155503.fb2
Генрых, шчыра верачы ў неадольную сілу Хрыста, хацеў ехаць без аховы, ды стары Алебранд, якому язычнікі добра палічылі рэбры яшчэ пры Мейнардзе, нават і слухаць пра гэта не захацеў.
— Нас утопяць у першым жа балоце або падсмажаць, як рыбу, на вогнішчы, — сказаў ён Генрыху.
Епіскап Альберт, ведаючы, як неспакойна на дарогах, выдзеліў для эскорта дваццаць сваіх конных латнікаў, сказаўшы на развітанне Генрыху:
— Не адпускай, сын мой, ахову. Заўсёды няхай яна будзе з табою, інакш не пазбегнуць табе магільнага чарвяка, — і ўжо звяртаючыся адначасова да Генрыха і старога Алебранда, даў такі наказ: — Любіце ворагаў сваіх, благаслаўляйце тых, што праклінаюць вас.
Спачатку ехалі ўздоўж мора, бо баяліся турайдскіх ліваў, якія жылі над ракой Гаўяй. Марскі бераг быў нізкі, пясчаны, чэзлы сасоннік рос невялікімі астраўкамі, чайкі сумна крычалі аб нечым. На душы ў Генрыха, чым далей ад'язджалі ад Рыгі, рабілася ўсё больш неспакойна, часам — ён нават сам дзівіўся, з якой прычыны, — хацелася плакаць. Супакойвалі святыя кнігі і тоўсты пергамен, які ён узяў у дарогу для сваёй будучай хронікі.
На трэці дзень пераправіліся на правы бераг ракі Гаўі, прычым Генрых нечакана для сябе зваліўся з павозкі ў ваду і ледзь не ўтапіў Біблію, якую трымаў у руках. «Дрэнны знак», — падумаў Генрых.
Заехаўшы ў лес, расклалі вогнішча. Генрых з дапамогаю старога Алебранда сцягнуў з сябе мокрае адзенне, павесіў сушыцца на рагульках над агнём. Сам сядзеў, захінуўшыся ў цёмную сутану, падкурчыўшы босыя ногі.
Алебранд, як высветлілася, ужо некалькі разоў ездзіў гэтай дарогаю, што вяла правым берагам ракі Гаўі на раку Імеру, якая ўпадае ў возера Асцігервэ.
— Там жывуць імерскія латгалы. І там мы заўсёды сустракаліся пасля паходаў на язычнікаў эстаў, каб памаліцца і падзяліць здабычу, — сказаў Алебранд, нахмурваючы ад гарачыні, ад вёрткіх іскраў сівыя бровы.
«Там мая радзіма, — думаў Генрых, слухаючы роўны глухаваты шум лесу, узіраючыся ў чырвоныя грабяні вогнішча. — Падумаць толькі — я там нарадзіўся. Не ў Тэўтоніі, не ў Рыме і не ў Брэмене, а там, на беразе возера, якога не помню, паміж людзей, якіх таксама не помню. Які я быў, калі мне было чатыры-пяць гадоў? Напэўна, бегаў басанож, як і ўсе дзеці ліваў і лэтаў, якіх мы сустракалі дагэтуль… На носе ў мяне былі вяснушкі… Я маліўся багам, якім маліліся мае бацькі… А якія былі мае бацькі? Я іх таксама не помню… Я нарадзіўся між язычнікаў, у цемры, у брудзе… Што ж, Хрыстос таксама нарадзіўся не ў залатых палатах, а ў стойле, на сене».
— Ты што замоўк, Генрых? — спытаўся Алебранд. — У доўгай дарозе трэба часцей гаварыць між сабой, бо можна звар'яцець ад маўчання. Я паездзіў на сваім вяку, — ён шырока пазяхнуў і адразу ж перахрысціўся, каб не ўляцела ў рот д'ябальская сіла. — Першы раз, помню, паехаў да эстаў у іхнюю зямлю Унгаўнію, каб узяць назад дабро, якое яны захапілі ў нашых купцоў. Ішлі купцы санным абозам з Рыгі да Пскова, а эсты разам з лівамі напалі на іх, узялі тавараў аж да дзевяцьсот марак. Не аддалі язычнікі дабро, ледзь мяне самога не забілі. Дзікуны што эсты, што лэты, — ён злосна плюнуў у агонь.
«Я нарадзіўся ад дзікуноў,— думаў Генрых, — на зямлі, якая забыта богам, якая спіць мёртвым сном, не чуючы святых псалмоў, не ведаючы ўсемагутнай чароўнай латыні. Няўжо я мог не ведаць латынь, гэту мову багоў, музыку нябёсаў? Яна — сама гармонія, сама дасканаласць. Няўжо я мог размаўляць на нейкай іншай мове і ў мяне не прысох да гартані язык? Як ёсць адно сонца ў небе, так павінна быць адна мова. Адна! Святая латынь! Усе іншыя мовы — смецце, пыл пад нагамі. Хіба гэта мовы?»
Ён узняўся на ногі, стаяў ля вогнішча, захутаўшыся ў сутану, якая зрабілася гарачай. Але ён не адчуваў гарачыні скураю, целам, бо пякуча гарэла душа.
— А назад ад эстаў вяртаўся, — працягваў між тым свае бясконцыя ўспаміны Алебранд, — і патрапіў на раку Імеру да лэтаў. Слова божае яны сустрэлі з радасцю, але кінулі жэрабя — прыняць хрышчэнне ад Пскова, ад рускай царквы, як зрабілі гэта талаўскія лэты, або хрысціцца ад лацінян. Пашанцавала нам, лацінянам.
«Мае бацькі, мае родзічы па жэрабю выбіралі сабе веру, — ледзь не плачучы ад крыўды і злосці, думаў Генрых. — Быццам вера — новая кашуля або новая карова. Быццам ёсць на свеце што-небудзь мудрэйшае і святлейшае, чым рымская вера. І я нарадзіўся ад такіх людзей».
— Ды сядай ты, Генрых, — лагодна прапанаваў стары Алебранд. — Сядай вось сюды, каля мяне… Дарога яшчэ доўгая, і трэба берагчы ногі. Давай налью табе віна. Я віно заўсёды ў дарогу бяру. Не п'еш? Зусім не п'еш? Святы. Я без віна не магу.
Алебранд, задраўшы бела-жоўтую пярэстую бараду, піў віно з меднага кубка. Піў доўга, са смакам, потым выцер кулаком губы, сказаў:
— Ты на мяне, старога, не зважай. Я сваё ад'ездзіў і адслужыў. Чалавек я бяскрыўдны. Шукаю, дзе цёпла, сытна і кацёл не пусты. Вось завязу цябе на Імеру, дапамагу царкву абжыць і вярнуся ў Рыгу. Там і паміраць буду.
«Без Алебранда мне будзе цяжка», — седзячы каля вогнішча, думаў Генрых. — Але са мною бог і святая дзева Марыя. Яны мне дапамогуць, умацуюць душу. Я так хацеў стаць пастырам!»
Яму ўспаміналіся доўгія гады навучання ў Брэмене, у Рыме, а потым і ў Рызе. Ён заўсёды быў адным з лепшых студыёзусаў85. Ягоныя сябры па багаслоўскай семінарыі тайна заляцаліся да дзяўчат, пілі віно і піва, лайдачылі і апраўдвалі ўсё гэта тым, што сам Хрыстос, калі быў малы і вучыўся ў школе, у час урокаў ляпіў з мокрай зямлі птушак, ажыўляў іх, і тыя птушкі лёталі па класе.
Ён заўсёды лічыў сябе тэўтонам, сынам таго магутнага народа, які некалі скрышыў, паставіў на калені Рымскую імперыю, які на баявых замыленых конях уварваўся ў мармуровыя палацы, у велізарныя шыкоўныя лазні, дзе ў дзікіх фантастычных оргіях, у непасільных для слабай чалавечай душы мроях дажывала апошнія дні змарнелае худасочнае племя пігмеяў, якія калісьці былі гігантамі. Але яго бацькі былі лэтамі, значыць, і ён быў лэт.
Аднойчы семінарыст, які спаў з ім побач, здзіўлена сказаў раніцой:
— Генрых, я не ведаў, што ты такі Цыцэрон — размаўляеш нават ува сне.
— Я размаўляю ўва сне? — здзівіўся Генрых.
— Так. Але гэта яшчэ не ўсё. Ты размаўляеш не на латыні, не па-тэўтонску, і не па-свейску, а на нейкай дзіўнай незразумелай мове.
Кроў ударыла ў скроні. Генрых пачырванеў, як вараны рак, з якімі студыёзусы любілі піць піва. Аказваецца, ува сне ён размаўляе па-лэцку! Не высакародныя ружы святой латыні расцвітаюць у ягонай душы, а востра колецца балотная асака мовы, якую ніхто ніколі не чуў і, пэўна ж, не пачуе на берагах Рэйна. Ён вырываў, карчаваў яе з сябе, але карэньчыкі, аказваецца, засталіся.
У наступны вечар, перад сном, ён доўга і шчыра маліўся, прасіў:
— Божа, зрабі, каб ніколі болей не вярталіся да мяне гэтыя непатрэбныя, гэтыя мёртвыя словы. Я — сын тваёй латыні. Божа, я верны раб тваёй святой латыні.
А каб быць абсалютна ўпэўненым у тым, што лэцкая мова не вернецца да яго ўначы, завязаў сабе рот шаўковай хусцінкай і так заснуў — дыхаць дыхалася, але заместа слоў з грудзей вырывалася нейкае мармытанне.
Ён выганяў з сябе мову продкаў, як са святога, убранага золатам храма выганяюць шумлівых, вечна галодных вераб'ёў. Мова памірала. Яна болей не вярталася ў сны. Ува сне ён гаварыў зараз на латыні.
Яна б зусім памерла, але ў Рызе, на споведзі, Генрых расказаў епіскапу Альберту, свайму любімаму настаўніку, аб усім, што трывожыла яго.
— Што ты робіш, сын мой? — усклікнуў Альберт. — Латынь — божая мова, мова моў. Але пакуль што яна не можа быць адзіным ключом, які адмыкае ўсе сэрцы. Нам, рыжскай царкве, патрэбны людзі, якія б ведалі мову ліваў і эстаў, палачан і лэтаў.
Так зноў ажыла ў душы Генрыха мова продкаў.
Абсушыліся, адпачылі, і невялічкі абоз рушыў далей. Пасля вымушанага купання ў халоднай вадзе настрой у Генрыха ўзняўся, не так змрочна глядзеў ён зараз на ўсё, што адбывалася вакол. Лівы і лэты цэлымі сем'ямі ўцякаюць з хат, зашываюцца ў лясы пры іхнім з'яўленні? Бо неразумныя язычнікі. Не азарыла іх яшчэ святло гасподняе? У іх дужа бедныя хаты, сядзібы? Бо лянуюцца працаваць.
Шмат рэчак і рэчачак цякло па гэтай зямлі. І ўсе цяклі з усходу на захад сонца. Мора іх вабіла, прыцягвала да сябе.
Пры пераправе праз адну з такіх рэчачак з лесу, што рос на самым беразе, выскачыла каля трыццаці коннікаў, у белых доўгіх плашчах з нашытымі на іх чырвонымі крыжамі і мячамі, у гаршкападобных шлемах. Наставіўшы коп'і, яны рынуліся на абоз.
— Вендэнскія рыцары, — сказаў стары Алебранд, — мечаносцы. — І закрычаў коннікам, што гатовы былі змяць, растаптаць іх абоз.
— Імем Хрыста — спыніцеся! Мы з Рыгі! Людзі епіскапа Альберта!
Але стальная конная лава неслася, не зважаючы на адчайны крык старога клірыка, і тады Генрых схапіў святое распяцце, высока ўзняў над галавой, на ўсю моц сваіх грудзей сказаў:
— Спыніцеся, вы, што пахавалі твары за жалеза! Рыцары ўзвілі на дыбкі коней каля самай павозкі, у якой сядзелі Генрых і Алебранд. На конях былі металічныя папоны і нагруднікі. Галовы пакрывала кальчужная сетка. Генрых убачыў проста перад сабой бліскучыя ад вады цяжкія конскія капыты.
— Стой! — шырока махнуў рукой у металічнай пальчатцы комтур86, у якога на доўгім кап'і трапятаўся белы сцяжок з чырвоным крыжам. Каманду гэтую ён аддаў і сваім разгарачаным рыцарам і спалоханаму царкоўнаму абозу.
Комтур, шыракаплечы, смуглатвары, пад'ехаў да Генрыха і Алебранда. На комтуру былі перавязь, рыцарскі пояс, залатыя шпоры — усё, што належыць мець высакароднаму адважнаму воіну.
— Мы думалі, што вы эсты, — сказаў комтур, глянуўшы на Генрыха суровымі вачамі.
— А калі б мы аказаліся лэтамі? — запытаўся Генрых, у якога ўсё яшчэ бухала ў грудзях сэрца.
— Лэты — падданыя нашага ордэна, — скупа ўсміхнуўся закаваны ў жалеза комтур. — Які сэнс забіваць рабоў, што пояць і кормяць нас? Праўда, здараецца, што мы сячэм, топчам коньмі і лэтаў, палічыўшы іх за эстаў. Гэтыя тубыльцы — усе на адзін твар.
— Я са сваімі людзьмі еду на раку Імеру, каб збудаваць там царкву і пачаць справу святога хрышчэння, — сказаў комтуру Генрых. Ягоны абоз усё яшчэ стаяў у рацэ, там, дзе напалі на яго мечаносцы. Коні. пакуль ішла гаворка, пілі рачную ваду. Авадні адразу ж абляпілі потныя конскія спіны. Генрых убачыў гэтых крылатых шэрых крывасмокаў, і злосць успыхнула ў душы. Ён гнеўна загадаў вазнічаму:
— Паганяй! Пакуль мы стаім, авадні вып'юць з нашых коней усю кроў.
— Вы паедзеце ў замак Вендэн да браццяў рыцараў і магістра Венна, — спакойна, нібы гэта само сабой разумелася, сказаў комтур.
— Я спяшаюся на Імеру, — запярэчыў Генрых.