156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

— Хуары-ы! Гэта я, Хуары-ы!

Астравок маўчаў. Добыш скочыў у ваду, апаласнуўся і сказаў Аклілю, каб той яго чакаў на беразе, пільнаваў адзенне.

Аіт-Хаммуш зірнуў праз шчыліну на пратоку і больш звычайнага жмурыў вочы. «У маладога савета голас, нечым падобны на голас майго Дахіма, — падумалася яму. — Сына даўно няма, а голас ягоны належыць чалавеку, які нарадзіўся так далёка ад нашай зямлі… Няўжо я нешта забыў? Але ж помню вочы мярзотніка, які забіў майго адзінага сына! Не-е, я нічога не забыў… Аднаго не ведаю — для чаго жыву на свеце, калі няма Дахіма». — Аіт-Хаммуш пратупаў да кошыкаў для рыбы і засунуў руку пад цыноўку, дастаў пісталет. Ляжаў там яшчэ з даваеннага часу, няўклюдны і цяжкі. Шэсць тоўстых патронаў. Такіх цяпер і не знойдзеш. Калі адзін дастае зброю, астатнім таксама хочацца нешта мець пад рукой. Аіт-Хаммуш зноў падзівіўся: як гэта голас маладога савета можа быць так падобны на голас яго Дахіма? «Яны чакаюць, калі савет з'явіцца на востраў.— Стары скоса зірнуў на напружаныя твары сваіх гасцей, якія моўчкі сачылі за плыўцом. — Зараз той, відаць, на сярэдзіне пратокі. Плавае ён добра».

Гедыфі скінуў гандуру і падцягнуў шырокі скураны пояс з кішэнькамі.

«Падобна, што малады савет шукае кагосьці,— прыкідваў Аіт-Хаммуш. — Мо тых куранят, што Гедыфі запхнуў у спіжарню? — Стары зноў агледзеў сваіх гасцей і нечакана сустрэўся з пранізлівым позіркам Гедыфі.— Ён не пакіне хлапчукоў жывымі! А мяне? Навошта я ім буду пасля таго, як дастаўлю іх на партугальскую яхту?.. Нечага рабіць тут маладому савету. Яго таксама з сабой не возьмуць».

Аіт-Хаммуш сунуў пісталет за пазуху і рушыў да дзвярэй. Тыя, ля акенца, устрывожана заварушыліся.

— Ты куды? — ступіў да старога Гедыфі.— Загад — усім сядзець ціха.

Аіт-Хаммуш убачыў накіраваны на яго чорны аўтамат і сцяў зубы. Вось так, выходзіць, скончыцца яго зямное існаванне? Яму адмерана столькі год, дзён і гадзін толькі для таго, каб гэты пратухлы шакал прабіў сэрца гарачым кавалачкам свінцу? За што? А за пратокай нешта весела крычыць хлапчук, не падазраючы, што ў гэтыя хвіліны вырашаецца і яго лёс.

Аіт-Хаммуш напружыў спіну, нібы чакаючы ўдару, і, адхінуўшы Шабана, ступіў цераз парог. Стрэлу не было. Не азіраючыся, стары пакрочыў да скалы, якая ўзвышалася над бухтачкай. «Яны нешта задумалі,— Аіт-Хаммуш пачаў паспешліва караскацца на скалу па выдзеўбаных у камені шчарбатых прыступках. — Ім не хочацца спалохаць маладога савета, пакуль той не апынецца на востраве…»

Добышу заставалася да вострава якіх-небудзь метраў дзесяць, калі на ўскрайку скалы, пакрытай іржава-зялёным лішайнікам, раптам з'явіўся стары, ускалмачаны і расхрыстаны, не падобны на сябе.

— Плыві назад, савет! — хрыпла выгукнуў астравіцянін.

Плывец здзіўлена ўзняў галаву — і Аіт-Хаммуш убачыў даверлівую ўсмешку на загарэлым маладым твары. Савет адкінуў валасы з ілба, бо вільготныя пасмы перашкаджалі глядзець, і нешта сказаў, але стары не зразумеў — што, і тады Аіт-Хаммуш устрывожыўся, што і яго словы марна знікаюць у прасторы.

— Паварочвай назад, ірум'ен! — зноў выгукнуў стары, ужо з усяе сілы і злосна. — Прэч, прэч!

Да Добыша словы старога сапраўды даляталі вельмі прыглушана. Але загад паварочваць ён зразумеў і спыніўся, разгублены, падграбаючы памалу рукамі і адчуваючы, як ногі пачынае цягнуць у глыбіню, у холад. Тут ён убачыў наведзены на яго вялікі рэвальвер і тое, як стары ўзвёў курок. Гэта Добыш разгледзеў выразна і, быццам зачараваны, хвіліну сачыў, як пагойдваецца руля рэвальвера, асабліва чорная на фоне разлітага наўкола празрыстага блакіту. Потым, ачомаўшыся, інстынктыўна зрабіў рэзкі рух убок і назад, ускінуўшы рукі і пляснуўшы нагамі, як робяць, калі плывуць батэрфляем. Чорт яго ведае, можа, стары звар'яцеў ад адзіноты ці яму нагаварылі чаго, вунь якія шалёныя ў яго вочы.

І тут нешта адбылося. Астравіцянін раптам увесь здрыгануўся, выгнуўся і пачаў асядаць, нібы яго моцна ўдарылі ў спіну…

— Аіт-Хаммуш! — выгукнуў Добыш. — Вы што, Аіт-Хаммуш?

Добыш нечакана ўхапіў вады, закашляўся, а калі здолеў зноў зірнуць на скалу, стары ляжаў. У тым месцы на бераг выбрацца было вельмі цяжка. Добыш рыўком адплыў падалей, каб абмінуць рыф і вылезці з вады на пясчанай выспе ля бухтачкі.

Гедыфі, які сачыў за плыўцом, заўважыў, што той раптам пачаў аддаляцца ад вострава, вырашыў — савет западозрыў нядобрае. Трэба мяняць тактыку. Ен жэстам падазваў Вільнава.

— Пакліч яго, — загадаў Гедыфі.— Ён жа цябе ведае?

Вільнаў збялеў. Спачатку, калі толькі пазнаў на тым беразе земляка, ён спалохаўся. Сумеснае з ім падарожжа на кантрабандысцкай яхце, на «каўчэгу», нечым забаўляла. «Бачыш, братка, як можа лёс круціць чалавека. Цяпер паспрабуй апраўдацца, што не сам захацеў стаць эмігрантам». — Так сказаў бы гэтаму маладому ёлупу, які не паспытаў, што такое сапраўднае ліха. Але ўдзельнічаць у захопе… Тым больш цяпер, калі яны не пашкадавалі нават старога…

— У мяне не атрымаецца, — прамармытаў Вільнаў.— Ён адразу ўсё зразумее.

— Заві! — узняў Гедыфі аўтамат. — На дапамогу заві!

«Якія бязлітасныя вочы! — Вільнаў ажно перасмыкнуўся. — А зямля наўкола… Божухна, якая яна чужая і раўнадушная!»

— Сюды! — нема паклікаў Вільнаў, не пазнаючы ўласнага голасу. — Гэй, зямляча! Сюды!

Пачуўшы гэты немы крык, Добыш ад нечаканасці адкінуўся на спіну.

— Гэта вы, Вільнаў? — здзіўлена адгукнуўся ён. — Што там здарылася, што з Аіт-Хаммушам? Вы…

Ён раптам асекся, бо Гедыфі, які сачыў за ім з-за скалы, зварухнуўся, і плывец гэта ўбачыў.

— Ты куды гэта, зямляк? — устрывожыўся Вільнаў.

Гедыфі зразумеў, што заманіць плыўца на востраў не ўдалося. Рэзка ўстаў.

— Плыві сюды! — загадаў, настаўляючы аўтамат. — Страляю пасля трэцяга папярэджання. Ра-аз…

Плывец, да пояса выскокваючы з вады і што ёсць сілы боўтаючы нагамі, ірвануў да мацерыка кролем. Гедыфі націснуў курок. Кароткая чарга шаляснула па хвалях ціха, нават чаек не спалохала. Добыш набраў як мага паветра ў лёгкія, нырнуў.

Гедыфі, насцярожана сочачы за месцам, дзе знік у вадзе савет, наблізіўся да самага берага і стаў на ўзвышшы. Каб не хвалі, адсюль можна было б назіраць за плыўцом і пад вадой. Гедыфі вылаяўся.

Вынырнуўшы і яшчэ не аддыхаўшыся, Добыш заўважыў: нібы хто кінуў побач жменю дробных каменьчыкаў. Стрэлаў ён не пачуў.

Хвалі перашкаджалі Гедыфі цэліцца, і ён чакаў, пакуль галава плыўца ўскінецца на самы грэбень. Але Добыш нырнуў зноў і пад вадою павярнуў управа, імгненна ўспомніўшы, што ў тым баку скала, магчыма, яна будзе перашкаджаць стралку. Ён плыў пад вадою, колькі хапала змогі, пакуль не стала зелянець у вачах ад удушша. Толькі вытыркнуўся з вады, як кулі выбілі фантанчыкі зусім побач — гульк, гульк, гульк!

Зноў з галавой у ваду — і ўбок. Рука нечакана натыркнулася на жорсткае дно, калені шоргнулі па вострых ракавінах. Добыш ускочыў. Да каменя заставалася крокі чатыры. Гедыфі, які чакаў гэтага моманту, націснуў на спускавы кручок.

— Не вытыркайся, Акліль! — крыкнуў Добыш і тут жа зваліўся — збіла з ног хваля.

Гэта ўратавала яму жыццё. Кулі ўрэзаліся ў жвір крыху вышэй узроўню прыбою, а адна гучна чырканула па камені і са звонам паляцела ў хмызняк. Добыш рыўком кінуўся за камень і ў гэты момант пачуў, як у скроню секанула нешта пякучае. Каля левага вока нібы лопнула, асляпляльна пыхнуўшы аранжавым святлом, электрычная лямпачка.

— Цябе забілі? — пачуў ён крык Акліля над самым вухам.

Па левай скроні лілося нешта гарачае. Добыш правёў далонню па тым месцы і расплюшчыў вочы. Левае рэзала, свет стаў ярка-чырвоным.

— Я жывы, — сказаў Добыш, са здзіўленнем разглядаючы запэцканую крывёю далонь. Ён з прагнасцю дыхаў, нібы спяшаўся надыхацца за тыя хвіліны, што быў пад вадой. — Не вытыркайся, браток, прашу цябе.

Добыш ліхаманкава азіраў пляж. Ён здаваўся неабсяжным. Можа, таму, што глядзеў на яго, прыціснуўшы галаву да пяску і адным вокам? Другое так рэзала, што хацелася як мага хутчэй пацерці пальцамі, як у дзяцінстве, калі ў вока трапляла што-небудзь. Да хмызняку на ўскрайку пляжа, дзе авечымі статкамі ляжалі каменныя россыпы, метраў трыста. Падстрэляць, пакуль дабяжыш. Але што рабіць?

— А Хуары на востраве? — спытаў Акліль.

— Не бачыў,— азваўся Добыш.

«Недзе бадзяюцца са сваёй мінай, — падумаў ён з новай трывогай. — А землячок клікаў на востраў… Во поскудзь. І на скале ляжыць Аіт-Хаммуш. Нажом яго, відаць, бо стрэлу не чуваць было. Трэба тэрмінова паведаміць у паліцыю. А як выбрацца да ночы? А тыя, з вострава, абавязкова дабяруцца і сюды. У іх жа лодка! Ну і ўскочыў я, у самае асінае гняздо. Добра яшчэ — не падстрэлілі Акліля».

— Не вытыркайся! — сказаў ён хлопчыку. — Рабі толькі тое, што я скажу, добра?

Акліль правёў Добышу далонню па твары, нібы малодшаму брату. Ён лёг на спіну, каб убачыць кулю, калі яна будзе блізка ляцець. Колькі разоў чуў посвіст, але самую так ніколі і не заўважыў.

…Аіт-Хаммуш зноў пачуў шапаценне хваляў, але вачэй не расплюшчыў. Наадварот, зажмурыўся мацней, так лягчэй было цярпець боль, які пранізваў яму пазваночнік. Старому здавалася, што ён плыў па вогненных водах, апускаючыся ўсё глыбей і глыбей, туды, дзе ногі чуюць холад. Але душа перасцерагала — з той халоднай краіны Захаду, аб якой марабутам было вядома са старажытных паданняў,— з царства мёртвых няма дарогі назад. Нешта ўтрымлівала старога ў гэтым свеце пякучага болю. І галоўным было тое, што ён не знаходзіў адказу — навошта жыў на гэтым свеце, навошта зараз ляжыць, прыкуты вогненным цвіком да скалы?

А можа, тое, дзеля чаго яму наканавана было нарадзіцца і жыць, даўно прайшло міма, а ён не заўважыў?

…Палоска пляжа, што аддзяляла камень, за якім схаваўся ірум'ен, ад гурбаў камянёў сярод хмызняку з вострава здавалася зусім вузенькай. Таму Гедыфі баяўся нават на імгненне адвесці ад яе вочы.

— Прынясі вінтоўку! — загадаў ён Шабану і тут жа секануў кароткай чаргой па камені — падалося, што з-за яго нехта высунуўся.