155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 35

Ён выхапіў меч, глыбока, па самую крыжавіну рукаяці, усадзіў у пясок.

На некалькі дзён быццам знямеў Кукейнос. Нават царкоўны звон са званіцы гучаў квола і няўпэўнена. Чалядніцы ў цераме перагаворваліся шэптам.

Аднойчы надвячоркам бясшумна апусцілі пад'ёмны мост, і двое верхавых у чорных дарожных плашчах, бяззбройныя, калі не лічыць кордаў, засунутых за халявы ботаў, пакіраваліся ў бок Рыгі. Лясная цемра навалілася на іх адразу ж за Кукейносам. Хмары велізарным шэрым шчытом закрывалі ўсё неба. Пачаўся дождж, спачатку дробненькі, як макавае зерне, потым усё больш спорны, густы, і неўзабаве мора вады абрынулася на лес, на балоты, на верхавых, што калючымі шпорамі няшчадна падганялі сваіх коней, злёгку прыгінаючыся ў сёдлах.

— Хутчэй, — адно толькі слова паўтараў пярэдні коннік, уразаючыся ў змрок, у дождж. Ягоны спадарожнік маўчаў, толькі засяроджана грыз мокры чэрмны вус. Гэта былі Вячка і Халадок, і ехалі яны да епіскапа Альберта.

Раздзел чацвёрты

I

У Рызе, на плошчы перад царквой святога Пятра, адбывалася містэрыя75. Епіскап Альберт з усім сваім капітулам сядзеў у прасторнай крытай галерэі каля сцен царквы. Побач з ім сядзелі граф Генрых са Штумпенгаўзена, граф Кона з Ізенбурга, шмат рыцараў-пілігрымаў з Вестфаліі і Саксоніі, а таксама родны брат епіскапа Ротмар, які да прыплыцця ў Лівонію быў манахам Зегебергскага манастыра пад Брэменам.

Ужо трох сваіх братоў — Германа, Энгельберта і Ротмара — прывёз Альберт у Рыгу. Род Буксвагенаў цвёрдай нагою ступаў на зямлю Лівоніі, зямлю прасвятой дзевы. Удача пакуль што спадарожнічала братам. Усё гэта, вядома, ішло ад вялікіх шчадрот божых, ад няспынных малітваў, з якімі Алейдзіс фон Буксваген, шаноўная іхняя маці, звярталася да бога, выпрошваючы ў яго шчасце для сваіх непаседлівых сыноў.

На містэрыю Альберт запрасіў і самых першых хрысціян з тубыльцаў. Гэта былі амаль стогадовыя Іла і Віэца з Ікескалы. Іх хрысціў яшчэ сам Мейнард, апостал Лівоніі. Сівагаловыя, сухенькія, зморшчаныя, яны сядзелі побач, як два яблыкі, прыхопленыя нечаканым марозам.

Не забыўся епіскап і пра верных рыжскай царкве старэйшын ліваў і земгалаў. Самым прыкметным і самым багатым быў паміж іх Каўпа з турайдскіх ліваў. Рослы, густавалосы, з цвёрдым позіркам шэрых стомленых вачэй, Каўпа першы з мясцовай знаці стаў на бок рымскай царквы, добраахвотна аддаў сына заложнікам у Тэўтонію. Разам з манахам Тэадэрыхам Каўпа ездзіў да папы Інакенція III у Рым і атрымаў ад божага намесніка сто залатых за верную службу царкве, епіскапу Альберту прывёз падарунак папы — біблію, пісаную рукой святога Грыгорыя.

Былі паміж запрошанай ліўскай і земгальскай знаці хрысціяне і язычнікі. У першую чаргу для нехрышчоных язычнікаў ставіў Альберт містэрыю — хацеў пасеяць у сляпых душах семя евангельскае.

Містэрыю ігралі рыцары з епіскапскай дружыны, манахі з Дзінамюндскага манастыра і манастыра святой дзевы Марыі, рыжскія купцы і рамеснікі. Былі паказаны сцэны з войнаў Давіда, Гедэона і крывадушнага цара іудзейскага Ірада.

— Услаўце бога, — сказаў акцёрам епіскап.

— Уславім, святы айцец, — дружна адказалі акцёры.

Перад самым пачаткам містэрыі ліў Каўпа спытаўся ў Альберта:

— Святы айцец, гэта праўда, што ў хрысціянскім раі няма цемры?

— Няма, — усміхнуўся куточкамі вуснаў епіскап.

— Толькі святло? Толькі дзень? — дапытваўся Каўпа. — А ці добра гэта — жыць без цемры?

Зараз Каўпа ва ўсе вочы глядзеў на бой войска Гедэона з філісцімлянамі. Воіны Гедэона былі ў цяжкіх металічных латах, у высокіх бліскучых шлемах, упрыгожаных яркімі пёрамі паўлінаў. Яны калолі ворагаў трохзубцамі і мячамі, накінуўшы на свае ахвяры сплеценыя з меднага дроту сеткі. Адзінаю зброяй філісцімлян былі вяровачныя прашчы, у якія яны закладвалі каменне-галышы. Воіны Гедэона, а яны сімвалізавалі моц рымскай царквы, білі філісцімлян, як зграю дзікіх звяроў. Альберт быў задаволены містэрыяй.

— Генрых, — паклікаў ён маладога светлавалосага клірыка, які перакладаў лівам словы Гедэона і ягоных воінаў з латыні на тутэйшую мову. Клірык падбег да крэсла, у якім сядзеў епіскап, схіліў у лёгкім паклоне галаву:

— Слухаю, мансіньёр76.

Белы прыгожы твар пакрыўся яркай, як у дзяўчыны, ружовасцю. «Маладосць — шчаслівы час», — падумаў епіскап, якому ўжо было пад пяцьдзесят.

— Генрых, сын мой, — сказаў ён клірыку, — містэрыя ідзе цудоўна. Я рады за нашых акцёраў і вельмі рады за цябе.

— Дзякую, мансіньёр, — успыхнуў Генрых.

— Калі скончыцца містэрыя і нашы госці, лівы і земгалы, пакінуць Рыгу, зайдзі да мяне.

— Абавязкова зайду, мансіньёр, — яшчэ раз пакланіўся Генрых.

Генрыху было дваццаць гадоў. У шаснаццацігадовым узросце епіскап Альберт прывёз яго з Брэмена ў Рыгу, каб пасвяціць у сан пастыра і даць яму царкоўны прыход. Але свяшчэннікам можна стаць толькі дасягнуўшы дваццаці аднаго года. Яшчэ год, і Генрых, ягоны любімы Генрых, надзене сутану і панясе ў гэтых дзікіх краях непагаснае святло пропаведзі дзеля Ісуса Хрыста і яго ўлюбёнай мацеры, прасвятой дзевы Марыі.

«Добрым будзе пастырам, — думаў Альберт, любуючыся стромкай постаццю Генрыха, слухаючы, як размаўляе ён з лівамі і земгаламі.— Я не памыліўся, я не мог памыліцца. Гэты юнак стане з цягам часу каштоўным брыльянтам у кароне рыжскай царквы».

Усё, што рабіў у сваім жыцці епіскап Альберт, ён рабіў не спяшаючыся, добра абдумаўшы і ўзважыўшы магчымыя вынікі таго, што мусіць адбыцца. Калі яго, брэменскага каноніка, рашылі пасвяціць у рыжскія епіскапы, ён выпрасіў сабе на роздум тры дні, доўга раіўся з маці, з братамі. Ён ведаў, што да яго на Дзвіне неслі крыж царквы рымскай Мейнард і Бертольд, епіскапы-няўдачнікі, як у думках ён іх называў. Абодва ляжаць у мармуровых трунах у Ікескальскай царкве. Адною нагою ступілі яны на дзвінскі бераг, другая нага — пакуль што ў Балтыйскім моры. Ён, епіскап Альберт, ступіць на гэтую зямлю дзвюма нагамі, цвёрда ступіць, урасце ў яе.

Пасвячэнне ягонае ў епіскапы супала са смерцю папы рымскага Цэлесціна IIІ. Пакутліва аддаваў богу душу папа, не хацеў паміраць. Чатыры дні ляжаў без руху, без мовы, толькі вочы гарэлі, як жар. І ўсё-ткі патухлі вочы, і ў акружэнні ўсёй рымскай курыі адзін з кардыналаў Свяшчэннай калегіі стаў перад нябожчыкам, тройчы лёгенька стукнуў яго ў лоб срэбраным малаточкам, тройчы спытаўся: «Ты спіш?» Адказу не было, і папу Цэлесціна аб'явілі нябожчыкам, а на яго месца кардыналы абралі папам Інакенція IIІ і ўручылі яму сімвал папскай улады, якім здаўна лічыцца трайная карона, або ціяра. І адразу невядомы да таго свету Інакенцій стаў адзінаначальнікам каталіцкай царквы, а яшчэ епіскапам Рыма, вікарыем Ісуса Хрыста, пераемнікам князя апосталаў, вярхоўным свяшчэннікам каталіцкай царквы, патрыярхам заходнім, прымасам італьянскім, мітрапалітам-архіепіскапам рымскім, рабом рабоў божых. З яго згоды, з яго благаславення і паехаў Альберт у Лівонію, узяў у рукі меч духоўны.

Першае, што ён зрабіў,— заклаў горад Рыгу і перанёс у яе з Ікескалы епіскапскую кафедру. Яму трэба было адчуваць за спінаю мора, заўсёды быць побач з морам, бо па моры кожную вясну плылі да яго пілігрымы, на якіх ён ускладаў знак крыжа гасподняга.

У Вісбю, галоўным горадзе вострава Готланд, ён за вялікія грошы наняў каменячосаў і муляраў, і там, дзе рэчка Рыдзіня ўпадае ў Дзвіну, яны збудавалі гандлёвыя рады.

Ён, епіскап Альберт, разумеў, што трэба быць не толькі добрым воінам, але й добрым купцом, і выпрасіў у папы Інакенція IIІ інтэрдыкт77 на земгальскую гавань, якая магла стаць саперніцай рыжскай гавані. Земгальскай гавані заткнулі рот, абсеклі рукі, і яна неўзабаве зачахла, загінула, як дрэва, пазбаўленае зямлі.

Шумела, вясновай ракой бушавала містэрыя. Столькі страсці, столькі яркіх фарбаў было ў ёй, столькі божага агню, што не толькі дзікія язычнікі, але і хрысціяне, і сам епіскап зачаравана глядзелі на незвычайную дзею, якая разгортвалася пад хмурнаватым рыжскім небам. На вачах у некаторых гледачоў блішчэлі слёзы. Ліў Каўпа часта, усхвалявана дыхаў, потым правай рукою схапіў свой нашыйны крыж і, не адрываючы позірку ад містэрыі, пацалаваў яго.

«Што можа параўнацца з нашай царквою? — расчулена думаў епіскап. — Яна як непагасная зорка ў сляпой цемры, як скала паміж акіяна. Хіба здольна царква праваслаўная, якая нясе вучэнне візантыйскіх ілжэ-прарокаў, устаць на дарозе рымскай царквы? Не. Мы растопчам іхнія ерэтычныя абразы, а іхняя царква-рабыня будзе мыць ногі сваёй вялікай пані — каталіцкай апостальскай царкве».

Воіны Гедэона ўзнялі трохзубцы і з баявым клічам рынуліся на філісцімлян. І тут лівы і земгалы ў незвычайным жаху ўсхапіліся са сваіх месцаў, урассыпную пабеглі ва ўсе бакі. Ім падалося, што зараз і іх, язычнікаў, будуць калоць і секчы бязлітасныя воіны.

— Спыніцеся! — крычаў Генрых. — Спыніцеся! Вам не зробяць нічога дрэннага! Куды ж вы?!

Але толькі жменька язычнікаў, і паміж іх Каўпа, засталася на галерэі. Астатнія як звар'яцелі — беглі да гарадскіх варотаў, спрабавалі пералезці цераз сцяну, зашываліся хто куды. Містэрыя нечакана і бясслаўна скончылася. Епіскап быў вельмі разгневаны.

— Генрых, распускай акцёраў,— сухім голасам загадаў ён маладому клірыку.

Як жыве яшчэ сляпое паганства ў гэтых людзях! У іх, пэўна, не адна, а дзве душы. Адна душа знешняя, бачная старонняму воку. З ёй, гэтай душой-маскай, яны прыходзяць у Рыгу, прыходзяць да яго, епіскапа, прымаюць хрышчэнне, моляцца Хрысту. І вочы тады ў іх як у маленькіх даверлівых дзяцей. Тады іхнія вочы, як вясновыя ручайкі, чыстыя, светлыя, мяккія.

Але жыве ў іх яшчэ адна душа, глыбока схаваная, патаемная, недаступная чужому воку. Яна нібы абрасла дзікім лясным мохам, звярыным воласам. Яна пахне халодным дажджом, снегам, балотам… Што на дне той душы?

Епіскап ад сваіх людзей, ад Каўпа ведае, Што калі яны вяртаюцца з Рыгі дадому, то па старадаўняму звычаю дзядоў збіраюцца разам, вараць мёд, п'юць, а потым у Дзвіне змываюць з сябе тэўтонскае хрышчэнне. Калі памірае нехта з блізкіх, яны плачуць, хаваюць яго і кажуць: «Ідзі, бедалага, з гэтага тужлівага свету ў лепшы, дзе не хітрыя тэўтоны будуць уладарыць над табою, а ты над імі». Яны шлюць ганцоў у Кукейнос, у Полацк, у Пскоў, да літоўцаў.

Епіскап падышоў да Каўпа. Старэйшына ліваў пацалаваў яму руку. Епіскап накрэсліў над ім святы крыж.

— Як жыве твой сын у Тэўтоніі? — спытаўся Альберт.

— Добра жыве, — радасна адказаў Каўпа. — Богу кожны дзень моліцца, латынь вучыць, на лютні іграе…

Шэрыя вочы ліва раптам пазмрачнелі, ён ціха спытаўся:

— Скажы, святы ойча, ці хутка вернецца дадому мой сын і сыны нашых старэйшын?

Такі паварот размовы не спадабаўся епіскапу. Ён падумаў, што не варта было цікавіцца сынам Каўпа. У язычнікаў, як у дзяцей, чуллівыя душы.

— Вашых дзяцей забралі за мора, каб вы навучыліся быць вернымі,— з расстаноўкаю, гледзячы проста ў вочы засмучанаму ліву, сказаў Альберт. — Не ўсе навучыліся вернасці святому апостальскаму прастолу, а ты, Каўпа, навучыўся. І ты ўбачыш свайго сына.

— Хутка? — з надзеяй, з болем выгукнуў Каўпа.

— Я паплыву набіраць новых пілігрымаў і прывязу твайго сына, — супакоіў ліва епіскап і адразу ж перавёў гутарку на іншае. — Гэта праўда, што дзвінскіх ліваў называюць вейналамі?

— Праўда. Але я з турайдскіх ліваў,— нявесела адказаў Каўпа і пайшоў да сваіх суайчыннікаў.