155503.fb2
— Няхай манашка Эльза прывядзе князёўну, — загадаў Альберт Імануілу.
Цяпер ужо Генрых адчуў, як падступае да сэрца нясцерпнае хваляванне. Хутка павінны былі прывесці Соф'ю. Як сустрэне яна бацьку? Як гляне на яго? Што скажа?
Больш года выкарчоўваў ён, Генрых, з дзіцячай няспелай душы валуны язычніцтва, святым словам здзіраў, выпальваў з яе каросту крывіцкай мовы. Не толькі пра Соф'ю думаў, аддаючы ёй столькі сіл, часу, крыві. Пра сябе думаў. Думаў пра таго маленькага дурненькага лэта, якога калісьці завезлі ў Тэўтонію і кінулі, як у мора, у інакшае жыццё, у інакшую мову. Ён, дзякуй богу, не ўтапіўся, выплыў на паверхню, хоць і наглытаўся напачатку горкай вады. Але ці трэба было ратавацца тады, у тым моры? Ці трэба было выплываць? Вось якія думкі праколвалі душу апошнім часам. Галасы мёртвых лэтаў крычалі ў ім па начах. Голас юнай Убеле, што загінула ад ягонага мяча, голас Вардэке. Ці трэба было тады выплываць? А ці не лепей было б пайсці на дно, назаўсёды застаўшыся маленькім лэтам?
«Ёсць адзін бог, адна дзева Марыя, адна мова — латынь, — горача маліўся ён, калі бяссонніца халоднымі пальцамі хапалася за горла. — Усё іншае — непатрэбнае. Усё іншае — ад нячысціка. Род людскі толькі аслабляе сябе, разбіваючыся на плямёны, народы, мовы. Толькі рымскі народ павінен жыць пад сонцам, вялікі, недзялімы рымскі народ».
Будзе Соф'я той, якую ён ляпіў у сваіх штодзённых справах і марах, забудзе мову крывічоў, павернецца ўсёй душой, усім сэрцам да рымскай царквы, як кветка да сонца, будзе шчаслівы ён, Генрых з Лэціі, і будзе гэта апраўданнем ягонага жыцця, няпростага і нялёгкага.
Увялі Соф'ю. Манашка Эльза і абаціса Марта стаялі побач з дзяўчынкай.
— Дочачка мая, — парывіста ўзняўся Вячка. Соф'я паглядзела на яго, потым на абацісу Марту, потым на Генрыха.
— Я твой бацька, — падышоў да яе, пагладзіў доччыны светлыя валасы Вячка. — Хіба ты не пазнала мяне? Хіба не помніш?
Ён з такой надзеяю, з такім болем пазіраў на дачку, што ў абацісы Марты нечакана павільгатнелі вочы. Генрых нешта шапнуў Соф'і, і маленькая князёўна, гледзячы паўз бацьку ў вузкае, асветленае жоўтым сонцам акно, сказала некалькі незразумелых слоў. Голас быў роўны і сухі, быццам драўляны.
— Што яна гаворыць? — разгублена глянуў на тэўтона Вячка.
— Князёўна Соф'я сказала, што яна дачка апостальскай рымскай царквы, — растлумачыў Фрэдэрык.
— Рымскай царквы? — здзівіўся, пабляднеў Вячка і аж зрабіў крок назад. — Але ж яна мая дачка. Мая! І княгіні-нябожчыцы Звеніславы. Можа, яна хворая? Соф'я, Соф'ечка! Я прыйшоў па цябе. Успомніла мяне? Успомніла Кукейнос?
Ён схапіў бледную і тонкую доччыну руку, пагладзіў яе, потым пацалаваў. Князёўна раптам заплакала, срэбныя ручайкі слёз густа і нястрымна пакаціліся з вачэй. Яна затрымцела ўсёй сваёй істотаю, сказала:
— Татачка, вось гэтая Эльза прымушае мяне гаварыць па-іхняму… Б'е мяне…
— Я скручу табе шыю, чорная сава! — ірвануўся Вячка да Эльзы.
Манашка з абацісаю, быццам бура іх падхапіла, вылецелі з епіскапскіх пакояў.
— Выведзіце князёўну! — закрычаў служкам Альберт і нават нагамі затупаў. Тыя спалохана схапілі пад рукі Соф'ю, зніклі за дзвярамі. У пакоі наступіла цішыня, халодная, гняўлівая. Генрых раптам весела засмяяўся. Епіскап здзіўлена паглядзеў на яго, запытаўся:
— Што з табой, сын мой?
Але Генрых не мог стрымацца, смяяўся і смяяўся, падбег да акна, абапёрся на свінцовы падаконнік, і было відно, як ходзяць плечы, як закідваецца галава. Ужо хваравітасць, пакутлівасць адчувалася ва ўсім гэтым.
— Імануіл, прынясі вады! — ушчэнт разгубіўся епіскап.
Другую сядміцу быў Вячка ў Рызе… На вялікдзень Альберт шчодра частаваў кукейноскага князя. Праз дзень да Вячкі прыводзілі дачку, але толькі на некалькі імгненняў і адразу ж зноў забіралі ў манастыр. Часцей сустракаўся з князем Генрых. Прыходзіў, шнураваў няспынна па пакоі, гаварыў пра любоў да бліжняга, пра вялікія міласці, якімі асыпае бог сваіх верных сыноў. Вячка маўчаў.
«Як я мог паверыць ім? — думаў Вячка бяссоннымі начамі.— Трапіў, як пчала ў дзюбу да жаўны».
Пра жаўну ўспомніў ён у палоне, пра лютага ворага працавітых бортных пчол. У хваёвых лясах, у дуплах высока над зямлёю, гнездзіцца жаўна. Пёры ў яе чорныя, і толькі верх галавы ярка-чырвоны. Яна рэзка, адрывіста крычыць у змроку хвойнікаў: «Кнай-кнай-кнай!» — і лётае, шукае дуплы даверлівых пчол. Колерам, драпежнай звычкаю і голасам жаўна заўсёды нагадвала Вячку мечаносцаў. Ён, як быў малы, блукаў у лесе з самаробным лукам, хацеў падпільнаваць жаўну, як яна будзе есці пчол, і забіць яе. «Не ўпаляваў я за сваё жыццё ніводнай жаўны», — са скрухаю думаў князь.
Мінуў вялікдзень, і Альберт, павёўшы сваё войска на поўдзень ад Рыгі, прыгнаў у горад натоўп змардаваных палонных прусаў. Гэта былі высокія светлавалосыя людзі з прамымі буйнаватымі насамі. Іх адразу ж прымусілі працаваць на будаўніцтве гарадской сцяны. Прусы пад наглядам латнікаў епіскапа капалі ямы, білі каменне, мясілі гліну, сплаўлялі па Дзвіне плыты. Адзін з прусаў упаў са сцяны і зламаў нагу. Нагу яму вылечылі, і Альберт прыставіў пруса як служку да палоннага кукейноскага князя.
Напачатку яны не разумелі адзін аднаго — палонны палачанін і палонны прус. Маўчалі, думалі кожны сваё. Але няволя збліжае самых розных людзей, і паступова яны адкрыліся адзін аднаму, і аказалася, што ў іхніх мовах нямала падобных слоў.
— Я жыў на беразе мора, — павольна, каб Вячка яго разумеў, гаварыў прус. — Імя маё табе, князь, ведаць не трэба. Заві мяне Прусам. У мяне была жонка Данутэ і трое дзяцей. Прыйшлі псы з Рыгі, і мая сям'я, як і ўсе нашы суседзі, схавалася ў земляной пячоры, пад каранямі свяшчэннага дуба. Але рыжскія псы каля ўваходу ў пячору расклалі велізарнае вогнішча, у якое кідалі яловыя лапкі, мухаморы, шышкі, мох… Дым забіў усіх. Я нават не ўбачыў трупы маіх дзяцей і маёй жонкі. Як я хачу адпомсціць тэўтонам!
— Я таксама хачу, Прус, — даверыўся Вячка. — Давай думаць разам, што нам рабіць.
— Добра, князь, — адразу ж згадзіўся Прус. — Мы не можам справіцца з тэўтонамі сілаю. Нас двое… Мы ў палоне… Толькі розум і хітрасць могуць нам памагчы. Хітрасці ж нам трэба вучыцца ў тэўтонаў.
Пасля гэтай размовы Вячка доўга не мог заснуць. Ён быў цалкам згодзен з Прусам. Так, хітрасцю бяруць тэўтоны. А яшчэ бяруць сваёй дысцыплінай, арганізаванасцю. Ужо, здаецца, так варагуюць мечаносцы з епіскапам Альбертам, гатовы зжэрці яго, як пажыраюць адзін аднаго павукі пад шклом, а ўбачылі, здагадаліся, што князь Кукейноса точыць на іх меч, і адкінулі свае крыўды, аб'ядналіся з Альбертам, і вось ён, князь Вячка, гніе ў тэўтонскай цямніцы. Як не хапае палачанам, наўгародцам, эстам, лівам, прусам такой згоды, згуртаванасці ў смяротны час. Кожны князь, кожны баярын і старэйшына далей свайго церама, сваёй сядзібы нічога не хоча бачыць, толькі пра ўладу, толькі пра скарбонку думае. «Я — князь. Ніводны лісцік у маіх лясах не скалыхнецца без майго дазволу». Вось аб чым думаюць, мараць яны ўдзень і ўначы. А трэба гуртаваць сілы. Трэба, каб тэўтонаў сустрэў на Дзвіне жалезны магутны кулак, іначай наробяць тэўтоны дудак з нашых касцей.
Як служка палоннага кукейноскага князя. Прус часам выходзіў з цямніцы ў горад, усё там выглядваў, высочваў, прыслухоўваўся, аб чым гавораць між сабой тэўтоны. Асабліва цікавілі яго гарадская сцяна, тыя месцы, дзе яна яшчэ будавалася, была не такой высокаю.
— Як жа ты за гарадскую сцяну вырвешся? — пытаўся Вячка. — У цябе ж крылаў няма, сцяну не пераляціш.
— Думаць трэба, князь… Думаць… — змрачнеў Прус.
Аднойчы ён запытаўся:
— Ты, князь, не збіраешся мяняць праваслаўную веру на рымскую?
— Не, — цвёрда адказаў Вячка.
— Тады ніколі не аддадуць табе тэўтоны дачку. Ніколі. Разумееш мяне? Не дачку тваю яны надумаліся ўкрасці, а душу тваю.
Князь Вячка маўчаў. Здавалася, усе пачуцці, усе страсці памерлі ў ягоным сэрцы. Тыя, хто глядзеў на князя зблізку і здалёку, так і думалі. Але калі б яны маглі сваімі позіркамі пранікнуць у самую патаемную глыбіню гэтага сэрца, яны б убачылі, што сэрца ў князя не мёртвае, не пустое. У ім засталася, у ім кіпела, яго поўніла да краёў нянавісць.
Вячка цішэў, як бы камянеў, а Прус усё болей узбуджаўся. Кулакамі грукаў аб сцены цямніцы. Ён быў з тых людзей, у каго вельмі часта, вельмі рэзка мяняецца настрой. Аднойчы за буянства, за крык латнікі Альберта доўга білі яго дрэўкамі коп'яў. Але, як толькі яны выйшлі, Прус весела засмяяўся.
— Ну й чалавек ты, — здзівіўся Вячка. — Як той крэмень, цярплівы. Няўжо не баліць?
— Адкрыю табе сваю тайну, князь, — прыцішыў голас Прус. — Я не ведаю, што такое боль, не адчуваю.
З самага маленства не адчуваю. Здаралася, пальцам так аб камень ці аб корч які стукнуся — іншы б клубком круціўся па зямлі ад болю. А я бягу далей, смяюся. Не даў бог майму целу боль. Не ведаю я, што гэта такое. Вялікую міласць аказаў мне ўсявышні.
Вячка нічога не сказаў, але падумаў: «Гэта цябе і пагубіць, Прус. І цела чалавечае, і душа павінны адчуваць боль. Без болю няма жыцця».
А праз два дні Прус пайшоў у горад, схапіў камень, якімі палонныя ўмацоўвалі падножжа сцяны, ударам у скронь забіў латніка, спрабаваў забіць рыцара Макса, каб авалодаць ягоным канём і вырвацца за гарадскую браму. Брама якраз была расчынена, бо ў Рыгу ўязджаў купецкі абоз. Але рыцар Макс не разгубіўся — жалезным чаравікам зламаў Прусу нос, саскочыў з каня, зваліў Пруса на зямлю, бічоўкаю моцна звязаў яму рукі і прыгнаў на епіскапскае падвор'е.
Без літасці білі Пруса бізунамі, аж кроў свістала ва ўсе бакі. Вячка думаў, што Альберт загадае павесіць або чвартаваць палоннага. Ды епіскап вырашыў захаваць Прусу жыццё і нават адпусціць на радзіму, папярэдне выкалаўшы яму вочы.
— Цябе вецер у Прусію прывядзе, — сказаў ён няшчаснаму палоннаму, — вочы ты пакінеш у Рызе. Ідзі да супляменнікаў. Хай дрыжаць ад страху ў сваіх лясах і балотах. Хай убачаць, якімі мы бываем бязлітаснымі да ворагаў. Апошні раз паглядзі на сонца, развітайся з ім навекі.
Прус уздрыгнуў, узвёў у неба вялікія сінія вочы, потым заўважыў Вячку, крыкнуў яму:
— Бывай, кукейноскі князь! Ніколі цябе болей не ўбачу!
— Ты пра мяне пачуеш, Прус, — ціха адказаў Вячка, але і да Пруса, і да тэўтонаў даляцелі гэтыя словы.
Ён не мог заснуць, ляжаў у цемры, успамінаў Пруса. Пагарачыўся Прус. Разам жа дамаўляліся бегчы з палону, але ўбачыў расчыненую гарадскую браму і не вытрымаў… Правільна кажуць: «На гарачых конях гліну месяць».