157248.fb2
— Ты проста нягоднік, — пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: — Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
— Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але…
— Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
— Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
— На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш? — сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
Магда падбегла да жаніха — абразліва шчаслівая.
— Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры… Аддай мне рукапіс і… даруй.
У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
— Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
— Чаму? — разгубілася Магда.
— Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі…
Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца.
— Марк, ты жартуеш?
— Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца. Кастусь збялеў.
— Гэта… гэта подла!
Магда ўмаляла:
— Марк, дарагі… Я разумею, гэта тваё самалюбства… Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала — я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым…
— Не толькі хачу, але і павінен, — важка, нават насмешліва сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
— Стой! — кінуўся ўслед Кастусь. — Аддай рукапіс!
— Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! — Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка…
Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі… Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала — заб'е… Але вось наверсе — Кастусь…
— Магда! Дыпламат!
Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала адкрыць…
Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
— Супакоіцца! Вашы дакументы! Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў… Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.
— Якія будуць распараджэнні?
Марк змрочна абтрос безнадзейна сапсаваны касцюмчык.
— Забярыце ў дзяўчыны дыпламат. Давайце сюды… — адкрыў, упэўніўся, што каробка на месцы. — Завязіце мяне на Валадарскага.
— А з гэтымі што рабіць?
Ялецкі азірнуўся на Магду і Кастуся. На хвілю яго вочы ненавісна бліснулі і жорсткая ўсмешка перакрывіла вусны, але змянілася стомай.
— Адпусціць…
Машына ад'ехала. Цікаўныя, што на разумнай адлегласці назіралі за сцэнай, расчаравана вярнуліся на прыпынак. А пацалункі, абдоймы — падумаеш, відовішча…
Яны пайшлі пешкі. Праз аксамітную цемру — дзве іскрынкі, якія свяціліся адна для адной. Час ад часу яны спыняліся і зліваліся ў адну.
— Я б цяпер пераплыў Дняпро! — мройна прагаварыў хлопец.
— А мне б цяпер хлеба з салам, — гэтак жа мройна прагаварыла дзяўчына, прыхінуўшыся галавой да пляча свайго спадарожніка, і рассмяялася. — А яшчэ кажуць, што каханне адбірае апетыт!
— Дык у мяне ж засталіся піражкі, што ты не даела! — ўзрадаваўся хлопец. — Адзін знойдзецца для прынцэсы напэўна…
Кастусь палез у свой заплечнік і раптам замёр.
— Што з табой? — спалохалася Магдаліна.
— Ты ведаеш… Цяжка паверыць, але… Марк, здаецца, забраў пакет з тваімі піражкамі!
— Ты хочаш сказаць…
— Вось ён, рукапіс!!!
У святле ліхтара Магда прачытала першыя радкі, напісаныя на пажаўцелай паперы цвёрдым круглым почыркам, і ледзь не выпусціла сшытак:
Можа быць, гэта сон? Гэта ж яе вершы?!! Але далей ішло іншае.
Хлопец гадоў дваццаці шасці, з сабранымі на патыліцы ў хвосцік валасамі і ўсмешлівымі вуснамі, і зеленавокая дзяўчына, гнуткая, як лазінка, схіліліся, абняўшыся, над вялікім пісьмовым сталом з чорнага дрэва. Перад імі ляжалі разгорнутыя часопісы. У маладых людзей быў аднолькавы выраз твараў — з адбіткам шчасця, не хвіліннага, бурлівага, а такога, што расце свойскім дрэўцам у садзе тваіх будняў і непрыкметна мацнее з году ў год.
— «Вернутыя вершы»… Усё-ткі неяк банальна назвалі…
— Нічога, галоўнае — публікацыя з'явілася! Водгукаў колькі! І добра, што дамагліся прыпіскі: — «З асабістага архіва Магдаліны Дарбут-Сташынскай». Цяпер твае правы ніхто не аспрэчыць.
— Затое пачнуць казаць, што я дзедавы вершы выдаю за свае…
— Не бойся. Твая падборка даказала, што ты самастойны паэт, са сваім бачаннем свету. Гэтага не падробіш. І добра, што абедзве публікацыі з'явіліся адначасова.