156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 12

— Гэта ты пакінуў агонь! Колькі разоў казаў — асцярожна з агнём!

Акліль моўчкі ўнурыў галаву. Можа, сапраўды яго недагляд? Ён апошні пакідаў жытло. Як бы там ні было, а цяпер усё скончылася — яны зноў без жытла. Ды калі! Напярэдадні зімы, ведзьмінага часу.

— І шчоткі згарэлі! — лямантаваў Хуары. — Янычар жа нас задушыць за адны толькі шчоткі, калі не аддамо.

Выціраючы злыя слёзы, Хуары першы рушыў прэч, да шашы ў горад. Цяпер толькі адно застаецца — схавацца ў Казбе, перажыць неяк зіму. Акліль машынальна павалокся следам.

— Не ідзі за мной! — закрычаў Хуары. — А то зараз як дам каменем! Каб я цябе ніколі не бачыў, злыдзень!

Акліль павярнуў да мора. Чорт з ім, з Хуары, пражыве ён і адзін! Хлопчык бачыў астравок і мігценне вогненнай кропкі на ім — відаць, стары рыбак ці яшчэ хто варыць нешта сабе на вячэру. Каб дабрацца да вострава! Можа, там ёсць якая мясціна, схованка ад блізкіх халадоў? Але куды гэта знік Хуары? Хутчэй за ім! У Казбе ім не сустрэцца, бо кожны будзе хавацца ад Селіма і яго шакалаў. А можа, і наогул Хуары пойдзе ў іншае якое месца. Скажам, на ўскраіну горада, дзе яшчэ засталася частка бідонвіля. Трэба параіць яму падацца туды, падалей ад Павука Селіма.

Яны і ўявіць сабе не маглі, што хутка, вельмі хутка Павуку будзе не да іх.

14. «ЗЯМЛЯК» МСЬЕ ВІЛЬНАЎ

Перад сваім ад'ездам у пустыню Сахара Добыш зрабіў два неасцярожныя ўчынкі. Першы мы ўжо ведаем — сустрэўся з Марыям і нечакана пазнаёміўся з Шабанам. А другі — наведаў Аіт-Хаммуша. Цягнула ўбачыць яго яшчэ раз, і Добыш узяўся выканаць даручэнне доктара Кійка — занесці старому лякарствы і сякі-такі харч. Добыша ўразіла, што стары спачатку быццам бы пазіраў прыязна, а на развітанне раптам сказаў, што на востраў прыходзіць не трэба. Вынікам яго наведання з'явіўся, як гэта называюць крыміналісты, «хвост». Добыша «праводзілі» да кватэры Кійка, і яго шчасце, што ён нікуды не пайшоў увечары, бо рана трэба было ад'язджаць. Але і да поезда яго зноў «праводзілі». І тут Добыш зрабіў яшчэ адзін неасцярожны ўчынак, ужо трэці. Даў уцягнуць сябе ў размову з незнаёмым чалавекам.

Гэта не адразу здарылася. Поезд прайшоў ужо, відаць, кіламетраў сто — і ажно ў галаве пачало круціцца: то горы, то спаленыя дашчэнту сонцам пляскатыя плато. Сонца пранізвала вагон то злева, то справа, то наогул свяціла аднекуль ззаду, то знікала зусім, калі поезд імчаў паміж высокіх шэра-блакітных скал. Добыш думаў, што, каб пабудаваць такую дарогу, патрэбна было высокае інжынернае майстэрства, добрыя тэхнічныя сродкі. Для сябе будавалі французскія каланізатары, вось і стараліся. Сто трыццаць два гады яны валодалі Алжырам, прывыклі лічыць яго сваім. Каб ведалі, што не для сябе, то гэтак бы не стараліся. Калі пасля цяжкай і доўгай вайны ім усё ж давялося пакінуць гэтыя мясціны, дык нават тых спецыялістаў-французаў, якія хацелі застацца і памагчы маладой дзяржаве, аасаўцы пагрозамі прымушалі пакінуць краіну. А непаслухмяных забівалі.

Да гэтага часу не хочацца ім прызнаць — былое не вернецца. А як верылі, што Алжыр стаў-такі ўсяго толькі заморскім дэпартаментам Францыі! Паверылі з таго часу, калі ўдалося падкупіць прыдворных і военачальнікаў знакамітага шэйха Абд аль-Кадзіра, які некалі здолеў узняць паўстанне супроць каланізатараў, і яно колькі гадоў палала тут з краю ў край. Народ верыў у Абд аль-Кадзіра, і простыя людзі выконвалі яго загады, нават калі ведалі, што ідуць на немінучую смерць. Незвычайны быў чалавек. Паэт і мудрэц. Калі яго войска захоплівала ваенныя трафеі, дык ён кнігі цаніў вышэй за золата. Неаднойчы адмяняў смяротныя прыгаворы людзям, якія ішлі супраць яго, па адной толькі прычыне, што былі толба — вучоныя. Апраўдваўся: душа не дазваляе знішчыць у адно імгненне галаву, у якой здабыткі многіх год упартых вучоных заняткаў. У яго дзяржаве асабістыя якасці чалавека карысталіся большай павагай, чым багацце ці знатнасць роду. Гэта адметная рыса характару алжырскага народа, і эмір зрабіў яе законам. Таму Карл Маркс і захапляўся ім, таму і пісаў, што еўрапейцам у яго многаму трэба павучыцца. Але французская буржуазія лічыла, што толькі яна можа вучыць, у яе ўсё лепшае, яна нясе народам свет «цывілізацыі», свабоду. А ўзамен патрабуе, каб яе слухаліся, яе загадам падпарадкоўваліся і ёй аддавалі тое, што яна жадае мець — чужую зямлю і чужыя набыткі. Прыдворным эміра надакучыла жыць, як прасталюдзіны, і рызыкаваць жыццём за нейкую там незалежнасць — і яны прадалі свайго правадыра. За маёнткі, якія каланізатары ім пакінулі ды яшчэ павялічылі, і за французскія залачоныя эпалеты палкоўнікаў і нават генералаў. Здраднікі засвойвалі французскія звычаі, французскую мову. Праз дзесятак-паўтара гадоў сярод чыноўніцтва наогул лічылася ўжо нормай размаўляць па-французску, правінцыялы саромеліся, што размаўляюць з мясцовым акцэнтам, і палка жадалі ад яго як мага хутчэй пазбавіцца. Алжырскую мову ніхто афіцыйна не забараняў, але што з ёю было рабіць чалавеку ў горадзе, калі ён, скажам, хацеў звярнуцца па справе ў нейкую дзяржаўную ўстанову? У школе вучылі на французскай мове. Пісьменнікі, якім патрэбен быў чытач, таксама пачалі пісаць на мове каланізатараў. Здаецца, алжырскай самабытнасці прыйшоў канец.

Ну, а што Абд аль-Кадзір? Каланізатары баяліся яго гвалтоўна забіць. Гэта ж быў не толькі былы валадар Алжыра, але і чалавек, якім захапляліся адукаваныя і прагрэсіўна настроеныя людзі ў Еўропе і нават у далёкай Паўночнай Амерыцы. Каланізатары вырашылі яго нейтралізаваць. Спадзяваліся таксама ж і прыручыць. Эміра прывезлі ў Францыю, далі яму прыгожы замак, грошы, дазволілі трымаць прыдворных. Меркавалі: прыжывецца і нікуды не дзенецца — стане французам. Не ён — дык яго дзеці, будучая вярхушка алжырскай арыстакратыі, знаці. Хіба ж так не было ўжо? Прыём, якім карысталіся яшчэ ў старажытнай Рымскай імперыі. Эмір разумеў небяспеку для сваіх нашчадкаў, як разумеў і тое, што яны павінны асвоіць усё лепшае з еўрапейскай культуры, каб быць добрымі кіраўнікамі краіны, калі прыйдзе іх час. Але ўсё ж не захацеў іх вучыць у Францыі. Яны вучыліся ў Англіі. Добыш не ведаў, што сталася з нашчадкамі незвычайнага эміра далей, бо гэтага не ведаў і доктар Кійк, які расказваў пра Абд аль-Кадзіра. Добыш даў сабе слова, што калі вернецца з пустыні, то ў першую ж вольную часіну пойдзе ў бібліятэку і пакорпаецца ў старых французскіх выданнях. Ён думаў пра гэта, бо поезд імчаў па мясцінах апошніх стаянак лагера Абд аль-Кадзіра. Тут недзе здраднікі і выдалі эміра французскім карнікам. Добыш чуў ад алжырскіх студэнтаў, што маладыя архітэктары хочуць на тым месцы паставіць скульптурны помнік Абд аль-Кадзіру. Можа, і блізка ля чыгункі, і помнік можна будзе ўбачыць з вагоннага акна.

— Зараз будзе Эль-Аснам, здаецца? — каля Добыша стаяў хударлявы мужчына з коратка пастрыжанымі светлымі валасамі і ветліва ўсміхаўся. Поезд у гэты момант якраз ішоў па крутой дузе, аб'язджаў чарговую гару, і мужчына міжволі падаўся да Добыша, нібы раптам іх пацягнула адзін да аднаго. — Вельмі пазніўся, не паспеў узяць з сабой ніякай яды. У Эль-Аснаме хачу выскачыць на перон, што-небудзь куплю з латка. Бываюць вельмі смачныя піражкі з ліверам. Толькі перцу кладуць многа. Вы ж, здаецца, таксама еўрапеец? І скажу больш таго: вы — славянін. Чую па вымаўленню французскіх слоў. Так? І я ж усходнееўрапейскага паходжання, таму адразу чую акцэнт «сваіх».

Вось як здарылася, што яны пачалі размаўляць. І калі Добыш сказаў, адкуль ён родам, незнаёмы мужчына па-жаночы пляснуў далонямі:

— І сапраўды, свет цесны! Дзе земляка сустрэў — у Паўночнай Афрыцы, у глыбіні чужаземнай краіны! Не паверыце — але ж я таксама з Беларусі. З-пад Маладзечна. Ад Мінска сто вёрст і ад Вільні сто, так? Бачыце, і гэта помню. Дзе сустрэў, га? Нас жа, беларусаў, не так і многа на белым свеце. Таму асабліва павінны трымацца адзін аднаго. Нас і дзесяць мільёнаў не набярэцца. Ну, можа, крыху болей — з канадскімі і амерыканскімі.

— Ну, што з воза ўпала… — Добыш адчуў сябе ніякавата. — Вы толькі не крыўдуйце, але я лічу, што ў Канадзе жывуць канадцы, а ў Злучаных Штатах Амерыкі — амерыканцы, адкуль бы яны туды ні з'явіліся. Не гавораць жа ў Амерыцы на тых, хто перабраўся туды з Англіі — англічане? Бо тады трэба было б амерыканцамі называць адных індзейцаў.

— Ну чаго вы так на мяне з падазронасцю пачалі глядзець? — зноў пляснуў далонямі «зямляк». — Вы хоць сесці мне дазволіце?

— Ды калі ласка! — Добыш адчуў сябе няёмка. — Ваша сям'я, відаць, даўно з Беларусі?

— Якая сям'я? — усклікнуў субяседнік. — Адзін я тут… Толькі не падумайце чаго такога! Мне ж у вайну, у пачатку сорак чацвёртага, ведаеце, колькі было? Няпоўныя трынаццаць гадоў. Хочаце, пакажу дакументы?

— Не трэба! — яшчэ больш збянтэжыўся Добыш. — І так відаць, што ў вайну былі хлапчуком.

— Во, во! — падхапіў субяседнік. — Зусім жа яшчэ дурненькі, хлапчанё. Ні паліцай, ні сын паліцая, ні пляменнік… А на германца клятага працаваў… Вось вы і насцярожыліся зноў!

— Ды не, гэта вам падалося. Проста цікава.

— Так, працаваў. Ці ж я вінаваты, што была вайна? Ці ў тым вінаваты, што мяне, смаркача, як дзесяткі тысяч іншых беларусаў, украінцаў і яшчэ шмат каго, загналі сілком у вагон і адвезлі ў Германію, працаваць на баўэра, кулака іхняга, і пакрыху анямечвацца.

— Ды ясна ж — невінаватыя! — згадзіўся Добыш. — Але ж потым была перамога. Людзі вярталіся… Хто застаўся жывы, хто не быў здраднікам, хто не хацеў стаць эмігрантам.

— Эмігрант? — субяседнік нявесела пасмяяўся. — Хачу нарэшце, як гэта гаворыцца, прадставіцца. Вільнаў. Такое маё зараз прозвішча. Нічога не гаворыць?

— Гаворыць, — кіўнуў Добыш. — Француз вы, значыць.

— Гэ-эх! Не, лічу сябе, як і раней, беларусам. Нават мову сваю помню. Гляджу я на вас. Укормлены, ніколі сапраўднага гора не бачылі, ніхто вас не крыўдзіў, нядаўна з-пад матчынага крыла, а ўжо ў замежнай цікавай камандзіроўцы… Значыць, не з простых, а з начальства.

— Не ўгадалі,— усміхнуўся Добыш. — Якраз я без бацькоў вырас. Сірата. Так што не пра тое вы, пане Вільнаў.

— Ага, сірата. Не, я пра тое, — Вільнаў пакруціў галавою, быццам нешта ці некага шкадуючы. — Але шчыра прызнайцеся: няўжо ў пятнаццаць гадоў вы добра разумелі, што такое «эмігрант»? Не падумайце, што хачу, каб вы мяне пашкадавалі ці даравалі мне. — Вільнаў закінуў нага на нагу і нейкую хвіліну пазіраў у акно, бы нешта заўважыў там надзвычай цікавае. Потым са спакойнай усмешкай павярнуўся да Добыша: — Ведаеце, дзе я знаходзіўся, калі скончылася вайна? Адтуль было кіламетраў трыццаць да Францыі. І ніякіх, здавалася, граніц больш не будзе, зніклі разам з вайной, і людзі могуць разлятацца, куды хочуць, — як птушкі! І вось нас некалькі такіх сабралася, я самы малодшы, і захацелі мы паглядзець на Францыю. Цікаўнасць дзікуноў, ведаеце… Ніколі нельга было, а тут раптам можна. І пайшлі. Каго затрымаў французскі патруль, а хто і прайшоў. Ведаеце, у кожным з нас жыве гэты самы Сіндбад-Мараход… Ну дык уявіце сабе пятнаццацігадовае хлапчанё ў пасляваенным хаосе Заходняй Еўропы. Халодны, галодны, у чужой краіне, мовы не ведаю, хлеба не магу папрасіць. А тут яшчэ малярыя… І мяне, хлопчыка, здзічэлага, хворага, прытулілі адзінокія людзі… А калі я падрос і пачаў тое-сёе разумець, пачаўся той самы перыяд, які завецца «халодная вайна». Усе баяліся, што вось-вось пачнецца сапраўдная вайна, ды яшчэ з гэтым клятым атамам. Нават гаварыць пра тое, адкуль ты, было небяспечна.

— Ну, а потым? — Добыш ужо шкадаваў гэтага чалавека.

— А потым прывычка. Спачатку вучыўся. Ведаеце, якая ў мяне спецыяльнасць? Музеі. Шукаю і вывучаю старажытнасці… Ажаніўся. А вось з дзецьмі размаўляю па-беларуску.

— Навошта? — здзівіўся Добыш. — Яны ж у вас французы. Ці хто?

— Самі вырашаць, — сказаў субяседнік. — Думаю, яны проста будуць свабоднымі зямлянамі… А дзеці ў мяне прыгожыя. — Вільнаў раптам уздыхнуў.— Эх, малады чалавек, бачу, вы яшчэ зусім не ведаеце жыцця. Не ведаеце, якою вялікаю можа быць радасць. І якім бывае вялікі страх. Ого, які ён бывае! Князь-страх! Так што яшчэ невядома, як бы вы сябе паводзілі ў складанай сітуацыі, калі рукі, ногі, галаву, бы абцугамі, сціскае Вялікі страх. Жах яго называюць беларусы, так? Вы тут будзьце асцярожныя. Гэта я вам як зямляк кажу. Асабліва нікуды не совайцеся… Ну, а калі будзеце ў горадзе Аране, заходзьце да мяне. Вось вам адрас. — Вільнаў выняў з кішэні самапіску, блакнот. — Заходзьце абавязкова, — гаварыў ён, чыркаючы па блакітнаму лістку. — Вось. Я пакажу вам музеі. Тут не цэняць пакуль сапраўднага мастацтва, асабліва калі яно еўрапейскага паходжання. А рэчы трапляюцца выдатныя. За іх у Еўропе сотні тысяч долараў даюць.

Яны развіталіся на чыгуначнай станцыі Мастаганэм, каб сустрэцца там, дзе ніхто з іх другога ўбачыць і не думаў ніколі.

15. КРАХ «ФІРМЫ»

Калі Янычар сказаў Селіму, што паліцэйскі павёў Шакала да следчага, той яшчэ не верыў пра небяспеку для сваёй «фірмы». Ці мала давялося Шакалу бываць у паліцыі? То некага паб'юць, то нехта нешта сцягне — распытваюць Шакала: ён жа заўсёды побач круціцца. І выкручваецца. Селім спытаў:

— А што казаў паліцэйскі? Янычар наморшчыў лоб:

— Ды так вось, здаецца, сказаў: «Пойдзем, сынок, да нас, пагаворым».

— І ўсё? — не паверыў Селім.

— Дык я ж кажу, — боўтнуў галавой Янычар, якому прасцей было пусціць у ход кулакі, чым мазгі.

— А вобыск? У яго шукалі што-небудзь?

— Дык што ў яго знойдзеш? — здзівіўся Янычар такому пытанню. — Калі ў яго што было, у скнары.

Селім супакоена згадзіўся: праўда, у Шакала нічога не знойдзеш. Але, на ўсякі выпадак, рашыў сказаць пра непрыемнасць хаджы Шукры. Той заўсёды хацеў ведаць пра ўсе дробязі, хаця, здаецца, і сам цішком падглядваў за дзейнасцю «мурашак» Селіма, як ён празваў хлапчукоў-чысцілыпчыкаў.

А ў гэты ж час Хуары і Акліль, якім удалося разжыцца на рынку бананамі, елі іх каля маленькага фантана і марылі аб тым, як яны дабяруцца да пірацкага клада і будуць снедаць у новым рэстаране каля порта, адкуль добра відно, як швартуюцца акіянскія лайнеры.

Тады ж Ладжмі паведаміў сваёй кампаньёнцы, маці Селіма, што майстэрня дае прыбытак і можна наняць яшчэ аднаго слесара, каб хутчэй упраўляцца. Заказчыкі любяць, калі машыну рамантуюць хутка.

Тады ж маладзенькі рэпарцёр газеты «Альжэ рэпублікен», якая вельмі дапякала тым, хто спадцішка шкодзіў сацыялістычным пераўтварэнням у краіне, імчаўся па крутых лесвіцах будынка, дзе месцілася рэдакцыя, бо ліфт яшчэ не працаваў пасля выбуху пластыкавай бомбы, якую падлажылі аасаўцы. Рэпарцёр павінен быў тэрмінова, у нумар напісаць заметку аб падзеях у мястэчку Хуссэйн-Дэйн. Там, нягледзячы на пагрозы ворагаў, феллахі сумесна з былымі салдатамі стварылі кааператыў, які будзе займацца збытам сельскагаспадарчай прадукцыі. Гэта вайна спекулянтам і прайдзісветам, якія нажываюцца за кошт працоўных. Юны рэпарцёр стараўся напісаць так, каб яго работу пахваліў галоўны рэдактар Абдэльхамід Бензін, таксама яшчэ малады чалавек, хаця і ветэран вызваленчай вайны. Або і сам дырэктар, пісьменнік Анры Аллег, гэты дзіўны француз, які змагаўся за вызваленне Алжыра ад каланізатараў і некалькі год прасядзеў за гэта ў турме, дзе яго катавалі.

* * *

«Пан лейтэнант» Гедыфі прачытаў гэтую заметку наступнай раніцай. Газету «Альжэ рэпублікен» ён заўсёды чытае вельмі ўважліва, хоць і змагаецца ўсімі сродкамі за яе закрыццё, бо там жа працуюць камуністы, якія не вераць, што існуе алах, і падбухторваюць людзей стварыць дзяржаву бязбожнікаў. Пан Гедыфі сядзеў у кафэ і чытаў газету. Нават кава здалася яму не такой смачнаю, як звычайна, калі яму на вочы трапілася заметка пра тое, што па запрашэнню ўрада ў Алжыр прыехала новая група выкладчыкаў з Савецкага Саюза. Сярод іх — высокакваліфікаваныя спецыялісты па матэматыцы, хіміі, фізіцы, тэхнічных навуках. «Яны будуць працаваць у Афрыканскім інстытуце нафты, а таксама ў тэкстыльным інстытуце, — прачытаў ён, — першая група прыступіла да работы. А ўсяго з Савецкага Саюза прыбудзе 46 савецкіх спецыялістаў вышэйшага класа». На лічбу «46» пан Гедыфі зірнуў яшчэ раз, у яго была прывычка прыглядацца да лічбаў, нібы знаходзіў у іх яшчэ нейкі патаемны сэнс. Вось ён уважліва ўгледзеўся ў другую лічбу: «350». «Яшчэ 350 сем'яў дэпартаменцкага цэнтра Эль-Аснам атрымалі ключы ад новых кватэр, — чытаў пан Гедыфі.— У часы каланіялізму гэтыя людзі туліліся ў бідонвілях — у трухлявых халупах і збітых з чаго папала буданах на ўскраіне». У думках пан Гедыфі выкрасліў гэтыя 350 сем'яў са спісу сваіх патэнцыяльных прыхільнікаў. Але потым з усмешкай падумаў: «А калі я паабяцаю ім вілы на беразе мора і раскошу сучасных магнатаў? Той-сёй спакусіцца. Ведаю я чалавечую сквапнасць».

Быў упэўнены ён і ў тым, што ведае свайго былога падначаленага ў Іншаземным легіёне Шабана. А. таму і чакаў яго спакойна і ніколькі не здзівіўся, калі той з'явіўся роўна ў прызначаны час. Выходзіць, сапраўды не забыў, чаму яго вучыў лейтэнант Гедыфі. О, то была школа! Той, хто ўздумаў бы не выканаць загад або зрабіць справу абы-як, рызыкаваў многім. Ну што ж, пакуль гэты Шабан гуляе там у незалежнага сейіда і перакідваецца жартачкамі са знаёмымі, можна яшчэ на хвілінку зазірнуць у газету. Тым болей што кожны дзень у краіне адбываецца шмат неверагоднага. Ніколі, здаецца, раней у Алжыры не адбывалася столькі падзей за год, як цяпер за тыдзень. Пашукаем што-небудзь без палітыкі. Ну хоць бы «Статыстыка дарожных здарэнняў». Што тут? Ага, зноў нехта ляснуўся на павароце. Сутыкнуліся два «фольксвагены», ёсць чалавечыя ахвяры. Як можна на такой устойлівай машыне і ляснуцца на павароце? Ну, вось і вынік: на магістралях будуць пастаўлены дадатковыя паліцэйскія пасты кантраляваць хуткасць і тэхнічны стан аўтамабіляў, падазроныя таксама будуць правярацца. Дзеці пачынаюць вывучаць правілы дарожнага руху з першага класа школы… Трэба папярэдзіць гэтага Шабана, каб перастаў ганяць так, быццам усё яшчэ сядзіць за рулём ваеннага джыпа. Спыняць за перавышэнне хуткасці, а самі зазірнуць не толькі ў пасведчанне, але і ў багажнік. Горш няма за такія вось сюрпрызы. Нервы трэба, нервы. А што гэта за стары на фотаздымку? Ага, Вен Мэссауд — старэйшы з усіх вядомых доўгажыхароў Алжыра. Помніць першы дэсант французскіх войск у тысяча восемсот трыццаць другім годзе. Тады яму было сем гадоў. Вельмі дружалюбны, ніколі не сварыўся з блізкімі, ні з суседзямі. Працуе на сваім невялічкім полі. Харчуецца толькі ячменнымі аладкамі і малаком. Ну што ж, яму, Гедыфі, столькі не пражыць. Хіба што зараз жа ўсё кінуць і бегчы ў тое забытае алахам паселішча Айн-Смарра, дзе дажывае другі век гэты Вен Мэссауд. Жэрці ячменныя аладкі і запіваць малаком. Раніцай, удзень і на вячэру, не звяртаючы ўвагі на тое, што адбываецца навокал, — да канца дзён. І гэта нехта лічыць сапраўдным жыццём? Не звяртаць увагі, як нядаўнія галадранцы распараджаюцца ў Алжыры? Ну, якія навіны тут яшчэ? Створаны спецыяльныя трыбуналы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі… Гэта ўжо палітыка. Палітыка тых, каго пан Гедыфі жадаў бы паставіць на месца. Алжыр ад французаў вызвалілі, а зараз дазвольце кіраваць краінай тым, хто гэта ўмее. Рызыка, барацьба. Тут на адных ячменных аладках ды малацэ доўга не вытрываеш. Сапраўдныя мужчыны жаруць мяса. Сельскагаспадарчы кааператыў сем'яў былых франтавікоў сабраў ураджай большы, чым гэта было, калі ферма належала французскаму каланісту…

І тут Гедыфі заўважыў каля сябе маладога мужчыну з пранізлівым позіркам і выпраўкай кадравага вайскоўца.

— Брэша карэспандэнт, — прамовіў ён ціха, але рашуча. — Перабольшвае, мякка кажучы. Нам яшчэ трэба навучыцца працаваць на зямлі гэтак, як умеюць французскія фермеры.

— А-а, Шабан! — узняў галаву пан Гедыфі.— Салам.