155503.fb2
— Спі, дзетка. Гэта — ваўкалак.
Ваўкалак! Зверачалавек. Сын цемры. Воўчае калматае тулава і чалавечая галава з пранізлівымі журботнымі вачамі. У яго зялёная і сіняя поўсць. Іскры сыплюцца з гэтай поўсці, калі ў змроку ночы шалёна імчыцца ваўкалак. Мільгаюць чорныя лясы, туманныя балоты. Там, дзе моцна ўдарыць аб зямлю кіпцюрыстая лапа, за ноч вырастуць воўчыя ягады — чорныя, горка-кіслыя, з цягучай слізістай макрэчай, з маленькімі зярняткамі-каменьчыкамі ўсярэдзіне. Да трэціх пеўняў, да сонечнага святла і бляску можна бегаць ваўкалаку. І ён бяжыць, кідаючы ў цемень лясоў свой дзікі голас. Куды бяжыць? Навошта?
— Мне страшна, Маланка, — шаптаў хлопчык.
— Спі, дзетка, — цалавала яго карміцелька. — Хочаш, казку табе раскажу? Слухай:
Колькі страхоццяў ведае старая карміцелька! Колькі іголак упіваецца ў сэрца, калі слухаеш яе!
А потым зноў была ноч, і дзікі крык у лесе. Вячка спаў у святліцы і раптам прачнуўся. Паставіўшы лапу яму на грудзі, на яго ва ўпор глядзеў ваўкалак. Іскры сыпаліся з поўсці, пранізліва і журботна глядзелі вялікія разумныя вочы.
— Мама! — закрычаў малы і страціў прытомнасць:
— Гэта ж твой сабачка быў, твой Уюн, — засмучана казала назаўтра Маланка. — Прылашчыцца хацеў да цябе… Камень на шыю, і ўтапілі пса ў Друці.
Нага на грудзях… Лапа на грудзях… Гэта ўжо калісьці было…
«Як я мог паверыць ім? — думаў Вячка, лежачы з торбаю на галаве на зямлі, у той час як мечаносцы, смеючыся, падсілкоўваліся. — Пэўна, стаміўся я. Рашыў трошкі перадыхнуць, сабрацца з сіламі, заключыўшы перамір'е. Дапамогі з Полацка няма, бо князь Уладзімір Валадаравіч ніяк не можа прымірыцца з вечам, якое то выганяе яго, то зноў запрашае на сталец. Ліваў епіскап Альберт паставіў на калені, плоцяць лівы Рызе царкоўную дзесяціну. Старэйшыны лэтаў чакаюць, хто пераможа ў барацьбе за Дзвіну. Ноўгарад і Пскоў таксама чакаюць. Іхняму купецтву нават выгадна, што тэўтоны закаркавалі вусце Дзвіны. Яны і без Дзвіны могуць абысціся — плывуць па рацэ Вялікай, па Чудскаму возеру, па рацэ Амоўжы, ці, як называюць яе эсты, Эмайыгі — Мацерцы вод і далей — да Варажскага мора.
А Рыга ўсё мацнее. Плывуць і плывуць у яе пілігрымы з усёй Еўропы. На вайну, у бой ідуць, як на свята, спяваючы святыя псалмы, апранаючы самае дарагое адзенне. За іхняй спінаю — Рым, папа Інакенцій, феадалы, бюргеры, купцы…»
У той самы час, як рыцар Данііл, парушыўшы хрэснае цалаванне, закоўваў князя Вячку ў кайданы, на адным з ліўскіх гарадзішчаў, якое цудам ацалела ў дрымучых лясах, сівы стогадовы старэйшына гадаў на агні і вадзе аб лёсе і будучыні свайго народа. «Бачу вялізную чорную курыцу, — шаптаў ён пустым бяззубым ротам. — Яна выходзіць з марскіх хваль. Яна вышэй за самую высокую сасну нашых лясоў. Вось прыпынілася, села ў пясок, закудахтала… І нясецца… Не яечкі выкочваюцца на пясок, а тэўтонскія рыцары. Іх не злічыць! Іх як пяску на марскім беразе! Гора лівам! Дзе нашы багі? Дзе нашы героі? Бачу бераг… Туман… Чайкі плачуць… Шэпчацца пясок у дзюнах… Бачу мужчыну і жанчыну… Дзяцей няма… Хто гэта? Гэта — лівы. Гэта ўсё, што засталося ад шматлікага магутнага народа. Гора лівам!» І сівы старэйшына патушыў святы агонь, выліў святую ваду і заплакаў.
Князь Вячка не ведаў пра гаданне старога ліва. Князь Вячка не плакаў. На руках і на нагах у яго былі жалезныя кайданы. Ён сядзеў у павозцы на клубку злямчанай мокрай травы. Яго везлі ў Рыгу.
Шэрае мокрае неба плыло над галавой. Блішчалі латы і мячы кнехтаў рыцара Данііла, якія ахоўвалі палоннага.
На мокрым кані пад'ехаў да Вячкі граф Пірмонт, запытаўся:
— Можа, князь, хоча папіць вады?
— Браціла, твой хаўруснік, усю ваду выпіў у Дзвіне, — адказаў Вячка і замоўк да самай Рыгі.
У ланцугах яго везлі па той самай зямлі, дзе ён нядаўна з мячом у руцэ на хутканогім войскім кані імчаўся штурмаваць Гольм і Рыгу. «Чаму тут, на гэтых берагах, шмат бурштыну? — падумаў раптам зняволены князь. — Гэта слёзы людзей, якія запякліся пад ветрам і сонцам».
Зноў дзяцінства прыгадалася яму. Успамінамі пра дзяцінства ахоўваў, адгароджваў ён сваю душу ад жорсткай скрухі і знявагі палону.
…Страшныя казкі расказвала карміцелька Маланка. Нахілялася над хлапчукоўскім ложкам і пачынала, прыглушваючы голас:
— Хто такі Кокаць? — спалохана шаптаў Вячка, і сэрца аж разрывалася ад прадчування нечага незвычайнага, нечага жахлівага, пра што ён зараз даведаецца.
— Спі… Не ведаю, — ціха адказвала Маланка. — А заўтра з табою махалку зробім, каб ваўкалак да церама не падбягаў.
І раніцою, як толькі княжыч прачынаўся, яна знаходзіла стары біты гаршчок, насыпала ў яго гарачага вуголля, Вячка прывязаў гаршчок да вяроўкі. Яны, маленькі княжыч і старая карміцелька, чакалі, як змоўшчыкі, вечара, цемры, і потым Вячка, уздрыгваючы ад нецярплівасці і хвалявання, выходзіў на цёмны пустынны двор, моцна сціскаў у руцэ вяроўку і пачынаў шырока размахваць сваёй махалкай-жароўняй. Здавалася ў змроку, над зямлёй са свістам праносіцца вогненны іскрысты твар страшыдлы. Аднойчы гэтую іхнюю забаўку высачыў князь Барыс.
— Церам спаліць хочаце? — грозна закрычаў ён, моцнай бацькоўскай рукою схапіўшы Вячку за вуха.
— Мы ваўкалака адганяем, — зморшчыўся ад болю Вячка.
— Ваўкалака? Якога ваўкалака? Гэта ты, трухлявая калода, падвучваеш малога?!
І князь, не раздумваючы, адважыў старой карміцельцы звонкую аплявуху. Усю ноч Маланка праплакала, потым з невялічкай карчагі выпіла хмельнага мёду з макам, заружовілася, павесялела, даверліва сказала Вячку:
— Добры мёд. Выпіла, і быццам святы божачка басанож па душы прабег…
— Ніякага ваўкалака няма, — назаўтра, палагаднеўшы, навучаў князь Барыс маленькага сына. — Не княжая справа слухаць казкі смердаў. Яны, цёмныя смерды, выдумалі ваўкалака.
Але Вячка цвёрда ведаў — ваўкалак ёсць! Гэта князь Усяслаў Полацкі, Усяслаў Чарадзей, які некалі жыў і ваяваў на тутэйшай зямлі, прымае воблік ваўкалака, бегае ўсю ноч ад Полацка да Кіева, ад Дзвіны да Варажскага мора, ахоўвае ад чужынцаў сваю дзяржаву. Пакуль бегае, пакуль не спіць, пакуль крычыць пад небам ваўкалак — будуць стаяць і Полацк, і Друцеск, і Менск.
Аднойчы старэйшы Вячкаў брат княжыч Васілька пачаў усім казаць, што яго, Васільку, укусіў у лесе ваўкалак. Выскачыў з-за куста, зваліў з ног і хапануў зубамі за левую пятку.
— Не верыце? — пытаўся Васілька у баярскіх дочак Васіліны і Дабраславы. — Зараз я вам пакажу.
Ён паказаў дзяўчынкам пятку — на ёй і сапраўды была невялікая крывавая ранка. Васіліна з Дабраславаю бляднелі ад страху.
— На мяне цяпер іншы раз нешта находзіць, — таямніча шаптаў Васілька. — Іду ці ў цераме, ці ў лесе і раптам адчуваю, нібы іклы ў мяне ў роце вырастаюць, нібы даўжэзныя кіпцюры на пальцах праклёўваюцца, і так хочацца завыць, закрычаць, некага ўкусіць.
Яны ішлі лугавой сцяжынкаю непадалёку ад гарадскога вала. Звінелі чмялі… Пырхалі стракозы… Пасля нядаўняга дажджу былі рассыпаны па лузе невялікія лужынкі, быццам кавалачкі блакітнага шкла…
Раптам Васілька грозна ашчэрыў зубы, упаў на зямлю і, стаўшы на чацвярэнькі, загаўкаў, завыў. Васіліна з Дабраславаю абамлелі. Потым іх адлівалі вадою, а князь Барыс уласнаручна сек Васільку па голай скуры лазою і прыгаворваў:
— Будзеш хлусіць? Будзеш баярскіх дочак палохаць? Кажы — хто цябе ўкусіў?
— Ой, татачка, ніхто мяне не кусаў,— прасіўсявішчаў Васілька. — Гэта я пятою на драўляны калок наступіў.
Ішло лета за летам, падрастаў Вячка і больш не баяўся ваўкалака. Наадварот — шукаў з ім сустрэчы. Любіў ускочыць на каня і, без сядла, імчаўся ў лугі, на лясныя паляны. Змрок стукаўся ў грудзі. Кажаны віліся над галавою. Спалоханыя зайцы і казулі ратаваліся, хто як мог. Кіпеў над галавой нябесны блакіт. Уздрыгвала зямля. Чулася бушаванне ветру ў далёкіх лясах. А ён імчаўся, імчаўся…
Ён рос і пачынаў разумець сваю зямлю, свой край, людзей гэтага краю. Працавіты, мужны, цвёрды народ бачыў ён вакол сябе. Чалавек да чалавека падбіраўся тут, як каменьчык да каменьчыка. Нязломнай сцяною ўставаў полацкі люд на шляху прыблудаў-тэўтонаў, хцівых ненажэрцаў, якія чорнымі вужакамі хацелі прапаўзці на Усход па берагах Дзвіны. І калі споўнілася Вячку шаснаццаць сонцаваротаў, пакляўся ён у Полацку, у святой Сафіі, што да апошняга дыхання будзе бараніць сваю зямлю.
У Рызе Вячку павезлі на епіскапскае падвор'е. Выйшлі з капэлы Альберт з Генрыхам, і Альберт, наліваючыся жорсткай чырванню, закрычаў кнехтам:
— Раскаваць!
Падбег да князя, сам паспрабаваў зняць з яго ланцугі, але жалеза ёсць жалеза, і давялося чакаць каваля. Тоўсты нетаропкі каваль прыйшоў з усім сваім інструментам, выцер мяккім кулаком бліскучы ад поту лоб, ні разу не глянуўшы Вячку ў твар, раскаваў яго.
Кукейноскага князя павялі ў пакоі епіскапа. Вячка расціраў знямелыя ад халоднага жалеза рукі, у якіх, здавалася, спынілася кроў. Ён быў як у нейкім сне, ішоў, дыхаў, бачыў людзей і бачыў Бінтавую лесвіцу перад сабою, бачыў высокія дзверы, на якіх былі выразаны крыжы і анёлы. Ён бачыў, як нямы служка епіскапа нялоўка спатыкнуўся на парозе, ледзьве не ўпаў, і епіскап так глянуў на служку, што той пабялеў, змізарнеў ростам.
Вячка сеў на мяккі пуф. Альберт, Генрых і тлумач Фрэдэрык стаялі насупраць. Свечак не палілі, бо яркае дзённае святло шырокімі струменямі ўрывалася ў пакой праз вокны, зашклёныя каляровым венецыянскім шклом. Толькі там, дзе на глухой сцяне вісела распяцце Хрыста ў цярновым вянку, было змрачнавата, бо промні сонца не даляталі датуль, расквечвалі бліскуча нацёртую воскам дубовую падлогу.
— Рыцар Данііл горш за язычніка, — сказаў епіскап. — Парушыў клятву, дадзеную на святым крыжы. Наш капітул пакарае яго. Мы адбяром яго лен96, які ўручыла яму рыжская царква.
Генрых і Фрэдэрык згодна кіўнулі галовамі. Вячка маўчаў.
— Кароль Кукейноса, пэўна, стаміўся? — падышоў да Вячкі Альберт і паклікаў: — Імануіл!
На парозе з'явіўся нямы служка.