155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 43

— Жывы, — адказаў Генрых і ўскочыў на ногі. Комтур вельмі ласкава сустрэў Генрыха, загадаў яго накарміць, даць віно. У гэты час рыцары насіліся на конях па ўсёй акрузе за жанчынамі і дзецьмі, зганялі іх да царкоўнага папялішча. Сюды ж гналі і жывёлу. Комтур задаволена ўсміхаўся — добрая здабыча трапіла ў рукі Ордэну.

З вялікай радасцю Генрых даведаўся, што манахіня Эльза, князёўна Соф'я і царкоўныя служкі жывыя. У той час, калі лэты палілі царкву, бясстрашная манахіня вывела ўсіх у лес, і яны перачакалі бяду пад вялізным вываратнем старой сасны.

Генрых адразу ж захацеў глянуць на кукейноскую князёўну. Яе прывялі. Бледная, напалоханая, глядзела яна знізу ўверх на Генрыха і раптам усхліпнула, прытулілася да яго. Манахіня Эльза акінула ўсіх шматзначным позіркам, усміхнулася куточкамі сухіх вуснаў.

— Дзіця маё, — усхвалявана сказаў Генрых. — Бог вырваў цябе з крывавых лап язычнікаў. Маліся богу. Маліся нашай усясільнай царкве.

Ён лёгенька націснуў на худзенькія плечы князёўны, і яна паслухмяна апусцілася на калені, ломкім ад хвалявання галаском пачала маліцца. «Адно маё дзіця, імерская царква, згарэла, ператварылася ў попел, — думаў Генрых, гледзячы на схіленую да зямлі светлавалосую галоўку, — але ў мяне засталося яшчэ адно дзіця, духоўнае, вось гэта кукейноская князёўна. Яна вырасце сапраўднай тэўтонкай, вернай дачкой рымскай царквы. Я вырву куколь з гэтай юнай даверлівай душы і пасаджу ў ёй квітнеючы божы сад».

Мечаносцы, падпаліўшы ўсе навакольныя лэцкія селішчы, сагнаўшы ў вялізны гурт палонных людзей і жывёлу, рушылі са сваёй багатай здабычай у Вендэн. Генрых у апошні раз глянуў на папялішча царквы, на бераг возера, дзе тырчаў пень ад ссечанага свяшчэннага ясеня, і сэрца затрапятала ад смутку. Тут прайшла часцінка ягонага жыцця, якая ўжо ніколі не вернецца. Ён успамінаў навальнічную ноч, буру на возеры, агні ў цемры, лёгкую белую постаць і крык-плач: «Пайке! Пайке!» Няўжо гэта было з ім? Няўжо гэта ён, а не хтосьці іншы, стаяў у глухім змроку, прытуліўшыся да ясеня, сціскаючы меч, а белая постаць падплывала ўсё бліжэй?

Яшчэ ён успомніў невялічкія травяністыя грудкі на могільніку лэтаў, магілы сваіх бацькоў. Якой была з твару ягоная маці? Шэрыя ці сінія вочы былі ў яе? Няўжо яна любіла спяваць лэцкія песні?

Сутарга прабегла па ягоным твары, вочы заблішчэлі. Ён раптам глуха ускрыкнуў і… укусіў сябе за руку, аж сляды зубоў засталіся на белай скуры. Манахіня Эльза, што сядзела побач у павозцы, спалохана запыталася:

— Што з табой, святы ойча?

— Прывідаў, злых духаў адганяю, — паспрабаваў усміхнуцца Генрых, але ўсмешка атрымалася разгубленая, журботная і няшчырая.

Між тым комтур загадаў зрабіць прывал і не дзеля рыцараў — яны ехалі на конях, — а дзеля палонных лэцкіх жанчын з дзецьмі, якія ішлі пешшу і некаторыя падалі ад страшэннай стомленасці. Комтур шкадаваў не іх, а шкадаваў тавар, якім яны былі.

Натрапілі на прыдатнае, зручнае месца для паходнага лагера — па шырокім зялёным лузе цёк чысты булькатлівы ручай, побач быў невялікі лясок, дзе можна было нарыхтаваць дроў для вогнішчаў. У першую чаргу абгарадзілі вяроўкамі месца для малельні, потым паставілі палатку для комтура і палатку для трапез. Калі гэта было зроблена, пачуўся кліч комтура:

— Размяшчайцеся, брацці, у імя гасподняе!

Рыцары з кнехтамі і зброяносцамі пачалі ставіць палаткі для сябе. Ніхто не меў права адыходзіць ад лагера на такую адлегласць, адкуль не чуваць ягоны голас. З двух зброяносцаў, якіх меў кожны рыцар, адзін павінен быў заўсёды знаходзіцца побач з рыцарам, у той час як другі абавязаны быў шукаць паліва і фураж для коней.

У час далёках паходаў рыцары прытрымліваліся строгай дысцыпліны. Ніхто не меў права мець пры сабе жанчын. У парушальніка адбіралі паходную амуніцыю. Жанчын жа наогул не шкадавалі — адразалі ім насы.

Зброяносцы і кнехты, здаралася, біліся між сабою за лепшыя месцы для палатак. Рыцары, убачыўшы такую бойку, абавязаны былі надзець латы і разагнаць задзіракаў, але не мячамі, а доўгімі кіямі.

Капелан адправіў вячэрнюю месу. Паходны звон, які вісеў на шасце побач з палаткай комтура, даў сігнал — тры кароткія ўдары, — каб брацці-рыцары разам з усім войскам клаліся спаць. Лагер заціхаў. Ціха было і там, дзе сядзелі або ляжалі на голай зямлі палонныя жанчыны і дзеці. Але не-не дый чуўся адтуль плач, несуцешны, горкі. Палоска вечаровай зары, як чырвоны крывавы меч, блішчала над зямлёй.

Комтур выдзяліў для Генрыха і ягоных людзей дзве палаткі. У адной палатцы атабарыўся Генрых з трыма царкоўнымі служкамі, у другой ляглі манахіня Эльза з князёўнай Соф'яй.

Генрых ніяк не мог супакоіцца пасля ўсіх жахаў мінулай ночы, пасля лэцкага могільніку, на якім ён ледзь не развітаўся з жыццём. Ва ўсім целе ён адчуваў абрыдлівую нервовую дрыготку. Трапяталі пальцы рук і нават ног. «Не дай бог — пачнуцца Вітавы скокі91», — палохаўся Генрых.

Служкі, заўважыўшы, што малады свяшчэннік счарнеў, як зямля, пабеглі ў лагер да рыцараў шукаць лекара. Знайсці лекара ім не ўдалося, але разам з імі прыйшоў рыцар Вікберт. Ён сеў на край мядзведжай шкуры, на якой ляжаў Генрых, загадаў служкам:

— Ідзіце на вуліцу, паглядзіце на зоркі. Абражаныя служкі хацелі запярэчыць, але Вікберт сціснуў кулак, рыкнуў:

— Прэч адсюль, чарвякі!

Тых як ветрам выдзьмула з палаткі. Генрых закашляўся, хацеў абараніць служак, ды не было сіл на спрэчку, і ён ляжаў моўчкі, глядзеў на Вікберта, на ягоную магутную абсівераную шыю. Яшчэ зусім нядаўна ў трапезнай мечаносцаў бачыў Генрых зняважанага, нікчэмнага, слабога Вікберта. Той Вікберт сядзеў у чорным плашчы на ахапку бруднай саломы і еў драўлянай лыжкай з драўлянай міскі гарохавую нішчымную кашу — ежу палахліўцаў. Сённяшні Вікберт адрозніваўся ад таго, што туліўся на саломе, як неба ад зямлі. На Вікберту быў цудоўны, з сіняга сукна камзол з фестонным каўняром і манжэтамі. На галаве была заломленая набакір аксамітавая шапачка з шэрым жураўліным пяром. Чорныя вочы Вікберта глядзелі цвёрда і рашуча.

— Не хацеў гросмайстар Венна пасылаць рыцараў на Імеру, — не надта прыцішваючы голас, змрочна ўсміхнуўся, сказаў Вікберт. — Але брацці-рыцары запярэчылі. І я запярэчыў. І тады ён паслаў комтура Бертольда, а сам усё роўна не пайшоў у паход.

Вікберт памаўчаў, пэўна, чакаў, што адкажа Генрых. Ды той бяссільна ляжаў на старой мядзвежай шкуры, і тады Вікберт парывіста схапіў яго за руку, загаварыў, забубніў яму ў вуха:

— Падтрымае мяне рыжская царква, калі я заб'ю шалудзівага пса Венна? Скажы — падтрымае?

— Наша царква заўсёды падтрымлівае чалавечыя справы, якія ідуць на карысць госпаду, — ухіляючыся ад прамога адказу, ціха пармовіў Генрых. Жыццё навучыла яго ніколі не спяшацца ў словах. «Апярэджвай ворага ў справах, а не ў словах», — успомніў ён павучанне епіскапа Альберта.

— У мяне ёсць людзі,— рашуча працягваў Вікберт. — Шмат людзей. — Ён моцна сціснуў баявую сякеру, якую заўсёды насіў на поясе.

— Цярпенне, сын мой, і асцярожнасць — вось што заўсёды куе перамогу, — мяккім голасам сказаў Генрых. — А зараз ідзі спаць. І я лягу, бо кепска сябе адчуваю.

— Я перамагу! — сарваў з галавы аксамітную шапачку Вікберт. — Перамагу або загіну!

Вікберт, падхоплены п'янлівай і яраснай сілай, выбег з палаткі. Згусцелы змрок абступаў яго з усіх бакоў. Непадалёку ад палаткі, як скалелыя смірныя авечкі, стаялі, збіўшыся ў купку, Генрыхавы служкі.

— Ідзіце спаць, — весела сказаў ім Вікберт і закрочыў па лагеры. Жаданне дзейнічаць, нешта разбураць, нешта будаваць апякала душу. Здавалася, ён зараз мог падскочыць высока-высока над лагерам, дакрануцца да зоркі, цёплай і шурпатай, павесіць гэтую зорку сабе на пояс і адтуль, з абадзьмутай ветрам галавакружнай вышыні, вярнуцца назад, ударыцца аб зямлю і ўвайсці ў яе па самыя калені. Сіла бушавала ў ім, напаўняла цяплом і святлом кожную жылку, кожную костачку, патрабавала і шукала выйсця.

Вікберт прыпыніўся. З маленькага шаўковага мяшэчка, які на срэбным ланцужку заўсёды вісеў у яго на грудзях побач з нацельным крыжам, дастаў круглую цёплую гарошынку, паклаў яе сабе на далонь. Гарошынка свяцілася, быццам была напоўнена сонечнымі іскрыстымі промнямі. Ён узяў яе ў рот, патрымаў на языку, адчуваючы прыемную гаркавасць, праглынуў.

Вось такія гарошынкі давалі сілу і радасць. Іх прадаваў яму за срэбныя дынарыі рыжскі купец Карл. Гэты Карл разам з шасцю сынамі плаваў у далёкія цёплыя моры, прывозіў адтуль перац і слановыя біўні, яшчэ шмат усялякага дзівоснага дабра і таямнічыя гарошыны, якія там, у спякотных краінах, робяць з белага соку невядомых траў. «Тыя травы растуць у раі,— тлумачыў Карл. — Сам бог пасеяў іх там, каб ісцінныя хрысціяне, трапіўшы ў рай, маглі, пакаштаваўшы іхняга чароўнага соку, хоць на імгненне адчуць сябе багамі».

Вікберт не пайшоў у сваю палатку, а, пракраўшыся між вартавых, апынуўся ў цёмным пустынным полі. Ён нават поўз па зямлі, каб варта не ўбачыла яго. Ды як яна магла яго ўбачыць, калі ў гэтыя імгненні ён адчуваў сябе мудрым спрытным вужом, які можа прабрацца, прасвідравацца ў самую маленькую шчылінку?

Белы вялізны валун свяціўся ў змроку. Вікберт сеў на яго, падставіў ветру твар, глянуў на шырокае бязмежнае неба, і аж дыханне перахапіла. Неба здавалася пяшчотным чорным аксамітам, на які былі нашыты незлічоныя брыльянты і брыльянцікі. Неба здавалася крылатым велізарным ветразем. Якая сіла рухае, гоніць уперад праз гады і стагоддзі гэты ветразь?

Пад плаўнае цячэнне ночы, пад срэбнае мігценне зорак добра думалася, добра ўспаміналася Вікберту. Ён успомніў маленькі гарадок Зёст у Вестфаліі — сваю радзіму. Ягоны бацька быў збяднелым рыцарам, у крыжовым паходзе страціў нагу. Да сямі гадоў маленькі Вікберт выхоўваўся дома, потым, як і ўсіх рыцарскіх сыноў, яго прывезлі ў замак сеньёра, дзе да чатырнаццаці гадоў ён быў пажам. Кожны дзень вучылі яго вернасці рэлігіі, свецкаму этыкету і сямі рыцарскім дабрадзействам: верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап'ём, плаванню, паляванню, гульні ў шашкі, складанню і спяванню вершаў у гонар дамы сэрца.

Потым, калі яму споўнілася дваццаць гадоў, адбылася цырымонія «рыцарскага ўдару» — дзень пасвячэння ў рыцары. Ён стаяў на каленях побач са сваімі сябрамі, а цудоўная каралева, жонка Піліпа Швабскага, узяла ў белыя рукі меч, плашмя лёгенька стукнула кожнаму па плячы гэтым мячом і сказала: «Выцерпі гэты ўдар дзеля госпада бога і святой Марыі, але болей нікому не даруй ніводнага ўдару». Ім падвязалі рыцарскія паясы, уручылі залатыя шпоры, і яны сталі рыцарамі, і адразу, надзеўшы латы, ускочыўшы на закаваных у сталь коней, рынуліся на рысталішча перад каралеўскім палацам, дзе шумеў і грымеў турнірны бой.

Ён думаў тады, што рыцары — вянец прыроды. Яны здаваліся яму соллю ўсяго жывога. Бог захацеў стварыць сапраўднага мужчыну, уладара свету, і стварыў рыцара. Нездарма юнакі, нават сыны сялян і рамеснікаў, так імкнуцца стаць рыцарамі. Але таго, хто, як дажджавы чарвяк, усё сваё жыццё калупаецца ў зямлі, жыве з яе, нельга пасвяціць у рыцары, так як нельга ў светлую нядзелю асвяціць замест барана казляціну, бо адразу ж ператворыцца ў яго шчыт у адвал плуга, меч — у лямеш, рыцарскі шаўковы кашалёк — у сявалку-лубянку, а галун на поясе — у льняны мяшок, з якога кормяць коней.

Меч на перавязі можа насіць толькі рыцар. Купцы ж і гараджане павінны прывешваць яго да сядла.

Галоўнае, што вяло Вікберта па жыццёвай дарозе, — гэта пошукі прыгод. Калі б ён не быў рыцарам, ён абавязкова стаў бы вагантам92, якія ходзяць з горада ў горад, спяваюць на плошчах, у палатах баронаў і графаў, у вясковых карчомках. Колькі хмельнай радасці ў іхніх песнях, як славяць яны жанчыну, яе красу!

У рэшце рэшт лёс прывёў Вікберта ў Лівонію, у войска мечаносцаў, браццяў святой дзевы Марыі. Хапала работы ягонаму мячу, хапала і прыгод, але адразу ж не заладзіліся ў Вікберта адносіны з гросмайстарам Венна. Бываюць людзі, з якімі цяжка, немагчыма дыхаць адным паветрам. Бог для кожнага чалавека стварае не толькі сяброў, але і ворагаў. Такімі ворагамі зрабіліся Вікберт і Венна.

Усё пачалося з паходу на эстаў. Паход быў удалы, спалілі пяць селішчаў, «осекаў», як называюць іх самі эсты, узялі шмат палонных і жывёлы. Палонных звычайна прадавалі ў Рыгу, бо нельга божаму Ордэну мець рабоў, тым больш маладых рабынь. Але Венна пакінуў сабе трох самых прыгожых эстак, і Вікберт выпадкова ўбачыў, як перад сном адна нявольніца часала гросмайстару галаву, другая пяткі, трэцяя, стоячы перад сваім уладаром на каленях, карміла яго са срэбнай лыжачкі чмяліным мёдам.

Злосць затуманіла Вікберту галаву. Чым горшы ён, Вікберт, за гросмайстара? Гэтаму яловаму чурбану ўсё дазволена, а яны, брацці-рыцары, што праліваюць кроў за веру, павінны пасціць? Ён пачаў падбухторваць мечаносцаў супраць гросмайстара, але не разлічыў свае сілы. Венна данеслі верныя людзі, і гросмайстар, абвінаваціўшы Вікберта ў палахлівасці, адабраў у яго белы рыцарскі плашч, пасадзіў у ордэнскую турму. У турме, праўда, пратрымалі Вікберта нядоўга, ды з таго часу між ім і гросмайстарам пачалася сапраўдная вайна.

Ва ўсе паходы пачаў гнаць гросмайстар Вікберта з тайнай думкаю, што напорацца той на меч або кап'ё язычнікаў. Смерць абыходзіла пакуль што Вікберта, і тады Венна вырашыў выгнаць яго з Ордэна, пазбавіўшы рыцарскага звання. За вялікія грошы знайшліся людзі, якія паказалі, што Вікберт ніякі не рыцар, што ягоны бацька гандляваў у Саксоніі зернем. Абразлівая, страшная кара чакала Вікберта. Як толькі вернуцца мечаносцы ў Вендэн, пасадзяць яго на кучу смецця, і кат саб'е з яго залатыя шпоры — знак прыналежнасці да рыцарства. А хіба можна жыць на свеце і не быць рыцарам?

Вікберт сядзеў у глухім начным змроку на халодным валуне і сам быў падобны на валун. О, як хочацца помсціць! Уся надзея на Рыгу, на епіскапа Альберта. Ён, як і Вікберт, люты вораг Венна, і ён павінен памагчы. Імерскі свяшчэннік Генрых таксама можа спатрэбіцца, бо ён, як даведаўся Вікберт, любімы вучань епіскапа. Трэба чакаць. Трэба цярпліва набліжаць дзень помсты.

Вікберт узняўся з валуна, глуха засмяяўся. Смех ягоны быў падобны на крык начной савы. «Я заб'ю Венна, — падумаў ён, — і сам зраблюся вялікім магістрам. Я павяду браццяў-рыцараў да вялікіх перамог, якіх яшчэ не ведаў Ордэн».

З шаўковага мяшэчка Вікберт асцярожна дастаў яшчэ адну гарошынку, праглынуў яе, пачаў чакаць. Праз нейкі час у сэрца павінны былі вярнуцца радасць і бадзёрасць. Яны заўсёды прыходзяць раптоўна, быццам запальваецца ў душы непагасная божая свечка. Вось зараз… Вось зараз…

— Слухайце, нябёсы! — закрычаў ён, ускокваючы на валун, працягваючы ў змрок рукі.— Я — гросмайстар Вікберт!

У гэтыя самыя імгненні Генрых, лежачы ў сваёй палатцы, думаў пра Вікберта. Бог ці д'ябал кіруе ім? У гэтым рыцару адчуваецца сіла, дзікая, неадшліфаваная, разбуральная. Добра, што Вікберт вораг Венна, дужа добра…