155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 25

Вясна з'ядала снег. Цёмныя лысіны мокрай лясной зямлі вылузваліся з-пад снегу. Санныя палазы прыліпалі да зямлі.

Ваявода Зярнько не разлічыў. Ён думаў дабегчы да Друцка па цвёрдым гладкім снезе, але вясна дагнала яго. Ваявода быў сярдзіты, як мядзведзь-бадзяга, якога нечакана ўспаролі з бярлогі. Ён лаяў сваіх вояў, біў нявольнікаў.

Сані ваявода загадаў пасекчы і спаліць. Успыхнулі вялікія кастры. Увесь палон глядзеў на іх з радасцю, бо добра такі паабрывалі людзі плечы ў няблізкай дарозе.

Ваявода змрочна ехаў наперадзе сваіх вояў і сваіх нявольнікаў. Ён ужо зразумеў, што набег на Свіслач мала дасць яму багацця. Раставаў снег… Раставаў палон… Некаторыя паміралі, некаторыя ўцякалі, дачакаўшыся начной цемры. Тыя ж, якія яшчэ ішлі, былі дужа змучаныя, худыя, абдзёртыя.

Ноччу зашумеў цёплы паўднёвы вецер, навалок хмар на ўсё неба. Ваяводу, які спаў у паходным шатры, разбудзілі нейкія ўсхліпы. Ваявода схапіўся за меч, высунуў з шатра галаву. З неба ліўся дождж. Увесь лес быў напоўнены няяснымі шолахамі, шэптамі — гэта ажывалі, выпростваліся пад мяккім цёплым дажджом скамянелыя ад сцюжы дрэвы.

Не дайшоўшы некалькі попрышчаў да Друцка, ваявода Зярнько прадаў большую частку палону полацкім купцам, з караванам якіх сутыкнуўся ў лесе. Палачане былі ўжо на вазах, весела пераціралі коламі снег і гразь. Якаў з Чухомам трапілі да палачан і, трэба сказаць, з палёгкаю ўздыхнулі, бо на прывалах бачылі, як шмат піў віна і мядухі ваявода і, ап'янеўшы, крычаў, што загадае сваім воям пасекчы ўвесь свіслацкі палон мячамі.

Палачане пасадзілі іх на вазы, на прывале накармілі паранай рэпай і зайцавым мясам.

— Адкуль жа вас гоняць? — пацікавіўся ў Якава малады белатвары купец з рыжай барадой.

— Мы са Свіслацкай зямлі. Вольныя смерды князя Рагвалода Свіслацкага, — адказаў Якаў. За ўсю папярэднюю дарогу ён толькі перакідваўся слоўцам-другім з кавалём Чухомам, і яму карцела пагутарыць з новым чалавекам.

— Цяпер будзеце нявольныя, — уздыхнуў купец. — Прададуць вас на які-небудзь баярскі двор. Чэляддзю баярскай станеце, — здавалася, ён спачувае Якаву з Чухомам.

— Вось каб вас у Полацк завезлі,— працягваў купец, — там ужо лягчэй. Горад вялізны, людзей поўнае мора… А цэрквы якія! А палаты баярскія і княжацкія! Там было б вам лягчэй. Адно толькі полацкае паветра чалавека вольным робіць.

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць Якаву, але пажылы купец, можа, нават ягоны бацька, крыкнуў з суседняга воза:

— Прыкусі язык, Міхалка! — і сярдзіта зірнуў на Якава.

Купцы везлі з Кіева жалезны тавар, жаночыя бранзалеты, амфары з рамейскім віном. На адным з прывалаў яны нават пачаставалі віном Якава і Чухому.

«І ўсё роўна нас прададуць, — спустошана думаў Якаў.— Як прадаюць бранзалеты і конскія падковы… Гэтыя купцы, гэты во Міхалка будуць ездзіць у Кіеў, у далёкія краіны, нават за мора, а я ссохну, згарбею на пад'ярэмнай нямілай працы. Навошта мне жыццё? Навошта мне такое жыццё? Лепей было б птушкай на свет нарадзіцца. Але і птушку ловяць у сілкі і цянёты… Да канца дзён сваіх буду працаваць да чорных мазалёў і Свіслач з Бярэзінай не пабачу».

Ён апусціў галаву на грудзі, і слёзы пабеглі з вачэй. Малады рыжабароды Міхалка са спачуваннем глядзеў на яго.

— Ты што, Якаў? — ляпнуў яго па плячы рукою Чухома. — Нягожа табе слёзы ліць. Ты ж хлопец-адарвірог. З-пад сучкі яйка можаш украсці. Я цябе ведаю. Ад слёз толькі балотны туман гусцей узнімаецца. Не плач. Усё, дасць бог, добра павернецца.

І Міхалка сказаў Якаву:

— Не плач.

Якаў рукавом світкі выцер слёзы, пачаў глядзець на лес, на дарогу, на неба, што ўсё болей яснела, усё болей налівалася вясновым блакітам, і пакрысе супакойвалася расхваляванае сэрца. Ён ужо думаў пра Мірошку з Настассяй. Дзе яны зараз? Можа, таксама гоніць іх хто-небудзь у чужую старану? А можа, пераседзелі ў лесе навалу, схаваліся і грэюцца зараз ля цяпельца, сухое ламачча ў агонь падкідваюць?

Якаў з Чухомам і яшчэ дзесятак нявольнікаў трапілі ў рэшце рэшт на падвор'е баярына Івана, абгароджанае высокім дубовым плотам, бруднае, у глыбокіх ямінах, у кароўскіх ляпёхах.

Баярын Іван вёў сваю гаспадарку з вялікім размахам. Тапіў і кляйміў камякі воску, паліў лес на попел для прыгатавання мыла, залення скур і афарбоўкі сукнаў, гнаў дзёгаць. Усё гэта багацце на стругах і лайбах вёз па Дзвіне на Гоцкі бераг і далей. Але прыйшлі тэўтоны, захапілі вусце Дзвіны, і цяжка, а потым і зусім немагчыма стала ягоным карабелышчыкам прасочвацца, прарывацца ў Варажскае мора. Вось чаму на вечы баярын Іван падтрымаў князя Вячку і нават падахвоціўся са сваёй руды і сваімі (гэта значыць сваіх чалядзінаў) рукамі выкаваць князю Усяславаў меч. «Бяда нас прымусіла перасесці з чоўна на баявога каня», — казаў ён радавітым баярам, якія далёка не ўсе хацелі ісці вайной на тэўтонаў.

Баярын сам сустрэў сваіх новых чалядзінаў, сам захацеў глянуць на кожнага з іх. Ён ведаў усіх кароў у сваім вялікім статку, тым болей хацеў ведаць чалядзінаў. Чалядзіны стаялі, збіўшыся ў купку, пасярод шырокага двара. Яны былі схуднелыя, змардаваныя, і гэта адразу заўважыў сваім гаспадарчым пільным вокам баярын Іван. «Нялёгка мне будзе іх адкарміць, — падумаў баярын. — Скура й косці… Але з божай помаччу за сядміцу пастаўлю чалядзінаў на ногі, дам хлеба і рэпы, а тым, хто ў асабліва цяжкую работу пойдзе, то й мяса».

З гэтай хвіліны баярын стаў для чалядзінаў бацькам: карміў і паіў іх, апранаў, прытулак даваў, на працу руплівую і дбайную настаўляў, за гультайства караў. Як за сцяной былі чалядзіны за сваім баярынам. Чалядзін мог ударыць вольнага чалавека і схавацца ў харомах баярскіх. Баярын, калі хацеў, мог не выдаваць свайго чалядзіна, а заплаціць таму, каго ўдарылі, за крыўду, за сорам.

Баярын быў пчалінай маткаю, а чалядзін маленькай пчалою. Баярын быў пушчанскім дубам-волатам, а чалядзін — былінкаю.

Баярын быў бацькам клапатлівым — ледзь што не так зрабіў чалядзін, адразу вуха рэзаў чалядзіну па самы корань.

Так пачалі жыць Якаў з Чухомам на баярскім падвор'і. Ужо вясна снег вынішчыла. Ужо ручаі адгаласілі. Ужо лотаць жоўтая, кветка сарамлівая, па лугах пабегла.

Баярын Іван добра помніў абяцанне, якое даў усяму полацкаму вечу — за сядміцу выкаваць меч для князя Вячкі. Лепш бы ён не даваў такога абяцання, бо кавалі зрабілі меч, але калі баярын пачаў выпрабоўваць яго і ўдарыў па варажскаму мячу, толькі рукаяць з крыжавінаю ў баярскай руцэ засталася. Клінок жа са свістам адляцеў, хлапчука, што гусей гнаў на луг, параніў.

Тады Іван, патаемна ад мужоў-вечнікаў, з Полацка тэўтона Фердынанда запрасіў. Гэты Фердынанд ужо другі сонцаварот жыў на торжышчы, полацкую пяньку купляў для рыжскіх карабелышчыкаў. Хадзілі пра яго чуткі, што мудрэц ён у жалезе — што хочаш зробіць.

Фердынанд прыехаў на вазку з палатняным верхам. Плеценая са стальнога дроту кальчуга была на ім, бо вельмі баяўся тэўтон, што нападуць на яго ў дарозе. У баярскім цераме ён з вялікай радасцю, з палёгкай сцягнуў з сябе цесную кальчугу, застаўся ў мяккай атласнай кашулі. Пот, як боб, вісеў у яго на скронях і на бровах.

Баярын Іван адразу ж пачаў шчодра частаваць госця. Пасля трэцяга кубка мёду Фердынанд заўсміхаўся, павесялеў, шапнуў баярыну ў зарослае сівым воласам вуха, што ён, Фердынанд, вельмі харошы чалавек, што дома, за Варажскім морам, яго шанавалі і што ён (ха-ха) не супраць ушчыкнуць салодкае жаночае сцягно.

Баярын Іван вельмі ўважліва яго слухаў, згодна ківаў галавою, не забываючы наліваць мёд. Абодва былі вясёлыя, шчаслівыя, чырванашчокія.

Нарэшце баярын загаварыў пра меч. Фердынанд сказаў, што ў іх, у Саксоніі, кожнаму мячу, як нядаўна народжанаму сыну, даюць імя. Ёсць меч «Леў», меч «Рудольф», меч «Карл».

— Мне трэба меч «Усяслаў», — перапыніў Фердынанда баярын Іван.

— Усяслаў? — зморшчыў загарэлы нізкі лоб Фердынанд. — А хто гэта быў такі? Чым праславіўся гэты чалавек, каб яго імем назвалі рыцарскі меч?

— Усяслаў быў вялікім князем полацкім і кіеўскім, — цярпліва пачаў тлумачыць лаціняніну баярын. — Харобрым князем. Ён нарадзіўся ў кашулі…

— У кашулі? — здзівіўся Фердынанд. — Ага-ага, разумею. Бываюць дзеці, якіх бог выпраўляе на белы свет з мацярынскага лона апранутымі.— Ён засмяяўся сваёй дасціпнасці і дасведчанасці.

— І вось гэтую «кашулю» Усяслаў усё сваё жыццё насіў з сабою. Яна засцерагала яго ад ворагаў. Ён зрабіў магутным Полацк.

— Так-так, Полацк магутны, — згадзіўся саксонец. — Іначай я не жыў бы ў ім. — Ён гучна засмяяўся. За ім дробным залівістым гарошкам рассыпаўся баярын Іван.

— Ты павінен выкаваць меч. Самы лепшы ў Полацку, — цверазеючы, сказаў баярын Іван. — Я добра заплачу табе.

Тут і Фердынанд пачаў цверазець. Рабіць мячы ён рабіў, але даўно. Рука і вока маглі адвыкнуць. Яму трэба памочнікі, шмат памочнікаў. Яму трэба добры метал. Яму трэба мёд, піва, мяса, мяккі хлеб…

— Будзе-будзе… Усё будзе, — хацеў перапыніць яго баярын.

Але Фердынанд нібы не чуў і не бачыў баярына. Яму, Фердынанду, акрамя ўсяго трэба маладая дзяўчына, якая б, калі ён прагаладаецца, падавала яму на стол, мёд, піва, мяккі хлеб…

Пры гэтых словах баярын Іван зморшчыўся, буркнуў, нібы сам сабе:

— Жаба заморская.

— Якая баба? — навастрыў вушы, недачуў Фердынанд.

— Будзе, кажу, табе баба, — змрочна паабяцаў баярын.

— А зараз, баярын, — сказаў Фердынанд, напаследак яшчэ раз адпіваючы з кубка, — адпусці мяне ў Полацк на тры дні. Струмант свой кавальскі прывязу, кнігу вучоную аб гарачых і халодных металах. Чакай мяне праз тры дні.

У гэты ж самы час Чухому з Якавам як будучым памочнікам Фердынанда быў дадзены строгі загад шукаць балотную руду, варыць і каваць з яе жалеза. У полацкім наваколлі такой руды не было, і яны вымушаны былі на вялікім плыце пайсці ўверх па Дзвіне, потым з Дзвіны спусціцца да вытокаў ракі Улы. Іх пільнавалі, сачылі за кожным іхнім крокам і рухам баярскія цівуны, так што збегчы ў дарозе не было ніякай магчымасці.

Суровая велічная прырода адкрывала ім свой твар. Безліч азёраў было рассыпана ў гэтай глухой лясной старане. Яны зіхцелі пад сонцам, як асколкі блакітнага шкла. Налятаў вецер, шумеў у маладой зялёнай асацэ, накочваў на нізкія пясчаныя берагі сіне-чорныя хвалі. Валуны грэлі на палянах свае замшэлыя бакі.