Мар'я даем ёй сваё бацькоўскае благаславенне. Усё ў волі божай. Амінь.

Слова было сказана. Усе з палёгкай уздыхнулі, як камень з плячэй звалілі. Дабранега, апусціўшы русую касу, усё яшчэ стаяла на каленях. Чалядніцы, перахапіўшы нецярплівы позірк свайго князя, таропка збіралі ў мех бурштын. Князь Рагвалод весела паляпаў Халадка па плячы:

— Я шчодра цябе ўзнагароджу. Князі свіслацкія ніколі не забываюць сяброў.

— Будзь, князь, здаровы, як лёд калядовы, — пакланіўся Халадок.

Радасць, вялікая лепасць прыйшла ў Княжае сяльцо. Радаваўся князь Рагвалод Свіслацкі з княгіняю Мар'яй, радаваліся баяры, дружыннікі, чэлядзь надворная, смерды з вакольных селішчаў. Усе казалі, хоць амаль ніхто не бачыў на ўласныя вочы князя Вячку, што дужа добрага, надзвычай знакамітага зяця знайшоў сабе Рагвалод Свіслацкі, што дасць Вячка за Дабранегу багатае вена41.

У княжацкім цераме да глыбокай ночы ігралі музыкі, служкі ледзь паспявалі ўскрываць запячатаныя сургучом амфары з віном, на вялізных ражнах смажыліся цяляты, бараны, дзікі, зайцы. Усё выпівалася, усё з'ядалася, і зноў застолле пачыналася. Даўно не было так шумна і весела ў Княжым сяльцы.

Шчасцем ззялі вочы ў Дабранегі. Са срэбным вяночкам на галаве, у сукенцы з празрыстай светлай кімкі42, яна падлівала і падлівала віно і мёд у кубкі Халадку і Грыкшу, пыталася:

— А ці прыгожы ваш князь?

— Наш князь — камяк чыстага золата, — ганарліва і весела адказваў Халадок. — Наш князь як алень хутканогі. Ляціць на гарачым кані, і пушча яму ў пояс кланяецца. Затрубіць у паляўнічы рог, і лісце з дрэў валіцца.

— А ці прыгожы Кукейнос?

— Святы Рубон у нас цячэ — Дзвіна. Лясы ў нас бязмежныя. Лугі аксамітныя. У нас вясною столькі птушак спявае, колькі кропель у самага густога дажджу.