155503.fb2
— Усё зраблю, князь. Прышлю Якава Палачаніна і Мірошку, і да Даўгерута адразу ж чалавек памчыцца, — радасна пакланіўся Халадок і знік за дзвярамі.
Здавалася, майская бура ўляцела ў церам. Дружыннікі апраналі кальчугі, надзявалі шлемы, стараючыся рабіць як мага меней шуму, бралі шчыты, мячы, коп'і і лукі. Вячку прынеслі кальчугу, шлем і Усяславаў меч. Дабранега з паклонам падала цяжкі меч мужу, сказала:
— Будзь моцны душой і мячом, мой княжа. Святая Сафія глядзіць на цябе і чакае перамогі.
— Ты на мяне глядзіш, Дабранега, — сурова ўсміхнуўся Вячка. — Памру, але гонар палачан не аддам на знявагу. Добрая будзе валка98!
Ён рашуча трасянуў мячом.
У гэты час убеглі ў апачывальню Якаў Палачанін і Мірошка, абодва ўспатнелыя, чырванашчокія.
— Тэўтоны камень сякуць у вялікай яме, — выдыхнуў Якаў,— мячы і кальчугі звалілі на край ямы. Мокрыя ад поту, як балотныя жабы.
— Рубон, — ціха сказаў Вячка і выцягнуў з похваў меч.
— Рубон, — як парыў ветру, пранеслася па дружыне, што ўжо гуртавалася ва ўсіх пераходах церама.
— Князь, дазволь слова мовіць, — раптам сказаў Якаў.
— Гавары, Якаў Палачанін, — дазволіў Вячка, прыпыніўшыся на парозе.
— У рукаяць твайго мяча ўкладзены мошчы?
— Майстры, што рабілі меч, паклалі ў рукаяць мошчы святой Ефрасінні,— Вячка здзіўлена глядзеў на Якава, не разумеючы, куды той хіліць размову.
— Няпраўда. У рукаяці ляжаць барсуковыя косці.
І Якаў, спяшаючыся, пераказаў князю ўсю размову, якую ён чуў месячнай ноччу на двары баярына Івана. Дабранега і Халадок, што стаялі з князем, разгублена пазіралі на Вячку. Князь пакруціў у руцэ меч, падумаў, рашуча сцяў вусны.
— Валка чакае. Шмат працы будзе мячу. Адкуль мне ведаць, чые мошчы ляжаць у рукаяці? Што ж, няхай будзе барсук. Вядзі мяне, Святы Барсук!
Гарадскія вароты былі загадзя адчынены, і дружына Вячкі, не сцішваючы хады, знянацку атакавала тэўтонаў. Вячка бачыў белыя спалоханыя твары ворагаў. Храбусцела жарства пад нагамі. Пахла свежаўскапанай зямлёй. Біцца ў яме было цесна, не хапала размаху руцэ, і князь толькі калоў мячом. Некалькі тэўтонаў паспелі схапіць зброю і стараліся аддаць жыццё як мага даражэй. Яны былі голыя, беласкурыя, слізкія ад поту, як рыбіны. Пахла потам, і гэты ненавісны пах раз'ярыў Вячку. Ён закрычаў:
— Нікога не выпускайце з ямы! Сячыце ўсіх! Дачку Альберт мне ўсё роўна не аддасць. Табой ахвярую, дачка!
Дружыннікі з новай сілаю, з вялікай ярасцю рынуліся на тэўтонаў. Жменька ворагаў, што заставаліся яшчэ жывымі, была пасечана на шматкі. Толькі Готфрыд, вялізны, рыжавалосы, сціскаючы ў адной руцэ меч, у другой — кап'ё, прысланіўся спінаю да кучы вострых чырвона-бурых камянёў і, не зважаючы на раны і кроў, што ручаямі цякла па грудзях, мужна адбіваў усе ўдары дружыннікаў.
— Дайце — я яго з лука вазьму! — шалеючы, закрычаў Халадок, бо свае ж воі засланялі Готфрыда, перашкаджалі пусціць стралу. Ды ўсіх апярэдзіў Вячка. У адзін скок ён апынуўся перад Готфрыдам, засмяяўся:
— Пазнаў, тэўтон, травянога караля? Абараняйся! Готфрыд аскаліў у смяротнай тузе зубы, сабраўшы рэшткі апошніх сіл, ударыў мячом. Гэта быў страшны ўдар. Але Вячка ў той міг, як меч абрушваўся на умбон шчыта, рэзка павярнуў, крутнуў шчыт, і меч вырваўся з рукі Готфрыда. Тэўтон завыў ад злосці, крыкнуў:
— Ты — травяны кароль, а наша царква з жалеза! На каго ўзняў руку? Лыжкай не вычарпаеш акіян! Будзеш ляжаць каля ног нашай царквы!
— Беражы сілы, не крычы, — спакойна адказаў Вячка. — Памры дастойна, тэўтон, як паміраюць мужы.
Готфрыд пырнуў кап'ём, але Вячка спаймаў, заціснуў дрэўка ягонага кап'я пад пахаю левай рукі. Дарэмна Готфрыд спрабаваў вырваць кап'ё назад.
— А ці з жалеза твая выя, тэўтон?! — крыкнуў Вячка і коса секануў Готфрыда там, дзе шыя ўваходзіць у плечы. Галава надламалася, і ўсе ўбачылі жылы, як перасечаныя чырвоныя карані.
Валка скончылася. Лясныя пчолы гулі над мёртвымі тэўтонамі. Чаіцы сумна крычалі на Дзвіне. Вячка з хмурасцю глядзеў на справу сваіх рук, спытаўся:
— Хто з нашых богу душу аддаў?
— Дзецкага Грыкшу забілі,— адказалі яму.
— Добры быў вой. Прыгожа загінуў,— прамовіў Вячка. — Клічце айца Сцяпана і халопаў з церама. Трэба пахаваць усіх мёртвых.
Ён прысеў на цёплы ад сонца камень, заплюшчыў вочы. Ён не мог зразумець — радасць была на душы або туга.
— Князь, літва падыходзіць! — весела закрычаў Халадок.
Вячка ўскочыў з каменя. Зямля дрыжала ад конскіх капытоў. Пяць соцень прывёў з сабою Кунас, малодшы сын Даўгерута. Літоўцы былі высакарослыя, светлавалосыя, са звярынымі шкурамі на плячах, з лукамі, коп'ямі і мачугамі.
— Вітаю цябе, Кунас, — абняў і пацалаваў маладога кунігаса Вячка. — Хочаш сваім кап'ём прабіць жалезныя вароты Леневардэна?
— Даўно хачу, князь, — шырока ўсміхнуўся блакітнавокі загарэлы Кунас.
— Канюшыя і сядзельнічыя, рыхтуйце коней! — закрычаў Вячка.
У гэты час да яго падбег лоўчы Якаў, схіліў галаву, папрасіў:
— Дазволь слова мовіць, князь.
— Зноў пра барсука будзеш гаварыць? — раззлаваўся Вячка. — Нешта часта ты, Якаў Палачанін, маю дарогу пераходзіш.
— Бо адна ў нас дарога, — вытрымаў ягоны позірк Якаў.— Забілі дзецкага Грыкшу, князь…
— Ведаю, што забілі,— рэзка перапыніў яго Вячка.
— Дазволь узяць ягонага войскага каня і меч ягоны.
— Вунь яно што! Дружыннікам маім хочаш стаць?
— Хачу, князь.
— А ты ведаеш аб тым, што воі мае не толькі мёд п'юць, але і жываты кладуць?
Вочы ў Вячкі былі суровыя, пранізлівыя. Ён ва ўпор глядзеў на Якава.
— Ведаю і не баюся, — адказаў Якаў.
— Малайчына! Хвалю на добрым слове, — усміхнуўся Вячка і крыкнуў: — Даць Якаву Палачаніну каня!
Падвялі коней Вячку і Якаву. Вячка ў імгненне вока ўскочыў у сядло. Якаў садзіўся на каня больш марудліва, але ўсё-такі як уліп у сядло, і збоку няблага глядзеўся, быццам увесь век на баявых конях ездзіў. І зноў сказаў:
— Дазволь, князь, яшчэ адно слова мовіць.