157248.fb2
Правільна думае. Шляхціцы з партрэтаў ухвальна глядзелі на Вінцука. Мне на хвілю здалося, што на ім гэткая ж старасвецкая вопратка, як і на іх, і ён таксама аддзелены ад мяне стагоддзямі… Таямнічы палац са схаванымі сямейнымі скарбамі і адданым вартаўніком…
— Што ў вас на другім паверсе? Філія музея? Зноў напружыўся.
— Нічога там няма. Там дах правалены.
А маніць не ўмее. Ненатуральна атрымліваецца.
Вінцук адчыніў дзверы скляпення. На мяне пацягнула волкім паветрам. Анёл утаропіў на нешта жахлівае белыя вочы, рот драўлянага Хрыста зеўрае немым крыкам, дальнія куты патанаюць у цемры… Я папрасіла княскага нашчадка вынесці наверх, у залу, тыя папкі, якія не перагледзела ўчора, і скрыню з чарапкамі. Рэестр экспанатаў, складзены Цудко, ляжаў на стале. Вінцук дапамог зручна ўладкавацца… І тут зусім побач ударыў звон. Зараз з'явіцца прывід Чорнага Манаха ці якой-небудзь Белай Дамы… Але звон ударыў яшчэ раз, гэтак жа адсланёна-няўмольна, і сціх. Я ўспомніла, што побач — царква Святой Параскевы. Значыць, з'яўленне прывіду пакуль адмяняецца.
Вінцук, аднак, занепакоіўся:
— Я пакіну вас на гадзінку? Айцец Павал чакае. Няёмка. Абяцаў дапамагчы яму пасля службы…
— Нічога, нічога, ідзіце, я сама спраўлюся. Праўда, мне яшчэ пра многае хацелася вас распытаць…
Але мае словы яшчэ больш прыспешылі вартаўніка. Праз акно я ўбачыла ягоную высокую, трохі прыгорбленую постаць — ён ішоў хуткім крокам у бок царквы. Вось і добра… У прысутнасці Вінцука я адчувала сябе няпрошанай госцяй. Так, ён абараняў музей ад уладных рабаўнікоў, так, за ягонай ваўкаватай знешнасцю ўгадваўся інтэлігентны — дакладней, былы інтэлігентны чалавек, у прастамоўі — «біч». Але нешта ён хаваў і ад мяне, а я не люблю заставацца ў невядомасці.
Я агледзела дошкі, што перагароджвалі лесвіцу на другі паверх. Гэтым шляхам не падняцца. Але хіба тут толькі адна лесвіца? І ў школе, па правілах пажарнай бяспекі, мусіць быць запасны выхад. Ну а ўжо ў княжацкім доме не можа быць адна лесвіца і для паноў, і для прыслугі. Я рушыла ў другі канец калідора. Аказалася, ён там не канчаецца, а заварочвае. У тупіку я знайшла маленькія дзверы без шыльды. Тузанула ручку… Тэхнічнае памяшканне. Я праціснулася між паламанымі партамі… Дзверы з павольным рыпеннем прычыніліся. Добра, ліхтарык з сабою. Ля сценкі — школьная дошка. Можа быць, я выйшла б з гэтага няўтульнага памяшкання, каб не ануча. Звычайная сухая ануча, якой колісь выціралі крэйду, пасля паклалі на палічку ўнізе дошкі, і яна так і прысохла. Чамусьці махры гэтай анучы матляліся, як ад моцнага павеву. Я з цяжкасцю ссунула дошку ўбок. За ёй пачыналася вузкая, як ход шашаля, вінтавая лесвіца, ад яе цягнула холадам. Урэшце, гэта мне цяжка адсоўваць дошкі, а дужы мужчына зробіць такое адным рухам.
Доўгі калідор на другім паверсе наводзіў на сумныя думкі — мусіць, так выглядаюць будынкі пасля бамбёжак. Чорныя бэлькі столі там-сям абрушыліся, пахіліліся да падлогі, быццам штандары перад жалобным шэсцем. Аднекуль сыпаўся дробны снег. Я прыкінула, дзе вечарам бачыла святло: трэцяе акно справа, адчыніла дзверы ў цёмны пакой і скіравала ўнутр прамень ліхтара… І аслупянела. Я знаходзілася ў майстэрні мастака. Звычайнай майстэрні, з маім улюбёным вэрхалам, з пахам фарбаў і пукамі пэндзляў у збанках і гаршэчках. Але не гэта ўразіла мяне. На мальберце стаяла няскончаная карціна. Я ніколі не бачыла нічога падобнага. Яе аўтар меў свой, адметны стыль — фантасмагарычны, з незвычайнымі спалучэннямі колераў, ясны і адначасова туманісты. На фоне начнога зімовага пейзажу, у якім угадваліся краявіды сучаснага Наўя, ляцела прывідная кавалькада паляўнічых — дамы ў сукенках з доўгімі вузкімі шлейфамі, у мехавых шапачках, вышытых перлінамі, з сокаламі на пальчатках, мужчыны ў чугах з пералівістых тканін, з павінымі пёрамі на шапках, узброеныя даўжэзнымі стрэльбамі з раструбамі на канцах. Гэта было захапляючае, вясёлае і трывожнае відовішча. Коні слізгалі па паветры, дамы смяяліся, а над соннай вёскай цягнуліся срэбныя ніткі правадоў электралініі, пакрытыя шэранню.
Ля сцен, павернутыя фарбаванай паверхняй ад гледача, стаялі іншыя карціны. Я пачала іх пераварочваць. Несумненна, яны належалі пэндзлю аднаго мастака, і гэта быў выбітны мастак. У святле ліхтарыка ўзнікалі новыя і новыя сюжэты. Якая фантазія! Якое майстэрства! Я так захапілася разглядваннем, што не зрэагавала ў час — дзверы раптоўна адчыніліся і святло ліхтарыка, ярчэйшага за мой, скіравалася проста мне ў твар і на некалькі імгненняў асляпіла. Калі б у мяне яшчэ былі сумнівы наконт уладальніка падпольнай майстэрні, цяпер іх не мусіла заставацца. Вочы Вінцука з-пад насупленых броваў гарэлі праведным гневам.
— Вы…вы… як вы маглі! Шпіёніць… Паверыў вам… Артыкулам вашым, партрэту… Шчыра збіраўся дапамагчы… А вы…
У небаракі аж рукі трэсліся ад абурэння. Зусім перастаў маскіравацца пад бажаволака. Але я не збіралася адступаць.
— Вы чакаеце, што я зараз пачну прасіць прабачэння і сцвярджаць, што я тут выпадкова, што я не хацела і таму падобнае? Памыляецеся. І апусціце нарэшце ліхтар, а то свеціце мне ў вочы, як на допыце.
Вінцук сумеўся ад майго ваяўнічага тону і скіраваў святло ліхтарыка ўбок, памацаў рукою недзе ў куце, і на столі запалілася лямпа дзённага асвятлення. А я працягвала сваю «псіхатэрапію»:
— Калі вы чыталі мае артыкулы, дык не маглі не зразумець, што я з сябе ўяўляю. Цікаўнасць — неад'емная частка маёй прафесіі. Я ніколі не спынюся на паўдарозе. Неінтэлігентна з майго боку? Магчыма. Мне не раз даводзілася неінтэлігентна дабівацца ісціны, як бы патэтычна гэта ні гучала. Вы, дарэчы, таксама неінтэлігентна мне зманілі, калі я спытала пра другі паверх. І, калі хочаце ведаць, мне вас ніколькі не шкада, і ніякай загадкі для мяне вы не ўяўляеце. Сярод маіх знаёмых дастаткова таленавітых няўдачнікаў-іпахондрыкаў. У мінулым годзе адзін паэт аб'явіў, што кідае пісаць вершы, купіў хутар і шукае там праўду жыцця. А ягоная жонка, мая каляжанка, акрамя дадатковых лекцый яшчэ і нешта рэдагуе па начах да страты прытомнасці, абы дзіцяці на лекі ад алергіі ды спецыяльную дыетычную ежу хапала. Хочаце, раскажу вашу жыццёвую гісторыю ў агульных рысах? Вы падавалі вялікія надзеі, вучыліся… не бяруся па вашай творчай манеры вызначыць, дзе, але ў вышэйшай творчай установе. Вас спасцігла вялікае расчараванне, мусіць, звычайная подласць з боку калег — такога хапае ў нашым блаславёным асяродку. Пасля гэтага вы не сталі зноў стукацца ў дзверы вялікага мастацтва, а вырашылі стварыць яго ўласную філію, гэткую рабінзанаду непрызнанага генія. Выяўляеце з сябе бясшкоднага вар'ята з пакалення «брамнікаў і вартаўнікоў», спажываеце разварыстую вясковую бульбачку і з горкай, але салодкай помстай у душы пішаце палотны, якія свет не заслужыў пабачыць. Вось вам «еще… минчук в Гарольдовом плаще».
Я нагаварыла шмат несправядлівасцей і чакала новага выплеску абурэння і абвінавачванняў у адрас недасканалага свету, персаніфікаванага ў маёй сціплай асобе, але я недаацаніла свайго знаёмца. Маю тыраду ён слухаў сапраўды трохі нервова, пакусваючы вусны, але пад канец супакоіўся і камічна развёў рукамі:
— Здаюся, здаюся. Меа сulра, меа массіма сulра.1 Вы сапраўды менавіта такая, якой я сабе ўяўляў. І я… напэўна, у нечым такі, як вы гіпатэтычна апісалі. Але нечага вы пра мяне не ведаеце. Таму давайце зачынім маю падпольную… дакладней, паддашную майстэрню і пойдзем уніз, у больш спрыяльныя для гутаркі ўмовы.
— Так, узімку вы сапраўды ціхі,— «ушчыкнула» я інтэлектуальнага вартаўніка.
Ён рассмяяўся так шчыра, па-дзіцячы, што я не магла таксама стрымаць смех. Магчыма, да паранойі тут справа не дайшла.
На інкруставаным ломберным століку, пакрытым выцвілай цыратай, дыміліся кубачкі з гарбатай на зёлках, у грубцы (шкада, камін не захаваўся) патрэсквалі дровы, з партрэтаў паглядалі вусатыя шляхціцы і шляхцянкі ў карункавых каўнярах, а насупраць мяне сядзеў у фамільным крэсле князёў Палецкіх прыроджаны Палецкі ў падранай ватоўцы. Што праўда, ягонае аблічча істотна змянілася. Зніклі ваўкаватасць і пустыя позіркі паўзверх субяседніка, змянілася і запаволеная гаворка. Вінцук з відавочным задавальненнем вяртаўся да манер выхаванага чалавека, элегантна адпіваючы гарбату з парцэлянавага кубачка з вензелем. Але што мяне найбольш падкупіла — ён працягваў размаўляць на беларускай мове, вельмі натуральна і прыгожа.
— Вядома, я «падаваў надзеі». Яшчэ б. Матуля з дзяцінства ўбівала мне ў галаву, што я незвычайнае дзіцё, што я мушу стаць вялікім чалавекам і гэтак далей. Акрамя мяне ў яе нікога на свеце не было, і ўсю энергію яна траціла на тое, каб «вывесці мяне ў людзі». Ізастудыя, спартыўная секцыя, музыка… Поўнае кола пакутаў юнага вундэркінда. Ад бацькі я нават прозвішча не ўспадчыніў — маці лічыла, што мне пасуе толькі княжацкае імя.
— Ну што вы, — рассмяяўся мой суразмоўца. — Усяго хапала. Я па натуры чалавек адкрыты… некалі быў. Да таго ж я ў дастатковай ступені валодаю самаіроніяй. Калі б не ўмеў час ад часу пасмяяцца над сабой, даўно б зламаўся. Карацей, рос такі мамчын сынок, удзельнічаў у выставах і конкурсах дзіцячага малюнка, пасля з лёгкасцю паступіў у акадэмію мастацтваў. Усё ў мяне было самае лепшае — верныя сябры, выбітныя перспектывы, і каханне было самае цудоўнае… Прыгажуня, якіх на свеце больш няма. Юная, пяшчотная, узвышаная… Як кветка. У кветкавай краме я яе і напаткаў. Яна стаяла за прылаўкам… Слова «прадаўшчыца» ці «гандлярка» занадта грубае. Багіня з ружамі. Я так і маляваў яе. Пажаніліся. У нас з маці была двухпакаёўка ў цэнтры, праўда, на першым паверсе, з відам на пункт прыёму шклатары. Віта мела толькі прыгажосць і цвёрды характар. Сапраўды цвёрды. Заўсёды ведала, чаго хоча, і ўмела гэтага дабіцца. Я верыў, што хутка пабудую для сваей багіні палац. На жаль, з маёй маці адносіны ў іх не склаліся ад самага пачатку.
— Чаму?
Вінцук уздыхнуў.
— Думаю, мама пагадзілася б толькі на нявестку з каралеўскага роду, і тое наўрад ці. Напэўна, і я быў вінаваты — па маладосці не надаваў значэння многім, як лічыў, дробязям. Віта вырашыла, што мы будзем здымаць кватэру. Тым часам я скончыў акадэмію, мне далі месца ў майстэрні, разам з двума крыху старэйшымі мастакамі. Будучыня мусіла быць цудоўнай. Але яе трэба было чакаць. А Віта чакаць не ўмела. Колькі трэба часу, каб мастаку дабіцца славы? Пяць гадоў? Дзесяць? Дваццаць? Я хацеў працаваць на мастацтва, Віта хацела, каб я працаваў на сямейны дабрабыт.
— Па-мойму, законнае жаданне ўсіх жонак, — не змоўчала я.
— Напэўна… Але тады я быў невыносным ідэалістам. І вось аднойчы прыходжу дадому, а мая багіня ляжыць, бледная, на ложку і плача. Абследаванне выявіла рэдкую смяротную хваробу. Тэрмінова патрэбна правесці курс ін'екцый. Лякарства такога ў нашых аптэках няма, толькі на чорным рынку можна купіць. Каштуе каля дзвюх тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў маіх сяброў такіх грошай пакуль не мелася. Ляжыць жонка, развітваецца са мною. Я пачаў меркаваць, у каго пазычыць, што прадаць. Ледзь не звар'яцеў. І тут якраз тэлефануюць. Прапаноўваюць выканаць адзін невялікі заказ для прыватнага калекцыянера, які заплаціць у валюце, і вельмі добра. Я расцаніў гэта як добры знак і заглынуў нажыўку разам з кручком. На шыкоўным лецішчы, пасля шампанскага з лёдам, прыветныя дзядзечкі ў гальштуках і белых кашулях паказалі мне абраз. Візантыйскі ўзор, чатырнаццатае стагоддзе. Цуд, а не работа! Пытаюцца: «Можаш копію зрабіць? Адзін дзівак замежнік хоча такі мець, а іх вывозіць нельга. Вось ён шукае, хто б напісаў падобны. Намалюеш — дзве тысячы баксаў твае».
— Божа мой, Віктар, і вы пагадзіліся?
— Не стану сцвярджаць, што быў настолькі наіўны, што не адчуў некаторую… падазронасць справы. Тым больш працаваць мяне папрасілі на тым жа лецішчы, ды яшчэ нікому пра сваю працу не расказваць, — замежнік, маўляў, ганарлівы, не хоча, каб ведалі, што ён копію дамоў вязе. Непрэстыжна гэта яму. Двое сутак не разгінаўся — зрабіў абраз, нахваліцца заказчыкі не маглі. Уручылі мне мае срэбранікі, і я палунаў да сваёй багіні… Было позна, я ўвайшоў ціха, каб не пабудзіць хворанькую маю, а яна па тэлефоне размаўляе… Я паслухаў і… Вядома ж, усё адбылося па сцэнарыі.
— Кантрабандысты?
— Так… І самага высокага палёту. Знайшлі да мяне верны ход. Віта толькі плячыма паціснула: чым, маўляў, кепска, грошы верныя, працы няшмат. Каб меў хоць крыху клёпак у галаве, каб можна было са мною па-дзелавому размаўляць, — не спатрэбілася б спектакль разыгрываць. Так што ўсё для маёй жа карысці. Цяпер увойдзем да дзялкоў у «долю». Я буду толькі маляваць, а ўсе «тэхнічныя падрабязнасці» — апрацоўка пад старажытнасць, кліентура, збыт, бяспека — справа «фірмы». А на мае перасцярогі ды ўшчуванні адно: «дах» гэтай «фірмы» так высока, што ніводзін міліцыянт у іх справы нос не суне. Будзем жыць прыпяваючы катэдж сабе пабудуем, машыну купім і гэтак далей. У маёй кветачніцы, аказваецца, быў распрацаваны падрабязны план на шмат гадоў наперад, калі мы што набудзем, калі народзім дзяцей, куды будзем ездзіць… І першы крок па яго выкананні ўжо зроблены. Я выслухаў і… пайшоў у міліцыю.
Я магла толькі развесці рукамі.
— Ваша мама сапраўды выхоўвала вас ідэалістам. Вас пасадзілі?
— Са мной ветліва пагаварылі, запісалі каардынаты лецішча, на якім я працаваў над абразом, прыкметы асоб, якія мяне наймалі… Вядома, пра ролю жонкі я не сказаў ні слова. Зманіў, што сам шукаў заробку і выпадкова натрапіў на гэтых людзей. Потым я доўга сядзеў у кабінеце следчага. Раптам заходзіць мая жонка з натуральным сумам на твары, за ёй некалькі жлабоў у белых халатах. Багіня са слязьмі ў голасе кажа ім, што я пакутую псіхічнымі адхіленнямі і апошнім часам знаходжуся ў дэпрэсіі. Перапрацаваўся, небарака, перахваляваўся… Мне ўшпільваюць супакойваючы ўкол, і… я апынаюся ў дурдоме. Я мімаволі жахнулася:
— Божа мой, сапраўдны дэтэктыў. Вінцук сумна ўсміхнуўся:
— Толькі без высакароднага сышчыка.
— Ну а потым, пасля лячэбніцы…
Твар майго субяседніка нібыта пацямнеў.
— Вы думаеце, гэтае «потым» настала так хутка? Для мяне гэта была вечнасць. Два гады. Што цікава, менавіта ва ўстанове для ідыётаў я нарэшце пачаў усведамляць, якім быў ідыётам да таго, як туды трапіў. Усведамляў, праўда, урыўкамі, у тыя моманты, калі маім мазгам было дазволена працаваць без транквілізатараў. Дарэчы, жонка некалькі разоў прыходзіла да мяне. Угаворвала далучыцца да «фірмы». Нават плакала. І я не ведаю, ці можна яе асуджаць. Ці можна асуджаць чалавека за тое, што ў яго іншыя погляды, чым у цябе, і ён перакананы ў сваёй праваце?
Жартуе, ці што?
— Ну, Вінцук… Віктар Іванавіч, з такой паблажлівасцю можна зайсці вельмі далёка. Злачынствы нельга апраўдваць тым, што злачынцы былі перакананы, што робяць правільна.
— Але ж Віта сапраўды нічога благога мне не хацела, — сур'ёзна патлумачыў Вінцук. — Яна шчыра верыла, што ўсяму віной — толькі мая упартасць. Думаю, я не быў ёй зусім абыякавы. Варта мне было пагадзіцца, і я выйшаў бы на волю і меў бы такое жыццё, якое Віта натхнёна абяцала мне. Але я сапраўды ўпарты. Ёсць межы, якія я не магу пераступіць проста таму, што перастану паважаць сябе. А з усіх няшчасцяў гэта для мяне — самае страшнае. Можна часам ненавідзець сябе, можна сумнявацца ў сабе… Але страціць унутраную павагу — нельга, гэта смерць, пачатак духоўнай пустэчы.
Апошнія словы прагучалі так, як павінны гучаць словы выпакутаванай веры.
Вінцук памаўчаў, адкінуў з ілба пасмачку валасоў і працягваў спакойным голасам:
— Апошні год Віта не прыходзіла. Са мной пачалі абыходзіцца менш жорстка. Я лічыўся ціхапамешаным, маляваў насценгазеты для ўсяе бальніцы, нават зрабіў роспіс у сталовай. І вось выйшаў я на волю. За той час, што быў фактычна ізаляваны ад свету, памерла маці — інфаркт.
Кубачак у руках Вінцука здрыгануўся, і ён паставіў яго на стол. Прымружыўся, як ад стрыманага болю…
— Сябры расказвалі, што яна прыйшла ў бальніцу адведаць мяне, ну ёй і паказалі сыночка — прывязанага да ложка, з пенай на губах і вачыма, што глядзелі ў розныя бакі. Наўшпільвалі ў мяне, напэўна, багата ўсялякай поскудзі… Я пасля бальніцы тры месяцы не мог чытаць. Проста не ўспрымаў сэнсу літар.