155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Магутныя елкі, як вастраверхія шатры вояў, віднеліся там-сям. Сініцы жвава бегалі і звонка цінькалі ў густым змроку калючых яловых галін. Халодныя пеністыя ручаі пранізвалі роўнядзь тарфянішчаў і лугоў. Жаўцеў мох, а пад ім спала мёртвым сном гнілая балотная вада.

На беразе Улы Чухома знайшоў радовішча дзірвановай руды. Яна мела цёмна-чырвоны колер, падатна ляпілася ў пальцах.

Зрэзалі дзірван жалезнякамі, пачалі капаць руду. З гліны, якую прывезлі з сабою на плыце, змайстравалі дзве невялікія печы-домніцы. Гліну, каб не трэскалася ад вялікага агню, змешвалі з пяском і дрэсвай67. Ля самага споду печаў Якаў пад наглядам Чухомы зрабіў адтуліны і ў іх уставіў гліняныя трубкі-соплы, праз якія ўдзімаецца ўсярэдзіну печаў паветра. Засыпалі ў домніцы драўляны вугаль уперамешку з кавалкамі руды, падпалілі…

Якаў працаваў з ахвотаю, з вялікай цікавасцю да справы, з якой сутыкнуўся ўпершыню. Пот заліваў вочы, але ён не зважаў на гэта, рабіў усё, што загадваў Чухома. Толькі праца, цяжкая, да змогі, праца, магла хоць на міг даць спачынак параненай палонам душы.

— Малайчына, Якаў,— хваліў яго Чухома. — Быць табе кавалём. Запомні: без каваля нярадасная зямля. Радасць мы даем рудою сваёй, жалезам сваім.

— З руды мячы выкаваны, якімі нас запаланілі,— ціха сказаў Якаў.

— Тут не наша віна, не кавальская, — усміхнуўся Чухома. — Птушкі нябесныя невінаваты, што з неба Пярун страляе ў людзей. Так і мы. Чуў я, што вось гэты меч, які нам загадана скаваць, на добрую святую справу пойдзе.

— Для князя Вячкі, які супроць тэўтонаў ваюе, — падказаў адзін з баярскіх цівуноў.

— Вось бачыш, Якаў? Не толькі зло ад жалеза. Зло ад злых людзей, не ад жалеза.

Агонь і сырое паветра рабілі ўсярэдзіне домніц сваю таемную, незразумелую шмат якім людзям, у тым ліку цівунам і Якаву, справу. Чухома загадкава і ўрачыста ўсміхаўся. Адзін ён ведаў, што ў гэты самы час душа агню і душа руды спляталіся ў адзін неразрыўны клубок, у адно цэлае, каб нарадзіць звонкагалосае жаданае дзіця — жалеза. Праўда, гэта яшчэ не чыстае жалеза, гэта крыца, у якой вельмі шмат шлаку. Крыцу яшчэ трэба будзе да чырвані нагрэць у горне, кінуць на кавадла і біць, біць, плюшчыць магутнымі малаткамі, каб выгнаць з яе балотны хваробны дух.

Пачакалі, пакуль астынуць домніцы, разбілі, разламалі іх, цёплыя крыцы пагрузілі на плыт. Цёмнавішнёвая зара палала над зямлёй. Усхліпвала вада ў асацэ. Зоркі трымцелі ў змроку, як залатыя нябесныя слёзы.

Якаў стаяў на плыце, адпіхваўся ад багністага дна цяжкім бярозавым калом. Балела спіна, але надзіва яснай і спакойнай была душа. «Я малады, — думалася яму. — Мне яшчэ жыць і жыць. Я моцны. Я ніколі не буду рабом. Ніколі». Ён успомніў словы маладога купца Міхалкі аб тым, што адно толькі полацкае паветра чалавека вольным робіць, і радасць, даўно забытая птушка, заспявала ў душы. Ён ужо ведаў, як ратавацца, — трэба бегчы ў Полацк, у горад, і згубіцца між людзей. Трэба ўцячы, а там — бог-бацька. Што будзе, то будзе.

Як толькі прыбылі яны на баярскае падвор'е, адразу ж, са згоды баярына Івана, іх узяў пад сваю поўную ўладу саксонец Фердынанд. Ён выпытаў у баярына, хто з ягоных людзей да кавальскай працы здатны, і разам з Чухомам у кавалі трапіў Якаў.

Фердынанд, у новенькім скураным фартуху, у новенькіх, толькі пашытых ботах, сабраў усю сваю абслугу — і малатабойцаў, і гарнавых, і ваданосаў — у кузні, сказаў, як і ўсе тэўтоны павольна і смешна вымаўляючы полацкія словы:

— Разам працаваць будзем. Я не вашай зямлі чалавек, але я добры. Я люблю есці і піць віно, я люблю шмат спаць і кахаць жанчын. Вы, пэўна, таксама ўсё гэта любіце? Але яшчэ я люблю і ўмею працаваць.

Ён на хвіліну змоўк, зірнуў на сваіх памочнікаў — ці разумеюць яго? Разумелі. Слухалі ўважліва. Гэта яшчэ болей натхніла Фердынанда. Узбуджана махаючы рукамі, ён павёў далей сваю гаворку:

— Нам трэба зрабіць меч «Усяслаў». Правільна я называю імя? Дык вось. З той руды, з таго жалеза, якое вы прывезлі аднекуль з балотаў, нельга зрабіць меч «Усяслаў». Можна серп жанчыне скаваць… А меч…

Ваша балотнае жалеза мяккае, слабае. Меч з такога жалеза сагнецца, як саломінка, у першым жа паядынку. За баярскія грыўні на торжышчы ў Полацку я купіў свейскага жалеза. З такога жалеза куюцца мячы для пераможцаў, для герояў. А з вашага мы наробім баярыну ключоў і замкоў.

Фердынанд з-пад свайго скуранога фартуха раптам выцягнуў пажоўклы, згорнуты ў трубку пергамен.

— Ведаеце, як гартуецца свейскае жалеза? Вось што піша Тэафілус Прэсбрайтэр у сваім трактаце «Схема разнастайных мастацтваў». Тут напісана не вашымі літарамі, я вам буду пераказваць, тлумачыць.

Ён пачаў чытаць, зрэдку адрываючы позірк ад пергамена, каб глянуць на сваіх слухачоў:

— Загартоўка жалеза вядзецца такім жа чынам, як рэжацца шкло і размякчаюцца каменні. Вазьмі трохгадовага чорнага казла і трымай яго пад замком на прывязі трое сутак без корму. На чацвёрты дзень накармі яго папараццю. Пасля таго як ён два дні паесць папараць, змясці яго ў наступную ноч у дзежку з рашэцістым дном. Пад дзежку пастаў сасуд для збору казлінай мачы. Набраўшы за двое альбо трое сутак дастатковую колькасць вадкасці, выпусці казла на волю, а ў гэтай вадкасці гартуй сваё жалеза.

Фердынанд схаваў пергамен, строга глянуў на сваіх памочнікаў.

— Нясіце.

— Каго? Чорнага казла? — здзівіўся Чухома.

— Нясіце сюды амфару з віном, якую я схаваў у кучу вугалю.

Пачалі каваць меч «Усяслаў». Свейскае жалеза і сапраўды было добрае, падатна кавалася, адчувалася ў ім сіла і пругкасць, колер мела шэры з сіняватым адценнем. Чухома аж языком прыцмокваў:

— Мне б у Гарэлую Весь такое.

Фердынанд адразу ж распазнаў у Чухоме самага здольнага і самага ўмелага свайго памочніка. Даваў яму каваць меч, спачатку рэдка, потым часцей.

Меч рабілі доўгі, двухручны, каб дзвюма рукамі мог вой браць яго ў час бою за рукаяць. Лёзы ў клінка з двух бакоў былі вострыя, наточаныя. Крыжавіну і рукаяць абклалі чэрненым срэбрам, і срэбра тое гузавата, няроўна лягло. Не будзе слізгаць рука. Навершша рукаяці ў выглядзе чырвонага яблыка зрабілі, дарагі заморскі камень, што ў паўзмроку вакол сябе праменні рассыпае, усадзілі, утапілі ў гэты яблык. Трохі ніжэй рукаяці на адным баку клінка выяву святога Юрыя выбілі, а з другога боку «Усяслаў» полацкімі літарамі на жалезе напісалі.

Апошні час усё болей Чухома завіхаўся над мячом, і Якаў яму памагаў. Фердынанд жа віно піў, хаваючыся ад баярына. Знікла ў яго ахвота да кавальства, і часцяком казаў ён Чухому:

— Паеду ў Саксонію, вінаробам стану. Праз дзве вясны паеду ў Саксонію. Абрыдла мячы каваць.

Баярын Іван, поўнасцю даверыўшыся Фердынанду, нячаста заходзіў у кузню, дый смурод, гарачыню і дым цяжка трываў. Прыбягалі іншы раз ад баярына хлапчукі надворныя, пыталіся:

— Баярын Іван ведаць жадае: ці хутка меч будзе гатовы?

Фердынанд, якога загадзя папярэджвалі, што чакаецца ганец ад баярына, завіхаўся над кавадлам, злавесна прыжмурваў вочы, адказваў:

— А ці хутка дзіця нараджаецца?

Хлапчукі гэтага не ведалі, беглі назад, у баярскія палаты. Але аднойчы сам баярын завітаў у кузню. Быў ён у доўгім, па калена, чырвоным каптане, у руцэ трымаў белую вышываную хустачку — нос ад смуроду затыкаць. Ён асцярожна прыпыніўся на парозе кузні, акідваючы падазроным позіркам Фердынанда, Чухому і Якава. Яны пакланіліся баярыну.

— Прыязджалі мужы-вечнікі з Полацка, — сказаў баярын, — пыталіся наконт мяча.

— Меч гатоў, баярын, — усміхнуўся Фердынанд. — Ляжыць, на халадку астывае, на ранішняй расе. Якаў, прынясі баярыну Івану меч.

Якаў борздзенька выйшаў з кузні, прынёс меч, які перад гэтым паклалі на пясок, на сырую зямлю, каб усю сілу зямную ў сябе ўвабраў. На клінку ззяла раса.

Баярын узяў у рукі цяжкі светлы меч, круціў яго так і гэтак, махнуў ім над галавою, уважліва разглядаў рукаяць і крыжавіну, выяву святога Юрыя, навершша з дарагім заморскім камянём. Здавалася, каб не Фердынанд з памочнікамі, ён паспрабаваў бы, пакаштаваў меч на зуб.

— Добра, — сказаў нарэшце баярын. — Важнецкі меч. Ты, майстар, — звярнуўся ён да Фердынанда, — атрымаеш плату, як мы і дамаўляліся, і акрамя таго — зверх платы. А вы, — пранізаў ён уважлівым позіркам Чухому з Якавам, — вып'еце ў святы дзень вядро мёду. Мне патрэбны людзі па жалезнаму рамяству.

— Дзякуй табе ў ногі, баярын Іван, — пакланіўся Чухома.

— Похвы для мяча ўжо зрабілі ў Полацку, — працягваў баярын. — І яшчэ казалі мужы-вечнікі, каб абавязкова ў рукаяць мяча былі ўкладзены мошчы святой Ефрасінні Полацкай, што ў святой зямлі, у Іерусаліме, памерла.

— Дзе ж мы возьмем гэтыя мошчы? — разгубіўся Фердынанд і паглядзеў на Чухому з Якавам. — Ды каб пакласці іх у рукаяць, трэба выняць адтуль камень.

— Камень трэба выняць, — адразу згадзіўся баярын. — Не заморскімі каменнямі ваююць, а святымі мошчамі. Вынь камень, майстар, і аддай мне яго.

Ён растапырыў пальцы ледзь не перад самым носам у Фердынанда.

— Не адразу, баярын, — адвёў убок ягоную руку Фердынанд. — Цяжка клаўся камень у рукаяць, а даставаць яго будзе яшчэ цяжэй. Два дні нам на гэта.

— Два дні? — зморшчыўся баярын. — Хай будзе па-твойму. Да таго часу і мошчы святой Ефрасінні прывязуць з Кіева, з Пячэрскай лаўры.

Калі баярын пайшоў, Чухома ўсміхнуўся: