155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 42

Чакалі агню. Генрых чакаў смерці.

«Чаму яна ўзялася сыграць ролю крывавай Мараны? — думаў пра Убеле Генрых. — Прымусілі старэйшыны? Прымусіў Вардэке? А можа, яна згадзілася сама па сабе, добраахвотна? Каб я ведаў, што гэта яна, я не ўдарыў бы мячом».

Толькі аб адным гэтым ён думаў зараз, бо надзеі на выратаванне не было ніякай, смерць была непазбежная, а смерці ён не баяўся. Ён баяўся толькі пакут, баяўся кароткага імгнення пераходу з гэтага свету на той, а там, на нябёсах, ён быў цвёрда перакананы, яго адразу ж сустрэне дзева Марыя, ускладзе яму на галаву залаты вянец героя.

Паказаўся светлавалосы загарэлы юнак. Ён бег, высока трымаючы ў руках гліняны гаршчок з агнём. Лэты ўсхвалявана, радасна загулі.

Стары Вардэке ўзяў гаршчок з агнём, падышоў да кучы сушняку, які быў папярэдне абліты смалой, разбіў гаршчок аб сцяну царквы. Полымя ўсхапілася адразу, як чырванакрылы галодны дракон.

— Добра гарыць дом тэўтонскіх псоў! — закрычаў Вардэке. Лэты, мужчыны, жанчыны і дзеці, узяліся за рукі і, спяваючы свае песні, пачалі танцаваць насупраць царквы. Полымя асвятляла ўзбуджаныя твары.

Потым шумлівай гурбою яны пабеглі ў возера, з галавою пагружаліся ў блакітную чыстую ваду.

— Змывайце тэўтонскае хрышчэнне! — крычаў стары Вардэке, браў ваду прыгаршчамі і ліў, ліў яе сабе на галаву.

«Божа, чаму ты не ўдарыш зараз з нябёсаў вогненнай стралой? — кусаючы губы, трацячы прытомнасць, думаў Генрых. — Чаму не ператворыш ваду ў возеры ў серу і кіпучую смалу?»

Гарачыня ад велізарнага вогнішча была такая нясцерпная, што ў Генрыха на шчоках ускочылі пухіры, затрашчалі валасы. Ён заплюшчыў вочы, бо вочы маглі лопнуць, выцекчы ад лютай спякоты, а ён не хацеў, адправіўшыся на той свет, сустрэць там дзеву Марыю сляпым.

Лэты ж, адбегшыся ад вогнішча, раіліся, як пакараць заморскага свяшчэнніка.

— Ён — нячысцік, — паказваючы пальцам на Генрыха, што курчыўся ад гарачыні, казаў стары лысы лэт. — А нячысцікаў забіваюць рабінавым калом. Кол трэба высекчы ў лесе ў рост хлопчыка, які дачасна памёр, і біць нячысціка перад самым наступленнем часу прывідаў, калі куры садзяцца на седала.

— Я ведаю, як яго пакараць, — з нейкай журбою ў голасе вымавіў раптам Вардэке. Усе позіркі скіраваліся на яго. Усе ўбачылі, што пасля смерці любімай унучкі ён цяжка пастарэў — валасы зрабіліся зусім сівыя, шчокі праваліліся, рукі дробна дрыжалі, і толькі ў вачах заставалася ранейшая сіла. Вочы былі як цвёрдыя вострыя крамяні.

Вардэке падышоў да Генрыха, адвязаў ад дрэва, сказаў:

— Ён — лэт, бо яго бацькі былі лэтамі. Неразумным сысунком павезлі яго за мора, навучылі чужой мове і чужой веры. Потым ён вярнуўся назад, вярнуўся каб і нас, землякоў сваіх, перавесці ў тэўтонскую веру, прымусіць кланяцца свайму богу, быццам у нас, лэтаў, няма Мацярок Жыцця і Смерці, Мацярок Зямлі і Вады.

Лэты адабральна зашумелі. Мячы і коп'і ўзвіліся над галовамі.

— Але ў кожнай рэчцы, што высыхае ад спякоты, застаецца на дне хоць кропелька вады. У душы кожнага вераадступніка, які здраджвае памяці сваіх продкаў, застаецца хоць адзіная пякучая сляза, якой ён патаемна ад усіх, нават ад самога сябе, аплаквае свой грэх.

Стары Вардэке глянуў на Генрыха, сказаў:

— Ты — Пайке. Голасам Мараны мы думалі разбудзіць струны тваёй душы. Але там, у Тэўтоніі, ты аглух. І ўсё-такі ты Пайке. Запомні гэта. Зараз я пакажу табе магілы тваіх бацькоў, і там, каля магіл, ты памрэш. І мы закапаем цябе побач з тваімі бацькамі — ты вернешся да іх. Вялікае шчасце — пасля пылу і поту зямных суровых дарог вярнуцца да сваіх.

— Не хачу! — закрычаў Генрых па-латыні, але яго не разумелі, і ён закрычаў па-лэцку:

— Не хачу! Я — тэўтон! Я — Генрых, а не Пайке! Ён упаў на зямлю, упіўся ў сухую траву пальцамі.

Яго схапіла мноства дужых мужчынскіх рук, і лэты панеслі яго на могільнік продкаў.

Неба плыло над Генрыхам. Хмары і хмаркі, птушкі і сонечныя промні, дым ад царквы — усё сплялося, звязалася ў адзін клубок, усё рухалася, цякло, ляцела. Не было паратунку ад гэтага неба. Ён заплюшчыў вочы, але вочы зноў раскрываліся, зноў ён бачыў бязлітасны бясконцы блакіт.

— Вось магілы тваіх бацькоў… Глядзі на іх, — сказаў стары Вардэке. Генрыха паставілі на ногі. У галаве шумела. Смылелі абпаленыя шчокі.

Два невялічкія травяністыя грудкі ўбачыў ён. Два грудкі… І ўсё…

— Твой бацька быў знакаміты воін, — сухім голасам гаварыў стары Вардэке. — Твая маці дужа добра спявала песні лэтаў.

«Божа, — думаў Генрых, — спапялі ўсіх гэтых людзей, ператвары іх у горкі пыл… Я — твой раб. Табе аддаю сваю душу».

Могільнік быў на высокім пясчаным узгорку. Побач маркотна шумеў свяшчэнны бярозавы гай. Усюды віднеліся чорныя пісягі ад памінальных кастроў.

Генрых з адчаем паглядзеў на неба, на недасяжны небасхіл, развітваючыся з жыццём, і раптам гарачая хваля ўдарыла ў сэрца, перахапіла дыханне, ногі зрабіліся мяккімі. З рэдзенькага сасонніку, што рос непадалёку, выкочваўся, зіхцеў на сонцы, няўмольна набліжаўся цяжкі кавалерыйскі гуф90. Рыцарскія коні ішлі рыссю. «Мечаносцы!»

Прага жыцця, якое, здавалася, ужо адляцела ад Генрыха, з незвычайнай сілай успыхнула ў крыві. «Жыць! Толькі жыць! Бог пачуў і паслаў выратаванне!»

Лэты пакуль што не бачылі мечаносцаў. Іхнія позіркі былі скіраваны на магілы, і Генрых зразумеў, што трэба яму рабіць, каб захаваць жыццё. Ён упаў на калені, схапіў з магілы жменю пяску, сыпануў сабе на галаву. Відно па ўсяму, гэта спадабалася лэтам — на іхніх вачах вераадступнік раскайваўся, караў сам сябе. Яны шчыльней згрудзіліся каля Генрыха. «Толькі глядзіце на мяне… На мяне», — як малітву, як замову, паўтараў ён адно і тое ж у гарачлівых сумятлівых думках.

Ён сыпаў пясок на галаву, а мечаносцы тым часам набліжаліся, гуф раскалоўся, разламаўся на дзве палавіны, якія, нібы жалезныя крылы, ахапілі могільнік.

— Мацеркі Жыцця і Памяці вярнуліся да адступніка, — лагодным голасам пачаў быў гаварыць стары Вардэке і раптам закрычаў: — Тэўтоны!

Быццам віхор наляцеў на могільнік. Лэты пабеглі хто куды. Некаторыя хаваліся між магіл. Жах туманіў галаву.

— У свяшчэнны гай бяжыце! У свяшчэнны гай! — закрычаў Вардэке. — Коні не пройдуць між дрэў, і мечаносцам трэба будзе спешвацца!

Але напад быў такі нечаканы, рыцары несліся такой лавай, так грозна храплі іхнія абвітыя кальчугамі коні, што лэты не змаглі аказаць ніякага супраціўлення. Большасць з тых, хто хацеў ратавацца ў свяшчэнным гаі, не дабеглі да яго. Усе яны ляглі на лугавіне перад гаем пад цяжкімі пікамі рыцараў, пад ударамі конскіх капытоў.

Мечаносцы секлі, калолі і тапталі лэтаў моўчкі. Толькі чуўся востры свіст мячоў, глуха звінела жалеза, нехта слаба войкаў і заціхаў навекі, ды час ад часу ўзлятаў над крывавым пабоішчам трубны покліч комтура:

— Брацці, з намі бог!

І мечаносцы з яшчэ большай ярасцю пачыналі ўзмахваць мячамі, іхнія белыя плашчы былі апырсканы крывёю, а яны ўсё секлі і секлі…

Не шкадавалі ні таго, хто біўся супроць іх, як пушчанскі тур, ні таго, хто былінкаю падаў на калені, цалаваў конскія капыты, прасіў захаваць, не адбіраць жыццё. Гэта быў крывавы танец смерці, дзе, як арэх, расколваліся чарапы, дзе выскоквалі з вачніц вочы, дзе праз рассечаную кашулю і рассечаную грудную клетку можна было ўбачыць, як у забітага чалавека ўсё яшчэ б'ецца, усё яшчэ трапечацца чырвонаю птушкаю сэрца.

Стары Вардэке і некалькі маладых лэтаў усё-ткі прарваліся ў свяшчэнны гай. Стаўшы ў кола там, дзе бярозы раслі найбольш цесна, яны сустрэлі спешаных мечаносцаў ударамі кароткіх коп'яў і нажоў, дубінамі і камянямі. Рыцарам цяжка было рагарнуцца ў гушчэчы дрэў. Яны прывыклі нападаць у чыстым полі, дзе можна манеўраваць на конях, а тут патрэбна было біцца паміж дрэў і ў пешым страі. З неахвотаю пайшлі мечаносцы ў атаку і адразу ж страцілі Ёгана і Піліпа Жоўтага, якім лэты распаролі жываты.

Комтур уважліва сачыў за паядынкам у свяшчэнным гаі. Як толькі пачаўся бой, комтур адабраў пяць рыцараў і загадаў ім акружыць уваткнуты ў зямлю рыцарскі сцяг і ахоўваць яго. Як бы ні складваўся бой, іхні абавязак — стаяць каля сцяга. Сам комтур трымаў у руках абгорнуты вакол кап'я запасны сцяг.

Баявы сцяг — рыцарская святыня. Нават цяжка паранены рыцар не мае права пакідаць сцяг. Пакуль віецца сцяг, рыцар павінен знаходзіцца на полі бою, а калі свой сцяг страчаны, абавязаны адразу ж прымкнуць да іншага хрысціянскага сцяга.

Упаў яшчэ адзін мечаносец. Вардэке праламаў яму пераноссе каменем з вяровачнай прашчы.

— Дужа шмат рыцарскай крыві,— незадаволена сказаў комтур і закрычаў: — Трубачы, сыграйце рыцарам адыход!

Заспявалі срэбныя трубы, і рыцары адхлынулі са свяшчэннага гаю. Іх месца занялі кнехты-арбалетчыкі. Абкружыўшы лэтаў, яны пачалі расстрэльваць іх ва ўпор доўгімі бранябойнымі стрэламі. Дарэмна стараліся схавацца лэты за свяшчэннымі бярозамі — стрэлы, што ляцелі з усіх бакоў смертаносным роем, знаходзілі іх усюды.

— Мы перамаглі, комтур! Язычнікі знішчаны! — весела крыкнуў рыцар Вікберт, выціраючы меч аб зялёную траву.

Увесь гэты час Генрых стаяў на каленях, страсна маліўся богу, дзякаваў, дзякаваў за шчаслівае збавенне ад непазбежнай смерці. Яшчэ ён маліўся апекуну ўсіх рыцарскіх ордэнаў святому Георгію. Каб не мечаносцы, брацці святой Марыі, ішоў бы ён зараз па нябёсах, але ён быў малады, з гарачай крывёю, яму хацелася яшчэ паблукаць, павандраваць па гэтай грэшнай зямлі, і ён дзякаваў у сваёй малітве мечаносцам, на імгненне забыўшыся, што яны ворагі рыжскай царквы і епіскапа Альберта.

Нарэшце Генрыха заўважыў рыцар Вікберт. Напачатку ён падумаў, што гэта нехта з лэтаў хаваецца ад божай кары, і выцягнуў з похваў меч, які перад гэтым старанна пачысціў аб траву і пясок, каб зноў даць яму работу. Вікберт на цяжкім кані пад'ехаў да Генрыха, у вялікай злосці нахмурваючы светлыя бровы, але пазнаў імерскага свяшчэнніка, радасна выгукнуў:

— Ты жывы, святы ойча? Язычнікі не падсмажылі цябе?