156999.fb2
Шабан вынес вінтоўку. Гедыфі паказаў яму на скурчанага каля старых бочак Вільнава:
— Дай яму, а ў цябе ж пісталет. Абодва ў лодку — і на той бераг. Дэсант. Гэй, француз, як цябе? Бяры вінтоўку!
— Я не ўмею! — замахаў рукамі Вільнаў і таропка падаўся да хаціны Аіт-Хаммуша. Шабан адпіхнуў яго ад дзвярэй, але зброі не даў. Гедыфі гэта заўважыў.
— Дай яму вінтоўку — і ў лодку! — пагрозліва паўтарыў ён.
— Я недзе згубіў пісталет, — прызнаўся Шабан. — Можа, яго ўзяў стары?
— Ну, дык ідзі і забяры! — раз'юшана зароў Гедыфі.— Разява!
Шабан толькі пераступіў з нагі на нагу і тузануў затвор.
— Каму сказана!
Гедыфі павярнуў на яго аўтамат. Шабан разумеў, што ўскінуць вінтоўку не паспее. Ён зірнуў на скалу. Стары так і ляжаў ніц. Шабан павесіў вінтоўку на плячо. Калі ў яго будзе пісталет, з Гедыфі можна ў зручны момант пагутарыць інакш. На яхту ён знойдзе дарогу і сам. А магчыма, гэта тады і не трэба будзе. Такі варыянт неабходна таксама абдумаць. Займець бы толькі пісталет.
Нібы здалёк пачуў Аіт-Хаммуш стрэлы. Гэта прымусіла яго пераадолець боль і засяродзіцца. Нехта набліжаўся. Затым зноў нясцерпны боль і — Аіт-Хаммуш страціў прытомнасць. Гэта Шабан рэзка павярнуў яго на бок і выцягнуў нож, мяркуючы, што той можа спатрэбіцца. Правая рука старога тарганулася. Аіт-Хаммуш расплюшчыў вочы і ўтаропіўся ў Шабана, ягоныя пальцы сутаргава сціснулі рэвальвер. Той збянтэжана замёр. Стары, аказваецца, яшчэ жывы!
— Дай гэтую цацку сюды, прыяцель, — прамовіў Шабан, толькі цяпер зразумеўшы, што безнадзейна ўпусціў момант, калі можна было забраць рэвальвер без усякай рызыкі.— Прыяцель, не…
Паспеў толькі апусціцца на калені, як грымнуў стрэл. «Канец, — Шабан схапіўся рукамі за грудзі і раптам адчуў, які ён кволы і бездапаможны. — Трэба ж… Я не хацеў…»
Ён не паспеў дадумаць, чаго не хацеў, таму што ў наступны момант грымнуўся спінай на камяні і пасунуўся ўніз, да вады.
Стрэл з рэвальвера быў такім нечаканым і для Гедыфі.
— А, стары сабака… — Ён скіраваў аўтамат угору. Кулі пачалі крышыць камень вакол нерухомага цела Аіт-Хаммуша.
— Уцякае! — спалохана закрычаў Вільнаў, паказваючы рукой у бок пляжа. У другой руцэ ён трымаў свой сакваяж з прывязаным да яго скруткам, бо і сам збіраўся ўцякаць з гэтага праклятага месца.
Малады савет, бы дзікі казёл, імчаў да хмызнякоў. Гедыфі таропка даў кароткую чаргу. Уцякач пляснуўся ў лагчыну і ўціснуў галаву ў пясок. Гедыфі стрэліў яшчэ, але дарэмна — кулі ішлі вышэй. На такой адлегласці з аўтамата амаль немагчыма было страляць прыцэльна. Тут трэба вінтоўка.
— Вазьмі вінтоўку! — загадаў ён Вільнаву, паспешліва ўстаўляючы ў аўтамат новы і апошні магазін. — Каму сказана!
Вільнаў, адразу ўспацеўшы, падышоў да Шабана і пачаў выцягваць з-пад яго цяжкага цела вінтоўку.
— Ды піхні ты яго, ёлуп! — зноў закрычаў Гедыфі. — Вось так. А зараз у лодку і на той бераг!
Наліўшыся лютасцю на ўсіх на свеце, Вільнаў, перш чым сесці ў лодку, расставіў ногі і стрэліў у тое месца, дзе залёг гэты пракляты зямляк. «Прынесла ж нячыстая сіла, зблытаў усе карты», — Вільнаў рашуча клацнуў затворам, заганяючы новы патрон, калі са скалы грымнуў стрэл, потым другі…
Вільнаў асеў, працягваючы трымаць вінтоўку, і ашалела закруціў галавой. Ён бачыў, як стары прыўзняўся, каб стрэліць у яго зноў, і таргануўся ад жудасці.
— Не-е-е! — крыкнуў ён у бездапаможнай роспачы.
Гедыфі азірнуўся і даў па старому дзве кароткія прыцэльныя чаргі. Рэвальвер зваліўся ў ваду. Адразу ж пачуўся яшчэ адзін усплеск, значна мацнейшы. Гедыфі азірнуўся і ўбачыў, што ў ваду зваліўся Шабан. «Ну і шайтан з ім, — Гедыфі пачаў біць кароткімі чэргамі па ўцекачу на пляжы, бо ірум'ен выбраўся з лагчынкі і ўпарта поўз да хмызняку. — Ах, сабака, сцяміў, што трэба не бегчы, а рыць носам зямлю, калі хочаш ацалець». Не, яшчэ не ўсё згублена, сказаў ён сабе. Хутка сцямнее, а тады прыйдзе памочнік старога. «Ненадзейны быў стары, — падумаў яшчэ. — Казаў жа Рамдану — замяніць яго трэба неадкладна. Бач, як ён з рэвальвера… Але, здаецца ж, я яго паклаў напавал…»
Стукнула яшчэ тры стрэлы — і магазін апусцеў. Гедыфі вылаяўся, шпурнуў аўтамат у ваду і падаўся да вінтоўкі. Уцякач на тым беразе, відаць, добра бачыў яго, бо ўскочыў на ногі і нешта закрычаў. Адразу ж да хмызняку памчаў хлапчук, пра якога Гедыфі нават і забыў зусім.
— Ах, шайтан! — Гедыфі схапіў вінтоўку, але малы ўжо знік сярод камянёў, як яшчарка. Гедыфі раз за разам стрэліў у тое месца, дзе варушыліся галінкі хмызняку. Там выбіраўся з-пад яго агню савет. Вось ён мільгнуў на самым грэбені, Гедыфі стрэліў. Папаў ці не? «Усё роўна цяпер трэба як мага хутчэй з вострава, — сказаў сабе Гедыфі,— бо малы ўжо каля шашы і праз гадзіну тут будзе паліцыя».
Гедыфі кінуў у ваду і вінтоўку, схапіў сакваяж Вільнава і скокнуў у лодку… Ён ужо адплыў ад вострава метры на два, калі раптам успомніў пра хлопчыкаў: «Там жа шчанюкі засталіся! Вось каго пакідаць не трэба. Прывалок жа іх Рамдан на маю галаву!»
Гедыфі паспешліва выцягнуў з камянёў каля хаціны «бондэсант», які перадаў яму Рамдан. Укруціўшы запал, падышоў да спіжарні і адамкнуў дзверы. Хуары і Селім стаіліся ў самым дальнім кутку за гурбай старых кошыкаў. Прыкмеціўшы іх, Гедыфі пагрозліва крыкнуў:
— Устаць! Да мяне, хутка!
І, адступіўшы за каменную сцяну, шпурнуў «бондэсант» у сярэдзіну спіжарні. Спалоханы крык хлапчукоў, глухі выбух. Гедыфі нават не зірнуў у спіжарню, адкуль паваліў жоўты едкі дым. Як дзейнічае «бондэсант», ён ведаў добра.
* * *
Стары расплюшчыў вочы і глядзеў на Добыша. Позірк яго спачатку быў няпэўны, нібы шкляны, амаль нежывы, але хутка з'явілася як бы праталінка ў ледзяным акне.
— Даххм… — нешта сіліўся вымавіць Аіт-Хаммуш, углядаючыся ў Добыша, ад чаго таму было не па сабе. — Дахх…
— Нешта ён вам хоча сказаць, — прамовіў паліцэйскі, уважліва разглядаючы Добыша.
Аіт-Хаммуш ледзь прыкметна варухнуў рукой і зноў захрыпеў, працягваючы сачыць за Добышам.
— Ён глядзіць на вас, быццам нешта хоча спытаць, — зноў сказаў паліцэйскі.
Добышу і самому так здавалася. Але аб чым хацеў спытаць стары?
Падышоў паліцэйскі ўрач і марлевым тампонам з нейкай пякучай вадкасцю асцярожна абцёр Добышу скроню. Другі тампон загадаў прыкласці да вока і трымаць як мага даўжэй.
— Як вы мяркуеце, хлопчыкі выжывуць? — спытаў у яго Добыш.
— Аднаго, відаць, не давязём жывым нават да шпіталя. А другі — гледзячы на якога хірурга трапіць. Кажуць, савецкі доктар аднойчы выратаваў гэтага старога.
— Ведаю, — адказаў Добыш, гледзячы, як перабінтоўваюць старому грудзі.
— Але цяпер яго не ўратаваць, — паківаў галавой урач. — Кулі ў грудзях, у жываце, а яшчэ нажавая рана — яна смяртэльная.
Да Добыша падышоў доктар Кійк.
— Ну, як? — ён зірнуў на параненае вока і, як і паліцэйскі доктар, загадаў трымаць тампон. — А ў шпіталі адразу да акуліста.
Паліцэйскі камісар выгукнуў прозвішчы аператыўнікаў, якія застаюцца на востраве дзяжурыць.
— Астатнія хутка на катэр! — загадаў ён. — К ночы будзе добры шторм, на яго і разлічвалі кантрабандысты.
Добыш узяўся за насілкі, каб памагчы перанесці старога. Катэр падкідвала хвалямі, хаця ў бухтачцы яны былі значна меншыя, чым у адкрытым моры. Стары зноў расплюшчыў вочы і варухнуў пасінелымі губамі. Так, ён аб нечым хацеў спытаць у Добыша. Прыкра было ўсведамляць, што гэта застанецца назаўсёды невядомым.
— З Амамам будзе ўсё ў парадку, — сказаў доктар Кійк, які стаў побач. — Моцны хлопец.
Хоць адзіная радасная навіна.