157248.fb2
Гаспадар, стараючыся не сустрэцца з паглядам зялёных вачэй, паклаў старую шаблю на стол так беражліва, нібыта яна была жывою.
— Вы ўпэўненыя, што Сапегі — тыя людзі, за якіх варта паміраць?
Гаспадар уздрыгнуў, нібыта пытанне выцяла яго, адказаў, як пераконваючы сам сябе.
— Яны абараняюць Літву ад Кароны.
— Яны здрайцы, — жанчына плыла па пакоі ў сваёй смарагдавай сукні, быццам фея Мятлушка з казкі пра забітага каралевіча. — Вы гэта ведаеце. Дамогуцца прывілеяў — і кінуць усіх, каго звабілі.
— Усё ведаю… Але не пайсці, калі клічуць памерці за айчыну, ганебна. На гэтай зямлі кожны павінен мець права маліцца ў той царкве, у якой маліліся продкі, і гаварыць на той мове, на якой яны гаварылі… — гаспадар абарваў размову, усвядоміўшы, што пачаў разважаць, быццам мае справу з роўным. — Але гэтыя матэрыі занадта складаныя для вашай прыўкраснай галоўкі…
— Гэтую галоўку, магчыма, хутка пакрые ўдовін вэлюм… Ці пыл выгнання. Але… можаце не баяцца, я не буду спрабаваць затрымаць вас.
Жанчына гаварыла спакойна і горда, і толькі пільны назіральнік заўважыў бы, як сціснутыя яе тонкія пальцы — аж збялелі…
Гаштольд Дарбут упершыню дапытліва зірнуў на жонку. Тая смела сустрэла ягоны погляд.
— Што вы даручыце мне на выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.
Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне — вершнік на кані, з узнятым мячом.
— Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.
У дзверы зноў пастукаліся.
— Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:
— Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?
— Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. — Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. — Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…
— Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…
— Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…
Ён — у чорным, і яна — у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце — па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.
— Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.
Атрад быў невялікі — дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні — «месячык з неба, зорку з палонкі — для пекнае пані, для чужое жонкі…».
Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз — калі ўжо сеў на каня.
— Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.
— Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце — ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.
Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.
Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі»супраць польскіх войскаў быў прысуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана — «па волі Божае».
Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» — дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.
Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх звестак гісторыя не захавала.
Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.
— Вось тут быў склеп… Тут і тут…
Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.
— Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі… З капустай, — ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. — Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».
— Яшчэ цёплыя… — Магдаліна не вытрымала, выхапіла прысмаку, як сто год не еўшы, адкусіла: —Дзякуй!
— Таму я збіраюся зараз на Кальварыю. Хмель пісаў пра гільзу… Калі паперы ў ёй, ёсць шанц, што захаваліся. Узяць шчуп, як у археолагаў… Можа, камяні ад падмуркаў знойдзем… А ў гонар чаго чырвоная сукенка? Нібыта першамайскія святы прамінулі.
Добра, што ў гэты момант Магда не паспела адкусіць наступнага кавалка — так раззлавалася. На сябе, бо няёмкасць і шчымленне не праходзілі, і на гэтага нахабу, якому так лёгка і проста.
Адказ гучаў выклікам:
— Мы з Маркам раніцай падалі заяву ў загс.
Цёмныя вочы Сташынскага толькі трохі прыжмурыліся — нібыта пільней у яе ўглядаўся.
— Віншую. Вы цудоўная пара. Нявесты колісь былі менавіта ў чырвоных сукенках. Мода на белыя пайшла ад Марыі Цюдор, калі яна выходзіла за французскага прынца.
— У мяне проста іншай сукенкі няма, — скрозь зубы працадзіла Магдаліна. — Я сукенак і спадніц не люблю.
І ўсё… І ён далей разважае пра магілы ды скляпенні. А чаму Магдзе балюча? Дурніца! Заўсёды ж ведала, што гэты насмешнік зусім ёю не цікавіцца. Ды і яна ім. Гэта ейнае самалюбства вярэдзіць.
— Слухай, раз ты вучылася ў Літаратурным інстытуце, што ты пішаш?
Магда нават разгубілася:
— Артыкулы. Крытычныя.
— Які з цябе, прабач, крытык? Ні ведання, ні досціпу, ні «рытуальнай злосці». А што для душы?
І Магда нечакана сказала:
— Я вершы пішу.
— Прачытай.
У паэткі зашумела ўвушшу. Марку яна не паказвала свае рыфмаваныя спробы ўжо даўно, з тых часоў, як ён сказаў, што паэта з яе не выйдзе. І нікому не паказвала… Можна ўявіць, як спляжыць іх гэты «спецыяліст»… Але радкі, як прызнанне злачынцы, чамусьці самі рваліся з вуснаў, чамусьці адчувалася: пры гэтым хлапцу — можна.