156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 28

— Закрыйце рот гэтаму шчаняці! — ашчэрыўся той. — Чуць яго не магу. Пайду ад граху…

— Хто сюды прыязджаў на кані, Амама? — паўтараў сваё на ламанай французскай мове Вахрашчын. Потым схамянуўся: — Можа, ён мяне не разумее ў такім становішчы? Эльмар, перакладзі яму па-арабску.

Юсуф-задэ паморшчыўся, але паўтарыў пытанне Вахрашчына. У Амамы ў вачах мільгануў сполах.

— Азхара, — прамовіў ён ціха.

— Хто-хто? — нахіліўся да яго Вахрашчын.

— Ды птушку тую так завуць — азхара, — сказаў Юсуф-задэ і зноў на арабскай мове звярнуўся да Амамы: — Хто цябе гэтак, брат?

Амама паківаў галавой. Гэта магло азначаць толькі адно: ён не ведаў, як тое здарылася.

Яшчэ не развіднела, а з аазіса ў лагер з'явілася шмат людзей. Быў сярод іх і бацька Амамы. Нехта паспеў яму сказаць пра здарэнне з сынам. Затым прыехаў на машыне сівабароды раіс. З ім было яшчэ некалькі паважаных сейідаў, а таксама настаўнік — аднарукі малады хлопец у паношанай ваеннай вопратцы. Гэта быў адзін з актывістаў партыі Фронт нацыянальнага вызвалення. Ён адзіны прывітаўся.

Не звяртаючы ні на каго ўвагі, стары хамес увайшоў у вагончык, куды перанеслі Амаму, і загадаў таму ісці дадому.

— Няхай бы яшчэ паляжаў ваш сын, сейід, — звярнуўся да хамеса Добыш. — Тут кандыцыянер, гэта Амаме добра. А к вечару мы самі прывязём яго да вас.

Хамес з пахмурным выглядам выслухаў Добыша і моўчкі павярнуўся да сына, які не вельмі спяшаўся выканаць загад бацькі. Нарэшце ён выйшаў, але накіраваўся не ў бок аазіса, а да электрастанцыі. Там знаходзіўся сівабароды сейід са сваімі прыхільнікамі.

— Растлумачце сваім людзям, што хадзіць каля электрастанцыі нельга, — звярнуўся Добыш да настаўніка. — Мы хочам, каб месца здарэння неадкладна агледзела паліцыя.

Выслухаўшы настаўніка, сівабароды раіс плюнуў у бок электрастанцыі і пагрозліва прамовіў:

— Гэтыя машыны наклікалі на нас бяду. Мы папярэджвалі, што ірум'енам трэба адсюль перабірацца ў іншае месца. Азхара зноў крычала гэтай ноччу. Бяда прыйшла да нас, людзі.

Жыхары аазіса захваляваліся. Нехта з падлеткаў шпурнуў камень у капот рухавіка, другі некалькі разоў дзеўбануў нажом у пярэдні скат.

— Не чапайце машыны! — слабым, але рашучым голасам сказаў Амама.

Амаму абступіла некалькі жанчын, стараючыся адцягнуць ад электрастанцыі. Было падобна на тое, што вось-вось жыхары аазіса пачнуць ламаць абсталяванне. Але тут прагучаў цвёрды голас настаўніка:

— Браты мае, наша ўлада прыслала сюды і гэтыя машыны, і гэтых іншаземцаў, якія ўмеюць імі кіраваць. Нашы людзі таксама тут вучацца валодаць тэхнікай. Але ж ці вы не ведаеце, суседзі,— нават добрага ездака наравісты конь можа скінуць на камяні. Але ўсё роўна бедуіны не любяць хадзіць пешкі.

— Бедуіны толькі да захаду сонца дазвалялі іншаземцам знаходзіцца ў сваіх паселішчах! — закрычаў пагрозліва сівабароды раіс. — І самі не ішлі ні да каго. Амама аслухаўся закону племя і наклікаў бяду не толькі на сябе.

— Але ж ёсць яшчэ і агульны закон нашай краіны, — цвёрда стаяў на сваім настаўнік. — Мы ўсе галасавалі за яго. Так, людзі?

Сівабароды раіс убачыў, што словы настаўніка аказаліся для жыхароў аазіса больш пераканальнымі. Таму ён зноў загаварыў пра ваду.

— Машыны чужынцаў дастаюць з-пад зямлі мёртвую ваду. — Вочы сівабародага пранізвалі настаўніка наскрозь, у іх была цяжкая нянавісць. — Хутка яна залье нашы палі, і тады давядзецца пакінуць гэтыя мясціны.

Пры гэтых словах некаторыя жанчыны ціха залямантавалі, а мужчыны зноў пагрозліва насупіліся.

— Мы маем звесткі ад геолагаў, што глыбока пад зямлёй тут знаходзіцца добрая вада, — сказаў на арабскай мове Юсуф-задэ, і яго словы не засталіся без увагі.

Але сівабароды адвярнуўся ад буравога майстра, як ад чалавека, які паважаным людзям адважыўся гаварыць няпраўду.

— Наліце ў збан прэснай вады, — сказаў ён, звяртаючыся да стаяўшых побач мужчын, — потым пакладзіце гліны і насыпце пяску, затым каменьчыкаў і зноў гліны, а зверху наліце салёнай вады… — Сівабароды раіс зрабіў працяглую паўзу, каб усе паспелі асэнсаваць сказанае. — Якой яна будзе на дне збана праз дзень ці два?

Вакол ківалі галовамі старыя, многія ўсміхаліся — так проста давёў раіс, што чужынцы гавораць няпраўду.

— А з іх трубы цячэ вада мёртвых! — дадаў раіс і велічна рушыў да сваёй машыны.

— Але ж вы ведаеце, што ў нетрах зямлі ўсё не зусім так, як у невялікім збанку, — звярнуўся да настаўніка крыху збянтэжаны Юсуф-задэ.

Настаўнік кіўнуў.

— Трэба счакаць, — прамовіў ён. — Я пагавару з людзьмі.

— Азхара! — голас сівабародага быў падобны на арліны клёкат. — Птушка бяды крычыць над машынамі чужынцаў. Няхай праткне кап'ё алаха таго з прававерных, хто застанецца тут да захаду сонца!

Людзі ўцягнулі галовы ў плечы. Да Амамы з енкам кінулася яго маці.

— Што такое? — абурана прамовіў Вахрашчын. — Нашы рабочыя пацягнуліся за гэтым старым вешчуном? Хлопцы, нельга справу кідаць!

Але рабочыя з мясцовых, якіх давялося столькі вучыць, рушылі да аазіса, за сівабародым раісам. Той велічна ішоў пешкі, а людзі за ім, бы статак за пастухом.

— Адрар! — паклікаў Добыш аднаго з рабочых, спрытнага і вясёлага хлопца, з якім у яго былі асабліва прыязныя адносіны.

Адрар прыпыніўся, але на яго прыкрыкнуў адзін са старых, і ён пакрочыў за сівабародым, цяжка перастаўляючы ногі.

Спыніць, угаварыць, растлумачыць, што так рабіць нельга, — вось што хацелася Аклілю. Але ад яго старэйшыя толькі адмахваліся, як ад мухі, а падлеткі пачалі дражніць і са смехам кульнулі на пясок, спрытна падставіўшы падножку.

— Мы павінны зараз працаваць асабліва інтэнсіўна, каб вада была якаснай, — сказаў Юсуф-задэ настаўніку, які застаўся з бурыльшчыкамі.— Цяпер кожны чалавек дарагі.

— Зараз нашы пабаяцца, — паківаў галавой настаўнік. — О, вы нават да канца не ўяўляеце, што значыць тут новая вада! Зямлю мы можам хамесам даць, урад усё робіць, каб яе атрымаў той, хто працуе. Але без арашэння — гэта пустыня… Дарэмна вы ўсё ж робіце свідравіну ў гэтым месцы. Трэба было б у той лагчынцы, правей аазіса. У нас існуюць прыкметы, дзе варта капаць калодзеж, а дзе не.

— Так загадана, — коратка адказаў Юсуф-задэ. — Але ў нас, бурыльшчыкаў, таксама існуюць прыкметы: калі браць ваду толькі з аднаго пласта, то яе хутка не хопіць на ўсе калодзежы.

Настаўнік кіўнуў і, паціснуўшы бурыльшчыкам рукі, пайшоў у аазіс.

Лагер апанавала нязвычная ў такі час цішыня.

Але ненадоўга. Быццам схамянуўшыся, заракатаў рухавік электрастанцыі. Следам дзынкнулі сталёвыя трубы на буравой — гэта Юсуф-задэ ўсяго з адным памочнікам мянялі сапсаванае шарашэчнае долата. Тыя, хто застаўся, працавалі цяпер кожны за двух ці трох. Нават повар Мулуд пакінуў Хуары даварваць тарэшту, а сам прыйшоў да бурыльнага майстра і запатрабаваў работу. Спачатку ў яго атрымоўвалася не вельмі, і ён, пасмейваючыся, прызнаў, што з чарпаком яму ўпраўляцца прасцей, чым з ключом для зашрубоўвання труб. Але Мулуд хутка навучыўся рабіць і новую сваю работу не горш за таварышаў.

Ламалі галаву — куды знік Сідкі. Відаць, таксама застаўся з тымі, хто пайшоў за сівабародым раісам.

А вечарам лагер абляцела навіна: вярнуўся Амама. Навіна была радасная і разам з тым трывожная. Повар Мулуд сказаў:

— Амама падпісаў сабе прысуд.

У яго словах былі і смутак, і гонар за чалавека, які мае мужнасць адстойваць сваю годнасць і права на лепшае жыццё.

29. НАТАЛЕННЕ СМАГІ

Пра ваду, быццам дамовіўшыся, амаль не гаварылі. Ды і наогул стараліся размаўляць як мага менш — эканомілі сілы. Галасы ва ўсіх былі сіплыя ад спёкі і стомы. Карнееў прывёз з першага ўчастка двух кваліфікаваных рабочых, але, як і раней, людзей не хапала. Акліль дапамагаў Амаме сачыць за маторамі. А калі той ішоў на буравую ўкладваць трубы на палаці, хлопец быў асабліва шчаслівы — ён станавіўся адзіным гаспадаром над магутнай машынай. Акліль нават спрабаваў начаваць на электрастанцыі. Па-першае, каб было весялей Амаме. Ну, а потым — ён баяўся Селіма і Хуары. Нешта яны такое задумалі, калі прапанавалі яму аддаць запал, а сабе ўзяць корпус «бондэсанта». Ну канечне ж: запал можна прымацаваць да снарада ці шашкі толу. Часцей жа Акліль начаваў разам з Добышам. Тады яны размаўлялі аб розных цікавых рэчах. Пра маторы таксама. Хаця Акліль ужо цвёрда вырашыў, што будзе бурыльшчыкам.

Буравая ўстаноўка асабліва прыцягвала Акліля, і ён знаходзіў шмат прычын, каб паацірацца каля пульта буравога майстра. Заадно правяраў — якая вада ў адстойніку. Юсуф-задэ жартам стаў клікаць яго — сейід лабарант.