155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 18

— Адчыні жытніцы! — грымела па ўсёй лугавіне. Тады князь узвёў лук, які падаў яму дружыннік, нацягнуў цеціву і пусціў стралу, мецячы ў пустэльніка. Ды пустэльнік увільнуўся ад стралы, закрычаў, засмяяўся:

— Мяне жалезы не бяруць!

Смерды зноў пайшлі на прыступ, хаваючыся за шчытамі, зробленымі з дошак, але, страціўшы не адзін дзесятак людзей, адкаціліся ад вала. Прарэзліва енчылі параненыя. Галасілі жанчыны. У князя забіла аднаго воя — камень пацэліў у скронь.

І тут Рагвалод Свіслацкі схітраваў. Самыя галасістыя воі пачалі крычаць смердам з вала, што жытніцы будуць адчынены, толькі трэба для гэтага спачатку правесці перамовы. З Княжага сяльца на перамовы выйшлі Халадок з чатырма дружыннікамі. Ішлі бяззбройныя, але Халадок схаваў пад карзно шастапёр — невялікую жалезную булаву з вострымі шыпамі. Смерды для перамоваў вылучылі таксама пяць чалавек, і паміж іх быў пустэльнік.

Сустрэліся за пяцьдзесят сажняў ад вала. Пустэльнік паклаў у снег сваю каменную сякеру, пускаючы з рота іскры, смела падышоў да Халадка.

— Ты хто? — запытаўся ў яго Халадок.

— Вяшчун. Сын Перуна, — не міргнуўшы вокам, адказаў пустэльнік.

— Чаму агонь у роце носіш?

— Як малы быў, кавалак сонца з'еў. Сонца ўва мне гарыць.

— А ці праўду кажуць, што ты адгадваеш, бачыш будучае?

— Праўду.

— Што ж з табою будзе заўтра?

— Заўтра я буду насіць залатыя порты43 князя Рагвалода Свіслацкага.

— А што з табой будзе зараз?

— Зараз я саб'ю замок з княжацкай жытніцы І дам ім, — пустэльнік паказаў бледнай худой рукою на смердаў,— хлеб.

Тут Халадок выхапіў з-пад карзна шастапёр і з усяго маху ўдарыў пустэльніка па галаве. Пырснула цёплая кроў. Пустэльнік упаў, адразу адляцела душа.

Смерды анямелі ад нечаканасці і жаху. Той, каго яны лічылі ледзь не богам, хто выхваляўся сваёй несмяротнасцю, бездапаможна і квола ляжаў на снезе, як дохлая кошка. З рота ў пустэльніка выкаціўся вялікі арэх з прасвідраванымі адтулінамі. Замест ядра ў арэху быў чырвоны вугольчык з вогнішча. Халадок наступіў на вугольчык, расціснуў.

Убачыўшы, што пустэльніка больш няма, дружына князя Рагвалода Свіслацкага адчыніла вароты і з радасным ярасным крыкам урэзалася ў натоўп смердаў. Смерды пабеглі хто куды, і мячы дружыннікаў зачырванеліся ад іхняй крыві. Знузнікі44 некалькі попрышчаў гналіся за смердамі, калолі іх доўгімі дзідамі, тапталі коньмі. Вялікі стогн стаяў над Свіслаччу і Бярэзінак.

Адзін са смердаў, ратуючыся ад знузніка, пачаў тачыцца, лезці ў старую барсуковую нару. Ды яго выцягнулі за ногі. Ён абліваўся халодным потам, круглымі спалоханымі вачамі глядзеў на занесеную над сабою дзіду, але маўчаў, не прасіўся. Дзіда ўдарыла ў абсівераную худую выю, і смерд упаў у снег, захлынуўшыся крывёю. Гэта быў бацька Мірошкі Рацібор.

III

Стрый Якаў на маленькіх саначках прывёз мёртвага Рацібора ў Гарэлую Весь. Правая рука, задубелая ад смерці і марозу, валачылася па зямлі, успорвала снег, нібы дубовае рала, якім аруць вясною. Настасся з галашэннем узяла гэтую руку, хацела пакласці яе мужу на грудзі, але рука цяжка баўтанулася, зноў упала ў снег.

Мірошка, маленькі Дамажыр і Тэкля стаялі каля саначак, на якіх ляжаў бацька.

— Чаму ён не ўстае? — шэптам спыталася Тэкля. — Холадна ж ляжаць…

— Ён не ўстане, дочачка, — загаласіла Настасся. — Памёр бацька наш.

Разам з ёю заплакалі Тэкля і Дамажыр. Мірошка пакуль што трываў, але нешта вельмі сумнае, вельмі халоднае распроствала крылы ўнутры яго, там, дзе б'ецца сэрца. Зрабілася цяжка дыхаць. Ногі падкошваліся. «Гэта дзікая віра ўзяла бацьку, — думаў Мірошка. — Яна хацела схапіць мяне, ды я ўцёк — у мяне ногі маладзейшыя. Няўжо ніколі больш не будзе бацькі?»

Тут слёзы ручаём пакаціліся ў яго з вачэй. Ён плакаў і ўспамінаў, як аднойчы, даўным-даўно, грымела жудасная навальніца. Пярун страляў з вогненнага лука, дрэвы над чорнай успененай Свіслаччу трашчалі, пераломваліся ў камлях; дробнае птаства, падхопленае бурай, каменем падала ўніз, разбівалася аб дрэвы, аб зямлю. Тады бацька з Мірошкам схаваліся ў вялікую яму, выкапаную на стромым беразе ракі. Жоўты вільготны пясок цёк з краёў ямы, пакрысе засыпаў ногі, і калі скончылася нарэшце грукатанне грому і аціх дождж, ногі ў іх былі па калена ў пяску. Бацька, моцна прытуліўшы да грудзей, нёс тады Мірошку дадому, і Мірошка чуў, як тахкае, б'ецца бацькава сэрца. «Так-так-так…» — далятала з бацькавых грудзей.

Мірошка стаў на калені, прыклаў вуха, пачаў, стаіўшы дыханне, слухаць там, дзе павінна было жыць сэрца. Але глухой цішынёй поўніліся бацькавы грудзі, і хлопчык, канчаткова ўсё зразумеўшы, горка заплакаў.

У Гарэлай Весі не было свайго папа. Раней пры розных патрэбах прыязджаў з Княжага сяльца айцец Сямён у парчовай, тканай золатам рызе, але свежай крывёю было адрэзана Княжае сяльцо ад селішчаў смердаў, і Рацібора, не адпяваючы, аддалі сырой зямлі. Пахавалі яго на ялані45, там, дзе ўжо былі магілы абшчыннікаў з Гарэлай Весі. Зрэзалі лапатамі дзірван, паклалі Рацібора на пясок, галавою на захад, туды, куды спяшаецца сонца. Каля правага пляча пакінулі нябожчыку жалезны нож, каля левага сцягна — крэсіва і кавалкі крэменю. У нагах паставілі гліняны гаршчок з гарохам і жытам. Насыпалі над Раціборам сажань мёрзлага пяску, і ўсё, як і не было ў Мірошкі бацькі.

Цяжкае жыццё пачалося ў Настассі. Трэба было без карміцеля ўзнімаць на ногі трое малых дзяцей. Добра яшчэ, што Якаў дапамагаў, дый Мірошка з кожным днём усё больш уцягваўся ў працу, якой у тых, хто жыве з зямлі, ніколі не пераводзіцца. Зімой, пакуль зямля адпачывае, чакаючы новага насення, занятку таксама хапае. Смерды гнуць палазы, дугі, абады, рыхтуюць восі, аглоблі. З дрэва робяць вёдры, крукі, граблі, карцы, міскі, пакрываючы ўсё гэта прыгожай разьбою. Ідуць на замёрзлыя рэкі і азёры і, грукаючы па лёдзе дубовымі доўбнямі, глушаць рыбу. Палююць на тураў, ласёў, дзікоў, барсукоў, зайцоў…

Чалавек як бы раствараецца ў кругабезе няспынных дзён. Толькі зробіць адно, як навальваецца другое. Але на ўсёй Полацкай зямлі сонцаварот для смерда пачынаецца з калядаў. А там ён ужо цвёрда ведае, што ад калядаў да звеставання 12 сядміц, да Юр'я — 16, да Міколы — 20, да Купалы — 26 і да калядаў таксама 26 сядміц. Вось і ўвесь клубок часу, у які кароткай ніткай уплецена чалавечае жыццё.

Чалавек асабліва не задумваецца, дзеля чаго ён нарадзіўся на свет. Не ён першы, не ён апошні. Былі дзяды-прадзеды, будуць праўнукі. Гэтак жа сама, як людзі, нараджаюцца і праз нейкі час знікаюць назаўсёды пакаленні птушак, дрэў, грыбоў… Усё злучана, звязана, знітавана між сабою. Паспрабуй хоць карэньчык вырваць з гэтай бязмежнай велічнай пушчы!

Але ж зімою ўсё-ткі болей выпадае вольнага часу. Зашуміць на некалькі дзён завея, замуруе пухкім снегам усе сцяжынкі, стрэльне ў камлях дрэў мароз-ядрэц, і збіваюцца людзі ў цесныя цёплыя хаты, і які-небудзь хрышчаны ў Княжым сяльцы дзед з белай барадою, седзячы на печы, трымаючыся аслабелай рукою за «каня»46, пачынае баіць пра рай і пекла, пра святых людзей, пра нябожчыкаў. Аж валасы ў слухачоў дыбам устаюць! Аж казытлівыя мурашкі пад кашуляю бегаюць. А дзед гаворыць і гаворыць, зрэдку кашляючы ў сухі кулак, нібы сам ён відок47 усіх гэтых жахаў і дзівосаў.

Мірошка ў такія часіны садзіўся на дубовую лаву падалей ад акна, сціскаўся ў камячок і, прагна ловячы кожнае слова, слухаў, слухаў… Гарэла сухая лучына пад задымленай столлю. Цень ад барадатага дзеда, вялізны і страшны, чарнеўся на сцяне, і калі дзед, кашляючы, падносіў кулак да рота, здавалася, нейкі вурдалак замахваецца на Мірошку цяжкай кіпцюрыстай лапай.

Што толькі не пачуў Мірошка! Ды асабліва ўразіў, апёк сэрца сказ пра тое, як багародзіца разам з архангелам Міхаілам спускалася ў пекла, каб глянуць на пакуты грэшнікаў. Там навекі зняволены тыя, хто не верыў у тройцу і багародзіцу, шанаваў паганскіх багоў, парушаў хрэсную клятву, а таксама праклятыя бацькамі, блудніцы, людаеды, зладзеі. Адны вымушаны стаяць у вогненнай рацэ — хто па калені, хто па самую шыю. Другія ляжаць у ложках, абвітых полымем. Трэція падвешаны на жалезных дрэвах — за зуб, за язык, за тое, што мужчыны ад старонніх вачэй хаваюць. Вечны стогн, вечны крык стаіць у пекле. Незгасальны агонь гарыць там.

Ноччу Мірошка ўскрыкваў, усхопліваўся з палатак. Здавалася, што з усіх бакоў глядзяць на яго злавесныя вогненныя вочы, што жахлівыя кіпцюры і зубы цягнуцца да яго. Хацелася ўцякаць, бегчы ад гэтага страхоцця, але ногі былі як не свае — блыталіся ў нейкай даўжэзнай пякучай траве або засмоктвала іх агідная хлюпоткая багна. Падыходзіла маці з карцом халоднай вады, асцярожна катурхала сына за плячук. Мірошка прачынаўся, піў ваду, прасіў маці, каб пасядзела побач, і толькі тады сон браў яго ў абладу, зноў блукаў хлопчык па таямнічых чароўных сцежках, але былі яны ўжо добрыя, вясёлыя. Там гулялі рахманыя зайцы. Там валасатыя магутныя туры даверліва бралі Мірошку да сябе на спіну, і ён імчаўся ў бясконцыя лясы, у лугі, што аж гарэлі ад яркіх кветак.

— Ты, брат, чаго крычыш уначы? — смяяўся раніцой Якаў.— Ты ўдзень ідзі ў пушчу, адкрычыся і ноччу будзеш спаць як у бога за пазухай.

Яны і сапраўды ішлі на Свіслач, у засыпаную снегам пушчу, і крычалі, галёкалі на ўсю моц маладых грудзей:

— Ого-го-го-го! Эге-ге-ге-гей!

Бялюткі снег тонкімі струменьчыкамі зрываўся з калматых ялін. Перапалоханыя вавёрыцы імклівымі чародкамі ўцякалі па вяршалінах дрэў. Аднойчы пагрозна зараўло, гнеўна закрактала пад яловым вываратнем.

— Уцякайма, Мірошка! Мядзведзь прачнуўся! — весела закрычаў Якаў. Яны далі такой лататы, што аж вецер свістаў увушшу.

У час сваіх лясных блуканняў патрапілі Якаў з Мірошкам на паганскае капішча. У цэнтры круглай лясной паляны стаяў высокі, амаль у тры сажні ростам, дубовы бог (папы завуць яго ідалам), упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі, пацеркамі з жалудоў, арэхаў і сушаных ягад. Наўкол галоўнага бога, па крузе, стаялі маленькія бажаняткі. Іх было, як падлічыў Якаў, дванаццаць, столькі, колькі ў сонцавароце чартогаў — месяцаў.

Да капішча з усіх бакоў лесу былі густа пратаптаны сцежкі. Снег з балвана і балванчыкаў быў старанна змецены.

— Ходзяць сюды людзі,— сказаў Якаў.— І твая маці ходзіць.

«Дык вось які ты, лясны бог», — думаў Мірошка, асцярожна падыходзячы да галоўнага ідала, узіраючыся ў цёмныя, груба высечаныя з дрэва рысы загадкавага суровага твару. У ідала не было ні ног, ні рук — толькі галава на тоўстым дубовым камлі. «Тут моліцца мая маці, суседка Праскоўя. Сюды пад покрывам цемры, каб ніхто не заўважыў, прыходзяць, пракрадваюцца людзі з усіх вакольных абшчын. Чым ты вабіш іх, лясны бог? Што даеш? Цябе б даўно пасеклі на дробненькія кавалкі і спалілі князь з папом, каб толькі знайшлі. Скажы, лясны бог, як жыве на тым свеце мой бацька Рацібор? Ці добра яму там? Ці ўспамінае ён мяне?»

Якаў, відно па ўсяму, таксама быў усхваляваны нечаканай сустрэчай з лясным богам. Зняў шапку, стаяў, маўчаў, глядзеў на цемнатварага дубовага ідала.

Раптам прамень сонца, прабіўшы снегавыя хмары, упаў на твар ідалу. І адбыўся цуд — ярка і весела заззялі, засвяціліся, як у жывога чалавека, вочы ў ідала. Мірошка з Якавам так і здранцвелі, застылі, не дыхаючы.

Яны маглі паклясціся на крыжы, што за імгненне да гэтага ў ідала не было ніякіх вачэй, твар быў цёмны, плоскі, мёртвы, сляпы. І раптам — гэтыя вочы! Сонечныя промні, як залатыя ніткі, затрапяталіся на шчоках у ідала. Здавалася, ён адначасова і смяецца, і плача.

Схавалася за хмары сонца, патух прамень, ідал зноў зрабіўся ідалам — нерухомым цёмным мёртвым кавалкам дрэва.

— Што гэта было? — беручы Якава за руку, спалохана прашаптаў Мірошка.

— Вочы… Вочы глядзелі на нас, — ціхім голасам адказаў Якаў.

— А дзе яны зараз?