155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 48

Трэба чакаць… Трэба цярпець… Трэба, каб тэўтоны паверылі, што ён, князь Вячка, змяніўся, зрабіўся мяккай лугавой травой, якую могуць таптаць іхнія коні. «Дай мне цярпення, святая Сафія», — прасіў Вячка, гледзячы ў начны суровы змрок.

Маленькім хлапчуком ён баяўся начнога змроку, але бацька і маці не дазвалялі запальваць у спачывальні свечку. І ён у полі, у лузе шукаў белыя празрыстыя камяні, клаў іх на сонца. Яны ляжалі ўвесь дзень на сонцы, убіралі ў сябе сонечныя праменні. Ноччу яму здавалася, што камяні свецяцца, і ён засынаў, спакойны і шчаслівы.

Ноч плыла над Рыгай. Не спаў князь Вячка, думаў пра свой лёс, пра сваю дачку, пра сваю зямлю. Нарэшце перад самай раніцай заснуў і адразу ж прахапіўся — здалося яму, што далёка-далёка адсюль, ад гэтай ненавіснай цямніцы, у светлых полацкіх лясах радасна і прызыўна крычыць ваўкалак.

Епіскап Альберт быў задаволены — яшчэ адзін напор, і люты вораг рыжскай царквы ператворыцца ў рахманую авечку, якая будзе скубці траву пад прыглядам святых пастыраў. А там можна будзе ўручыць яму ленныя сцягі97, дзверы на Дзвіну расчыняцца, і вецер на ёй падзьме толькі з захаду на ўсход — у адным кірунку.

— Ты мудры, сын мой, — сказаў ён Генрыху. — Ты ўмееш падбіраць ключы да сэрцаў чалавечых.

— Дзеля нашай царквы стараюся, мансіньёр, — сціпла апусціў вочы Генрых.

Князь Вячка з кожным днём усё больш цішэў. Вочы памякчэлі, сцёрся з іх металічны халодны водсвет. Аднойчы князь нават папрасіўся паслухаць месу, і святыя песні, відно было па ўсім, уразілі яго, ашаламілі. Некалькі дзён ён хадзіў задумлівы, ціхі, толькі слабая ўсмешка набягала зрэдзь часу на твар. Яму дазволілі адлучацца на падвор'е, і ён блукаў каля шэрых каменных сцен, разглядваў шчыліны ў сценах, мох, што вырас у гэтых шчылінах. Напаткаў лужок з аксамітна-зялёнай травою, сеў на траву, апусціў у яе рукі, потым, азірнуўшыся наўкола — ці не цікуюць чужыя вочы, па самую шыю апусціў у траву галаву, нешта доўга нюхаў, да нечага прыслухоўваўся, і, калі зноў узняў твар, на вачах былі слёзы.

«Ісцінны бог уваходзіць у скамянелую душу», — думаў Генрых, які ўвесь час крадком сачыў за князем праз вузкае акно епіскапскай чытальні. Яго радавалі змены, што адбываліся з князем Кукейноса. Князь увачавідкі рабіўся спакойным, памяркоўным, ручным.

Калі скончыліся дзве сядміцы, Вячка папрасіў паклікаць епіскапа і аб'явіў Альберту, што аддае рыжскай царкве палову сваіх уладанняў, прымае ленныя сцягі і гатоў пусціць у Кукейнос дойлідаў і рыцараў Альберта, каб узвялі яны каменны храм. Адразу сабралі капітул, на якім сам епіскап уручыў Вячку ленныя сцягі, абняў яго, пацалаваў, падарыў дзесяць баявых коней і дзесяць сталёвых рыцарскіх даспехаў. Вялікая радасць была ў Рызе, і адбылося гэта на пагосце святога Пятра, у час прабывання на апостальскім прастоле папы Інакенція IIІ, у час царавання імператара Атона.

Адслужылі месу, і Вячка, развітаўшыся з дачкою, Альбертам і Генрыхам, у суправаджэнні дваццаці рыцараў епіскапа накіраваўся ў Кукейнос. Над Рыгай бязважка плавалі маленькія пушыстыя воблачкі.

Усю дарогу князь маўчаў, нечаму ўсміхаўся, на прывалах часта і доўга маліўся. «Няўжо гэта той самы Вячка, адважны страшны князь, пра якога нам расказвалі столькі жахаў? — дзівіліся рыцары. — Ды гэта бяскрыўдны манашак, верабей, якога выпусцілі з клеткі». Некаторыя з рыцараў пачалі пазіраць на князя з пагардаю, пачалі кпіць з яго. Калі на прывале Вячка хацеў сесці ля вогнішча, рыцар Готфрыд апярэдзіў яго, заняў ягонае месца і, хіхікаючы, глядзеў, як князь ірве траву і садзіцца на гэтую траву ўбаку ад вогнішча.

— Травяны кароль! — паказаў на Вячку пальцам, здзекліва засмяяўся Готфрыд. Так і пакацілася між рыцарамі:

— Травяны кароль! Травяны кароль!

У замку Леневардэн іх сустрэў рыцар Данііл. Убачыўшы Вячку, ціхмянага, пакорнага, затурканага ўсеагульнай пагардаю, радасна сказаў:

— Падцяў хвост, каралёк?

Ён шчодра пачаставаў рыцараў віном і мясам, Вячку ж не запрасіў у трапезную. Доўга пілі і весяліліся тэўтоны.

Нарэшце паказаўся Кукейнос. Готфрыд уважліва зірнуў на Вячку, але твар і вочы ў князя былі бясстрасныя, здавалася, нішто яго зараз не хвалявала і не цікавіла. Князь паныла сядзеў на кані, жаваў травінку. «Травяны кароль, як ёсць», — задаволена падумаў Готфрыд.

Радаснымі крыкамі сустрэў Кукейнос Вячку. Амаль усе воі і гараджане высыпалі на вал. Поп Сцяпан загадаў ударыць у звон. Але твары ў кукейносцаў спахмурнелі і пацямнелі, калі яны зблізку ўбачылі свайго князя. Не, гэта быў не іхні князь! Стомлены саннавокі чалавек сядзеў на запырсканым гразёю кані, абыякава і лена глядзеў на забаролы, на пад'ёмны мост, які апускалі перад ім.

— Падмянілі нам князя, — разгублена сказаў старшы дружыннік Халадок, бачачы, як цяжка, пастарэчаму злазіць Вячка з каня. — Ён жа птушкаю вылятаў з сядла.

— А можа, тэўтоны мухаморамі атруцілі князя? — ціха і спалохана спытаўся ў стрыя Якава Мірошка. У Гарэлай Весі, чуў Мірошка, нявестка атруціла свайго свёкра — цэлы сонцаварот падлівала яму ў ежу адвар з мухамораў.

Якаў і Мірошка глядзелі праз шчыліны ў забаролах, як павольна, быццам з неахвотаю, уз'ехаў князь на мост, як не ўзняў галаву, калі яго віталі кукейносцы. Здавалася, на шыі ў князя вісіць нябачны камень-жарнавік. Якаў прыкусіў губу, задумліва пазіраў на князя, потым сказаў:

— Не мухаморамі атруцілі нашага князя, Мірошка. Навошта тэўтонам атручваць? Яны, каб захацелі, мячамі б яго засеклі. Горам-бядой князя атруцілі.

У гэты час перад гарадскімі варотамі паказалася княгіня Дабранега ў суправаджэнні чалядніцы Куліны. Якаў спусціўся з вала, праціснуўся праз натоўп кукейносцаў бліжэй да Куліны, бо вельмі падабалася яму русакосая чалядніца. Куліна ўбачыла яго, усміхнулася, радасцю ўспыхнулі смуглыя шчокі.

— Добры дзень, княжа, добры дзень, мой гаспадар, — схілілася ў паклоне, а потым пацалавала стрэмя Дабранега. — Добра, што прыляцеў, голуб ясны, на свой двор.

Усе змоўклі, чакалі, што адкажа князь. Усе прагнулі пачуць першыя словы, якія ён прамовіць на роднай зямлі ў час вяртання. Але Вячка нічога не сказаў, марудна злез з каня, падышоў да княгіні, тройчы пацалаваў яе і разам з ёю моўчкі пайшоў у свой церам.

Кукейносцаў гэта страшэнна ўразіла і пакрыўдзіла. З усіх бакоў толькі і чулася:

— Язык праглынуў князь у Рызе!

— Хвастом тэўтонскім зрабіўся!

— Моцнай бічоўкай прывязаў Вячку Альберт да свайго сядла!

Самыя нецярплівыя і гарачыя прапаноўвалі паслаць ганцоў у Полацк і Літву, каб хутчэй прысылалі дапамогу супраць тэўтонаў, бо на князя Вячку ўжо нельга спадзявацца.

— Заснуў наш князь, — з сумам і горыччу сказаў Клімята Аднарук Мірошку, калі ўсе дзеці, якіх ён вучыў, сабраліся на хорах у царкве. — Хто б мог падумаць? Але пойдзем, дзеці, далей у навучанні. Запомніце: ад балгарцаў наш дух і слова…

А князь Вячка і сапраўды спаў. Спаў ужо другі дзень. Заціх, як вымер, церам, чалядніцы і халопы хадзілі на пальчыках, жука-бурчуна, які аднекуль з Дзвіны заляцеў раптоўна ў церам, лавілі вялікай гурбою і ў рэшце рэшт злавілі, хацелі раструшчыць, але дваровы хлопчык Анісім захныкаў і панёс яго з сабою, як жывую цацку.

Дзіўныя сны сніліся князю. То стаяў ён пасярод жытнёвага поля, якое дыбілася крутымі жоўтымі хвалямі, пакрываючы князя з галавой, і толькі васількі, як халодныя сінія зорачкі, зрэдку мільгалі ў гарачай жаўцізне. То ўзбіраўся на высокую старую ліпу, і чым вышэй залазіў, тым усё болей маладзейшай рабілася ліпа, а на самым версе, на самай макаўцы дрэва, ён убачыў цёмна-зялёны пяшчотны ліст, які павольна калыхаўся, уздрыгваў на тоненькай карычневай ножцы. Захацелася князю сарваць гэты ліст, каб адчуць пальцамі клейкую ліпкасць зеляніны, але загула, зашумела, чалавечым голасам закрычала старая ліпа: «Гэта мой сынок! Гэта мой сынок!», узмахнула ўсімі сваімі тоўстымі шурпатымі галінамі, напружылася ўсім маршчыністым ствалом і скінула князя-бедалагу на зямлю. Моцна стукнуўся ён аб карані і прачнуўся.

Ён ляжаў на мулкіх дошках свайго паходнага ложа і яшчэ адчуваў боль ад падзення, ад удару аб цвёрдыя карані. Ён узняў над сабою рукі, сціснуў іх у кулакі і чакаў са страхам, што не адчуе ранейшую сілу ў кулаках. Але сіла была, бурлівая, хмельная, ранейшая. Тады ён рыўком скінуў з сябе покрыва, пругка ўскочыў на ногі, падбег да акна глянуць, светла або цёмна на двары. Быў самы поўдзень. Сонца, як маленькая распаленая грыўня, стаяла высока-высока ў небе, і ягоныя праменні, як вострыя залатыя мячы, рассякалі згусцелы ад спёкі блакіт.

І Вячка засмяяўся. Ён смяяўся доўга, бязгучна. Было лёгка, было добра. «Я вярнуўся!» — крычаў у душы звонкі ярасны голас.

Маладой чалядніцы ён загадаў, каб паклікала княгіню Дабранегу. Неўзабаве ў спачывальню ўвайшла Дабранега, разгубленая, спалоханая. Вочы заплаканыя, і на шыі завязана чорная, прашытая залатой ніткай хусцінка.

Вячка пацалаваў княгіню, зняў з яе шыі чорную хусцінку, шпурнуў прэч, сказаў:

— Дзе мая кальчуга? Дзе меч Усяславаў?

— Ой, князь, — прашаптала Дабранега і ўся засвяцілася ад радасці.

— А ты думала, што ў Рызе я зрабіўся манахам? — прытуліў яе да гарачых моцных грудзей Вячка. — Кліч сюды Халадка. Толькі кліч, каб чужыя вочы не ўбачылі, каб чужыя вушы не пачулі.

Прыбег старшы дружыннік Халадок, спыніўся на парозе спачывальні.

— Пасылай ганца кунігасу Даўгеруту, да аўкштайтаў,— сказаў Вячка.

Халадок, успыхнуўшы ад радасці вачамі, кінуўся выконваць загад, але Вячка спыніў яго.

— Што рабілі тэўтоны?

— Учора пілі віно і задзіраліся з полацкімі купцамі.

— Што робяць сёння?

— Сякуць камень-плітняк за гарадскім валам, хочуць будаваць побач з тваім церамам крэпасць. Рыцар Готфрыд у іх старшы.

— Зброю ўзялі з сабой?

— Яны заўсёды ходзяць са зброяй. І п'юць, і робяць з мячамі на поясе. Але зараз горача — яны могуць распрануцца і быць без кальчуг і мячоў.

Выслухаўшы такія словы Халадка, Вячка павесялеў, сказаў: