156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 26

Акліль зноў разносіў чай. З вялікай біклагі ліў ваду людзям на далоні — каб апаласнулі твар, прамылі крыху вочы. У адстойнік з глыбіні ствала па-ранейшаму нічога не вярталася. Трубка перад латком толькі сіпела і пускала аранжавыя пухіры, хаця вада з бака лілася па шлангу пад напорам. Усё праглынала ненажэрнае чэрава Сахары. Машыну-вадавозку зноў накіравалі ў аазіс. З ёй паехаў па загаду повара Мулуда Хуары — купіць у краме спецый і солі. Людзі смяяліся: купляць соль, калі ад яе і так некуды дзецца.

Добыш з матарыстам спешна рыхтавалі на буравой усё неабходнае на выпадак, калі сёння бурыльшчыкам давядзецца працаваць пазней звычайнага. Бо калі раптам адкрыецца вадзяны пласт, то бурыць неабходна хутка і без перапынку. Са склада каля лагера прывезлі дадатковую бочку саляркі. Прыйшоў Сідкі, паскардзіўся, што на электрастанцыі ў маторы левая фарсунка пачала раптам з перабоямі ўпырскваць у цыліндр паліва, няхай механік паглядзіць, каб потым не наракалі на яго, Сідкі. З Добышам правяраць матор пайшоў Акліль.

А калі вярнуліся, Акліль заўважыў, што рабочы, які сачыў за цыркуляцыйнай сістэмай, выплюхвае на сябе з адстойніка поўныя прыгаршчы вады! Вось гэта навіна! Разам з Добышам яны таксама заспяшаліся туды. З асалодай апусцілі рукі ў гаючую прахалоду. Няхай сабе зусім мутная была вада, але яна штуршкамі выпырсквалася і выпырсквалася з патрубка, з кожным разам усё больш. Рухавік бурыльнай устаноўкі цяпер працаваў штомоцы — на мяжы магчымага, калі ўлічваць спёку. Акліль сцяміў: гэта магло азначаць адно — пачалося ўскрыццё ваданоснага пласта!

Усе, хто знаходзіўся на буравой, дапамагалі Юсуф-задэ і яго камандзе — падцягнуць да палацяў абсадныя трубы, рыхтаваць пасту для тампанажу затрубнага зазору. Над адкрытымі мяхамі з высакамарачным цэментам, раствор якога цвярдзеў у лічаныя мінуты, дыміліся ад ветру белыя хвасты, запудрывалі рукі і твары рабочых.

Раптам да Юсуф-задэ падышоў Вахрашчын.

— Эльмар, — ціха сказаў ён, — вады пайшло многа, але ж яна, як у возеры Баскунчак…

Юсуф-задэ ўзняў стомлены, з запарошанымі цэментам, быццам разам пасівеўшымі брывамі і вусікамі твар і, зірнуўшы на далоні механіка, на белыя пісягі солі, моўчкі пакрочыў да адстойніка… Праз мінуту роздуму ён папрасіў Акліля збегаць у лагер за начальнікам.

…Праз чвэрць гадзіны на буравой і ў лагеры не было чалавека, які б не каштаваў вады, якая выбівалася з нетраў пустыні. Гучна цокаў языком і шматзначна жмурыўся Сідкі, яшчэ больш пачарнеў твар Амамы. Азарт, які нядаўна дапамагаў людзям пераадольваць стому, змяніўся абыякавасцю. Усе раптам адчулі, як жахліва дзейнічае на арганізм чалавека Сахара. У паветры, здавалася, больш не засталося кіслароду, нечым было дыхаць. Толькі Сідкі як ні ў чым не бывала корпаўся ля матораў, змахваў анучкай пыл, падліваў маслёнкай змазку, пасвістваў сабе ды касавурыўся на Карнеева, які ўзіраўся ў ваду адстойніка, нібы праз яе можна было разгледзець, што ж там робіцца — глыбока ў нетрах пустэльні.

Сціх рухавік бурыльнай устаноўкі. Працаваў толькі насос цыркуляцыі, выкідваючы ў адстойнік усё новыя шчодрыя порцыі салёнай вады.

Юсуф-задэ зняў каску, палатняную куртку і акунуў у адстойнік мускулістыя рукі. Потым плюхнуў поўныя прыгаршчы сабе на твар, на грудзі.

— Хаця ў расоле, але ж ахалода, — прамовіў ён, чмыхаючы.

Карнееў пахмурна зірнуў на буравога майстра і машынальна абцёр і без таго ўжо сухія рукі аб крысо курткі.

— Чаму спыніў бурэнне? — строга спытаў у Юсуф-задэ.

— А куды цяпер спяшацца? — паціснуў той плячамі.— Усё, дайшлі.

— Трэба бурыць далей, — не прыняў іранічнага тону майстра Карнееў.

— Ды калі ласка, — Юсуф-задэ рэзкім рухам насунуў на вочы белую каску. — Загадаеш — выпампуем з-пад зямлі ўсё салёнае возера і будзем потым па ім разам з дзецьмі бедуінаў папяровыя караблікі пускаць, а то ж яны ніколі ў жыцці не бачылі, як тое робіцца.

— Гэта ў цябе ад стомы, — лагодна прамовіў Карнееў.— Але зразумей — наш пласт яшчэ наперадзе.

— Ну што ж, — уздыхнуў Юсуф-задэ. — Загад маю. Будзем бурыць далей. На тым баку зямлі, пад намі, што — Амерыка? Дабурымся да Місісіпі… Вось янкі здзівяцца: куды гэта з Місісіпі вада знікае? То яны ад усіх на свеце да сябе дабро цягнуць, а тут раптам у іх. Во гвалт узнімуць!

— Бурыць, пакуль дазволіць машына, — сказаў Карнееў, скупа ўсміхнуўшыся на невясёлы жарт Юсуф-задэ. — Ну, а калі што — дык прывязём больш магутную, з Аханета. Там умовы куды горшыя, а людзі змагаюцца за ваду без панікі.

У гэты момант пад'ехала вадавозка. З гарачай кабіны выскачыў Хуары. Ён паспеў аддаць повару Мулуду пакупкі і цяпер прывёз на буравую новую порцыю халоднага чаю.

— Там Селіма прывезлі,— усхвалявана паведаміў ён Аклілю. — Я ўбачыў яго ў аазісе і запрасіў да нас у лагер. Сейід Мулуд пакарміў Селіма, і той адразу заваліўся спаць. Лёг на твой ложак.

Бурыльшчыкаў таксама зацікавіла навіна пра Селіма. З расказу Хуары стала вядома, што «кандыдата ў мільянеры» падабралі ў пустыні бедуіны. Як па этапу, яго перадавалі з аднаго качэўя ў другое, пакуль ён не апынуўся ў Таманрассеце. Адтуль Селім на спадарожных машынах дабраўся да горада-аазіса Амгіда, затым да Завія-эль-Кахла, а зараз ехаў бы ўжо ў напрамку Уарглы, каб не Хуары. І Акліль з раптоўным пачуццём крыўды падумаў: чаго гэта Хуары так узрадаваўся, што сустрэў Павука? Ды няхай бы сабе той і ехаў, куды ўздумаў.

А Хуары ўжо расказваў пра другое:

— Старэйшыны аазіса збіраюцца прыехаць, каб пакаштаваць новую ваду.

Юсуф-задэ хмыкнуў:

— Якую ваду, хто ім пра тое сказаў? — І павярнуўся да Карнеева: — Ну, што загадаеш людзям адказваць?

— Тое, што ёсць, праўду.

— Дык я ж сам яе не ведаю! — Юсуф-задэ накіраваўся да свайго пульта. І зноў завёў сваю магутную песню матор.

А праз якую гадзіну, калі Карнееў пакінуў буравую, туды прыехаў невялікі джып на шырачэзных колах. З машыны паважна выйшлі чатыры мужчыны ў адзенні туарэгаў. Наперад яны прапусцілі сівабародага высокага старога з пранізлівым позіркам. Госці зірнулі на бурыльную ўстаноўку, і самы малодшы з іх прамовіў на французскай мове:

— Сейід пытае, хто тут галоўны.

— Што паважанаму госцю трэба? — Юсуф-задэ прыглушыў матор і папярэдзіў, каб памочнік не забываў сачыць за прамыўкай.

— Алах вялікі,— не адказаўшы на паклон буравога майстра, па-арабску прамовіў сівабароды, выцягваючы сваю руку так, што яна ўказвала не столькі на неба і навакольную прастору, колькі на джып, на якім ён сюды прыехаў.

Юсуф-задэ ўсміхнуўся, зняў каску і выцер хусцінкай твар. Жэстам ён спыніў Сідкі, які стаў перакладаць сказанае сівабародым на французскую мову.

— Алах зрабіў для нас вялікую ласку, — працягваў сівабароды. — Ён пачуў нашы малітвы і схаваў пад зямлю тое, што нам шкодзіла. Мёртвае ён адаслаў да мёртвых, у падземнае царства. Гэта вялікая літасць. Яшчэ ў той час, калі я не згінаючыся мог прайсці пад брухам у жарабяці, на гэтым месцы, дзе стаяць вашы машыны, вецер гойдаў злую ваду, якая губіла пальмы. — Стары паказаў управа ад сябе, дзе пасярод пазбаўленай усякага жыцця раўніны тырчалі, бы чорныя шкілеты нейкіх фантастычных жывёлін, засохлыя пальмы-дум. За імі віднеліся напаўзамеценыя пяском руіны будыніны з гліны. Усё, што засталося ад невялікага аазіса. Салёная вада паступова знішчыла расліны, і людзі былі вымушаны пакінуць абжытыя мясціны і наймацца хамесамі да суседзяў ці стаць зноў качэўнікамі, як іх продкі.

— Ваш урад накіраваў нас сюды, каб даць жыццё гэтаму аазісу і даць ваду туды, дзе яе зараз мала і робіцца з кожным годам меней, — адказаў Юсуф-задэ на арабскай мове, здзівіўшы гэтым сівабародага. Той зірнуў на бурыльнага майстра больш уважліва, але па-ранейшаму варожа.

— Урад далёка, — адказаў ён. — Адтуль не бачна, дзе чужынцы свідруюць пясок.

— Свідруем там, дзе нам загадана, сейід, — стараўся гаварыць спагадліва Юсуф-задэ. — І мы разумеем вашу трывогу. Але вучоныя людзі кажуць, вада, добрая вада тут ёсць.

— Французскія бурыльшчыкі яе тут не здабылі, хаця спрабавалі некалькі разоў,— рэзка сказаў тады самы малады з гасцей.

— Вельмі добра, што не здабылі,— Юсуф-задэ звёў да пераносся густыя, запарушаныя пылам бровы. — Бо тады б знікла вада ў калодзежах вашага паселішча. Яны ж маглі прабурыць артэзіянскую свідравіну толькі на глыбіню дзвесце метраў. Гэта той пласт, які сілкуе і вашы калодзежы. Мы яго даўно прайшлі. Нашы трубы ідуць глыбока ўніз, каб здабыць новую ваду.

— Азхара! — з клёкатам у глотцы прамовіў сівабароды. — Каторую ноч крычыць птушка бяды. Марабут прадказаў — бяда прыйдзе ад вашых машын. — З велічным выглядам сівабароды рушыў да джыпа. За ім моўчкі ўся яго світа.

Юсуф-задэ паглядзеў услед джыпу і рашуча зашпіліў раменьчык каскі.

— Усе па сваіх месцах! — загадаў ён.

— Гэта вельмі паважаны чалавек, — сказаў пра сівабародага Сідкі.— Ён тут — раіс, правадыр. Вельмі заможны сейід. Мог бы купіць увесь аазіс, каб захацеў.

— Я бачу. — Юсуф-задэ падазрона зірнуў на Сідкі, патаптаўся ля вусця буравой свідравіны, быццам прыслухоўваючыся да нечага, і рашуча накіраваўся да пульта кіравання. Загудзеў матор. Завішчала лябёдка. Буравы снарад зноў недзе глыбока ў нетрах угрызаўся ў забой, ад яго напружанай работы торгалася сталёвая вышка, з падвывам роў рухавік, амаль захліпваючыся ад гарачыні. Акліль ведаў, што прабурылі ўжо чатырыста сорак шэсць метраў. Пазіраючы на рашучы твар Юсуф-задэ, ён яшчэ больш ганарыўся, што дапамагае буравому майстру.

Але вада, якую выпампоўвалі ў адстойнік з нетраў пустыні, была па-ранейшаму пякуча салёная.

28. АЗХАРА — ПТУШКА БЯДЫ

Увесь дзень, нягледзячы на спёку, на краі аазіса працавалі людзі. Гэта былі хамесы, якія чакалі «новай» вады. Яны ачышчалі ад камянёў вялікі пляц. Потым поле раўняў бульдозер. За ім пацягнуліся шлейфы пылу. Яднаючыся, яны к вечару павіслі над пляцам агромністым попельна-бурым шатром, які закрываў сонца. Бульдозер аціх толькі а дзесятай гадзіне вечара. Трохі пазней спынілася работа буравой. Па-ранейшаму працавала толькі цыркуляцыйная сістэма. Бурыльшчыкі вярталіся ў лагер дружнай купкай, абмяркоўваючы розныя здарэнні апошняга часу. У размовах чулася трывога. Асабліва непакоіліся мясцовыя. Звычайна яны пасля змены заходзілі ў лагер, перакусіць у сталоўцы, паслухаць радыё і проста пасядзець разам і спакойна перакінуцца словам, як любяць мужчыны ў вольную хвіліну. Але на гэты раз усе як адзін паспешліва скіравалі да аазіса, па хатах. Нават Амама, самы смелы з іх. Папярэджанне сівабародага раіса з галоўнага аазіса пра тое, што ля лагера бурыльшчыкаў каторую ноч крычыць птушка бяды азхара, усхвалявала ўсіх.

Сонца ўжо схавалася за дзюнамі, яшчэ дзесятак-другі хвілін — і пустыню агорне раптоўная, як заўсёды, густая цемра. Аціхне сірока. Нездарма ў бедуінаў ёсць прыказка, што ў Сахары малы вецер абуджаецца і кладзецца адпачываць разам з сонцам. Так яно і здарылася. Акліль адчуў, як адразу стала лягчэй дыхаць, а маўклівае наваколле пачало ажываць. Не такая яна ўжо і мёртвая, пустыня. Вось недзе зусім непадалёк шоргае паміж рэдкіх калючак рагатая гадзюка. Увесь дзень яна праляжала, затачыўшыся ў пясок, а цяпер накіравалася некуды па сваіх змяіных справах. У далечыні раптам дробна затупаў невялікі статак газеляў. А ўжо ля самай электрастанцыі, не зважаючы на грукат яе рухавіка, сядзеў і дзівіўся на электрычныя лямпачкі даўгавухі фянёк — маленькая ліса Сахары. Знік ён толькі тады, калі хлопчык падышоў зусім блізка. Але ж і цікаўны! Усё новае абавязкова імкнецца разгледзець, за што нярэдка плаціць жыццём, бо гэтай асаблівасцю звярка злоўжываюць паляўнічыя. А вось у лавушку рэдка трапляе. Вахрашчын якіх толькі не прыдумваў, і ўсё дарэмна. Амама яму растлумачыў — фянька прывабліваюць нават звычайнай дзіцячай цацкай. Ці ўторкваюць стракаты сцяжок — і звярок пачынае яго разглядаць, не заўважаючы, што недалёка схаваўся паляўнічы са стрэльбай. Але механік хацеў злавіць звярка жывым.

Пра гэта яны і размаўлялі з Аклілем. І не заўважылі, як да іх падышоў Сідкі. Вахрашчын ажно ўздрыгнуў, калі раптам убачыў, што матарыст стаіць побач і слухае іх гутарку.

— Але ж ты і ходзіш, — буркнуў ён. — Як фянёк.

— Фянёк маленькі.— Сідкі засмяяўся. — Яму гэта лёгка.