155503.fb2
Потым паклікаў Вячка Якава з Кулінаю, сказаў:
— Я помню сваё слова, Якаў Палачанін. Заўтра кукейноскай царквы не будзе — згарыць. І пакуль божы дом цэлы, няхай павянчае вас айцец Сцяпан, а я вып'ю добрага віна за ваша шчасце.
Апошні ж загад, які аддаў Вячка Мірошку і Якаву, шмат каго здзівіў.
— Ідзіце ў лес, выкапайце малады дубок і прынясіце мне, — загадаў князь.
Яны доўга шукалі добрае прыгожае дрэўца, нарэшце знайшлі, асцярожна выкапалі, асцярожна прынеслі ў Кукейнос. Ля гарадскіх варот іх чакаў Вячка. Узяў дубок, пайшоў з ім, трымаў на руках, нібы свайго сына. Адышоўшы сажняў на дзвесце ад Кукейноса, запытаўся ў Якава:
— Не абпячэ заўтрашні агонь дубок, калі мы пасадзім яго на гэтым месцы?
— Не павінна гарачыня дасюль дакаціцца, — сказаў Якаў, прыкінуўшы на вока адлегласць да гарадскіх варот.
Вячка ўзяў лапату, сам выкапаў яму, сам пасадзіў дрэўца, старанна засыпаў карэнні зямлёй, злёгку прытаптаў.
— Расці,— сказаў дубку. — Помні пра нас. Прыйдуць чужыя, усё на свой капыл тут павернуць, а ты нас помні. Вернемся не мы, дык вернуцца нашы нашчадкі,— і пацалаваў халодную пругкую галінку.
Людзі развітваліся з горадам, з жытлом, з магіламі. Не абышлося без слёз, але так бывае заўсёды, калі раптоўная бяда ўздыме народ з абжытага месца, калі здаецца, што гора бязмернае і вось-вось рухне на галаву неба і зямля расчыніцца пад нагамі. Сівабародыя дзяды збіралі ўвесь свой род, і чулася спрадвечнае:
— Сядайце радком, кажыце ладком… І садзіліся, і гаварылі, і маўчалі…
Апошні свой дзень дажываў Кукейнос. Людзі з усім скарбам, з жывёлаю ўжо выйшлі за гарадскія сцены. Толькі некалькі дружыннікаў засталіся ў горадзе. Яны павінны былі па знаку князя запаліць паходні і кінуць іх у загадзя нарыхтаваныя, аблітыя смалою кучы дроў, якімі былі абкладзены церам, царква, дамы баяр і купцоў.
Вячка з дружынаю ўзышоў на вал, глядзеў туды, адкуль чакаўся святы Зніч. Цёплая раніца прамывала срэбнай расою вочы кветкам. Праменні сонца ляцелі з нябёсаў, разбіваліся аб крыштальную роўнядзь ракі. Нават на вале было чутно, як стракочуць у густой траве няўседы-конікі.
— Едуць! Едуць! — закрычалі воі. Тры маленькія кропкі — дзве чорныя і адна чырвоная над імі — паказаліся на небасхіле.
Неўзабаве ўспыхнуў, загарэўся з усіх бакоў Кукейнос. Гудлівае полымя рабіла сваю справу дружна і весела, але невясёлыя былі твары ў людзей, якія з чыстага поля, трымаючы на руках дзяцей, пазіралі на ўсё гэта. Вячка сядзеў на кані, сціскаў у руцэ меч, неадрыўна глядзеў на свой горад. У воблаках дыму, у слупах агню згарала часцінка ягонай душы. Але вочы былі сухія, сэрца білася роўна. Ён сам, уласнай рукою, запаліў свой дом, каб не пусціць у яго ворага. Ён збудуе сабе новы дом, бо ўсё ягонае пры ім — ясная галава, моцныя рукі і вольная воля, дзеля якой не страшна і памерці.
Гарэў Кукейнос…
Побач з князем шумеў малады дубок.
Мінуў не адзін сонцаварот… Шмат разоў мяняўся лёд на Дзвіне і ляцелі вясною гусі на далёкія лясныя азёры. Нарадзіліся немаўляты. Памерлі дзяды. Цякло жыццё — кароткі агеньчык існавання між начных берагоў вечнасці.
У спякотным Рыме аддаў богу душу папа Інакенцій IIІ, і адразу ж кардыналы ўсчалі між сабой грызню за папскую тыяру, за права быць «рабом рабоў божых». Ліў Каўпа, адданейшы Каўпа, як называў яго ў сваёй хроніцы Генрых, быў прабіты навылёт кап'ём эста, прыняў тайны цела божага, са шчырай споведдзю выпусціў дух і ўсё сваё дабро завяшчаў рыжскай царкве. Літоўскі князь Даўгерут памёр на халоднай саломе ў тэўтонскай турме. Яго высачылі і схапілі ў той час, калі ён вяртаўся з невялічкай дружынаю з Ноўгарада ў свае лясы.
Тэўтоны прывабілі вялікага князя полацкага Уладзіміра Валадаравіча «вечным мірам». Так бортнікі прывабліваюць пчалу на талерку з мёдам. Пад час размоў аб міры Альберт прымусіў Уладзіміра адмовіцца ад збору даніны з ліваў. Лівы пачалі плаціць даніну рыжскай царкве. Хоць запозна, але Уладзімір зразумеў сваю памылку, і калі да яго прыйшлі Вячка са старэйшынам эстаў Лембіту і прапанавалі аб'яднанай сілаю выступіць супроць Рыгі, згадзіўся, пачаў збіраць войска. Цёплай зеленатраўнай вясною войска сышлося ў стольным Полацку. Уладзімір, вясёлы і рашучы, надзеў баявую кальчугу, шлем, абпаясаўся мячом, узбег на багаты княжацкі струг пад крыкі ўсяго войска, і раптам з горла хлынула кроў. Князь упаў і памёр. Войска, якое ўжо ішло, расцягвалася ў чырвона-сінюю вужаку на правым беразе Дзвіны, спынілася, анямела. Вялікае Біла загрымела ў Полацку. Усіх тэўтонаў і лацінян, якія былі ў той час у Полацку, забілі. Баярына Доўбню схапілі ў Пятніцкай царкве і пасадзілі на палю. Але ў смерці князя ўбачылі нядобры знак нябёсаў, і войска разышлося, растала, як сакавіцкі снег.
Вячку нечаканая смерць князя таксама надоўга выбіла з сядла. Ніколі не сябравалі яны з Уладзімірам Валадаравічам, варагавалі. Уладзімір скінуў з полацкага стальца ягонага бацьку, пастрыг у чарняцы старэйшага брата Васільку. Дзе ўжо было сябраваць? І вось упершыню за доўгія гады зразумелі яны, што павінны стаць пад адзін сцяг, біць агульнага ворага, а вялікі князь узяў ды памёр. Здавалася, нават і цяпер не захацеў стаць саюзнікам Вячкі.
За час, што праляцеў з таго дня, як Вячка спаліў Кукейнос і зрабіўся князем-ізгоем, сівізна прабілася ў яго на скронях, рэзкія маршчыны ляглі на лоб. З дружынаю ў дзве сотні вояў, з княгіняй Дабранегай і трыма яе чалядніцамі, з Клімятам Аднарукам і Мірошкам, якога ўжо даўно звалі Міронам, з Якавам Палачанінам і Кулінай, у якіх ужо нарадзілася двое хлопчыкаў, вандраваў князь па лясах і балотах, то ў Літву знікаў, то на Дзвіну выходзіў і ў тэўтонскіх лоддзях днішчы прасякаў, то ішоў да земгалаў і разам з імі паляваў на рыцараў-мечаносцаў.
Тэўтоны пачалі зваць Вячку шалёным каралём і таксама стараліся ўпаляваць яго, некалькі разоў падсылалі забойцаў. Аднойчы ў гнілым балоце на левым беразе Дзвіны Халадок з воямі выцягнуў з багны страшэнна худога знясіленага чалавека, які ледзьве дыхаў. Па сівой барадзе ў незнаёмца жвава бегалі сінія балотныя жучкі. Ён ляжаў, заплюшчыўшы вочы, калаціўся ад холаду пад яркім гарачым сонцам. «Жывыя мошчы», — сказаў пра яго Халадок. І вось калі Вячка прыйшоў глянуць на няшчаснага, нахіліўся над ім, гэтыя «мошчы» раптам выхапілі з-пад бруднай закарэлай кашулі нож, і толькі крыж-складзень, што вісеў на грудзях, выртаваў князя ад немінучай смерці.
— Хто паслаў цябе? — запытаўся Вячка ў незнаёмца, калі таго вялі, каб утапіць у балоце.
— Усё роўна паміраць, — спыніўся, раўнадушна глянуўшы на князя, незнаёмец. — Скажу. Мяне паслаў клірык Генрых з Рыгі. Ведаеш такога? Ён чамусьці вельмі ненавідзіць цябе.
Генрых… Зноў Генрых… Вячка не забыўся пра яго, добра помніў Рыгу, напружаныя вочы маладога светлавалосага свяшчэнніка, якія чагосьці страсна чакалі, помніў дачку Соф'ю, што загаварыла раптам на чужой мове. Як узрадаваўся тады Генрых, якім шчасцем заззяў ягоны твар!
Цяпер Вячка разумеў, што самы галоўны і самы люты ў яго праціўнік — Генрых. Мечаносцы і Альберт хочуць узяць у скораных тубыльцаў зямлю і волю, Генрыху ж гэтага мала — ён хоча забраць душу. «Душу я табе не аддам, — з халоднай рашучасцю думаў Вячка. — Душа ў мяне адна і да скону будзе належаць зямлі, якая мяне ўзгадавала. Я ведаю, чаму ты так ненавідзіш мяне і ўсіх падобных на мяне. Таму, што ты выракся свайго кораня, сваёй веры і мовы і хацеў жыць спакойна і шчасліва, але раптам убачыў, што ёсць на свеце людзі — і такіх людзей нямала! — якім даражэй за жыццё, даражэй за ўсе зямныя багацці вернасць бацькоўскаму краю. Хай гэты край бедны, хай туманы і дажджы часта засланяюць у ім сонца, але ён родны — і гэтым сказана ўсё. У цябе няма такога краю, ты страціў яго, ты хацеў назаўсёды забыцца пра яго, але ёсць няўмольны голас памяці, голас продкаў, голас крыві. І ён будзіць цябе ўначы, прымушае глядзець на цёмнае неба, на няясныя абрысы воблакаў, што плывуць і плывуць, як маўклівыя караблі, над соннай зямлёй. Што гэта? Хто гэта? Воблакі? Душы продкаў? Душа тваёй маці, пра якую ты забыўся, стараўся забыцца? Няшчасны чалавек! Ты сам аслеп і хочаш, каб усе аслеплі. Але такога не бывае, бо вочы дадзены людзям, каб глядзець і бачыць. Бачыць сваю маці, сваю зямлю, бачыць сцяжынку, што праз гора і радасць нязменна вядзе да сваёй маці і да сваёй зямлі».
Пасля раптоўнай смерці Уладзіміра Валадаравіча Вячка з дружынаю канчаткова перайшоў на землі эстаў. Было некалькі прычын, каб зрабіць такі выбар. Па-першае, тэўтоны, з усяго маху стукнуўшыся аб жалезны полацкі шчыт, зразумелі, што на Дзвіне прайсці на ўсход ім не ўдасца, і дзякуй богу, што хоць удалося замацавацца ў нізоўі Дзвіны. Усю сілу свайго напору Альберт і мечаносцы перанеслі на эстаў, ваяўнічых, адважных, але разрозненых. Запалаў агонь крывавай жорсткай вайны ў Сакале, Унгаўніі, Віроніі, Сантагане і іншых маакондах100. А дзе былі тэўтоны, дзе была вайна, там з'яўляўся і Вячка, нездарма ж у Рызе і ў Рыме яго аб'явілі самым страшным сваім ворагам, шалёным каралём. Па-другое, вельмі блізка сышоўся, пасябраваў князь са старэйшынам эстаў Лембіту і ягоным сынам Меэлісам, якія вялі ўпартую бязлітасную барацьбу супраць тэўтонаў. Малева101 эстаў разам з дружынай Вячкі не адзін раз ушчэнт разбівала і мечаносцаў, і рыцараў епіскапа Альберта. Але яны, здавалася, былі шматгаловай гідраю — на месцы адсечанай галавы адразу ж вырастала новая, нават дзве галавы вырасталі, і няўмольныя жалезныя шчупальцы зноў лезлі ўперад, крышачы ўсё, што траплялася на дарозе.
У тым самым баі, дзе прабілі кап'ём Каўпа, загінуў і Лембіту. Радасныя тэўтоны адсеклі эсту галаву і ў скураным мяшку павезлі яе ў Рыгу да епіскапа Альберта. У мёртвай галавы вочы былі адкрытыя, і калі галаву паказалі ўсяму капітулу, клірыкі ўздрыгнулі — такая злосць, такая ярасць свяцілася ў мёртвым позірку. Альберт загадаў патаемна ад усіх закапаць галаву Лембіту ў манастырскім садзе.
Вячка ўжо не мог спыніцца. Дарогі да прымірэння з тэўтонамі не было, ды ён і не шукаў яе, не хацеў шукаць. А тэўтоны шукалі. Некалькі разоў ад Альберта і Генрыха прыязджалі ганцы з прапановаю заключыць ганаровы мір. Альберт абяцаў Вячку, калі той пакладзе меч у похвы, вярнуць Кукейноскае княства. Кукейнос называўся ўжо Кокенгаўзенам, і тэўтоны пабудавалі ў ім каменную цытадэль.
«Ці расце там мой дубок?» — неаднойчы думаў Вячка, калі ноч апускалася на паходны лагер, калі зоркі, як строгія неадступныя вочы, пачыналі глядзець з цёмнага неба на цёмную зямлю. Князь адчуваў і разумеў, што тэўтоны з кожным годам усё больш урастаюць у Лівонію, усё больш мацнеюць і робяцца тым каменем, які не спіхнеш, не зваліш у адзіночку. Мала аднаго пляча. І ён паехаў у Ноўгарад.
Дарога заняла амаль месяц. Князь плыў на ладдзі па нетаропкіх рэках і бурных азёрах. На волаках валачане пад наглядам волацкага цівуна выцягвалі лоддзю з вады на бераг, падклаўшы пад яе дубовыя каткі. Потым ставілі ладдзю на колы — вялізную павозку, у якую былі ўпрэжаны цяглавыя коні,— і везлі да наступнай вады. Цяжка рыпелі колы. Матаючы галовамі, павольна ішлі коні, і хмары аваднёў кружыліся над імі.
Чым далей прабіраліся на поўнач, тым больш халаднелі неба і вада, больш высокімі і пушыстымі рабіліся белыя, падзалочаныя сонцам воблакі. Разам з Вячкам плылі Халадок, Якаў Палачанін, Клімята Аднарук, Мірон — так, той самы Мірошка, але ўжо з прыгожай цёмнай бародкаю — і дзесяць вояў.
Недзе пасярэдзіне дарогі прыбіліся да каравана полацкіх купцоў, дзе было шэсць стругаў, нагружаных велізарнымі шэра-жоўтымі камянямі воску, з якога наўгародскія залатары робяць мадэлі-адліўкі для сваіх будучых вырабаў, вядомых нават у Саксоніі і на Гоцкім беразе, — там іх называюць дзівоснымі.
Павольная рака мякка і няспынна каціла свае хвалі, робячы ў заліўных лугах, у сасновых барах, што высозна ўставалі на пясчаных бледна-залатых стромах, вялікія петлі. Пры набліжэнні такой пятлі стырнавы пярэдняга струга прыкладваў да губ сурму, і трывожныя, адначасна радасныя і сумныя гукі несліся ўперад, каб папярэдзіць таго, хто мог выплысці з-за павароткі, што яму насустрач ідзе вялікі караван. Вячка любіў слухаць голас бяссоннай сурмы. Было ў ім нешта ад цягучага крыку мокрай восеньскай птушкі, якая адбілася ад чарады і кружыцца, мітусіцца ў халодным, аж ледзяным небе і губляе пёры, і пёры тыя бязважка падаюць на зямлю з нябеснага змроку, як першы нясмелы снег.
Зямля, вада, святло і вецер плылі насустрач, і не было ім канца — зямлі, вадзе, святлу, ветру. Уздоўж ракі на нізкіх, вільготных берагах часам трапляліся валатоўкі-курганы, што зараслі травой і хмызняком. У тых валатоўках, кажуць людзі, пахаваны воі велізарнага росту, якія жылі на свеце яшчэ тады, калі зямля была з чыстага срэбра, а рэкі з хмельнага мёду.
Нарэшце прыплылі ў Ноўгарад. На Гарадзішчы, там, дзе Волхаў выцякае з возера Ільмень, Вячка сустрэўся з наўгародскім князем Яраславам Усеваладавічам, сынам Усевалада Вялікае Гняздо, братам вялікага князя ўладзімірскага Юрыя Усеваладавіча. «І тут, як у Полацку, князёў з дзядзінца выгналі, і сядзяць яны за горадам», — падумаў Вячка.
Яраслаў быў на чатыры сонцавароты маладзей за Вячку, высокі, хударлявы, з учэпістым позіркам невялікіх шэрых вачэй. Ён княжыў у Пераяслаўлі, Разані, Галічы і ўсюды сварыўся з баярамі, адусюль яго выганялі, але потым запрашалі зноў, бо быў ён князем адважным, рашучым, жыцця свайго ў сечы не шкадаваў. Наўгародцы таксама то запрашалі, то выганялі Яраслава. Ен з усім гэтым звыкся і весела сказаў Вячку пры сустрэчы:
— Усяго некалькі сядміц сяджу з дружынаю ў Гарадзішчы. Гайда да мяне, князь.
— Не магу, — адмовіўся Вячка. — Хачу сесці ў Юр'еве, які Яраслаў Мудры, сын Рагнеды Полацкай, заклаў на землях эстаў. Эсты называюць яго Тарпату, а тэўтоны — Дорпат. З-за гэтага і ў Ноўгарад прыплыў, прасіць у цябе, князь, і ў веча наўгародскага дапамогі. Тэўтоны ўкараняюцца на захад ад Чудскога возера, а мы робім туды толькі набегі. Трэба садзіцца там, караніцца, а то тэўтоны з датчанамі заўтра на Ноўгарад палезуць. Эсты паўсталі на астравах і на мацерыку, і я хачу пайсці ім на дапамогу, але ў мяне мала сілы.
— Без сілы тэўтонаў з ног не зваліш, — уважліва паглядзеў на Вячку Яраслаў.
— Вось і прашу ў цябе, князь, сілы і зброі.
— Зброю дам і дам сваіх дружыннікаў, але няшмат, бо сам на Калывань102 іду, — адказаў Яраслаў.— А зараз пайшлі, князь, у Спас-Нярздзіцу богу маліцца, каб дараваў нам перамогу.
Царква Спас-Нярэдзіца нібы плыла ў сонечных промнях на невысокім узвышшы, аддзеленым ад Гарадзішча ракой Спасаўкай. Сцены, слупы, аркі, купал — усё было пакрыта фрэскамі. Прарок Давід стаяў на поўны рост, сціскаючы ў левай руцэ скрутак пергаменаў. Над ягонай галавой ззяў залацісты німб. Анёлы, здавалася, лёталі над Вячкам. Сорак пакутнікаў цёмнымі вачамі глядзелі на яго. Князь адчуў нясцерпнае хваляванне, застыў побач з Яраславам на каленях, узяў свечку, папрасіў бога:
— Дай Полацку і Ноўгараду перамогу.
А назаўтра ён стаяў на вечы, кланяўся вялікаму Ноўгараду, і ззяла над ім і над усімі наўгародская Сафія, бронзавыя вароты якой воі-наўгародцы прывезлі з-за мора, калі раптоўным страшным ударам знішчылі ў адзін дзень сталіцу свеяў Сігтуну. На тых варотах выбіты фігуры майстроў-ліцейшчыкаў з абцугамі і вагамі ў руках і напісана: «Рыквін мяне зрабіў».
З дапамогай Ноўгарада Вячка асталяваўся ў Юр'еве, на высокім пясчаным пагорку, які знаходзіўся сярод балоцістага лугу над ракой Змайыгі, што азначае на мове эстаў — Мацерка Вод. Князь Яраслаў стрымаў слова — даў Вячку пяцьдзесят сваіх вояў. Тры сотні эстаў прывёў юны Меэліс, які заўсёды хадзіў з лёгкім арбалетам, са скураным тулам, набітым стрэламі.
У Юр'еве, пад ахову гарадскога вала, сышлося з Сакалы і Унгаўніі, з лэцкіх зямель тысячы дзве галоднага шумлівага люду, у большасці сваёй жанчыны і дзеці. Яны спалі проста на зямлі, падаслаўшы саломы, лугавой травы або яловых лапак. Шматлікія кастры дыміліся ў розных месцах, і ад іхняга дыму ў вояў, што круглы дзень стаялі каля забаролаў, слязіліся вочы.
У першыя месяцы Вячка з дружынаю рабіў паходы ў глыб эстонскіх земляў, збіраў зерне, рыхтаваў салёную, вяленую зверыну — галоўную ежу вайны, браў даніну вайпай — грубым трывалым палатном. І ўвесь час адчуваў, што з усіх бакоў цісне на Юр'еў агромністая неадольная сіла. Тэўтоны пакрысе падбіраліся да Юр'ева. Альберт зрабіў епіскапам Эстоніі свайго брата Германа, кафедру новай царквы асталяваў у Одэнпе, на Мядзведжай Гары. Каб развязаць сабе рукі, тэўтоны прымірыліся з датчанамі. Граф Генрых Шверынскі ўзяў у палон дацкага караля Вальдэмара, і датчане адразу зрабіліся памяркоўнымі, прыслалі на дапамогу епіскапу Альберту сваё войска. Вогненная пастка вось-вось павінна была зачыніцца.