157248.fb2
— Што рабіць будзем?
Марк па-ранейшаму гаварыў ветліва і спакойна, але Магда са здзіўленнем заўважыла, што ён успацеў.
— Мы, відаць, зрабілі вам нейкую шкоду. Гэта выпадкова. Мы кампенсуем.
— Сто рублёў,— змрочна кінуў смуглявы, якога чамусьці гэтак смешна і бяскрыўдна звалі Цяпай.
— Марк, не турбуйся, — вінавата прагаварыў Кастусь. — Гэта цалкам мая віна. Я знайду грошы. А вы, — звярнуўся Сташынскі да смуглявага, — як я зразумеў, маеце патрэбныя мне дакументы. Я гатовы таксама выкупіць.
Цяпа падумаў.
— За паперкі вашы цана спецыяльная. Нясі яшчэ сто — не памылішся. А можа, мне яшчэ што заманецца. Я фантазёр. Ну, шуруйце за грашыма… Дзяўчынка пакуль з намі пасядзіць, мы яе вінцом пачастуем.
— Ды я з вамі пасяджу, — Кастусь гаварыў нязмушана весела. — У гэтых сёння свята, яны дакументы ў загс падалі. Марк, ты Янку Гарэламу патэлефануй. Ён усё зробіць. Пасля разлічымся.
— У мяне з сабой трыццаць рублёў… Вазьміце як залог, — з палёгкай прагаварыў Марк, сунуў грошы смугляваму і пацягнуў за сабой Магдаліну. — Сто семдзесят за намі… Я хутка…
Не паспелі адысці некалькі крокаў…
— Э, не… Адкуль нам ведаць, будзеце вы гэтага, з хвосцікам, выкупляць ці не? Дзяўчынка застанецца.
Магда адчула, што Маркава рука ўздрыгвае.
— Я з ёй застануся.
— Ты, дзядзька, па грошы пойдзеш, нявесту сваю выкупіш, — распарадзіўся Цяпа. — А раз паненка нашай кампаніяй грэбуе — з ёй гэты хіпі пасядзіць. А мы прыглядзім, каб ён табе рогі не наставіў.
Марк знікаў за дрэвамі, але страху не было. Чаго баяцца тут, у цэнтры горада, калі вунь за агароджай — аддзяленне міліцыі, вунь ходзяць людзі, ездзяць машыны… Да таго ж яшчэ дастаткова светла…
— Кыця-кыця-кыця! — між магіл рухалася дзіўная постаць — старая ў капялюшыку, у доўгай цёмнай сукенцы, на якую было накінутае нешта падобнае да рыбацкай сеткі.
— Зноў гэтая вар'ятка… — зашыпеў Цяпа. — Значыць, зараз бабулькі ад касцёла паваляць… Давайце гасцей сюды… Мы з лысым павартуем, а Сева па «траўку» збегае — грашыма ад дзядзькі разжыліся.
Кастуся і Магду штурханулі ў склеп. За імі зайшлі яшчэ чацвёра, зачынілі дзверы… Скрозь сляпое акенца святло прасявалася так ашчадна, як у краіне ценяў па той бераг Леты. Падлеткі ўселіся на кучы смецця. Засвяціўся агеньчык цыгарэты, варухнуўся, паплыў убок — быццам далёка-далёка блукаў нехта з чырвоным ліхтарыкам.
Магда заціснулася ў кут — і таму, што месца было мала, і са страху. Пад нагамі нешта пахруствала… Цяпер, у цемры, усвядомілася, што яны не проста ў старым будынку, а ў склепе, за брамай на той свет, і страшна падумаць, што — пад нагамі…
Кастусь стаў побач:
— Не бойся…
Раптам цемра выбухнула рогатам. І Магда інстынктыўна прыхінулася да Кастуся… Яны ўпершыню былі блізка адно да аднаго. Дзяўчына схавала твар у яго на грудзях. І страх знік.
Побач гучалі анекдоты пра «вучылак». Напэўна, беспрытульнікі, што збіраліся на гэтых могілках паўстагоддзя таму, былі больш шчаслівыя, чым гэтыя падлеткі ў скуранках, — яны не мелі, на каго крыўдаваць. А ў гэтых былі жывыя бацькі…
Агеньчык цыгарэты з дзіўным пахам пераплываў ад аднаго ценю да другога. Магда падумала, што і яны з Кастусём цяпер — цені… Плынь жыцця абцякала іх. Сэрца Кастуся білася моцна і хутка… І Магда адчула, што яе ўласнае сэрца зноў абрываецца і ляціць… Куды? Дзяўчына скаланулася…
Рука Кастуся асцярожна кранула яе валасы… Пагладзіла… Затрымалася… Ён туліў яе галаву да сябе. Але ягоная рука дрыжэла… І Магда раптам зразумела, што ён адчувае тое самае, што і яна!..
І зямля загайдалася пад яе нагамі — сапраўды бы донне Харонавага чоўна. І, каб не знікнуць назаўсёды ў краіне ценяў, Магда ўхапілася за таго, хто стаяў з ёй побач і чыё сэрца білася ўсё хутчэй, хутчэй — быццам ён даганяў сваё скрадзенае шчасце…
— Нешта госці нашы прыціхлі… — Прамень ліхтарыка, як клінок, разануў па цемры. — Во, глянь, што робіцца! З кім жа тады дзяўчына заяву падавала? З гэтым хвастатым ці з тым дзядзькам?
Калі яны адышлі адно ад аднаго, за расчыненымі дзвярыма скляпення дрэвы велічна змыкалі цёмныя шаты, між лістоты міргала першая зорка, фізіяноміі падлеткаў у скуранках крывіліся ўсмешкамі, а Цяпа гаварыў:
— Та-ак… Недаглядзелі мы, хоць дзядзьку абяцалі. Трэба чырвонец саступіць.
Марк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.
— Ну што, у разліку?
Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:
— Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.
— А паперы з гільзы? — азваўся Кастусь.
— А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. — Вочы Цяпы таксама не натуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…
— Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…
— А я фантазёр. — Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.
Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.
— Што вы хочаце яшчэ атрымаць? — Кастусь стараўся быць спакойным.
— А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відо-вішч! — голас смуглявага гучаў лена. — На хлеб мы ад вас атрымалі… Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя. Цяпа спыніў іх:
— Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі — прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін — і паперы вашыя.
— Цяпа ў нас паэт! — горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
— Гэта проста пераходзіць усе межы! — зароў Марк. — Ану, пайшлі адсюль! — і тузануў Магду за руку.
— Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? — гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
— Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
— Па якіх правілах?
— Сам-насам, да першай крыві.
— Неціка-ава. Давайце да трэцяй, — працягнуў хтосьці з падлеткаў.