155503.fb2
Не было сіл расплюшчыць вочы, і Мірошка сядзеў як сляпы. «Што робіцца з вачамі людзей у магіле? — раптам падумаў ён. — Маці казала, што яны ператвараюцца ў расу. І праўда, раніцою, як глянеш на луг, здаецца, людскія вочы свецяцца з травы і кветак».
Ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі і чакаў смерці. Лёгкасць была ў руках і нагах. Каб з'еў хоць кавалачак хлеба, паляцеў бы пад воблакамі, як птушка.
Конскі тупат раптам пачуўся каля хаткі. Мірошка ўздрыгнуў, расплюшчыў вочы. Трымаючы ў руцэ кап'ё, перад хаткай гарцаваў на кані вой. Воблака на кап'і не было, але вой быў, той самы, вясёлы, чэрмнавалосы, якога Мірошка сустрэў на рацэ.
І тут востры страх пранізаў Мірошку. Вой можа паехаць, паехаць назаўсёды. Што яму нейкая разбураная хатка? Зараз ён ударыць шпорамі каня, і памінай як звалі. Мірошка, напружваючы апошнія сілы, крыкнуў. Толькі нейкі свіст вырваўся з грудзей, нейкае шыпенне. Але вой пачуў. Глянуў на акенца, убачыў хлопчыка, лёгка саскочыў з каня. А па вуліцы, каля папялішчаў, каля разбураных сядзіб, ехалі і ехалі дружыннікі ў бліскучых шлемах, з чырвонымі шчытамі.
У Полацк прыйшла вясна, прыйшла дружна і нечакана. Спачатку лопнуў, узарваўся лёд на Палаце. Мутна-малочная вада з шыпеннем, грукатам і трэскам панесла зеленаватыя льдзіны ў Дзвіну. Было гэта якраз на дзень сарака мучанікаў севасційскіх, ці на саракі, як кажуць смерды.
Дзвіна яшчэ драмала, закаваная ў ледзяны панцыр, але сонечныя промні і цёплы мяккі вецер ужо ў шмат якіх месцах пратачылі лёд, нарабілі ў ім малюсенькіх круглых дзірачак. Лёд быў падобны на сіта. Ён яшчэ стаяў у берагах, чапляўся за берагі, ды ўжо нараджаліся недзе ў патаемнай глыбіні ракі магутныя шырокія хвалі, якія гатовы былі зламаць лёд, на сваім хрыбце памчаць яго ў Варажскае мора.
Крыгі з Палаты з усяго наскоку ўдарылі ў ледзяны панцыр на Дзвіне, які даўно чакаў такога ўдару. Дзвіна толькі дзеля прыліку нібы пакрыўдзілася на сваю малодшую сястру Палату, але адразу ж вялікія сілы, што ўсю зіму рыхтаваліся да гэтага дня, прачнуліся, узбунтаваліся ў ёй. Велізарныя трэшчыны ва ўсе бакі пабеглі па Дзвіне. Лёд пачаў разломвацца на кавалкі, гэтыя кавалкі, у сваю чаргу, крышыліся, разбіваліся, ператвараліся ў іскрысты звонкагалосы друз. Пачуўся густы нямоўчны шум вады. З дна да самага верху рака нібы закіпела. Падлёдныя цячэнні, віры, што заўсёды жылі ў ёй, зараз, у міг вызвалення зараўлі, затрубілі, заспявалі. На многія попрышчы разляцеўся гэты спеў, гэты радасны крык шчаслівай ракі. І, падтрымліваючы яго, званар Багародзіцкай царквы, што стаяла на востраве пасярод Дзвіны, ударыў ва ўсе званы. Няхай накладуць на яго заўтра эпітымію52, няхай загадаюць дваццаць дзён і начэй стаяць на пакаяннай малітве, але сёння ён званіў і званіў, дзяліўся сваёй радасцю з усімі людзьмі.
І Полацк, старшы горад, Рагвалодава гняздо, пачуў яго. Пачулі на дзядзінцы, дзе сяміверхая Сафія, нібы свечка, узлятала ў празрыстае вясновае неба. Сабор, які заклаў і пабудаваў князь Усяслаў Брачыславіч, быў добра відзён з ракі. Сцены сабора былі выкладзены з шырокіх плоскіх цаглін — плінфы і вялізных неапрацаваных камянёў — булыг. Плінфа і булыгі чаргаваліся між сабою. Дойліды не тынкавалі сабор, і Сафія была чырвона-пярэстая.
Званара з астраўной царквы пачулі на Вялікім пасадзе, дзе жыў і працаваў рукадзельны люд. Воўна і косць, жалеза і волава, бурштын і самшыт, гліна і дрэва, звярыныя шкуры і лён, срэбра і медзь — усё праходзіць праз рукі жыхароў Вялікага пасаду, каб зрабіцца тым, без чаго нельга жыць чалавеку.
Голас Багародзіцкай царквы даляцеў да торжышча, дзе полацкія купцы трымалі важніцу для ўзважвання свайго і заморскага грузу і тапніцу для перагонкі воску.
Вясёлага званара пачулі манашкі-чарнарызніцы ў Спаскім дзявочым манастыры, які стаіць на поўнач ад Полацка ў лукавіне Палаты і які заклала Ефрасіння, дачка князя Георгія Усяславіча, а заклаўшы, падаравала манастыру святы крыж з часцінкай «Дрэва гасподняга». Манашкі, усе як адна, паднялі сумныя прыгожыя твары да неба, і святло, не святое, а вясновае, загарэлася ў іхніх вачах. Недалёка ад ісціны быў той чалавек, які сказаў аднойчы: «Калі б не было высокіх манастырскіх сцен, усе манашкі даўно разбегліся б».
І ў Бельчыцы, у святліцу вялікага князя полацкага Уладзіміра Валадаравіча, даляцеў перазвон. У князя балела спіна, якую ён, ганяючыся за аленямі, застудзіў на ловах. Ужо некалькі дзён зялейнікі, полацкія і рамейскія, націралі спіну мядзведжым салам і крывёю чырвонага пеўня, сокам шэрай пякучай крапівы і атрутай з зуба чорнай гадзюкі. Боль крыху адпусціў. Сёння князю да прастуджанага месца прыкладвалі гарачыя каменні. Князь моршчыўся, але цярпеў, бо заўтра ці паслязаўтра трэба будзе стаяць на вечы каля сабора святой Сафіі.
Уладзіміру Валадаравічу пераваліла ўжо за пяцьдзесят сонцаваротаў. Шырокая русая барада, перасыпаная сівізной, бледны тонкі твар, чэпкія светла-карычневыя вочы, ладная мужная пастава — усё ў яго было ад знанай крыві, ад Рагвалодавічаў, і ён хацеў не горбіцца і не моршчыцца ад болю на вечы. Хай баяры, і купцы, і ўсе палачане бачаць свайго князя бадзёрым, упэўненым, вясёлым.
Адчыніліся высокія, абцягнутыя рысінай шкурай, абабітыя срэбнымі бляшкамі дзверы, і ў святліцу ўвайшоў тысяцкі53 Жыраслаў. Пад Гольм, на тэўтонаў, тысяцкім хадзіў Іларыён, але нядаўна зусім раптоўна памёр — быў пакусаны ўласным дваровым псом. Веча выбрала тысяцкім Жыраслава, і зараз Уладзімір Валадаравіч, узіраючыся ў суровы бясстрасны твар новага кіраўніка полацкага гарадскога апалчэння, думаў: «За каго ён будзе стаяць? За мяне ці за баярскіх крыкуноў-падбрэхічаў на вечы?»
Увайшоў служка і аб'явіў:
— Вялікі князь, уладыка полацкі Дыянісій прыехаў.
Дыянісій быў невысокі, шчупленькі, з белым клабуком на галаве, у дарожнай расе, паверх якой на каваным срэбраным ланцугу вісеў вялікі шасціканечны залаты крыж. У руцэ ў Дыянісія горда плыў доўгі цёмнага дрэва посах са срэбнай булдавешкай. Епіскап сухой ручкай акрэсліў над князем святы крыж, запытаўся:
— Усё пакутуе плоць твая, князь?
— Пакутуе, уладыка, — прыўзняўся з набітых гусіным і цецеручыным пяром падушак Уладзімір: — Аж страх бярэ.
Епіскап Дыянісій бясшумна сеў на мяккую з гнутымі ножкамі канапу, зняў з галавы клабук, паклаў яго побач з сабой, сказаў:
— Усе людзі рабы. Адзін раб уцех плоцкіх, другі — скнарнасці, трэці — славалюбства, усе разам — рабы надзеі і ўсе — рабы страху.
Тысяцкі Жыраслаў таксама сеў, але шлем з галавы не зняў, тоўстымі цяжкімі пальцамі перабіраў па рукаяці свайго мяча. Гэта не спадабалася Уладзіміру.
— З якімі навінамі прыйшоў, уладыка? — спытаўся Уладзімір у Дыянісія.
— Усе навіны ад бога, — асцярожна дакрануўся да свайго зіхоткага крыжа, пагладзіў яго епіскап. — Хочуць тэўтонскія купцы на полацкім торжышчы сваю лацінскую царкву будаваць. Побач з нашай, праваслаўнай. Іхні старэйшына Конрад да мяне прыходзіў.
— Асінае гняздо хочуць віць у Полацку! — усклікнуў Жыраслаў і аж рукою стукнуў па рукаяці мяча.
Але вялікі князь быў спакойны.
— І што ты, уладыка, адказаў Конраду? — уважліва глянуў ён на Дыянісія. Цяпер і Жыраслаў упіўся ў твар епіскапа пранізлівым паглядам.
— Няможна будаваць, — звонка і цвёрда сказаў Дыянісій. — Наш крыж не можа суседзіць з крыжам лацінскім.
У гэты час пачуўся ярасны гул крыгаходу. Дзвіна, што цякла зусім непадалёку ад Бельчыцаў, дзе была загарадная рэзідэнцыя полацкіх князёў, застагнала, заскрыгатала льдзінамі. Епіскап Дыянісій жвава ўсхапіўся з канапы, падбег да вялікага акна, учапіўся рукамі за алавяную раму, пачаў глядзець на раку. Твар ягоны асвяціла сонца, і ён соладка зажмурыўся, зрабіўся падобным на маленькага разамлелага на гарачай печы катка, што, паставіўшы трубою хвост, пацягваецца і мурлыкае.
Тысяцкі Жыраслаў таксама падышоў да акна. Толькі Уладзімір з-за сваёй хваробы, абпаленай гарачымі каменнямі спіны, не мог зрабіць гэтага, і злосць успыхнула ў ім — вялікая, нечаканая. Аж увушшу зазвінела. Але ён, задыхнуўшыся, прыкусіўшы губу, прагнаў, выкінуў з душы гэту злосць, як добрая гаспадыня выкідвае з-пад курыцы-наседкі яйка-баўтун. Яму патрэбна быць асцярожным і цярплівым. Асабліва цяпер, калі мужы-палачане на вечы ўздымаюць галаву, калі, як даносяць верныя яму людзі, усё часцей і гучней гавораць у Полацку пра трыццаць старых, што павінны ўзяць неўзабаве ўладу. О, ён ведае гэтых «старых»! Некаторыя з іх маладзейшыя за яго — баярскія сынкі, багацеі, гарлапаны, усе гэтыя Вітановічы, Шчапановічы, Макрынічы…
Ён цяжка ўзяў уладу — даводзілася хітраваць, чакаць, трываць удары, каб потым нанесці ўдар хутчэй, чым праціўнік. Ён скінуў князя Барыса Давыдавіча, ягоных сыноў Васілька і Вячку зняволіў, потым Васілька прымусіў прыняць пастрыг54. Вячку, малодшага, не ўдалося заперці ў манастырскай келлі. Сядзіць Вячка ўдзельным князем у Кукейносе, шле адтуль даніну, якую бярэ з ліваў і латгалаў, прыкідваецца галубком, але бачыць Уладзімір, што не рахманы галубок, а баявы сокал распасцёр крылы над Дзвіной. Зараз Вячка ў Полацку, два разы прыязджаў у Бельчыцы, ліслівымі словамі падбухторваў ісці вайной на рыжскіх тэўтонаў. Калі ж ліслівасць не дапамагала, крычаў, забыўшыся, што ён толькі ўдзельны, малодшы князь, пра славу полацкую, пра веру праваслаўную, якую трэба зберагчы ад чужакоў. Хоча лбамі сутыкнуць яго, вялікага князя Уладзіміра, з епіскапам рыжскім Альбертам, а праз епіскапа — з папам рымскім. Пракляты род князёў друцкіх! Ніяк не ўціхнуць, захапіць прагнуць сталец полацкі, спіхнуць з яго менскіх Глебавічаў55.
Так думаў Уладзімір, а ўладыка Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў усё глядзелі на Дзвіну, усё слухалі гул крыгаходу, нібы забыўшыся пра хворага князя.
Вось ён — лёс князёў полацкіх! На дзядзінцы, каля самай Сафіі, ёсць палаты каменныя, багата прыбраныя. Золата і серабро там, дарагія ўборы і віно заморскае. А ён, князь Уладзімір, павінен сядзець у Бельчыцах і глядзець на горад — свой горад! — праз раку, як глядзіць мокрая курыца на багаты агарод праз частакол. І бачыш, і не ўклюнеш. Дзівосы на смецці, дый толькі!
Пасля Усяслава пачалося гэта. Паміраў ён і падзяліў Полацкую зямлю паміж сваімі шасцю сынамі на шэсць удзелаў: Полацкі, Менскі, Друцкі, Віцебскі, Ізяслаўска-Лагожскі і Лукомскі. Сыны і ўнукі ягоныя з вялікай напругаю змаглі яшчэ болей пашырыць межы, стварылі ўдзелы Себежскі, Слуцкі і Барысаўскі. Вось на сёння і ўся зямля Полацкая, ды яшчэ Кукейнос і Герцыке на Дзвіне.
Цяжка быць князем, а хочацца. Прывык ён ужо да княжання. Калі баяры тлустыя выі схіляюць у паклоне, калі народ крычыць, славіць, калі ідзеш Дзвіною па даніну, быццам нешта спявае ў душы, быццам вогненная рука з неба на цябе паказвае і незямны захмарны голас абвяшчае зямлі, вадзе і ўсяму люду: «Ён — князь! Ён — князь!» Хлапчуком-княжычам ён ужо адчуў салодкі хмель улады і аднойчы нават парэзаў наўмысна палец, захацеў паглядзець, якога колеру ў яго кроў,— блакітная ці чырвоная.
Пясочны гадзіннік, які стаяў на стале, сыпаў і сыпаў у пузаты сіняга шкла сасуд танюсенькі струменьчык пяску. Цячэ пясок… Цячэ жыццё…
Уладзімір глядзеў на вузкую спіну епіскапа, прытушыўшы ў сэрцы злосць, але ведаў адно: як толькі зноў акрэпне, возьме ў рукі Полацк, адразу ж вытурыць гэтага пса з епіскапаў. Не такія духоўнікі патрэбны яму, вялікаму князю.
— Хай ставяць лаціняне царкву, хай будуюць, — зычна сказаў Уладзімір.
Епіскап Дыянісій і тысяцкі Жыраслаў адразу ж перасталі глядзець у акно, павярнуліся да князя, і ён з радасцю бачыў у іхніх вачах здзіўленне і разгубленасць.
— Хай будуюць, — паўтарыў Уладзімір. — Крыж наш ад суседства з крыжам лацінскім плесенню не пакрыецца. А вышэй Сафіі тэўтонам храм усё роўна не ўзвесці.
— Вышэй Сафіі? — аж задыхнуўся Дыянісій і адразу надзеў на галаву свой клабук. — Ды як ты можаш так гаварыць, князь?
— Полацкія князі гавораць тое, што думаюць, — спакойна глянуў на яго Уладзімір. — Хай збудуюць свой храм за попрышча ад нашай царквы. А ты чаго крычыш, ойча? Забыўся, як пад Гольмам нас тэўтоны камянямі пачаставалі? Хочаш зноў пад камяні лоб падставіць?
Епіскап слухаў князя і бляднеў, задыхаўся ад гневу, але Уладзімір, помсцячы за ўсё, не даваў яму рот раскрыць, гаварыў далей:
— Дзвіну ўсё роўна не перагародзіш. Будзе цячы, як цякла. А да мяне ўчора ганец прыехаў з Суздаля, ад вялікага князя. І просіць князь суздальскі, наш з табою брат па веры, каб далі мы вольную дарогу ягонаму ячменю, воску і салу, якія людзі суздальскія ў Рыгу вязуць і далей, за мора Варажскае, у Любек і Брэмен.
Кажучы ўсё гэта, Уладзімір адчуў такую сілу бадзёрую ва ўсіх членах, што ўстаў без старонняй дапамогі, дайшоў да акна, каля якога міг назад стаялі епіскап з тысяцкім. «Хай цяпер яны на маю спіну паглядзяць», — помсліва думаў князь.
На Дзвіне гуў крыгалом. Рака, быццам спяшаючыся забыць пра доўгія месяцы зімовага маўчання, трашчала льдзінамі, злавесна шумела зеленавата-белай вадой.
Праз акно Уладзімір бачыў высокія чырвоныя сцены Барысаглебскага манастыра, які быў пабудаваны ў Бельчыцах дойлідам Іаанам. Там жа ўзвышалася царква Параскевы-Пятніцы, і там былі магілы князёў полацкіх.
— Ваша прэасвяшчэнства, — за спінаю ў князя звярнуўся да епіскапа тысяцкі Жыраслаў,— мужы-палачане заўтра веча склікаюць. Там і пра лацінскую царкву рашаць будуць.
— Я прыеду на веча, — адказаў Дыянісій. Як і многія свяшчэннаслужкі таго часу, ён не любіў хадзіць пешшу, а ездзіў верхам на кані.