155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

— Я падумаю, сын мой, — паабяцаў епіскап.

У гэты час увайшоў Імануіл, знакамі, незразумелымі для Генрыха, пачаў нешта тлумачыць епіскапу. Радасць успыхнула на твары ў Альберта, і ён не хаваў яе.

— Кароль кукейноскі Вячка просіць у мяне аўдыенцыі,— весела сказаў ён Генрыху. — Я быў упэўнены, што ён прыбяжыць на мой двор.

— Вячка ў Рызе? — здзіўлена ўскінуў бровы Генрых. — Люты вораг царквы просіць аўдыенцыі? Я нічога не разумею, мансіньёр.

— Ты хочаш яго ўбачыць? — замест адказу спытаўся Альберт.

— Вельмі хачу. Я ніколі не бачыў д'яблаў.

— Пакліч Вячку, — загадаў Імануілу епіскап. — І няхай разам з ім зойдзе тлумач83.

Праз нейкі час увайшоў тлумач Фрэдэрык, які часта плаваў у Полацк і ведаў мову полацкіх крывічоў, а за ім і Вячка. Князь Кукейноса быў апрануты ў чорны дарожны плашч, пад якім зіхцела кальчуга. Галава была непакрытая, і густая хваля светлых валасоў падала на высокі смуглы лоб.

— Чаго хоча ад мяне кароль Кукейноса? — патушыўшы ў позірку радасць, строгім халодным голасам спытаў Альберт. Усе тэўтоны, у тым ліку і рыжскі епіскап, называлі полацкіх князёў каралямі.

«Вось ён які,— думаў тым часам Генрых. — Ён, бадай, мой равеснік. Такія ж, як у мяне, светлыя валасы, такога ж колеру вочы. Ён вораг нашай царквы і, значыць, мой вораг. Нічога д'ябальскага ў ягоным вобліку няма. Звычайны чалавек. Прыгожы чалавек. Палачане — прыгожы народ. Было б лепш, каб гэты Вячка меў агідныя д'ябальскія рогі або хвост. Непрыгожых лягчэй ненавідзець».

— Епіскап, твае людзі схапілі маю дачку князёўну Соф'ю і прывезлі яе ў Рыгу, — хвалюючыся, сказаў Вячка. — Вярні мне дачку.

Ён схіліў калена перад Альбертам.

— Я чуў пра князёўну, — пасля некаторага маўчання прамовіў епіскап. — Зараз яна ў манастырскай келлі пад прыглядам абацісы Марты.

— Вярні мне дачку, святы ойча, — зноў ціхім голасам папрасіў Вячка.

— Князёўна хварэе, — быццам не чуў князя епіскап. — І за ўсё, кароль Кукейноса, трэба плаціць. Ты ведаеш гэта.

— Якую ты хочаш плату? — пабляднеўшы, запытаўся Вячка.

Альберт пранізліва глянуў на яго. Сталь была ў позірку.

— Ты вораг царквы, якой я аддаю ўсе свае сілы, — сказаў епіскап. — Ты ў маіх руках. Я магу цябе знішчыць.

— Я прыйшоў добраахвотна, і ў мяне няма зброі. Бог, што бачыць нас усіх, не даруе табе крыві,— сурова ўсміхнуўся Вячка.

— Мне не патрэбна твая кроў і твая плоць, — узяў з алтара Біблію епіскап. — Пра царкву я клапачуся, толькі пра яе. Калі хочаш вярнуць дачку, аддай рыжскай царкве палову сваёй зямлі, сваёй вады і свайго горада, упусці ў свой горад нашых купцоў і нашых воінаў. Вось табе маё епіскапскае слова, кароль Кукейноса.

Тлумач пераклаў Вячку ўсё, што сказаў Альберт. Увесь гэты час Генрых, не адрываючыся, сачыў за Вячкам і ўбачыў, як уздрыгнуў, як пацямнеў з твару кукейноскі князь. Вялікая пакута раздзірала ягоную душу. Загарэлай рукой ён пагладзіў скронь, быццам хацеў гэтым рухам адагнаць ад сябе нейкі жахлівы, толькі аднаму яму бачны прывід.

— Што ж ты маўчыш, кароль? — холадна ўсміхаючыся, запытаўся Альберт. — Я чуў ад сваіх людзей, што ты вельмі любіш дачку.

— Вы, тэўтоны, умееце біць у самае сэрца, — глуха сказаў Вячка. — Так, я люблю сваю дачку. Як павінен любіць адзінакроўнае дзіця кожны бацька. Ды па нашым старым славянскім звычаі, перш чым нешта зрабіць, я павінен параіцца з народам. З гарадскім вечам. Дай мне часу, епіскап.

— Князёўна Соф'я вернецца ў Кукейнос, як толькі ты ўпусціш туды маіх воінаў.

— Зразумеў твае словы, епіскап. А сёння дазволь мне сустрэцца з князёўнай, — апусціў галаву Вячка.

— Яна хворая, і ёй патрэбен спакой. Ты глянеш на яе здалёку.

«Ён трымаецца вельмі мужна, з годнасцю, хоць у яго зараз, няма сумнення, кіпіць кроў,— падумаў пра Вячку Генрых. — Як хацеў бы епіскап, каб гэты тубылец стаў перад ім на калені. Дый я хачу таго ж самага. Але такія гордыя галовы згінае толькі меч».

Альберт, Генрых, Вячка і некалькі латнікаў з епіскапскай дружыны прыйшлі да манастырскага саду, спыніліся каля дубовай, акаванай цёмным жалезам брамы. Адзін з латнікаў тузануў за шнур званка. Адчынілася акенца, прарэзанае ў браме, адтуль высунулася галава ў чорным капюшоне, быццам начная сава асцярожна выглянула з дупла.

Манастырскі брамнік павёў усіх у глыбіню саду вузенькай, слаба пратаптанай сцежкай. Відно было па ўсім, што тут нячаста ходзяць людзі. Глуха шумелі дрэвы. Трава пад дрэвамі расла сакавіта-зялёная, дужа густая.

Брамнік спыніўся, узняў угору руку — падаў знак. І адразу па сцежцы, крокаў за трыццаць ад Вячкі, абаціса Марта нетаропка правяла князёўну Соф'ю. На Соф'і быў чорны грубы плашч з адкінутым капюшонам. Абаціса трымала князёўну за руку і нешта ёй казала. Генрых убачыў, як пабялеў твар кукейноскага князя, як рэзка выступілі жаўлакі ад вялікага хвалявання.

— Твая дачка, кароль, як ісцінная хрысціянка, знаходзіцца пад апекай рыжскай царквы, — сказаў Альберт. — Ні адзін волас не ўпадзе ў яе з галавы.

— Волас? — як бы ачнуўшыся ад цяжкага сну, перапытаў Вячка. — Ты кажаш, волас не ўпадзе… Дазволь мне, епіскап, узяць на памяць пасму валасоў маёй дачкі.

Тэўтоны пераглянуліся між сабою. Нечаканая просьба кукейноскага князя ўсіх збянтэжыла.

— Дазволь, мансіньёр, — папрасіў за Вячку Генрых. Альберт здзіўлена зірнуў на свайго любімага клірыка. «Мяккае сэрца ў Генрыха, — падумаў епіскап. — Сэрца неабходна загартоўваць відовішчам слёз і крыві. Не мяккае, як сыр, а цвёрдае, як камень, патрэбна сэрца ў Лівоніі».

Епіскап даў знак латніку, і той, падышоўшы да князёўны, выцягнуў з похваў меч, адрэзаў у спалоханай дзяўчынкі пасму валасоў. Абаціса Марта адразу павяла Софью за сабою, і яны зніклі ў гушчыні саду.

Вячка трымаў на далоні пасмачку шаўкавістых светлых, як лён, доччыных валасоў. Бледнасць залівала смуглыя шчокі. Ён панюхаў валасы, пацалаваў і, дастаўшы з-за пазухі малюсенькі, тканы са срэбных нітак мяшэчак, схаваў іх туды.

«Бог выпрабоўвае сваіх рабоў горам, — думаў Генрых, ідучы побач з Вячкам. — Толькі наплакаўшыся, наглытаўшыся едкага дыму кастроў, на якіх згараюць самыя светлыя надзеі, чалавек можа ацаніць, можа зразумець, што такое шчасце. У сваім зямным жыцці мы ўвесь час нібы ідзем па тарфянішчы, якое гарыць, тлее пад нагамі. Няма ў нас выбару. Або правалішся, не так ступіўшы, у агонь, або засмокча агіднае гнілое балота».

Над Рыгаю ў бляклым небе плылі срэбныя льдзіны хмар. Вось адна хмара на нейкі момант засланіла сонца, і цень ад хмары, змрочны, імклівы, пабег па зямлі. «Смерць бяжыць, некага шукае», — заміраючы сэрцам, падумаў Генрых. Яны якраз выйшлі на пустынную гарадскую плошчу. Цень ад хмары, як драпежны звер, бег насустрач, перарэзваў ім дарогу.

— Стойце, — пабялеўшы, папрасіў Генрых і прыпыніўся. Але ўсе астатнія, не звярнуўшы ўвагі на ягоны вокліч ці не пачуўшы яго, пакрочылі далей. Цень ад хмары накрыў іх з галавы да ног, як чорны саван. Толькі Генрыха ён не закрануў сваім халодным крылом. праслізнуў за нейкі крок ад яго. Генрых стаяў, асветлены яркім сонцам. «Усе яны памруць раней, чым я, — думаў ён. — Яны сатлеюць у магілах, а я яшчэ буду жыць, дыхаць, бачыць сонца, маліцца Хрысту». Востры сум пракалоў сэрца. З маленства Генрых любіў усё жывое — людзей, звяроў, птушак. Усё, што дыхае, надзелена часцінкай святой божай сілы, і балюча разумець, што ўсё яно ў рэшце рэшт стане тленам.

Епіскап Альберт ішоў усміхаючыся. Ён быў задаволены тым, як хітра прыручыў кукейноскага князя. Паўнаваты твар епіскапа расплываўся ва ўсмешцы, а Генрых, крадком пазіраючы на яго, бачыў аскалены бязносы чэрап, бачыў бледны агідны позірк смерці. «Божа, гарачым жалезам выпалі з мяне такія грахоўныя думкі,— страсна маліў ён Хрыста. — Вогненным жазлом пасвіш ты народы, не дай жа мне збіцца са святой дарогі».

Праз тлумача ён звярнуўся да Вячкі, сказаў, каб не хваляваўся кукейноскі кароль за дачку, бо ў манастыры пад прыглядам духоўных настаўнікаў акрэпне яна душою, пакаштуе слодыч ісціннай веры.

— Я сам навучу яе латыні,— паабяцаў ён. Вячка глянуў на Генрыха, суха запытаўся:

— А хіба наша вера не ісцінная? А хіба мова крывічоў не ісцінная?

Генрых адказаў упэўнена і бадзёра:

— На зямлі павінен быць адзін бог-уладар, адзін божы намеснік, адзін гнеў і адна ласка, адна мова. Усё іншае — ад д'ябла.

Кукейноскі князь нічога не адказаў яму, адвярнуўся. Гэта пакрыўдзіла Генрыха. Ён лічыў, што ўмее знаходзіць у кожнай чалавечай душы, нават самай цёмнай, акенца, шчылінку, праз якія можна зазірнуць у чужую душу. Ён і ў святары пайшоў з упэўненасцю, што мае права навучаць людзей, што ёсць у ім нейкі праменьчык божага святла, які заўсёды неадольна прываблівае людзей. Ды вось ідзе побач з ім чалавек, ягоны равеснік, і не разумее, не жадае разумець яго. Невыносна крыўдна для самалюбства. «Ён прыгнечаны бядой, і бяда асляпіла яго, — суцяшаў сам сябе Генрых. — О, каб можна было мне адзін дзень і адну ноч пагаварыць з ім, толькі адзін дзень ці адну ноч, і я скрышыў бы сцяну ягонага нявер'я. Ён стаў бы маім братам ва Хрысце».

Вера, як быў цвёрда перакананы Генрых, прыходзіць у чалавечую душу адразу і назаўсёды. Гэта падобна на ўдар грому. Рымскі военачальнік Еўстафій Плакіда, упарты, цвёрды, як крэмень, паганец, які са смехам кідаў першых хрысціян у клеткі з ільвамі, убачыў на паляванні аленя з іскрыстым залатым крыжам паміж рагоў і ў той жа міг зрабіўся хрысціянінам.

«Звядзі мяне, божа, з гэтым кукейноскім каралём, і я зраблю так, што ягоны меч будзе служыць табе, толькі табе, — у думках звяртаўся да Хрыста Генрых. — І я апішу гэта ў сваёй хроніцы, каб уславіць тваю ўсемагутнасць і сілу».

Яны ішлі побач, маўчалі. Князь Вячка дастаў з-за пазухі малюсенькі, тканы са срэбных нітак мяшэчак, выцягнуў з яго светлую пасму даччыных валасоў, сплёў з тых валасоў пярсцёнак, надзеў пярсцёнак на палец, ускочыў у сядло і разам са сваім старшым дружыннікам Халадком, ні разу не азірнуўшыся на Рыгу, памчаўся ў Кукейнос.

II

Нарэшце Генрыху споўніўся дваццаць адзін год. З вялікім поспехам закончыў ён курс багаслоўскіх навук, бліскуча вытрымаў публічны дыспут, і епіскап Альберт, радуючыся за свайго любімага вучня, рукапаклаў яго ў сан свяшчэнніка і ў бенефіцый84 яму прызначыў парафію ў землях імерскіх латгалаў. Прыход быў далёка ад Рыгі, але Генрыха гэта ніколькі не турбавала — ён даўно рваўся туды, дзе толькі ўзыходзіла святло хрысціянскай веры, дзе ў самай гушчы язычнікаў можна было ўласнымі рукамі пасадзіць пладаносны сад Хрыста.