156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 16

У пустыні хутка святлела, і вярблюды, буркочучы чэравамі, ад чаго дзеці спрасонку ўздрыгвалі, пакрочылі жвавей.

Высунуўшы галаву з мяшка, Селім бачыў, як хмыліць ноздры задні вярблюд, як задзірае галаву, каб не так балюча тузаў за меднае колца прывязаны повад. У лагчынах, дзе з зімы захавалася хоць нейкая вільгаць, пышна цвіў дрок, ярка зелянеў тамарыск, усімі колерамі пераліваліся макі на калматых сцяблінах. Селім, паглядаючы на ўсё гэта, не адчуваў ніякай асалоды ад гэтых духмяных, райскіх дываноў, якія рассцілаліся пад нагамі велічных вярблюдаў. Каб успрымаць прыгажосць веснавой пустыні, трэба мець хоць нейкую свабоду душы. Мінаў дзень за днём, і Селім усё больш прыходзіў да думкі, што яго ашукалі. Яго ж становішча мала адрозніваецца ад астатніх хлопчыкаў, і калі ногі яшчэ не скуты тонкім сталёвым ланцужком, як у астатніх, то не сёння-заўтра могуць скаваць і яго.

Учора ён зрабіў глупства. Каб неяк суцешыць сябе за цяжкасці пераходу па пустыні, на прывале падышоў да караваншчыка, які, здавалася, адносіўся да яго прыязна, і спытаў, ці праўда, што лепшыя дзеці трапяць у палац прынца Амана. «Што ён пытае?» — зацікавіліся астатнія караваншчыкі. А калі даведаліся, пачалі дружна рагатаць і тыцкаць на Селіма пальцамі. Караваншчык жа, якога Селім да гэтага лічыў амаль сваім прыяцелем, джагнуў яго плёткаю і загадаў ісці на сваё месца, да астатніх дзяцей. Селім круціўся ад болю, бязгучна разяўляючы рот, каб не заскавытаць. Нарэшце прыціснуўся спінай да спіны астатніх хлопчыкаў і раптам адчуў, што ад гэтага дотыку боль нібы пачынае слабець, быццам частка яе перайшла да суседзяў. У гэтыя хвіліны ён адчуў сябе нічым не лепшым за сваіх таварышаў з больш цёмнай скурай. А нядаўна ж адносіўся з пагардай, як да істот ніжэйшага гатунку, і не скупіўся на грымакі.

Але калі боль і абраза на другі дзень суціхлі, а караваншчык зноў усміхнуўся яму прыязна, Селім пачаў думаць, што яго, відаць, проста не зразумелі, і ўжо зноў камандаваў сваімі суседзямі, быццам падначаленымі яму ніжэйшымі істотамі.

Наколькі мог зразумець Селім з блытаных тлумачэнняў сваіх спадарожнікаў, большасць хлопчыкаў і дзяўчынак у караване былі аднекуль з глыбіні Афрыкі, з племя йаруба, і жылі на азёрах у вёсках на вадзе. Хаціны іх стаялі на палях. Яны верылі ў тое, што да гэтага часу жылі ў прыёмных бацькоў, але сапраўдны іх бацька — свяшчэнны кракадзіл. Ён на некаторы час любіць ператварацца ў чалавека, прымае яго аблічча. «Дзеці кракадзіла» — так яны сябе называлі і нават у сне страшыліся ўбачыць, што вярнуліся дадому. Бо гэта азначала б — яны здраджваюць сапраўднаму бацьку, за гэта духі маглі жорстка пакараць. Страшэнныя беды абрынуцца не толькі на іх саміх, але і ўсіх жыхароў вёскі. Сяльчане абавязкова пабілі б уцекача або кінулі б у возера, да бацькі-кракадзіла. Мовы іх Селім не разумеў. Але разам з ім знаходзіліся два хлопчыкі, якія нарадзіліся ў Нігеры. Яны ведалі мову йаруба, а таксама арабскую. Ад іх Селім і даведаўся пра «дзяцей кракадзіла». Як і ім, Селіму таксама некуды было вяртацца. Але ў яго не было іх веры, што галоўны караваншчык — гэта адзін з людзей-кракадзілаў, таму яго неабходна шанаваць і слухацца. Ён мог спадзявацца толькі на адно — прабіцца ў чароўны палац Амана і спадабацца велікадушнаму прынцу, які любіць прыгожых хлопчыкаў.

Гэтую выратавальную надзею пасеяў у спапялёнай душы Селіма гаспадар начлежкі ў Ніамеі. Да яе парога хлопчык прыбіўся пасля шматдзённых блуканняў па чужым горадзе ў глыбіні Афрыкі. Прыцягнуўся, ледзь кеўкаючы, каб проста памерці ў хоць крыху знаёмым месцы. Шлях дадому быў закрыты. Пешкі ж не дойдзеш. Ды і маці, вядома ж, не маўчала б: сынок сцягнуў не толькі грошы, але і ўсе яе залатыя і срэбныя бранзалеткі. Пра гэта ўжо і ведаюць не толькі родзічы, што выракліся яго і праклялі, але і паліцыя. О, там яго шукаюць. І не толькі як "злодзея, што абчысціў уласную маці. Але да начлежкі, якая стала апошнім пунктам яго падарожжа з хаджы Шукры, ён вяртаўся і раз, і другі, усё спадзяваўся, што кампаньён адумаецца і вернецца. Хоць ужо ў тую раніцу, калі заўважыў, што знік і Шукры, і ўсе капіталы, Селім зразумеў: з дзядзькам яны больш не сустрэнуцца па-добраму. З нейкім ціхім шаленствам Селім зноў і зноў зазіраў ва ўсе куткі каморы, пад цыноўкі, абмацваў сваё адзенне, патаемныя кішэні, дзе хаваў свае капіталы. Спадзяваўся на нейкі цуд, хоць розум гаварыў — гэта канец. Ён узняў такі вэрхал, што ў камору, нарэшце, усунуў галаву гаспадар, пажылы і заўсёды сонны дагамеец.

— Дзе мой дзядзька? — запытаўся Селім, усё яшчэ спадзеючыся на цуд.

Лілова-чорны твар гаспадара застаўся гэткім жа сонным, толькі туды-сюды хіснуліся вялікія, бы выціснутыя нейкай сілай спадылба, вочы. Разляпіліся шырокія цёмна-чырвоныя губы:

— Сказаў — ты застаешся, ён паедзе.

— Куды? Куды паедзе?

Але гаспадар ужо моўчкі апусціў за сабой старую цыноўку, якая замяняла дзверы. Селім яшчэ раз абмацаў кішэні, потым абхапіў галаву рукамі і з ціхім скавытаннем закачаўся па глінянай падлозе каморы.

— Уцёк! Тоўсты падлюга! Вырадак смуроднай свінні! О, пратні яго сэрца, алах!

Потым ён нібы здранцвеў. Нават гаспадар зноў усунуў галаву: чаму ў каморы ціха? Бліснула сонца і нібы абудзіла Селіма. Раптоўна кінуўся ён з крыкам прэч, на волю, ледзь не збіўшы з ног тоўстага дагамейца.

Бы гончы сабака, кідаўся Селім па горадзе ў пошуках Шукры. Толькі б напасці на след! Толькі б знайсці! Селім бы так учапіўся ў яго горла! Ён хутчэй бы даў сябе забіць, чым дазволіў Шукры ўцячы з яго, Селіма, грашамі і каштоўнасцямі. Стукаючы пяткамі, ён памчаўся па даўжэзным мосце праз раку Нігер у аэрапорт. Яго пракліналі насільшчыкі з цяжкімі цюкамі на галаве, якім ён замінаў. Але ранішнія самалёты даўно паляцелі кожны ў сваім кірунку, а ў будынку вакзала Шукры не было. Тады Селім памчаў зноў праз мост, на аўтастанцыю, дзе знаходзіўся прыпынак аўтобусаў транссахарскага маршруту. Ён хапаў за крысо ўсіх мужчын, захутаных у плашчы-бурнусы, за што яго лупцавалі чым папала. Яго ледзь не загрызлі сабакі, якія сцераглі вялізны статак авечак каля старажытнага будынка-свірна, адкуль выходзілі ў пустыню караваны вярблюдаў.

Хаджа Шукры нібы растварыўся ў насычаным тонкім гарачым пылам паветры Ніамея.

Усё яшчэ на нешта спадзеючыся, позна ўвечары Селім знайшоў сваю начлежку. Але камора была пустая. Саламяныя падсцілкі, на якіх ён раней спаў, ляжалі скручаныя, не было меднага збанка з вадой. Селім расцягнуўся на глінянай падлозе, аддыхваючыся і збіраючыся з думкамі — што рабіць далей? Але нядоўга ён прабыў у адзіноце. Гаспадар начлежкі, трымаючы перад сабой электрычны ліхтарык, святло якога балюча рэзнула Селіма па вачах, з парога каморы гугнява пацікавіўся, ці ёсць у хлопца грошы, каб плаціць за ежу і начлег. Пачуўшы, што грошай няма, дагамеец магільна-раўнадушным голасам прамовіў: «Плата пасля захаду сонца. Ідзі адсюль. Калі будуць грошы, прыходзь».

19. ВЫПАДАК НА РЫНКУ

Усяго два разы за апошнія месяцы давялося Добышу наведацца з Сахары ў сталіцу Алжыра — атрымліваў запчасткі для матора свідравальнай машыны, потым ездзіў з галоўным бурыльшчыкам, вясёлым азербайджанцам Эльмарам Юсуф-задэ, на нараду ў міністэрства, але кожны раз з доктарам Кійкам яны змаглі перамовіцца толькі па тэлефоне. Цяпер у Добыша аказалася вольным ажно паўдня, але ў шпіталі, куды ён прымчаў, сказалі, што доктар Кійк у горадзе Канстанціна і будзе там увесь тыдзень. Дзеці падарваліся на французскай міне, аперацыі складаныя, іх запрасілі зрабіць доктара Кійка і балгарскага хірурга.

— Дык, можа, што перадаць сейіду доктару? — спачувальна запытаў ужо знаёмы Добышу малады хлопец Рааба, які спецыялізаваўся ў шпіталі на тэрапеўта.

— Толькі прывітанне, — паківаў галавой Добыш. — Кветкі ў Сахары яшчэ не расцвілі.

— Не сумнявайцеся, — сказаў Рааба з цеплынёй у голасе, — вы яшчэ пабачыце, як хораша яны там цвітуць. — І дадаў: — Я з тых мясцін. Памятаеце, казаў вам, што я з племені бенімзаб? А ваш атрад свідравальшчыкаў зараз у якім раёне?

— Паміж аазісамі Джэльфа і Біскра. Да апошняга на пяцьдзесят кіламетраў бліжэй, чым да Джэльфы. Ну, гэта лічыцца не надта далёка. А вось два атрады геолагаў працуюць сапраўды ў самай сярэдзіне Сахары — каля аазіса Таманрассэт.

— Ведаю тыя мясціны. — Рааба з прыязнай усмешкай зірнуў на Добыша праз свае модныя акуляры ў тонкай металічнай аправе. — Малым ехаў з караванам. Так што памятаю сахарскія і пяскі, і кветкі.

Рааба пайшоў праводзіць Добыша і пацікавіўся, якія ў таго планы да ад'езду ў Сахару.

— Асабліва ніякіх, — адказаў Добыш. — Пазваню таму-сяму са знаёмых, ну, і хачу пабачыць старога Аіт-Хаммуша на яго востраве, гэтага Сіндбада-Марахода. Вазьму таксі і паеду.

Рааба пакратаў тонкімі пальцамі акуляры і, нібыта на нешта адважыўшыся, прамовіў:

— Які ён Сіндбад? Той жа быў малады. І для нас застаўся маладым. Не трэба вам туды, на востраў. Я ж, здаецца, казаў, што Аіт-Хаммуш быў некалі кантрабандыстам. Ды і зараз невядома чаго сядзіць там адзін. Я тое ж самае і сейіду доктару казаў — асцерагайцеся! А ён смяецца.

Тым не менш Добыш усё-такі ўзяў таксі, і яны з Раабам паехалі да мора. І дарэмна. Нельга было і думаць, каб дабрацца да астраўка. Ледзяны вецер дзьмуў з такою сілай, што на адкрытым месцы нельга было стаяць. Аб скалу перад астраўком хвалі білі люта. Здавалася, яшчэ адзін такі ўдар — і камяні пачнуць развальвацца. Маленькі пляскаты астравок справа ад таго, дзе жыў Аіт-Хаммуш, наогул толькі зрэдку ўзнікаў з вады, быццам шырокая спіна нейкага марскога звера.

Падзівіўшыся на шалёнае зімовае мора, Добыш і яго спадарожнік мусілі ні з чым вяртацца ў горад. Таксіст, які іх чакаў за пагоркам у зацішку, глядзеў на маладых людзей, як на дзівакоў. Магчыма, гэтак жа думаў пра Добыша і Рааба, але адчуваў задавальненне, што пабываў тут.

Праз гадзіну яны ўжо крочылі па горадзе, які пасля вылазкі да мора здаваўся асабліва ўтульным і прыгожым.

— Кажуць, Аль-Джазаір параўноўваюць з Парыжам, — звярнуўся Добыш да крочыўшага з ім плячо ў плячо Раабы. Той паціснуў плячамі.

— Вы былі ў Парыжы? — пацікавіўся ён. — Не даводзілася? А я амаль два гады там вучыўся. Здрадзіў, як бачыце, запавету Абд аль-Кадзіра нічога не прымаць ад французаў… Але я толькі ў Парыжы даведаўся пра гісторыю свайго народа. Нам жа казалі ў школе: гісторыі ў алжырцаў няма, яна пачалася з таго часу, калі французы вызвалілі нас ад прыгнёту турэцкіх феадалаў. І мова, казалі, у нас была дзікунская, той не культурны, хто не ўмее размаўляць па-французску. Бо гэта ж мова геніяльных людзей, якіх ведаюць ва ўсім свеце, — Вальтэр, Гюго, Заля і многа, многа яшчэ. Але ж і генерал Салан, які камандаваў тут карнымі войскамі, гаварыў па-французску. Да чаго даходзіла: некаторыя вельмі добрыя французскія пісьменнікі, якія тут нарадзіліся, лічылі, што яны жывуць у Францыі, а мясцовае насельніцтва, туземцы, проста «арабы».

Куды падзелася нядаўняя мяккасць Раабы! Побач з Добышам крочыў адзін з нашчадкаў слаўнага эміра Абд аль-Кадзіра, міма помніка якому яны цяпер праходзілі. Рааба паказваў Добышу Казбу. Рынак Лір яны абыходзілі краем, бо ўвайсці ў яго сярэдзіну — значыла затрымацца надоўга. Не толькі ад мнагалюдства: ён зачароўваў сваёй стыхіяй. Але і з краю гэта быў той жа своеасаблівы фантастычны свет, дзе ўсё, здаецца, прымае іншыя формы, чым звычайна.

Тры хлапчукі стрымгалоў кінуліся да жанчыны, што паставіла на брук напакаваны рознай гароднінай кошык. Яна шукала насільшчыка. Худы і нечым падобны на коніка хлапчук на нейкую долю секунды апярэдзіў канкурэнтаў і апынуўся перад строгім позіркам гаспадыні кошыка. Блакітныя вялікія вочы пачціва міргнулі:

— Лла, я дапамагу?

Канкурэнты яшчэ не гублялі надзеі. Тры пары спрытных і аднолькава брудных рук пацягнуліся да кошыка:

— Лла, я панясу! Лалла, мне!

Але блакітнавокі ўсё ж быў першы, і яна дакранулася пальцамі да яго пляча. Звычайна канкурэнты ў гэты момант адступаюць. Але тут здарылася інакш. Не паспеў хлопчык паставіць кошык сабе на плячо, як раптам спатыкнуўся, піхнуўшы ў бок гаспадыню, якая паважна крочыла крыху наперадзе. Кабета зыркнула на насільшчыка падазрона. Той бадзёра ёй усміхнуўся і паддаў пад кошык плячом, каб не спаўзаў. Зялёнае з белымі кончыкамі пер'е цыбулі-латука звешвалася з кошыка і пляскала хлопца па твары. Ён напяў губы і рашуча звузіў вочы.

— Зірніце, што робяць, нягоднікі! — усклікнуў Добыш.

Хлопчыку ўжо другі раз зрабілі падножку, і ён ледзьве не паляцеў потырч. Сам утрымаўся, але кошык быў цяжкі для танклявых рук блакітнавокага і, натуральна, зваліўся на зямлю.

— Ах ай-вава мутхаг! — выдыхнула кабета энергічны арабскі праклён, які, мабыць, можна перакласці так: «Каб на цябе ліха!» І замест таго каб ратаваць сваю гародніну, схапіла насільшчыка за валасы: — Паліцыя! Паліцыя!

— О, лла, не бядуйце, мы дапаможам, — канкурэнты мітусіліся перад кабетай. Адзін з іх засланіў сабою кошык са стручкамі фасолі і кавалкам бараніны. Другі збіраў тое, што сакавіта хрумсцела пад нагамі прахожых. Вакол рагаталі. Ад гэтага гаспадыня кошыка зусім раз'юшылася.

— А хлопчык жа мне знаёмы! — сказаў Добыш. — Ды яна ж адарве яму галаву. Мадам, гэта не ён вінаваты! Не ён!

Кабета, не выпускаючы хлопчыка, злосна азірнулася. Рааба пераклаў на арабскую мову сказанае Добышам.

Падышоў паліцэйскі, малады хлапчына з тонкімі вусікамі на прыгожым твары:

— Што здарылася?

— Вой, такія страты! — лямантавала кабета. — Гэй, куды вы, каб вас шайтан забраў? — Гэта было ўжо сказана хлапчукам, якія, не жадаючы кідаць здабычу, подбегам валаклі кошык падалей. Кабета сунула паліцэйскаму Акліля:

— Во, хоць ты павучы розуму гэтага шкодніка. Ды цішэй вы, каб вас шайтан забраў! — гэтыя словы скіравала ўжо хлапчукам, якія і так трымалі кошык, бы паланкін эміра.

— А я з ім сустракаўся, — паўтарыў Добыш, набліжаючыся да хлопчыка, якога аб нечым распытваў паліцэйскі.— Цяпер я ўпэўнены, што ён быў невінаваты. Акліль?

Заўважыўшы, хто перад ім, Акліль сцяўся і замоўк.

— Мсье паліцэйскі,— сказаў Добыш, — мы бачылі, як была справа, дазвольце…