155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 23

— Наш сын Якаў — княжыч. Дачка наша Красава за добрым мужам, баярыня. А мы з табой, князь, давай пойдзем у манастыр, за дзяцей нашых маліцца пойдзем.

Яна не паспела скончыць, як Уладзімір вырваў у яе з рукі свечку, паламаў, змяў, растаптаў нагамі. Ён, здавалася, і яе растаптаў бы.

— У манастыр захацела? — наліваючыся гарачай чырванню, закрычаў князь. — А Полацк? Каму я Полацк аддам? Ім? — Рукою, сціснутай у кулак, ён цяжка махнуў у бок Сафіі, у бок дзядзінца. — Ці, можа, рыжскаму Альберту? Ці сысунку Вячку?

Княгіня спакойна сустрэла вывяржэнне гэтага вулкана.

— Мужчыны клапоцяцца, каб была крэпасць, жанчыны — каб была лепасць, — сказала яна і, нагнуўшыся, пачала збіраць з дубовай падлогі камякі воску ад растаптанай князем свечкі.— Навошта святую свечку знішчыў? — дакорліва гаварыла яна князю, ушчувала яго. — Бог не даруе.

— Бог? — аж задыхнуўся Уладзімір. — Дзе быў бог, як полацкае веча выгнала мяне з дзядзінца, з княжых палат? Дзе ён быў, калі ў мяне на полацкіх вуліцах кідалі гразёю?

Прыгожы хударлявы твар княгіні пабляднеў, яна перахрысцілася, паклала мужу рукі на плечы, страсна зашаптала:

— Прасі ў бога літасці за неразумныя словы свае. На калені стань. Чалом богу бі, каб дараваў табе дзёрзкасць тваю!

Уладзімір палахліва, як хлапчук, глянуў на княгіню, уздрыгнуў, грузна апусціўся на калені. Княгіня падышла да сцяны, зняла з яе вялікі крыж-складзень, з крыжам у руках стала на калені побач з мужам.

— Святы божа, — ціха загаварыла яна, — у цішыні нябеснага Іерусаліма пачуй мяне, рабу сваю. Дай шчасце роду майму. Дай сілу мужу майму. Дай, каб не ўбачыла я смерць дарагіх дзяцей маіх, папялішча на месцы дома свайго.

Яны стаялі на каленях, князь і княгіня, а за шырокім акном грукатала разняволеная Дзвіна, мокрыя крыгі трашчалі, звінелі, налазілі адна на адну, і не было лёду ніякага паратунку — пад вогненным позіркам сонца ён крышыўся на маленькія кавалачкі, скакаў, як жывы, на бераг і там плавіўся, знікаў, ператвараўся ў срэбныя зіхоткія лужынкі.

Князь Уладзімір кепска спаў усю ноч. Слёзы душылі яго, халодны страх прыліпаў да сэрца. Бачылася яму, як святая Сафія на велізарнай чырвонай крызе — ці не ад крыві чырвань? — адплывае ад яго па Дзвіне. Бег князь берагам ракі за Сафіяю, рукі ў неба працягваў, спатыкаўся, а Сафія растваралася ў тумане, аддалялася, і князь не вытрымаў, упаў, а калі ўзняў ад зямлі галаву, позірк ягоны накалоўся на рыжскага епіскапа Альберта. Стаяў Альберт па калена ў вадзе, рукі распасціраў, смяяўся, чакаў, пакуль Сафія падплыве да яго.

А раніцай ударыў на дзядзінцы вечавы звон. Выходзілі са сваіх палат баяры, спяшаліся з торжышча купцы, рамеснікі тушылі горны, клалі ўбок малаткі, абцугі, стамескі. Усе кіраваліся на дзядзінец, на плошчу перад Сафійскім саборам. Вулічныя хлапчукі таксама джгалі туды, але варта з гарадскога апалчэння адганяла іх ад Сафіі доўгімі арэхавымі кійкамі. Дзіцячыя вушы, як і жаночыя, як і вушы халопаў, не павінны чуць, аб чым гавораць і спрачаюцца мужы-вечнікі. Дзецям, жанчынам і халопам не дадзена мудрасць, іхнія слабыя душы блукаюць у прыцемках.

Князь Уладзімір з бірычом58 Аляксеем, з невялікай аховай на двух чаўнах пераплыў цераз Дзвіну з Бельчыцаў у Полацк. Воі адпіхвалі срэбнашэрыя льдзіны доўгімі шастамі. Сафія глядзела на князя са сваёй недасяжнай вышыні.

Князь ішоў да памосту ў цэнтры плошчы, і народ расступаўся перад ім. Некаторыя крычалі здравіцу, некаторыя, іх было шмат, насміхаліся над князем і бірычом, ледзь пальцамі на іх не паказвалі. Гула плошча. Вароны каркалі, кружыліся над ёй, нібы ў іх, варон, таксама збіралася сваё птушынае веча.

Князь узышоў на невысокі драўляны памост, засланы дарагімі апонамі, зняў шлем, пакланіўся спачатку Сафіі, потым, у чатыры бакі, вечу. На памосце ўжо стаялі епіскап Дыянісій, пасаднік59 Ратша, тысяцкі Жыраслаў, найбольш уплывовыя і багатыя баяры.

Справа ад памосту, у некалькіх кроках ад сябе, Уладзімір убачыў непарушную сцяну баяр — густыя бароды, высокія сабаліныя шапкі, доўгія шытыя золатам і срэбрам кажухі. Злева стаялі рамеснікі, рукадзельныя людзі. Апратка ў іх была бяднейшая, але гонару не менш, чым у баяр.

— Мужы-палачане, — зычна сказаў пасаднік Ратша. — Вялікае Біла сабрала нас усіх перад святой Сафіяй. Няхай мудрымі будуць нашы словы, цвёрдымі — душы. Па закону нашых бацькоў будзем рабіць мы ўсё, што запатрабуе ад нас бог і стольны горад Полацк.

Уладзімір глядзеў на пасадніка і думаў, што той, як і Жыраслаў, як і епіскап Дыянісій, мяккай травіцай сцелецца перад баярамі. А нядаўна ж баяўся ў вочы глянуць яму, князю.

Між тым пасаднік гаварыў, уздымаючы голас, каб пачулі ўсе, далей:

— Тэўтонскія купцы, купцы з Гоцкага берага, Любека і Брэмена просяць мужоў-палачан дазволіць ім пабудаваць на нашай зямлі, у горадзе Полацку, сваю лацінскую царкву. Хочуць яны свайму богу маліцца ў гэтай царкве. Казна ў іх ёсць, дойліды і каменячосы — таксама. Што скажаце, мужы-палачане?

Пасаднік замоўк. Уладзімір наструніўся ўсім целам, адчуў, як пачынае мацней біцца сэрца. Епіскап Дыянісій, вядома ж, ужо расказаў усім, каму лічыў патрэбным, што ён, князь Уладзімір, не супраць лацінскай царквы ў горадзе. Зараз будзе відно, што думае на гэты конт веча. Зараз усе ўбачаць, колькі ворагаў у яго, князя.

— Прэч тэўтонаў! Прэч! — закрычала адразу некалькі соцень галасоў.

— Няхай будуюць! — насуперак гэтым галасам дружна крыкнула левае крыло веча — рукадзельныя людзі і купцы.

Адразу ўзняўся шум, вэрхал. Мужы-вечнікі махалі рукамі, кіямі, кідалі ўгору шапкі.

— Прэч тэўтонаў! — грымела на плошчы.

— Няхай будуюць! — з не меншай сілаю грымела ў адказ.

Здавалася, два віры, дзве бурныя вясновыя плыні сутыкнуліся на вечавай плошчы, і кожная хацела перамагчы, адолець праціўніцу. Баяры справа маўчалі, ды князь ведаў, што зараз не яны крычаць, а крычаць іхнія грыўні, іхняе срэбра крычыць, якое яны шчодра, не скупячыся, раздаюць тым, хто дзярэ за іх глотку на вечы.

— Прэч тэўтонаў і іх заступніка Уладзіміра! Хочам для Полацка трыццаць старых! — загукалі раптам на плошчы.

Спачатку такое крычалі нямногія, але падобна таму, як вецер, уляцеўшы з поля ў лес, кранае і варушыць усё болей і болей дрэў, так і гэты крык паступова авалодваў амаль усёй плошчай.

— Хочам трыццаць старых! Прэч князя! — бушавала веча.

Уладзімір пабляднеў, глянуў на бірыча, маладога рослага хлопца. Той, відно па ўсім, таксама разгубіўся, то расшпільваў, то зашпільваў сваё чырвонае карзно. Тады князь узняў угару дзясніцу ў баявой пальчатцы. Князь прасіў, патрабаваў слова. Веча глядзела на гэтую руку і пакрысе супакойвалася.

— Мужы-палачане, — сказаў Уладзімір, — калі апошні раз гарэў Полацк?

Гэтым, здавалася б, простым пытаннем ён ашаламіў мужоў-вечнікаў. Веча яшчэ не разумела, куды гне князь. Самыя заўзятыя крыкуны прыціхлі на імгненне.

— Калі вораг паліў і руйнаваў вашы сядзібы? Калі плакала Сафія?

Князь паглядзеў на сабор, перахрысціўся. І ўсё веча глянула на Сафію. Залатыя воблачкі плылі над сямю яе вярхамі.

— Не было попелу і крыві? — дапытваўся князь. — Не цягнулі вашых жонак і дачок на ганьбу? А чаму? Чаму? Таму што я і мая дружына стаім на варце Полацка і Полацкай зямлі. Ведаеце, колькі ў мяне на целе ран? Я біўся з яцвягамі і ўграмі, тэўтонамі і свеямі60. Я тапіў каня ў жэмайцкіх балотах. Клянуся магутнасцю нашай маці-царквы, што ніхто не пераломіць кап'ё аб святую Сафію!

— Слава князю! Слава Уладзіміру! — дружна выгукнула плошча.

— Прэч баяр-мнагаімцаў! — закрычалі злева, дзе стаялі рукадзельныя людзі і купцы.

Веча захвалявалася, забурліла. Замільгалі кійкі, кулакі. Ужо дралі адзін аднаму бароды, ужо баярская чэлядзь бегла біцца за сваіх гаспадароў.

Уладзімір адчуваў, што перамагае, што яшчэ хвіліна-другая, і ён зноў будзе на белым кані, зноў будзе князем-ваяром. Сафія са сваёй вышыні ўжо ўсміхалася яму, і ён, у глыбіні душы, вырастаў пад аблокі, станавіўся ўпоравень з ёю. За такі міг можна аддаць палову жыцця.

Раптам плошча заціхла, і гэта цішыня была такой нечаканай, што князь уздрыгнуў. Рассякаючы натоўп, да памосту ў цэнтры плошчы ішлі тры ці чатыры чалавекі. Веча расступалася перад імі.

Яны падышлі да памосту, і ўсе ўбачылі парванае адзенне, твары ў крыві. Галоўны паміж імі, сівабароды стары, узняўся на памост, адвесіў вечу паясны паклон.

— Я Дабраслаў з Крывіцкага ста61,— сказаў стары і пахіснуўся. — Мы плылі на Гоцкі бераг. У Земгальскай гавані на нас напалі тэўтоны. Стырнавога і карабельшчыкаў забілі. Тавар забралі. Глядзі, Полацк, на раны сыноў сваіх! Глядзі, Сафія!

Стары купец хрысціўся на Сафійскі сабор і плакаў. Ягоныя сыны, параненыя, знявечаныя, стаялі каля памосту, глядзелі на бацьку.

Уладзімір зразумеў, што нечаканае іхняе з'яўленне вельмі пашкодзіць яму. Зноў белы конь уцякаў ад князя, насмешліва ржаў здалёку.

Але гэта быў не самы балючы ўдар. Галоўнае выпрабаванне чакала князя наперадзе. Ледзь толькі пачало супакойвацца веча, убачыўшы і паслухаўшы абрабаваных купцоў, як на плошчы з'явіўся князь Вячка з дзесяткам сваіх вояў. Светла-русыя валасы развяваў вецер. Цёмныя бровы былі строга зведзены на пераноссі.

«Што тут хоча рабіць гэты сысунок? — з шаленствам падумаў Уладзімір. — Яго даўно трэба было замураваць у манастыры, як брата ягонага Васілька. Вожа, клянуся табе, як толькі сплывуць чорныя хмары, як толькі зноў цвёрда стану на полацкім дзядзінцы, адразу ж выганю яго з Кукейноса, выкіну ў Ноўгарад, у Пскоў, да эстаў, куды змагу, толькі б не было яго побач».

Вячка падышоў да памосту, але ўзбірацца на яго не стаў. Пакланіўся князю Уладзіміру, пасадніку, тысяцкаму і епіскапу, потым пакланіўся ўсім вечнікам. З-за высокага росту Вячку бачылі ўсе.

— Мужы-палачане, — хвалюючыся, пачаў гаварыць кукейноскі князь, — як вы можаце глядзець на крыўду вялікую вашых купцоў? Чаму вы не аслепнеце ад сораму? Дзе ваш гнеў? Дзе сіла ваша? Вы мокрыя вераб'і ці вольныя сокалы?