155503.fb2
— Паедзем, Генрых, да рыцараў,— адразу згадзіўся стары Алебранд. — Чуў я, што ў іхніх падвалах ёсць Цудоўнае віно.
Замак мечаносцаў стаяў на абрывістым беразе ракі Гаўі. Камень, з якога зусім нядаўна ўзвялі сцены і вежы, яшчэ не пацямнеў ад дажджу і дыму.
Пад'ехалі да запоўненага бруднай вадой рова. Комтур патрубіў некалькі разоў у баявы рог, падаў тым, што сядзелі ў замку, умоўны сігнал, і праз шырокі роў лёг з цяжкім грукатам пад'ёмны мост.
Замак быў цесна забудаваны, з вельмі вузкімі Булкамі, з невялікім, прыплясканым конскімі капытамі ўнутраным дваром, дзе мясцілася казарма браццяў-рыцараў і стаяла ордэнская капэла87.
Юнак-зброяносец прытрымаў стрэмя, калі комтур саскочыў з каня, узяў у яго кап'ё і шчыт. Генрых і Алебранд, пакінуўшы абоз і ўсю сваю ахову, пайшлі следам за комтурам. «Цесна жывуць рыцары, — думаў па дарозе Генрых. — Не замак, а сакалінае ці каршуновае гняздо».
Яны бачылі, як вучацца мечаносцы рукапашнаму бою — падзяліўшыся на дзесяткі, рыцары, узброеныя мячамі і коп'ямі, атакавалі адзін аднаго. Стук мячоў, крыкі зліваліся з іржаннем коней і адрывістымі загадамі сівога рыцара ў чорным плашчы, які стаяў на спецыяльна збудаваным памосце і ўважліва сачыў за дзеяннямі сваіх падначаленых. Праўда, на наканечнікі коп'яў, як заўважыў Генрых, былі надзеты невялікія драўляныя шары.
Па лабірынце вулачак, а потым па звілістым зацемненым калідоры галоўнай цытадэлі замка комтур прывёў іх нарэшце ў вялікі, з высокай столлю пакой, дзе ярка гарэла мноства свечак. На сцяне, насупраць уваходу, віселі вялікі меч і вялікі крыж — сімвалы вярхоўнай улады вялікага магістра, ці, як яго называлі, гросмайстара, Ордэна мечаносцаў.
Высокі белатвары мужчына з разадранай кап'ём шчакой маленькімі шчыпцамі асцярожна сашчыкваў нагар з кнота свечкі. Здавалася, ён хоча сарваць чырвоную трапяткую кветку. Пачуўшы крокі за сваёй спінай, ён рэзка азірнуўся, моцна сціснуў шчыпцы, аж костачкі пальцаў пабялелі. Гэта быў гросмайстар Венна, якога на гэту пасаду пажыццёва абралі рыцары ордэна, а папа Інакенцій IIІ зацвердзіў іхні выбар.
— Людзі епіскапа Альберта, — сказаў гросмайстару, глянуўшы на Генрыха і Алебранда, комтур. Паміж сабой мечаносцы прывыклі размаўляць лаканічна.
— Ваш епіскап — дурны тлусты каплун! Сабака! — адразу ж закрычаў гросмайстар Венна. Ён шпурнуў шчыпцы, і яны, ударыўшыся аб сцяну, зазвінелі. Комтур нагнуўся, падняў шчыпцы, здзьмуў з іх сажу.
— Ён завёў гандаль з Ордэнам з-за трэці Лівоніі,— крычаў Венна. — З нашай крыві ён хоча пячы пірагі! Рыцарская кроў — не вада! Не вада! Я заключу саюз з дацкім каралём Вальдэмарам і вазьму ўсё, што заваюе мой меч!
Гросмайстар у адзін скок апынуўся ля сцяны, сарваў з яе меч. Вочы ў яго блішчэлі, і Генрыху на імгненне здалося, што наступіў канец, што зараз Венна пасячэ яго і Алебранда на шматкі, як капусту.
Але прыступ гневу вельмі хутка прайшоў. Гросмайстар акуратна павесіў меч на сцяну, лагодна глянуў на гасцей, сказаў:
— Мы — карані аднаго дрэва. Запрашаю гасцей павячэраць з браццямі-рыцарамі.
Трапезная мечаносцаў размяшчалася якраз пад пакоем, у якім жыў гросмайстар. Венна з комтурам, Генрых і Алебранд спусціліся па вінтавой лесвіцы ў паўзмрок трапезнай. Як вогненная пашча дракона, чырванеўся, трашчаў у куце трапезнай камін, у якім згаралі вялізныя смалістыя бярвенні. Часам адтуль выскоквалі яркія вугольчыкі, з піскам круціліся па каменнай падлозе.
Мечаносцаў было чалавек пяцьдзесят. Капелан прачытаў малітву, усе стоячы выслухалі яе, потым селі, кожны на сваё навечна замацаванае за ім месца. Па правую руку ад гросмайстра сеў рыцар, які асабліва адважна біўся ў самым апошнім баі. Кожны мечаносец узяў свой залачоны кубак, на якім было напісана: «Уславім бога». Паж-віначэрпій срэбным апалонікам наліў усім з дубовай бочачкі віна.
Толькі адзін чалавек у трапезнай не піў, не меў сёння права піць. У чорным плашчы — усе мечаносцы былі ў белых плашчах — ён сядзеў на ахапку саломы на падлозе і з драўлянай міскі драўлянай лыжкай чэрпаў гарохавую кашу. Ды гарох, было бачна, не лез яму ў горла, і ён сядзеў сумны, растаптаны ўсеагульнай знявагай, з набітым ежай ротам.
— Хто гэта? — ціха спытаўся ў комтура Генрых.
— Рыцар Вікберт. У час бою з эстамі ён спалохаўся, пакінуў баявы строй, — растлумачыў комтур. — Вельмі строга караецца ў нашым Ордэне палахлівасць. Той, хто ў час бою адчуваў сябе зайцам, павінен пасля бою, у трапезнай, адчуць сябе чарвяком.
Генрых уважліва паглядзеў на Вікберта. Ні за што ў жыцці не хацеў бы ён быць на ягоным месцы, бо сорам, які спальвае душу, асабліва страшны, проста невыносны, калі ты пакутуеш ад яго на вачах у сваіх сяброў. Плечы ў Вікберта былі апушчаны, рукі, у якіх ён трымаў лыжку і міску, дрыжалі. Ды не толькі пакору лёсу ўбачыў у позірку і паставе зняважанага рыцара Генрых. У нейкі момант Вікберт узняў галаву і вачамі, поўнымі нянавісці, здаецца, прасвідраваў наскрозь гросмайстара Венна. Такі пагляд можа раскрышыць крапасную сцяну, але Венна, ап'янелы ад віна і гарачага мяса, узняўся з кубкам над рыцарскім сталом, сказаў зычным голасам:
— Спрадвеку павялося ў нас, лацінян, — народ павінен працаваць, рыцары ваяваць, а духавенства маліцца. Вып'ем, брацці-рыцары, за нашых гасцей, божых служак Генрыха і Алебранда. Мы сваім мячом ссякаем, карчуем дзікі лес язычніцтва, паганства, а яны ідуць за намі і са святой малітвай на вуснах засяваюць адваяваныя ў цемры абшары хрыстовым зернем.
Рыцары, як адзін, выпілі, толькі Вікберт, седзячы на падлозе, ля ног сваіх таварышаў, яшчэ глыбей увабраў галаву ў плечы.
Пасля вячэры комтур вырашыў паказаць гасцям цытадэль. Стары Алебранд, да адвалу набіўшы жывот смажаным мясам, адмовіўся і неўзабаве заснуў у рыцарскай казарме. Пайшоў адзін Генрых.
Цытадэль, нібы каменны меч, урэзвалася ў вечаровы блакіт. Усярэдзіне яе адно над адным былі размешчаны, як пчаліныя соты, невялікія памяшканні, у якіх рыцары могуць вытрымаць доўгую, шматмесячную асаду. У падвале быў выкапаны калодзеж і захоўваліся запасы ежы. Бінтавая лесвіца была хітра схавана ў сцяне. Па гэтай лесвіцы можна хуценька прайсці ў падземны ход, які вядзе на бераг ракі Гаўі.
Потым спусціліся на самае дно цытадэлі, у вечны змрок і холад. Кроплі вады з ціхім шалясценнем падалі за спінай у Генрыха. Гэта былі апошнія гукі белага свету, жыцця, бо тое, што ён убачыў, было пеклам.
Комтур запаліў паходню, і на Генрыха, вырваныя з цемры, глянулі жоўтыя чалавечыя чарапы, шкілеты. Даўно сканалі ў страшных пакутах людзі, што навекі былі замураваны ў гэтай магільнай імгле, даўно разбурылася, знікла іхняя плоць, а касцякі і зараз былі прыкаваны да каменнай сцяны ланцугамі. Адзін шкілет быў прыкаваны за нагу, другі — за шыю…
Ды, аказваецца, у гэтым жахлівым пекле яшчэ тлела жыццё. У цёмным куце падземнай каморы нешта дыхала, слаба варушылася.
Комтур зрабіў крок туды, высока ўзняў паходню, і Генрых убачыў двух мужчын, дакладней, дзядоў, бо доўгія сівыя бароды выраслі ў іх ледзь не па пояс. Кароткімі ланцугамі яны за шыі былі прыкаваны да цёмнай ад падземнай вільгаці сцяны.
Комтур зняў з крутка, убітага ў сцяну, бізун, які, пэўна, заўсёды вісеў тут, пагрозліва махнуў ім, запытаўся ў аднаго з нявольнікаў:
— Як тваё імя, пёс?
— У мяне няма імя. Я — раб Ордэна, — закалаціўшыся ўсім целам, адказаў нявольнік.
— Паразумнеў,— засмяяўся комтур. — Цалуй, біч.
Нявольнік, зазвінеўшы ланцугом, хуценька пацалаваў бізун, чырвоны ад ягонай крыві і крыві суседа па няшчасці.
— Глядзі ў мяне, — пагразіў комтур. — Ледзь што — ты сам з сябе скуру сваю здымеш і вось на гэты крук павесіш. А як тваё імя? — падступіўся ён з бізуном да другой сваёй ахвяры.
— Я — Варыдот, старэйшына імерскіх лэтаў,— слабым голасам адказаў знясілены нявольнік.
— Ты раб Ордэна! Ты раб Ордэна! — раз'юшана закрычаў комтур і пачаў з усяго пляча бізуном хвастаць лэцкага старэйшыну.
— Я — Варыдот, — прашаптаў нявольнік і страціў прытомнасць.
У Генрыха падкошваліся ногі, млявасць падкочвалася пад грудзі. Ён не вытрымаў і стралой вылецеў з каморы, у цемру, толькі б далей быць ад стогнаў і крыві.
— Шкадуеш язычнікаў? — здзівіўся комтур, калі яны ўжо ішлі з-пад зямлі на паверхню. — Іх шмат, а бог адзін. Запомні: наносячы раны язычнікам, мы ахоўваем святыя божыя раны.
Пабыўшы ў Вендэне яшчэ дзень, Генрых і Алебранд з абозам рушылі далей, на раку Імеру. Генрыху ўсё ўспамінаўся нязломны лэцкі старэйшына, які, як сабака, сядзіць на ланцугу, але не забывае сваё чалавечае імя. Разам з гордым лэтам успамінаўся яму кукейноскі князь Вячка, няўступчывы, з жалезнай душой, якая, можа, і дае трэшчыны, але якую нельга зламаць. «Адналюбы, — думаў пра лэта і пра Вячку Генрых. — Свой род не забываюць, свой корань. У таго ж Вячкі ўкралі дачку, і ён з мальбой на вуснах прыбег у Рыгу, ён паабяцаў аддаць епіскапу палову свайго горада, ён не пашкадуе яе, гэту палову, і ўсё роўна мы не перамаглі яго, ён наш вечны вораг да апошняга свайго дыханя. У чым сіла такіх людзей? Няўжо ў сляпой вернасці маленькаму кавалачку зямлі, на якім яны нарадзіліся? Дык у гэтым яны падобны на кратоў, што ўсё сваё жыццё капаюцца-калупаюцца на лясной паляне, дзе пусцілі іх у свет божы, і нічога не вабіць іх, нічога ім не трэба, абы была свая паляна. А я чайкай хачу быць! Сёння тут, заўтра пераляцеў мора, і зусім іншы вецер гладзіць пёры, зусім іншае сонца грэе, і над усім гэтым вялізным, розным светам — адзіны бог, адзіны, не лэцкі, не полацкі, а рымскі».
У тую ж ноч пад шум ветру, пад аднастайнае рыпенне колаў прысніўся Генрыху сон. Убачыў ён нятленны божы прастол у яркіх святочных васільковых нябёсах. Мяккае залатое святло, на якое б глядзеў вечна, струменілася ад прастола. Музыкай звінела бязмежная прастора, запоўненая льнянавалосымі анёламі, якія сядзелі на маленькіх іскрыста-брыльянтавых зорачках (па анёлу на зорачку!) і калыхаліся, лёталі туды-сюды, быццам на арэлях. Бога ўбачыў Генрых і пакорліва апусціў ашчасліўлены позірк. І пачуў ён, як сустрэліся, сутыкнуліся ля божага прастола дзве малітвы — адна прыляцела з Рыгі, другая — з Полацка. «Божа, — слёзна папрасіла рыжская малітва, — умацуй, навучы, дай перамогу над язычнікамі». — «Божа, — загаласіла малітва полацкая, — ты наш бацька. Злітуйся, дапамажы, дай перамогу над тэўтонамі». Малітвы былі дзве, а бог быў адзін, і бог пакутліва задумаўся. Зоркі патухлі ў цёмных нябёсах, анёлы заплакалі і ляглі спаць, накрыўшыся халоднымі воблакамі, гром хацеў загрымець, але сарваў голас, захрыпеў, закашляў, а бог усё думаў. І тады не вытрымаў, закрычаў Генрых: «Што ж ты думаеш, госпадзі? Адны мы дзеці твае — пілігрымы з Рыгі. Гані прэч іншых!» Але журботным позіркам глянуў бог на Генрыха, ціха сказаў: «Я чуў дзве малітвы, дзве… Я не ведаю, што мне рабіць». І заткнуў пальцамі вушы, каб не чуць болей нікога.
У вялікай трывозе і ў смутку прачнуўся Генрых і адразу ж пачаў маліцца. Яшчэ сонца не ўзыходзіла, яшчэ там, дзе яно павінна было ўзысці, ледзь-ледзь крывавіўся краёчак неба. Начны сонны вецер пах мокрай травой і, здавалася, ладанам. Алебранд, сыта адваліўшы ніжнюю губу, спаў, свістаў носам побач.
Нарэшце дабраліся да прызначанага месца і там, дзе рака Імера ўліваецца ў возера Асцігервэ, пачалі будаваць божы храм. Працавалі ўсе, у тым ліку Генрых і Алебранд. Царкву рабілі драўляную, каб потым, як пусціць у гэтым краі моцныя карэнні лацінская царква, замяніць яе каменнай. Генрых натхнёна грукаў сякерай і з нецярпеннем чакаў, калі падыдуць да рыжскіх пілігрымаў мясцовыя жыхары. Але яны пакуль што не падыходзілі — пэўна, хаваліся ў лясах.
Нарэшце з'явіўся аднекуль сівагаловы сінявокі дзядок, сеў на бервяне, перакінуўшы нагу цераз нагу.
— Мір табе, божы чалавек, — сказаў Генрых дзеду на лэцкай мове.
Дзядок устаў з бервяна, падышоў да Генрыха, пазіраючы на царкву, дзе завіхаўся з пілігрымамі Алебранд, параіў:
— Забі чырвонага пеўня і змаж сцены і дзверы свежай пеўневай крывёй.
— Навошта? — пачціва ўсміхнуўся першаму са сваіх будучых парафіян Генрых.
— Полымя не возьме базніцу88.