155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

— Дык што ты хацеў сказаць мне, баярын Доўбня? — ціха спытаўся пасля працяглага маўчання Фердынанд.

— Няўтрымныя вы, лаціняне, людзі,— кашлянуў Доўбня. — Усё хочаце ведаць наперад усіх. Ты чуў, што Вячка з Кукейноса на мяне нагаворвае?

— Не чуў.

— Гаварыў вялікаму князю Уладзіміру, што я, баярын Доўбня, тэўтонам служу, што папярэдзіў іх, калі палачане на Рыгу ішлі.

— А ты, баярын, і сапраўды служыш Альберту?

— Маўчы, тэўтон. Не тваёй галавы гэта справа. Я не пытаюся ў цябе, каму ты служыш.

— Я служу сам сабе і богу, — адказаў Фердынанд. — На старасць, на хваробы старэчыя срэбра зарабляю.

— Дык слухай, — рэзка перапыніў яго Доўбня. — Ты з памочнікамі выкаваў меч для Вячкі. Праўда гэта?

— Святая праўда. І болей палачане меч кавалі, чым я. Я толькі наглядаў.

— Ты выкаваў меч, якім будуць ссякаць галовы тваіх аднаверцаў. Кроў рымскай царквы будзе на тваіх руках.

— Кроў рымскай царквы? — уздрыгнуў, аслабеў голас у Фердынанда.

— Кроў. Анафема папы Інакенція IIІ чакае цябе, адступнік.

Яны змоўклі. Якаў стаяў і не варушыўся, бо кожным рухам, самым маленькім гукам мог выдаць сябе, а гэта было б канцом. Як толькі гэтыя двое даведаюцца, што чужыя вушы слухалі іхнюю гаворку, адразу можна заказваць свечку — пры першай магчымасці яны заб'юць яго.

— Дзе меч? — запытаўся Доўбня.

— У баярына Івана ў святліцы.

— Ты можаш сёння раніцой узяць меч, як толькі баярын прачнецца?

— Навошта? — спалохаўся Фердынанд. — Усё роўна ж меч ужо зроблены — яго не пераплавіш, не перакуеш. Слухай, баярын, не будзем болей успамінаць пра гэты пракляты меч. Срэбралюбства звядзе мяне са свету, срэбралюбства, — завохкаў лацінянін. — Шмат грыўняў паабяцалі мне, я й згадзіўся.

— Меч не трэба знішчаць, — рашуча сказаў Доўбня. — Яго ўжо не знішчыш. Яго бачылі мужы-палачане, епіскап асвяціў. Але трэба пазбавіць меч сілы. Мошчы святой Ефрасінні ты закладваў у рукаяць?

— Закладваў,— паныла выдыхнуў Фердынанд.

— Дастанеш іх адтуль і аддасі мне. Хай майму дому святая Ефрасіння дапамагае. А замест мошчаў… На, трымай.

— Што гэта? — здзівіўся Фердынанд.

— Барсуковая костачка. Сам упаляваў барсука, — засмяяўся Доўбня. — Пакладзі гэтую костачку ў рукаяць. Падрэж, падтачы яе, каб ніхто нічога не заўважыў. Ты ж умееш, — ён зноў засмяяўся. — І будзе гэты меч цягнуць князя Вячку ў нару барсуковую, у зямлю. Там яму і месца. Зразумеў?

— Зразумеў. Зраблю.

— Добра старайся, бо сам Альберт у Рызе ведае пра цябе. Ці вянцы нябесныя ад Хрыста атрымаеш, ці з перарэзаным горлам па Дзвіне паплывеш.

Яны моўчкі разышліся, кожны ў свой бок. Якаў яшчэ доўга стаяў пад дрэвам, доўга прыслухоўваўся да начной цемры і, толькі пераканаўшыся, што ўсё навокал спакойна і ніхто не сочыць за ім, хуценька юркнуў у грыдніцу, лёг на палаткі. Чалядзіны спалі. Той, што хадзіў па даху, таксама спаў, толькі зрэдку жалобна ўсхліпваў ува сне, нібы плакаў.

Выкацілася на блакітную нябесную лугавіну сонца, усміхнулася Полацку і палачанам, і з падвор'я баярына Івана зноў рушыла ўрачыстае шэсце да Сафійскага сабора, на плошчу, дзе ўжо шумелі мужы-вечнікі і князь Вячка, усхваляваны і радасны, стаяў на памосце, чакаў, калі веча ўручыць яму меч.

Якаў, трымаючы ў руках абцугі, ішоў побач з Чухомам за калясніцаю, на якой везлі меч. «Ці замяніў Фердынанд мошчы?» — не давала яму спакою думка. — Калі замяніў, калі барсуковую костку падсунуў, меч сілу страціць. І паб'юць палачан тэўтоны ў Кукейносе».

Радасным гулам сустрэлі мужы-вечнікі меч. Шапкі птушкамі ўзляцелі ўгору. Вочы гарэлі натхнёна.

— Рубон! — пракаціўся па ўсёй плошчы баявы кліч палачан. І не было ніводнай душы, якая не падтрымала б гэты кліч.

— Рубон! — крычалі сівагаловыя дзяды, што ў многіх сечах кап'ём Полацку славу здабывалі.

— Рубон! — дружна падтрымлівала іх моладзь, яшчэ не бітая варожым жалезам, без адзінага шрама, але гарачая, харобрая.

— Рубон! — выгукнулі воіны баярына Івана, што конным строем ехалі за калясніцаю, ашчацініўшыся дзідамі. Але баярын, які на мяккім зэдлі сядзеў каля футарала з мячом, грозна азірнуўся, наліўся цяжкой чырванню. Воі адразу ж укусіліся ў языкі, замоўклі.

Вялікія баяры сустракалі меч, епіскап з пасаднікам, увесь клір Сафіі. Толькі князя Уладзіміра, як і ўчора, не было. «Захварэў князь», — паведаміў вечу бірыч Аляксей.

Епіскап Дзяніс узяў меч у абедзве рукі, на выцягнутых руках панёс яго да памосту, дзе стаяў князь Вячка. Людзі на дыбачкі ўставалі, шыі зварочвалі, адзін аднаму на плечы лезлі, каб убачыць гэты міг. Цішыня абрынулася на плошчу, толькі чутны былі крокі епіскапа.

Епіскап, кусаючы ад хвалявання вусны, падышоў да памосту. Князь Вячка зняў з галавы шлем, аддаў яго свайму дружынніку, апусціўся на калені. Твар быў бледна-ружовы.

— Князь Вячаслаў,— на ўсю моц голасу сказаў епіскап, — святая Сафія, стольны Полацк, усе мужы-палачане ўручаюць табе меч Усяславаў. Вазьмі меч, князь.

Вячка, не ўздымаючыся з каленяў, узяў меч, тройчы пацалаваў светлае лязо.

— За што меч з похваў вымеш, князь? — гучна запытаўся епіскап.

— За святую Сафію і Полацк, — адказаў Вячка.

— Устань, князь. Сафія і Полацк пачулі цябе. Вячка ўзняўся з каленяў, надзеў на галаву шлем, пакланіўся вечу:

— Дзякуй вам, мужы-палачане. Памру за зямлю нашу, але не пакрыю ганьбаю святы меч. Бяда ідзе з Варажскага мора. Тэўтоны ідуць. Устанем сцяной! Перакуем сярпы на коп'і! Абаронім дзедаўскую і бацькоўскую зямлю!

— Рубон! — загрымела на плошчы. — Рубон! Рубон!

Тройчы крыкнула веча, і гэта азначала, што ўсім даспадобы князевы словы.

— А зараз, князь, глянь на майстроў, што выкавалі табе гэты меч, — сказаў епіскап і лёгенька падпіхнуў да памосту разгубленых Якава і Чухому. Фердынанд схаваўся ў натоўпе, пабаяўся паказвацца вечу, бо на плошчы не магло не быць лазутчыкаў з Рыгі, не лічачы Доўбню.

— Вы зрабілі меч? — абняў Чухому і Якава за плечы, шырока ўсміхнуўся Вячка.

— Мы, — адказаў Чухома. — Для цябе стараліся, князь. Гані тэўтонаў у мора.

— Добра кажаш, каваль.

Вячка пацалаваў Чухому, потым Якава, запытаўся:

— Як жа вас клічуць, майстры?

— Мяне — Чухома, яго Якавам клічуць.