156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 8

Працягнуў «шэфу» сваю даніну і Хуары. Селім аж носам пакруціў.

— Ты зноў застаешся мне вінен, — сказаў ён. — Трэба ўмець зарабляць грошы, Хуары. Глядзі, нават Шукры прынёс болей. А яго ўчастак горшы, чым твой. Відаць, лянуешся заклікаць кліентаў?

— Бажуся, за мной не прападзе! — стукнуў сабе ў грудзі худым кулачком Хуары. — Няхай толькі прыйдуць халады… Вось, Селім… — Хуары падштурхнуў да «шэфа» зыркаўшага спадылба Акліля. — Гэта мой сябар і нават сваяк, Акліль. Выдай яму струмант, і няхай сядзе каля атэля на Бен Мхідзі.

— Яшчэ што, — буркнуў Селім, падазрона разглядаючы худога абадранца. Акліль пад яго позіркам перасмыкнуў плячамі.— Ля гатэля… Бач чаго захацеў!

— Я за яго паручуся, Селім, — горача запэўніў Хуары. — Вось пабачыш, ён табе падыдзе.

— У нас зараз няма месца, — паважна прамовіў Селім, са штучнай абыякавасцю адварочваючы галаву да свайго памочніка Шакала. Той кіўнуў, пацвярджаючы словы «шэфа».

— Але, Селім…

— Ну добра, — нешта прыкінуўшы, з уздыхам сказаў Селім. — Калі ён твой сваяк… Я не пытаю, адкуль ты яго адкапаў… Працуй з ім разам, на тваім участку, вучы. Зразумеў? Яго як імя? Ага, Акліль. А там паглядзім. Тыдні праз два.

— У яго нават задатак ёсць, — не адступаў Хуары. Селім недаверліва скасавурыўся.

— Бажуся! Пакажы яму, Акліль.

Селім грэбліва ўзяў карал, пакруціў у руках. Затым звярнуўся да Шакала:

— Гэта чаго-небудзь варта, як лічыш?

Янычар здзекліва засмяяўся: што можа быць каштоўнага ў нейкага смаркача ў падраных штанах? Акліль насупіўся і хацеў забраць карал. Казаў жа ён Хуары, што нічога добрага з яго плана не выйдзе. Лепей збыць карал на рынку.

— Ты дзе яго сцягнуў? — спытаў Селім.

— У моры здабыў,— Акліль зноў хацеў забраць карал.

— Бач ты, — Селім зноў уважліва агледзеў Акліля. — Няхай тады пабудзе ў мяне. Як задатак… Ну, і пакажу каму-небудзь, хто ў гэтым кумекае. Можа, за яго і дынар не дадуць, адкуль мне ведаць.

— Дадуць! — запэўніў Хуары. — Ты ж паглядзі, што за рэч. На рынку горшыя. Заплаці Аклілю трохі. Селім дастаў грошы.

— Дык ты, Хуары, ручаешся за яго? — сказаў ён і працягнуў Аклілю драбязу.

— Мне на куртку трэба! — абурыўся Акліль.

— А мне што да таго? Купляй! А калі за карал што-небудзь дадуць, то і я дабаўлю. Мне ж таксама яго яшчэ трэба прадаць, так?

— Бажуся, Селім, ты добра яго прадасі! — зноў уставіў сваё Хуары.

Селім яшчэ падумаў. Потым нехаця дадаў Аклілю некалькі зашмальцаваных манет.

— Гэта табе аванс. Так?

— Камень добры, я ведаю. А калі што, дык я адпрацую, — сказаў Акліль пасля штуршкоў сябра.

— Не ўздумай ад мяне хавацца. — Селім кіўнуў у бок Янычара: — Вось ён знойдзе цябе ўсюды… Нават у дзіцячым прыюце.

— Эх, казаў я табе — трэба было на рынак, — папракнуў Акліль сябра, калі яны адышлі.— Абдурыў нас, як малых.

— Гэта яшчэ мы паглядзім! — Хуары задаволена пакруціў галавой. — Пойдзем нап'ёмся аранжаду. Мы цяпер — ого-го! А там паглядзім… Галоўнае, ты зможаш цяпер сядзець са шчоткамі на маім участку і ніхто цябе не кране. Мы з табою, магчыма, хутка будзем багацейшыя за гэтага праклятага Павука! Будзем, як тыя шэйхі. Будзем скрынкамі есці трубачкі з крэмам, марожанае і піць аранжад колькі ўлезе. Зразумеў?

— Адкуль раптам? — утаропіўся ў сябра Акліль.

— А адтуль. Пакуль ты будзеш сядзець на маім месцы са шчоткамі, я ўжо дабяруся да таго, што ляжыць у сутарэнні! Можа, там што схаваў Арудж, можа, французы, калі адсюль драпалі, але чуе мой нос — там скарб, і, бажуся, ён стане нашым… Ці свеціць твой ліхтарык?

Заўважыўшы на твары сябра незадаволенасць, Хуары велікадушна дадаў:

— Спачатку я там усё пранюхаю, а потым возьмемся разам.

— Я ведаю, дзе ў порце можна набраць старых стэарынавых плошак. — Акліль пачынаў верыць, што хутка ў іх будуць салодкія дзянькі.— А калі там раптам з'явіцца здань раіса Аруджа, то зрабі вось так. — Акліль пераплёў крыжыкам пальцы на правай руцэ. — Гэтак робяць, праўда, ірум'ены, але, кажуць, усім памагае бараніцца ад розных злыдняў, зданяў і нават ад Чорнага шэйха — галоўнага шайтана.

— Я і не такое магу, — адмахнуўся Хуары. — Навошта мне крыжык ірум'енаў? У мяне бабуля ведае такія чароўныя знакі, што нават ад кулі абараняе. А ад зданяў — тфу! Зразумеў? Ты правільна зрабіў, што да мяне прыстаў. Нюх ёсць. Хутка будзеш, як шэйх, бажуся!

Вось так здарылася, што шляхі Акліля і вясёлага русавалосага студэнта Мінскага політэхнічнага інстытута сышліся. Але да таго адбылося некалькі даволі важных падзей.

Першая — Юрыю Добышу прапанавалі папрацаваць месяцы два ў пустыні Сахары механікам у атрадзе бурыльшчыкаў, якія рабілі артэзіянскія свідравіны, даставалі ваду. Вядома, Добыш з радасцю згадзіўся, і яму загадалі неадкладна прыехаць у горад, каб атрымаць новае назначэнне і сустрэцца з таварышам, замест якога давядзецца працаваць у атрадзе.

Другая… Ну, гэта ўжо быў проста працяг той, так сказаць, кашы, якую заварыў Хуары.

Але па парадку.

8. У СУТАРЭННІ ТУРЭЦКАЙ КРЭПАСЦІ

Здарылася так, што Акліль і без Хуары ўбачыў месца, дзе ў сутарэнні знаходзіўся тайнік. Хуары падаўся ў горад за прыпасамі, а сябру загадаў рыхтаваць стэарынавыя каганцы — плавіць на сонцы старыя плошкі і зліваць стэарын у высокія бляшанкі з-пад піва. Завіхаючыся ля бляшанак, ён раптам пачуў мужчынскія галасы і спачатку падумаў, што гэта нехта прыйшоў да казапаса. Але вытыркнуўшы галаву з-за вежы, хлопец анямеў: мужчыны былі маладыя і незнаёмыя. Няўжо зноў тыя, што былі ў грузавіку, у кабіне якога Акліль пабываў? Але не, здаецца. Тым не менш ён падаўся ад вежы далей і зашыўся ў кусты. Мужчыны таксама некага баяліся, бо зыркалі па баках, як шакалы, і наогул паводзілі сябе вельмі асцярожна. Адзін з іх, з выгляду старэйшы, гаварыў так, быццам увесь час аддаваў загады. Ён заўважыў рэшткі вогнішча і ціха вылаяўся.

— Тут што, жыве хто-небудзь? — спытаў ён незадаволена.

— Казапас, відаць, бывае.

— Казапас — не бяда, ён стары і дрэнна бачыць. Ды і наогул так настрахаўся за вайну, што загаворвацца пачаў. Ніхто яго не слухае, і ён размаўляе толькі з козамі. Прыходзіць сюды будзем, толькі як добра сцямнее. Сам алах падказаў нам гэтае месца, а то на віле становіцца небяспечна. Да віл кожны дурань зараз прыглядаецца. А тут і да вострава рукой падаць.

— Але мне не падабаецца стары.

— Аіт-Хаммуш? Нічога, ён спавіты па руках і нагах, будзь упэўнены. Што загадаем, тое і зробіць. Сам слова даў. І наогул ты яшчэ не зразумеў, што значыць трапіць у нашу кампанію. Гэта мацней, чым некалі быў тайны савет янычараў.

Чыркнула запалка, і Акліль высунуў крыху галаву, каб пабачыць, што гэтыя мужчыны хочуць рабіць з агнём.

— Толькі акурак не кідай.

— Зразумеў,— адгукнуўся малодшы. — Хоць тут ніхто акуркаў падымаць не будзе. Хіба толькі хлапчукі.

— Якія яшчэ хлапчукі?

— Ды бачыў аднойчы тут двух валацужак. Відаць, казапас іх падкормлівае.

— З імі трэба канчаць, — рашуча сказаў старэйшы.

— Гэта проста. Пакладзём ля вежы пару шашак толу — і к алаху.