156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 24

— Напалохаў ты матор, задзіг Сідкі,— прамовіў Юсуф-задэ, націскаючы і націскаючы на старцёр.

— Акумулятар разрадзіш, — папярэдзіў Добыш. Юсуф-задэ сеў на пясок, аддыхваючыся.

— Усё, — прамовіў ён рашуча. — Я пайшоў спаць. Па прынцыпу — салдат спіць, а служба ідзе. Што, механікі, думаеце, я за вас павінен трымаць маторы ў парадку?

Добыш, не гледзячы на бурыльнага майстра, перавесіў бліжэй пераносную лямпачку і моўчкі зноў узяўся разбіраць матор. Акліль яму памагаў.

— Дык я пайшоў,— сказаў Юсуф-задэ. — Хто-небудзь разбудзіць мяне, калі рухавік ажыве, у чым я пачынаю сумнявацца.

— Адпачывай, шэф, — адгукнуўся Вахрашчын, — глыні вось на дарогу Мулудава пітва.

— Дома нап'юся. — Юсуф-задэ з прагнасцю зірнуў на флягу, якую яму прапаноўваў механік. — Вам самім малавата, ноч наперадзе.

— Нічога, Акліль яшчэ прынясе, — адказаў Вахрашчын. — Бяры, Эльмар, пакуль даюць. Не чай — эліксір жыцця.

— Не трэба. — Юсуф-задэ павярнуўся да хлопчыка: — І табе тут сядзець нечага. Пайшлі адпачываць, Акліль.

Акліль пакруціў галавой. Як пайсці, калі тут такое? Ці ж ён не збіраецца быць механікам?

Некаторы час працавалі засяроджана і моўчкі. Потым Вахрашчын раптам сказаў:

— Уф! Яшчэ б крыху — і ён бы мяне джыгануў. Зірніце, хлопцы, страшыдла якое. Во, плішчыцца пад брызент.

Аказваецца, аднекуль выпаўз вялікі скарпіён. Механік секануў яго адвёрткай. Хвост-шып адскочыў, але працягваў торгацца.

— Нават мёртвы можа джыгануць, толькі падсунься, — механік пакратаў ядавітае насякомае. — Чаго толькі ў пустыні няма. Ці вось гадзюка — ушыецца ў кучу пяску, паспрабуй заўважыць.

Утрох яны паставілі на месца блок з фарсункамі, але зацягнуць балты ўжо не хапала сілы. Сядзелі, аддыхваючыся.

— Кіслародны голад, га? — Вахрашчын трымаўся рукой за сэрца. — Нават мой матор не вытрымлівае. Я думаў раней, што толькі на Далёкай Поўначы так бывае ці ў Антарктыдзе, дзе кіслароду ў паветры не хапае. А тут, аказваецца, і на Поўдні можна за тыдзень аблысець.

Сідкі першым ускочыў, каб зацягнуць балты. Але Вахрашчын раптам яго спыніў:

— Пачакай, задзіг, давай і пракладкі заадно памянем. — Механік засунуў руку ў металічную скрынку і выцягнуў звязку новых пракладак. — А як там паветраачышчальнік?

Добыш правёў пальцамі па рашотцы і насцярожыўся.

— Мне знаёмыя кажуць, калі я дадому прыязджаю, — расказваў Вахрашчын, старанна арудуючы маслёнкай, — ты ж там быццам на курорце працуеш. Ха! А калі я ў Іраку ўкалваў, нафтаправод дапамагалі будаваць… Там спёка і вецер таксама даваліся ў знакі. Як задзьме гэтак вось — тыднямі спаць кладзешся з хусткай на твары, каб пяску не наглытацца, не задыхнуцца ў сне. Не ўсе вытрымлівалі. Прасіліся дадому. А я нічога.

— Вось, — стараючыся быць спакойным, прамовіў Добыш і паказаў кавалачак прамасленага кардону. — Некаму, разумееш, хацелася, каб мы тут сапраўды заселі на тыдні. Проста і эфектыўна: раз-пораз гэта штука адліпала і тады быў выхлап. Потым струменем паветра яе зноў прыціскала да ўпускнога калектара…

Вахрашчын двума пальцамі ўзяў кардон — бы нейкае мярзотнае насякомае.

— Значыць, нюх у мяне яшчэ ёсць, — сказаў ён. — Але ж паспрабуй здагадайся, што за мярзота тут аціралася.

Сідкі таксама ўзяў кардон, пакруціў галавой, пацокаў языком.

— Ну што, будзем збіраць канчаткова? — прамовіў з палёгкаю Вахрашчын. — Давай, Сідкі.

— Пагляджу яшчэ каналы падачы паліва, — запярэчыў Добыш. — Цяпер я стаў недаверлівы. А кардон не кідайце. Пакажам бурыльшчыкам. Акліль, загарні гэта ў анучку. Выходзіць, некаму вельмі не па душы, што мы здабудзем ваду.

— Проста некаторыя баяцца, што яна будзе салёная. — Сідкі акуратна абцёр рукі анучай. На Акліля нават не зірнуў.

— Ды не, — адгукнуўся Вахрашчын. — Я размаўляў з людзьмі ў аазісе. Тутэйшыя ўладальнікі зямлі непакояцца, каб ад іх не пайшлі хамесы. Будзе вада, значыць, з'явіцца новая зямля, а хамесы могуць стварыць на ёй кааператыў.

— Ну, давай запускаць, — прамовіў Добыш. — Атрымаецца ці не?

Вахрашчын націснуў на старцёр. Пачулася: тах! Тах-тах-тах! І цішыня.

— Ці акумулятар сапсаваўся, ці мы не ўсё знайшлі,— занепакоіўся Вахрашчын і зноў уключыў старцёр.

Рухавік адказаў кароткім тахканнем, Добыш крануў рэгулятар падачы паліва — тахканне стала часцейшым, але ўсё гэта было яшчэ за кошт работы старцёра… І раптам, бы ачнуўшыся ад глыбокага сну, узвыў рухавік. Механікі слухалі, як зачараваныя. Акліль таксама. Але гэтую ягоную радасць ад магутнай песні матора да болю засмучвала адна акалічнасць. Хлопчык, старанна абцёршы кардон ад масла, зразумеў, што бачыў дзесьці яго раней.

26. МІНА «БОНДЭСАНТ»

Вярнуўшыся ў лагер, Акліль раскатурхаў Хуары.

— Чуеш, — шаптаў ён. — Мы матор адрамантавалі!

— Матор? — Хуары сеў, праціраючы вочы. — Вось як трэсну зараз!

І Акліль з прыкрасцю ўбачыў, што сябар зноў з закрытымі вачамі паваліўся на ложак. Спіць сабе, а тут такое адбываецца!

— Слухай, — зноў зашаптаў Акліль, — у матор нехта засунуў вось гэта… Ну паглядзі, Хуары!

Хаця за акном ужо добра развіднелася, Акліль уключыў ліхтарык.

— Брыдота нейкая, — мармытаў Хуары, прыглядваючыся да кардону.

— Памятаеш, як знайшлі ля аазіса міну… — прашаптаў Акліль.

— Цішэй ты! — на гэты раз ужо захваляваўся Хуары. — Гаварыць голасна пра такое…

Знайшлі яе малыя пляменнікі хамеса Амамы. Побач з дарогай на Таманрассет знаходзяцца напаўразбураныя французскія казармы. Дзеці там, як звычайна, гулялі ў вайну. Прыбягаюць на цэнтральную плошчу паселішча, хваляцца Аклілю і Хуары: глядзіце, што мы знайшлі. З хлопцамі быў Сідкі. Заўважыўшы ў хлапчука яго «цацку», Сідкі хутка адхіснуўся, прысеў, балюча пры гэтым ціскануўшы Хуары на плячо. Аднак у наступнае імгненне ён ужо са спакойнай усмешачкай папрасіў хлапчука патрымаць міну над галавой, каб яе ўсе добра бачылі. Потым падышоў, забраў міну.

— Ага, не на ўзводзе, — прамармытаў з палёгкай, засмяяўся. — Табе бацька вушы накруціць, калі дазнаецца, што за цацку ты прывалок! — цыкнуў ён на хлапчука, які патрабаваў сваю знаходку назад. — Гэта ж французская міна «бондэсант»!

Але, відаць, і сам сейід Сідкі зацікавіўся небяспечнай «цацкай», бо вельмі ж прагна разглядаў яе. Хлопцам ён растлумачыў, што міна гэтая зроблена так, што калі таргануць танюткі дрот, які мацуецца да запалу на яе донцы, то спачатку ўзрываецца парахавы зарад. Ён падкідае ўсё ўверх. А тады ўжо адбываецца выбух самой міны.

Сідкі спрытнымі пальцамі хутка звінціў паддон «бондэсанта». Там сапраўды быў порах. Потым асцярожна выцягнуў асноўны запал — бліскучы аловачак з колцам для тросіка. Запал і міну Сідкі шпурнуў у ваду. Затое паддон паставіў на дарогу, загадаў усім адысці, дастаў запалкі, уторкнуў у адтуліну, дзе віднеўся порах, сухую быліну, падпаліў яе і адступіў крокі на два. Завіўся дымок, потым гучна пыхнуў порах — і імклівае сіняе полымя вузкім лязом свіснула высока ўверх. Хлопцы былі ў захапленні ад умельства Сідкі. А моўчкі зірнуўшы адзін на аднаго, яны вырашылі, як дзейнічаць далей. Як толькі Сідкі пайшоў у кавярню, дзе ён любіў згуляць у косці і пагутарыць з паважанымі сейідамі аазіса, хлопцы кінуліся да вадасховішча. Ужо мінут праз дзесяць Акліль намацаў нагой міну. За запалам давялося ў саланаватую мутную ваду ныраць разоў дваццаць.

— Дык ты заўважыў, якія запалкі былі тады ў Сідкі? — горача шаптаў Акліль. — Мараканскія!

— Ну і што з таго? — ніяк не мог канчаткова прачнуцца Хуары.

— А цяпер зірні зноў на гэты кавалак кардону… Бачыш, лісце пальмы, так? А вось літары.

Хуары ледзьве разабраў: «…roc». Ён чмыхнуў носам.

— Ды не чмыхай! — раззлаваўся Акліль. — Карабок у мараканскіх запалак сіні? І пальма намалявана. А яшчэ літары: «Made in Maroc», зроблена ў Марока…