156999.fb2 Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

Сіндбад вяртаецца - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 9

— Яшчэ што, — не згадзіўся старэйшы. — Адразу паліцыя прыскочыць.

— Ат, цяпер столькі ўзрываецца ўсялякага, што на выбух у нейкіх там руінах ніхто і ўвагі не зверне. Хлапчукі колькі чаго ўзрываюць — то гранаты, то снарады. А вось да Аіт-Хаммуша сталі наведвацца савецкія, гэта куды горш. Асабліва малады. Я заўважыў, двойчы на тыдні прыязджаў.

— Тут яго чапаць нельга… А вось у горадзе… Знайдзі магчымасць прычапіцца да яго. Ён жа малады, відаць, на танцы ходзіць, на нашых дзяўчат паглядае.

— Зразумеў. А што гэты Аіт-Хаммуш, няўжо ён сапраўды ў вайну дапамагаў чырвоным? Няўжо ён за іх?

— У яго прафесія такая — перапраўляць сёе-тое з аднаго берага мора на другі. А тыя добра яму плацілі. Але ён зусім апусціў вушы, калі яго сына забілі. Тут нашы яму і дапамаглі.

— А чаго да яго прыязджаюць савецкія?

— Адзін — доктар. Аіт-Хаммуша з таго свету, лічы, выцягнуў, аперацыю яму зрабіў. А малады — не ведаю хто. Можа, рыбу ловіць тут. Але ты загад зразумеў?

— Зробім. Камар носа не падсуне.

— Добра, ціха, здаецца. Пойдзем.

Незнаёмыя мужчыны хоць і напалохалі Акліля, але не мог ён вытрываць, каб не прасачыць за імі.

…Следам за мужчынамі Акліль папоўз да сутарэнняў. Ён не адразу адважыўся спусціцца ўніз, прыслухоўваўся — дзе незнаёмцы. Нешта цяжкае яны там перацягвалі, у глыбіні сутарэння.

— Свяці! — пачулася адтуль, і штосьці моцна грукнула.

Як хацелася Аклілю падабрацца бліжэй! Але ён разумеў, што, калі яго заўважаць, справа абыдзецца не таўхалямі ды пагрозамі. Хлопчык нават па тых словах, якія пачуў, здагадваўся, што гэтыя людзі страшней за нейкую там здань старажытнага марскога бандзюгі. Гэта, хутчэй за ўсё, аасаўцы. Акліль адпоўз ад увахода ў сутарэнне. І добра зрабіў, бо праз мінуту галава старэйшага з аасаўцаў паказалася на паверхні. Мужчыны вылезлі і абтрэслі адзін з аднаго пыл.

— Міну б сюды паставіць, — прамовіў малодшы.

— Навошта лішнія турботы? — не пагадзіўся старэйшы. — Мініраваць табе і так будзе што. А тут яшчэ каза пасунецца. Заявяцца жанчыны, скажуць паліцыі. Вось вежу трэба было б падсмаліць, ці што, а то яшчэ і сюды дабяруцца турысты. Як на старажытныя могілкі ў Шэршэлі. А такая добрая была схованка для склада! З мерцвякамі спакайней за ўсё, як казалі некалі піраты.

Мужчыны асцярожна пабрылі да шашы. Відаць, недзе там у іх стаяла машына.

Акліля ўсяго калаціла. Можа, каторы з гэтых мужчын сядзеў у той машыне, з якой стралялі ў яго сястру? Можа, каторы з іх і забіў? Трэба ж нешта рабіць! Але перш за ўсё ён паглядзіць, што іх вабіць у тое сутарэнне. Няўжо сапраўды знайшлі скарбы Аруджа і цяпер прыкідваюць, калі зручней пераправіць іх за мора? Гаварылі ж яны пра таго старога лодачніка на востраве. Як жа яго імя?

Яшчэ крыху паслухаўшы руіны, Акліль узяў ліхтарык і рашуча накіраваўся да ўвахода ў сутарэнне. На ўсялякі выпадак ён сплёў указальны і сярэдні пальцы на левай руцэ. Потым, падумаўшы, узяў ліхтарык у левую руку, а пальцы сплёў на правай. Бо ліха ж іх ведае, як там робяць тыя ірум'ены, каб чараванне дзейнічала. Ён жа ніколі не бачыў, толькі чуў пра гэта.

Але нічога Акліль не знайшоў. Ліхтарык хутка «сеў», і давялося выпаўзаць назад ледзь не вобмацкам.

Падыходзячы да вежы, ён узрадаваўся як ніколі: вярнуўся Хуары!

9. ЗНОЎ ПРА СУТАРЭННЕ І СХАВАНЫЯ СКАРБЫ

Пачуўшы расказ Акліля, Хуары плюнуў. Потым моўчкі ўзяў запацелую бутэльку з вадой, якую Акліль на дзень апускаў на дроце ў закінуты калодзеж. Доўга піў.

— Нават шакалы не такія баязліўцы, як ты, — сказаў ён. — Не змог падкрасціся і паглядзець! Можа, яны не тое месца ўнюхалі, якое ведаю я. Эх, каб я…

Акліль пакрыўдзіўся.

— Каб ты пачуў, што яны гаварылі, то адразу ўцёк бы, — агрызнуўся ён. — Але я чуў, як яны нешта цяжкае перасоўвалі.

— Там ёсць калона, — сказаў Хуары. — Я ведаў, што яе можна адсунуць. Але ж як гэта робіцца — вось што ты павінен быў разгледзець. Бяры каганец, і пойдзем.

— Што, зараз?

— А ты хочаш, каб яны нас апярэдзілі? Не, тое, што я знайшоў, нікому не ўступлю. Няхай сабе яны з ААС, але мы сваё возьмем, а там шукай нас, як вецер у полі.

— Слухай, — прамовіў Акліль, калі яны апошні раз агледзелі наваколле перад тым, як лезці пад зямлю. — Давай лепш скажам паліцыі.

— Ты! Ты! — Хуары аж зайшоўся ад злосці.— Але ж і дурань… Хто табе паверыць? Ты хто? Бадзяга. З дзіцячага дома ўцёк. Цябе адразу — за каршэнь. Ды яшчэ спытаюць, чаго гэта ты шукаў у кабіне чужой машыны і што адтуль узяў. І мяне сцапаюць разам з табой. Ну, зразумеў ці не?

Акліль маўчаў. Сапраўды, так магло здарыцца. Трэба неяк самім выкручвацца. Але ж як хочацца адпомсціць аасаўцам! Не так сабе насіў ён у кішэні патрон. Разумны і добры патрон, які не стрэльнуў у добрых людзей. Гэты патрон стаў яго талісманам, і не будзе Акліль нават сплятаць пальцы, як гэта робяць ад страху ірум'ены. Здань раіса Аруджа няйначай дыхала холадам у патыліцу, хоць усяму целу было горача. Хуары таксама, відаць, забаяўся, бо раптам замармытаў нешта сабе пад нос. Відаць, бабуліна заклінанне.

Каганец чадзіў, агеньчык хістаўся. Яны абмацвалі сцяну сутарэння, дзе былі высечаныя з каменю львы, павітыя вінаграднай лазой. Хуары націскаў плячом, біў нагой, соваў пад ніз у шчыліну невялікі ломік — дарэмна.

— Янычара б сюды, — сказаў Акліль. — Той бы гэтую камянюку адразу ссунуў.

— Ага, — гыркнуў Хуары. — Ён бы ссунуў, але ўсё пойдзе яму і яго Скарпіёну. Мала табе карала?

— Дык гэта ж ты ўгаварыў мяне! — упікнуў Акліль.

— І правільна зрабіў,— адгукнуўся Хуары, выпаўзаючы з кутка, над якім падазрона навісала постаць каменнага льва. — Вось дзе галоўны ход. Ну, хопіць, пайшлі дадому.

— Я проста так пра Янычара. — Акліль з вялікай ахвотай павярнуў да выхада. — Але ж сам бачыш — хіба нам з табою ссунуць гэты кляты камень!

Калі яны выбраліся на паверхню і зноў як след агледзеліся навокал і прыслухаліся, Хуары з асалодай расцягнуўся на пляскатым камені, які здаваўся асабліва цёплым пасля сырога холаду сутарэння.

— Ты казаў, яны гаварылі пра міны? — раптам падняў ён галаву.

— Гаварылі,— пацвердзіў Акліль.

Хуары нейкі час моўчкі разглядаў зялёны купал начнога неба. Вакол маладога месяца дыяментамі зіхацелі рознай велічыні зоркі.

— Ну дык я ведаю, што рабіць, — прамовіў ён, ускокваючы на ногі.— Я ўзарву каменнага льва, які сцеражэ ўваход у сховішча! На кавалкі яго!

— Хэ! — скептычна адгукнуўся Акліль, але задума Хуары зацікавіла яго. — А тол купіш на рынку Лір?

— Прыдумаў! — Хуары сплюнуў.— Ды тут жа кругом усяго ўсякага валяецца. А каля дота бачыў снарады? Тры ці чатыры во такія вялізныя. Адзін прыцягнем. А то два…

— Порахам было б лепш, — сказаў Акліль. — Насыпаць яго ў вялікую бляшанку. Да яе доўгі кнот. Бо што ты зробіш са снарадам? Гармату будзеш шукаць?

— Гармату? — Хуары ацаніў жарт. — Порах — глупства. Толькі для патронаў. А снарад пакладзём у вогнішча, і няхай сабе грэецца. А мы пачакаем. Зато як жахне!

— Порахам калісьці нават крэпасці ўзрывалі,— не здаваўся Акліль. — Яму пад сцяной выкапаюць і туды бочку з порахам. Сцяна на кавалкі! Я чытаў.

— Ну, хіба што бочку, — лёгка згадзіўся Хуары. — Ды дзе ж яго столькі возьмеш?

— Але снарад паспрабуй узарваць без гарматы.

— Дык ён жа з гарматы толькі вылятае, — тлумачыў Хуары, здзіўляючыся, што нехта не ведае такой простай рэчы. — А даляціць ды ўдарыцца — жах!

— Вось бачыш — ударыцца, — не здаваўся Акліль.