156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 5

— Вы ўдвух змыліся з дзіцячага дома? — працягваў ён свой допыт.

— Не, упяцёх, але астатнія потым здрэйфілі.— Акліль уздыхнуў.— Арэзкі пашанцавала: так зашыўся на параходзе, што не знайшлі. А мяне матрос цап-царап…

— Сын асла. — Хуары выпусціў з рота струменьчык дыму, як гэта рабілі дарослыя хлопцы. Ад цыгарэты яму стала моташна, але ён упарта папыхкваў, каб трымаць марку перад Аклілем, паказаць, хто тут больш дарослы. — Схапіў, цап-царап… Я ў такіх выпадках бы — р-раз!

— Дык жа за валасы схапіў, як фашыст які,— у Акліля запякло ў вачах ад слёз. — Так усё добра атрымоўвалася, а тут гэты сабака матрос.

Акліль еў банан з хлебам, стараючыся адкусваць памалу — каб лепш прагнаць голад. Гэтаму яго навучыла старэйшая сястра, Марыям, яшчэ ў лагеры для бежанцаў. А ў дзіцячым доме хлеба хапала. Там ён, гледзячы на старэйшых хлопцаў, паспрабаваў і курыць. Раз яму «пашанцавала», разжыўся на амерыканскую цыгарэту і пыхкаў, пакуль не пачало выварочваць вантробы, а святло лямпачкі здалося зялёным. Дырэктар спалохаўся, выклікаў урача. У бальніцы давалі амлет і рысавы пудынг з разынкамі. Тры дні райскага жыцця! Баяўся вяртацца ў дзіцячы дом, каб не засмяялі. Ды неяк абышлося, у тыя месяцы прывозілі многа дзяцей, бацькі якіх загінулі ў часе вайны з каланізатарамі, і яго вяртанне засталося незаўважаным.

«Як да-Муса гатаваў фасолю!» — падумаў Акліль, і ў яго забурчала ў жываце. Усе ў знак асаблівай павагі называлі гэтага самага Мусу «дада», або, яшчэ карацей, — «да». А часам і з асаблівай пашанай — сейід, гэта тое ж самае, што «пан» па-французску — «мсье» ці нават вышэй. Да-Муса чамусьці шкадаваў яго, Акліля. Хоць звычайна строга сачыў, каб кожнаму дасталася аднолькавая порцыя, каб ніхто ні ў кога не адабраў кавалак, асабліва ў заморка Марыса. Ну і падліву ён умеў гатаваць! Яе старанна вымазвалі з талеркі кавалкам хлеба. Язык пякло ад перцу, у роце было проста вогнішча. Каб затушыць яго, адной кружкі вады не хапала. Асабліва добра было, калі да-Муса патрымае перад тым бідон з вадой у вялізным армейскім халадзільніку. Халадзільнік дырэктар са старэйшымі выхаванцамі дзіцячага дома аднойчы прывезлі з былога лагера французскіх парашутыстаў. Дырэктар чамусьці забараняў адразу пасля абеду піць многа вады, але да-Муса не пярэчыў: у простых алжырскіх сем'ях заўсёды так рабілі. І ў пахлёбку гаспадыні знарок клалі паболей перцу, ды не якога-небудзь, а кайенскага, самага пякучага, каб лепш пілася вада. Дырэктар злаваўся і казаў, што цяпер новы час, раней, пры каланізатарах, ваду пілі, каб заглушыць голад.

Дырэктар заўсёды хадзіў у вайсковым адзенні і нагадваў Аклілю бацьку. Маці сваю Акліль памятаў менш, а бацьку дык добра. Памятаў пах яго ваеннай курткі. Яна пахла гарэлым порахам і сухарамі. Сястра, Марыям, тую куртку некалькі разоў латала кавалкамі плямістага брызенту, а потым бацька зноў ішоў некуды з байцамі, ці, як іх яшчэ называлі, муджахідамі, праз горы. Звычайна яго не было падоўгу, па некалькі дзён. Таму прайшло нямала часу, перш чым Акліль зразумеў, чаму стала плакаць Марыям, пазіраючы на далёкія фіялетавыя пагоркі. Адтуль да лагера бежанцаў, які стаіўся ў горным лесе ля самай туніскай граніцы, даносіліся частыя выбухі і стук цяжкіх кулямётаў.

Блізкае мора ляніва плёскала ў каралавых рыфах. На пясчаную выспу каціліся невысокія хвалі, перабіраючы каменьчыкі. Чулася бясконцае шорханне. Калі заплюшчыць вочы, можна ўявіць, быццам недзе блізка пералапачваюць кукурузу, ссыпаюць яе ў папяровыя мяхі.

— А зараз мы з табой зробім адну невялікую справу, — сказаў Хуары, калі яго новы знаёмы дажаваў хлеб. — Пайшлі?

Аклілю не вельмі хацелася цягнуцца некуды з гэтым задавакам. Але ж ён цяпер зусім адзін! Арэзкі недзе ў Францыі. Вярнуцца ў дзіцячы дом? Тады заморак Марыс першы залямантуе: «Паглядзіце, вось Сіндбад-Мараход вярнуўся з падарожжа!»

Ісці давялося недалёка, на звалку металалому. Сюды было сцягнута рознае жалеззе — і з горада, і з месца нядаўніх баёў. Хуары адразу пачаў завіхацца каля вялізнага ваеннага «фіята», выдзіраць зусім цэлыя, нават шкло паднімалася і апускалася, дзверцы. Гэта якраз тое, што трэба для яго кватэры, растлумачыў ён. Вядома, ад браневіка было б лепш, але ж там дзверцы малаватыя, а цяжару ў іх чорт ведае колькі. Толькі кран і падыме.

Многа разоў здавалася, што ў іх не хопіць сілы, каб справіцца з «фіятам». Потым яны цягнулі дзверцы па каменні, зусім забыўшыся, што за які кіламетр ад іх стаіць машына, у кабіне якой яны таксама «пагаспадарылі». Тыя мужчыны могуць заўважыць хлопцаў, здагадацца, чыіх рук справа.

— Давай адпачнём, — нарэшце прамовіў Акліль, калі яны правалаклі сваю здабычу метраў сто.

— Эх ты, слабак, — упікнуў Хуары. Але спыніўся, яшчэ раз агледзеў здабычу: добрая рэч. Гэта будзе надзейна — жалезныя дзверы. Пакуль што сваё жытло ў руінах крэпасці ён закрываў старым парусам, які ўдалося знайсці пасля шторму каля вострава Старога. Хуары не ведаў, як завуць таго змрочнага рыбака, які там жыве. У яго коратка, як звычайна ў маракоў, падстрыжаная сівая барада, твар у зморшчынах і шрамах. Гэта толькі здаецца, што ён адзінокі. Хуары некалькі разоў удалося прасачыць, як да Старога наведваюцца людзі. Звычайна позна ўвечары, тоячыся. А сёння дык гэтыя ўтрох прыйшлі адкрыта, яшчэ і крычаць пачалі. Цікава: хто яны? Можа, гэта проста пакупнікі рыбы. Ці каралаў. А калі не? Так што асцярожнасць і жалезныя дзверы пры гэткім суседстве не пашкодзяць.

— На яшчэ хлеба, — працягнуў ён Аклілю ўсё, што меў.

Акліль прыняў пачастунак. Паласкавеў Хуары: зразумела — ці ж яму аднаму дацягнуць гэтую жалезную ламачыну?

Акліль палез у кішэню па ножык, і ў яго вываліўся аўтаматны патрон. Хуары падняў: капсуль біты, пасля асечкі нехта выкінуў. А гэты недарэка думае, што падабраў добрую рэч.

— Хочаш дастаць порах? — спытаў ён, узважваючы патрон на далоні.

Акліль хутка, бы якую каштоўнасць, схапіў сваю «цацку».

— У мяне іх поўная скрыначка, — раўнадушна прамовіў Хуары. — Думаю на рынку памяняць на дынары ці ножык.

— У мяне была сястра. — Акліль трымаў цяпер у адной руцэ кавалак хлеба, а на далоні другой жоўта пабліскваў патрон з тупарылай куляй.

— А ў яе быў пісталет, — насмешліва падхапіў Хуары.

Акліль бліснуў вачамі.

— Яе забілі з аўтамата. Аасаўцы.

Хуары адразу пасур'ёзнеў. Яго родных з аўтамата не забівалі.

— На вайне? — у пытанні ўжо не было насмешлівасці.

— Не, проста на вуліцы, — зусім ціха растлумачыў Акліль. — Ведаеш фантан на Плас д'Опера? Мы сабе ішлі з сястрой, як раптам машыны — і та-та-та!

— Я такое бачыў,— кіўнуў Хуары. — Я і не тое яшчэ бачыў,— вырашыў ён дадаць чамусьці.— Зараз з аасаўцаў нашы пыху збілі. Па шчылінах, канечне, яшчэ сядзяць, але многім галовы пазбівалі.

— Усе кінуліся хто куды, — сказаў Акліль і, з усхліпам уздыхнуўшы, сунуў у кішэню хлебную скарынку. — Мяне нехта як пацягне ў двор! А сястра засталася на вуліцы. Яна адразу звалілася, калі толькі пачалі страляць. З першай машыны. Прыляцелі салдаты на грузавіку, санітарная машына… Я пакуль прабіўся туды… Нават не заўважыў, на якой машыне яе павезлі.

— Можа, тваю сястру толькі паранілі? — Хуары захацелася пакласці на плячо Аклілю далонь.

— Не, забілі. Усе навокал адно казалі: дзяўчыну забілі. Такую красуню і забілі. «Не трэба было хадзіць без хаіка. Чаму не закрывала твар? Думала быць падобнай на францужанку? Вось французы яе і застрэлілі», — гаварыла нейкая старая. Я нават хацеў кінуць у яе камень, закрычаў, але мяне схапілі за рукі… Як толькі адпусцілі, я падбег на тое месца, дзе ляжала сястра. Там была кроў. Бачу яшчэ — патрон… Хуары падняўся і перасмыкнуў плячамі.

— А я дык ад бабулі ўцёк, — бесклапотна засмяяўся ён. — Кожны дзень лаяла — заняткі ў школе прапускаю, вопратку псую… І за бацьку лаяла.

— А бацька што, добраахвотнікам пайшоў на вайну і не вярнуўся? — Акліль ведаў, некаторыя жанчыны гэтак гаварылі, калі плакалі па сваіх: «І хто іх толькі цягнуў на тую вайну?»

— Маці ў мяне памерла, калі я быў зусім малы. А бацька мой у Францыі! — Хуары сказаў гэта чамусьці голасна, амаль што крыкнуў.— Бабулі грошы прысылаў. Потым перастаў. Ну і старая за мяне ўзялася… Вядома, у бацькі там новая жонка, францужанка… У мяне і браты, відаць, ёсць. Ірум'ены! Ха! Мне б у Францыю. Калі вырасту, абавязкова паеду. Ну, чаго ўтаропіўся? Падымайся! Прывык у прыюце, што за цябе ўсё робяць! Я спераду, а ты ззаду. Ды не так, сын асла! На рабро возьмем.

Акліль нёс і думаў. Пляваць яму, канечне, на гэтага Хуары. Але раз узяў хлеб, то трэба памагчы дацягнуць гэту жалязяку да яго жытла. І ўсё, там ён сам сабе гаспадар.

— Далёка яшчэ? — Ён адчуваў млявасць у каленях.

— Бачыш вежу з таго боку, дзе сонца? — паказаў Хуары. — Мая крэпасць у крэпасці.

— Можа, і козы твае? — Акліль кіўнуў на коз. Ускараскаўшыся на кучу камянёў, яны абдзіралі маладыя парасткі з чэзлых таполяў.

— Козы не мае, — проста адказаў Хуары. — А вежа мая. Бо яна была чыя? Тут сядзелі французскія легіянеры. Зараз яны збеглі, і ўсё належыць нам, алжырцам. Муджахіды прыходзілі ў вілы, што належалі французам, і казалі — яны цяпер нашы. «Мы тут гаспадары». А вежа стаяла пустая. Я знайшоў і сказаў: цяпер яна мая. Ну, хіба не правільна?

Акліль прысвіснуў: спрытнюга гэты Хуары. Пацягнулі дзверцы далей. Раз-пораз яны чапляліся за камянюкі, і тады уздымаўся такі скрыгат, што козы забывалі грызці і трывожна глядзелі на хлапчукоў жоўтымі вачамі д'яблаў і былі гатовыя кінуцца хто куды. На камень з вохканнем караскаўся стары казапас у лінялых джынсах і, нягледзячы на спёку, апрануты ў шмат разоў латаную тоўстую кофту. Стары сыпаў такімі выкручастымі праклёнамі, што козы ўжо вырачалі вочы на яго і трэслі бародамі ад захаплення. Лаянка старога супакойвала іх больш, чым самыя ласкавыя словы гаспадынь. Старая каза пачала жаваць газету з выцвілымі аршыннымі заклікамі: «Салдат, памятай: Алжыр быў і застанецца часткаю Францыі! Патрыёты не дапусцяць, каб гэты край захапілі падрыўныя безадказныя элементы!»

У каменных шчылінах наперабой стракаталі цыкады.

3. ВЕЖА

Паблізу ад руін крэпасці не было ніводнага будынка, дзе б жылі людзі. Месца было здзічэлае, пакінутае. Толькі метраў за трыста ніжэй сярод каменных россыпаў стаяла прыземістая будыніна з купалападобным дахам — у ранейшыя часы ў гэткіх жылі мусульманскія святыя і марабуты, якіх таксама лічылі святымі ці вешчунамі. Яшчэ далей, ля ўзбярэжжа, на пакатым схіле, адкуль было добра глядзець на мора, красаваўся невялікі палац ці віла. Віла была нібы ў зялёных аблоках абрыкосавых і персікавых дрэў і ружова зіхацела ў промнях вечаровага сонца. Вышэй вілы былі блакітна-шызыя скалы, праз якія пракладзена шаша. А да вілы вяла вузкая дарога, яна раней ахоўвалася дотам, бо на тым месцы, дзе было тое ашчэранае кулямётамі ваеннае логава, тырчалі кавалкі бетонных пліт. На віле, мабыць, жыла нейкая важная французская шышка, адзначыў для сябе Акліль. Цікава: а хто займае яе цяпер? Частка такіх віл стала пасля перамогі народу над каланізатарамі дзіцячымі дамамі. А ў некаторыя засяліліся, пра што казаў дзецям да-Муса, спрытныя алжырцы, якія разжыліся даведкамі, што і яны дапамагалі вызваленчай арміі. Але Акліль не шкадаваў, што не пажыў у французскай віле. Дом, у які прывезлі яго вясёлыя хлопцы з маладзёжнай арганізацыі Фронт Нацыянальнага Вызвалення Алжыра, быў хоць і стары, але не горшы. Па-першае, пад ім аказаліся сутарэнні, адкуль можна было трапіць у катакомбы. Побач знаходзілася старая арабская частка горада — таямнічая і грозная для іншаземных захопнікаў Казба. А яшчэ быў паблізу электрамеханічны цэх, невялікі, праўда, і Акліль паспеў там навучыцца рамантаваць электрапліткі.

Пра ўсё гэта Акліль расказваў з захапленнем, і Хуары адчуў у душы зайздрасць. Самога яго навучылі толькі працаваць шчоткамі, чысціць абутак. Затое няхай хто-небудзь паспрабуе спаборнічаць з ім у гэтым. Сам Селім аднойчы прызнаў яго майстэрства. Хуары быў упэўнены, што зможа рамантаваць абутак і нават шыць, калі трохі падвучыцца. Але навучыцца рамантаваць электрычныя прыборы ён таксама не супраць. Зразумела, не пліткі нейкія, а, скажам, электраабсталяванне ў аўтамабілях. Тады для яго было б адкрыта ого колькі дарог.

— Усё ты брэшаш, — скрывіўся Хуары. — Калі там так добра і цікава, чаго ўцёк?

Акліль не адказаў. Але ж і бурклівы гэты Хуары! Відаць, таму, што ўвесь час жыў з бабуляй, нават лаецца па-жаночы. Цікава, а што рабіў яго бацька перад тым, як з'ехаць у Францыю? Хутчэй за ўсё, бадзяўся без работы. Інакш — чаго ехаць за мора да ірум'енаў? Хоць паглядзець, як там і што, — цікава, вядома. А чым займаўся яго, Акліля, бацька, перш чым стаў салдатам вызваленчай арміі? Не распытаў у сястры… Іншы раз здавалася, што бацька толькі змагаўся з захопнікамі Алжыра. Што ён дзеля таго і з'явіўся на белы свет. Хоць, канечне, усе людзі з'яўляюцца і жывуць для нечага на зямлі. А для чаго жыве ён, Акліль? Падумаеш пра гэта, і такая трывога ахоплівае цябе.

Каб усцягнуць дзверцы на другі паверх, аддалі апошнія сілы. Паспрабавалі адразу прыладзіць іх, але ўжо не слухаліся рукі і ногі, усё цела дрыжала.

У Хуары была даволі прасторная камора, якую нехта выгарадзіў з тоўстых дошак і кавалкаў бляхі. Хто быў той чалавек ці тыя людзі, што зрабілі гэта, куды яны падзеліся пасля, хлопчык не ведаў. Можа, сапраўды тут жылі легіянеры, як сцвярджаў стары казапас? Але цяпер гэта належыць Хуары, і ён нікому не саступіць, будзе змагацца за сваё жытло, як толькі зможа. Добра, што камора на другім паверсе і туды вядзе лесвіца. Калі прывязаць вяроўку, можна ўсцягваць лесвіцу за сабой. Цяпер Хуары гэта не пад сілу, але ж ён падрасце і падужае! А пакуль што будуць рабіць гэта з Аклілем. Хопіць і для яго месца. Тут і чацвёра маглі б жыць.

Хуары вельмі не хацелася жыць тут у адзіноце. Але цешыў сябе вераю, калі перасяляўся сюды: вернецца бацька. Іншыя ж вяртаюцца! Нават той стары, што жыве цяпер унізе, на востраве. Казапас кажа, што стары раней жыў недзе ў Тунісе, а вярнуўся да сына.

Сонца раптам абрынулася за блізкія горы Кабіліі. Можа, якую хвіліну адтуль, з-за гор, выблісквалі яго промні, а потым і яны зніклі. Неба, астываючы, павольна страчвала свой нядаўні пякельна-крывавы колер, усё больш і больш пакрывалася попелам змроку. Яшчэ якія паўгадзіны — і на зямлю ўпадзе густая паўднёвая ноч.

А грузавік усё стаяў там, на абочыне шашы, і быў спачатку попельнага колеру, а потым раптам стаў чорны, бы галавешка, на якую добра лінулі вадой. Чаго тыя тры мужчыны так доўга не вяртаюцца ад Старога? Можа, ловяць з ім рыбу? А можа, чакаюць тых, што наведваюць Старога ўпрыцемку? Можна было б каўзануцца ўніз і паназіраць з-за якога-небудзь каменя, каб не пагаспадарыў у грузавіку гэты Акліль.