155503.fb2 Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

Меч князя Вячкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 53

— Цярпі, вой, — сказаў Вячка, нахіліўся і пагладзіў яго па шчацэ. Вочы ў параненага ўспыхнулі, засвяціліся, ён хацеў нешта сказаць, ды не змог, сціснуў руку ў кулак, вырваў з зямлі некалькі тонкіх зялёных травінак.

«Я вяду іх на смерць», — думаў Вячка, слухаючы стогны сваіх параненых вояў. Яны заўважылі князя. З усіх бакоў пацягнуліся да яго, як да свечкі, рукі, вочы.

— Вячка! Князь Вячаслаў! — чулася наўкол.

Ён стаяў сярод іх, і сэрца трапятала ад смутку і радасці. «Каб я мог, — думаў ён, — навальнічную ваду ўсіх нябёсаў я аддаў бы ім, сваім харобрым, сваім верным воям. Я напаіў бы навальнічнай вадою ўвесь свой народ. Мой народ! Якая моц, якая адвага і цярплівасць жыве ў ім!»

Ён хадзіў паміж параненых, заглядваў кожнаму ў твар, некаму ўсміхаўся, некага суцяшаў. Ён адчуваў, як зноў напаўняецца сілай паміж гэтых знявечаных, бяссільных людзей.

«Якім словам нашчадкі ўспомняць мяне, маіх вояў? — думаў Вячка. — Што скажуць пра нас? Я, як і ўвесь мой народ, жыў у вечных баях. На ўдар мы адказвалі ўдарам, не скарыліся нікому, ні перад кім не схілілі галаву. Такі народ не памірае. Я шчаслівы, што жыў і жыву з такім народам. Я шчаслівы, бо я чуў крык ваўкалака над Дзвіной».

Ён паспяшаўся да сівабародага воя, які ўжо канаў, сказаў яму:

— Давай пабратаемся з табою.

Зняў свой нацельны крыж, павесіў на шыю вою, а ягоны — на шыю сабе.

— Вось мы і братанічы з табою, — усміхнуўся Вячка. — Цяпер і паміраць не страшна.

У гэты самы час Генрых сядзеў у шатры Альберта, слухаў шум бою і пісаў у сваёй хроніцы: «І сабраліся ў замак Дорпат да караля Вячкі ўсе ліхадзеі з суседніх земляў і Сакалы, здраднікі, братазабойцы, забойцы браццяў-рыцараў і купцоў, завадатары злых змоў супраць лацінскай царквы. Галавой і мозгам іхнім быў усё той жа кароль Вячка, бо і сам ён даўно стаў коранем усялякага зла ў Лівоніі».

Генрых устаў, пачаў нервова хадзіць па шатры. Гукі бою ўзмацняліся, пагрозліва насоўваліся, наплывалі на шацёр. «Хто пераможа — я ці ён? — думаў пра Вячку Генрых. — Я ці ён?» Разбалелася галава. Гэтак здаралася ўжо не аднойчы, але сёння боль быў асабліва нясцерпны, востры, нібы кроплі расплаўленага свінцу лілі проста на мозг. Вядома ж, ён ператаміўся, пішучы сваю хроніку, трэба было б адпачыць, але ж чакае Альберт, чакае ўся рыжская царква. Хіба можна не спраўдзіць іхняе чаканне?

У шацёр увайшоў манах у цёмнай рызе з капюшонам. Генрых кінуўся да яго, усхвалявана запытаўся:

— Ты бачыў Вячку? Гаварыў з ім?

— Бачыў і гаварыў, як бачу і чую цябе, — адказаў манах. — Кароль адмаўляецца пакінуць Дорпат. Ён нават не стаў мяне слухаць і прыгразіў, што загадае сваім слугам шпурнуць мяне з вала галавою ўніз.

— Ты казаў каралю, што мы захаваем яму жыццё, шчодра яго ўзнагародзім, калі толькі ён пакіне гэтых адступнікаў-эстаў з Меэлісам? Што мы дадзім яму коней на дарогу да Полацка або Ноўгарада — у любы бок, куды ён пажадае.

— Кароль сказаў, што эсты ягоныя браты, а братоў у бядзе не кідаюць.

— Шалёны кароль, — разгублена прамармытаў Генрых. — Шалёны кароль…

Ён сціснуў скроні, бо жорсткі боль з нечуванай сілаю ўспыхнуў у галаве.

— Табе дрэнна, святы айцец? — пачціва запытаўся манах.

— Ідзі,— млява махнуў рукою Генрых. Калі манах выйшаў, ён лёг проста на затаптанае грубае палатно, якім быў засланы шацёр. Боль паступова слабеў, змяншаўся. Ужо гарошынка болю перакочвалася ў галаве, але і яна супакоілася. «Божа, не дай мне звар'яцець, — думаў Генрых. — Няхай звар'яцее Вячка, твой і мой вораг». Ён узняўся з падлогі, зноў паклікаў манаха і, калі той увайшоў, запытаўся:

— Ці гатовы княжацкія стрэлы?

— Гатовы, — адказаў манах. — Мы зрабілі дзесяць штук.

— Пакажы.

Манах паспешліва выйшаў з шатра і неўзабаве вярнуўся са стралой у руках, асцярожна падаў яе Генрыху. Гэта была звычайная тэўтонская страла з жалезным наканечнікам, сотні якіх несліся зараз на забаролы Дорпата. Толькі каля апярэння была навязана кароткая чырвоная стужачка. Ды Генрых ведаў, што гэтая страла не абы-якая — наканечнік у яе быў густа змазаны атрутай.

— Аддай стрэлы нашым самым трапным арбалетчыкам і няхай страляюць імі толькі ў Вячку, — сказаў манаху Генрых. Ён памаўчаў і зноў паўтарыў: — Толькі ў Вячку. Калі яго не бярэ божае слова, дык возьме божы гнеў. Ён жа не дужа хаваецца?

— Кароль Вячка — адважны рыцар, — сказаў манах. — Ён не туліцца за спіны свайго войска.

У гэтых словах Генрых улавіў як бы прыхаваную насмешку над самім сабой, што сядзіць у шатры ў той самы час, калі ісцінныя сыны лацінскай царквы пад градам камянёў і стрэл, пад ручаямі пякучай смалы ідуць на варожы вал.

— Забіце Вячку! — раптам закрычаў Генрых. — Забіце і прынясіце мне ягоную галаву!

Злосць, якую ён старанна хаваў ад старонніх вачэй, здаецца, разломвала грудную клетку, раздзірала на кавалкі сэрца. Ён і сам здзівіўся — колькі, аказваецца, жыве ў ім злосці!

У сваім шатры епіскап Альберт сабраў усіх военачальнікаў. Прыйшлі Фрыдрых і Фрэдэгельм, суддзя пілігрымаў Герберт, брат Альберта Іаан. Усе толькі што ўдзельнічалі ў штурме Дорпата, яшчэ гарачы пот ззяў на скронях, яшчэ пахлі дымам белыя плашчы, а ў Фрэдэгольма смалой, якую лілі дружыннікі Вячкі з вала, была абпалена шчака, і ён ад вялікага болю кусаў губы.

— Сыны лацінскай царквы гінуць ад рук вераадступнікаў, ад рук слуг сатаны, — са скрухаю сказаў Альберт. — Давайце памолімся за супакой іхніх душ.

Усе апусціліся на калені, пачалі маліцца, потым суддзя пілігрымаў Герберт усклікнуў:

— Трэба ўзяць замак прыступам, з бою і адпомсціць ліхадзеям на страх іншым. Кожнага, хто з нашых першы ўзыдзе на вал, мы праславім, дадзім яму лепшых коней і лепшага палоннага з тых, што возьмем у замку, акрамя караля Вячкі, якога ўзнясем над усімі, павесіўшы на самым высокім дрэве.

Усе, хто быў у шатры, з ухвалою заківалі галовамі. Пачыналася лебядзіная песня Вячкі.

Асадную вежу, якая ўзвышалася ўпоравень з гарадскім валам, насунулі на роў і пад яе прыкрыццем пачалі рабіць падкоп. Палову свайго войска кінуў Альберт на падкоп. Уразаліся ў цвёрдую халодную зямлю ўдзень і ўначы. Адны капалі, другія ў плашчах, у скураных мяшках і лазовых кошыках, поўзаючы ракам, выносілі з падкопу зямлю.

У Юр'еве ўсе чулі, як скрыгочуць тэўтонскія рыдлёўкі ў тоўшчы гарадскога вала. Здавалася, скрыгоча зубамі сама смерць.

— Праклятая вежа! — усклікнуў Меэліс і стрэліў з арбалета.

— Трэба падпаліць яе, — сказаў Вячка. — Клічце сюды Халадка і Якава Палачаніна.

Зрабілі вялізныя драўляныя колы, напоўнілі іх пакуллем, смалой, падпалілі і пусцілі з вала проста на вежу, увесь час кідаючы зверху ў агонь сухія дровы, якія падносілі жанчыны і дзеці. Вежа пачала загарацца, але тэўтоны ў латах, ахвяруючы сабою, рынуліся да падножжа вежы, разламалі, пасеклі колы, патушылі полымя. Град камянёў і стрэл паляцеў на тэўтонаў, некалькі дзесяткаў іх загінула, ды вежа ацалела і, як бязлітасны Галіяф103, стаяла поруч з гарадскім валам.

— Пачакай, мы цябе ўсё-ткі падсмажым, — пагразіў Халадок вежы кулаком і налёг плячом, разам з Якавам, Міронам і некалькімі эстамі пачаў спіхваць з вала яшчэ адно кола. Яно як бы з неахвотаю кранулася з месца. Зарыпеў гарачы абвуглены пясок, узвіўся бела-шэры попел. Вось кола пачало набіраць ход, і раптам Халадок ці то паслізнуўся, ці то страціў раўнавагу ад гарачыні і вышыні, але здарылася жахлівае і непапраўнае — кола схапіла старшага дружынніка за крысо абпаленага плашча, падмяла пад сябе і пакацілась ўніз, у агонь, у смуродлівы дым.

— Халадок! — закрычаў Мірон. — Халадок!

Ён адчуў, як падкошваюцца калені, і апусціўся на вал каля разбітых, раструшчаных тэўтонскімі камянямі забаролаў. Ён успомніў далёкі-далёкі дзень, хатку, у якой хаваўся ад ваўкоў, паміраў з голаду, і вясёлага, дужага, сінявокага воя, што пад'язджаў да хаткі, накалоўшы на кап'ё воблака.

— Халадок! — зноў крыкнуў Мірон і заплакаў. Падбег Вячка. У руцэ — меч, шлем з'ехаў набок, і пасма спатнелых светлых валасоў прыклеілася да смуглага лба.

— Дзе Халадок? — запытаўся ў Мірона Вячка. Мірон усхапіўся з зямлі, паказаў рукою ўніз, у полымя і дым.

— Там.

— Э-эх… — толькі і сказаў Вячка. Пачуўся страшэнны грукат. Гэта тэўтоны ішлі на прыступ, удараючы ў літаўры, б'ючы мячамі аб шчыты.

— Рубон! — закрычаў Вячка. — Усе на вал!

Але смерць у той дзень абмінула Халадка. Усе, хто абараняў Юр'еў, думалі, што старшы дружыннік загінуў, згарэў ля падножжа тэўтонскай вежы, а ён ацалеў, трапіўшы ў палон да Альберта. Наступнай раніцаю тэўтоны прыкруцілі Халадка ланцугамі да самага верху штурмавой вежы, хаваючыся за яго плячамі, стралялі ў абаронцаў гарадскога вала з арбалетаў. Так яны рабілі з усімі палоннымі ў час аблогі гарадоў.

Параненай знясіленай птушкай павольна падплываў разам з тэўтонскай вежаю Халадок да вала, які абаранялі ягоныя баявыя сябры. Палачане, наўгародцы і эсты спынілі страляніну, з вялікім шкадаваннем глядзелі на свайго няшчаснага скрываўленага, абпаленага пабраціма. Некаторыя плакалі. Вялікая пакута была ў тым, што побач, за некалькі дзесяткаў локцяў ад цябе, канаў суайчыннік, і нельга было яму памагчы. Халадок не захацеў, каб сум і слабасць прынесла яго смерць, гучна, на ўсе грудзі засмяяўся.