157248.fb2
Горад Б* цяжка назваць Венецыяй. Нават сіняй травеньскай ноччу, калі яго вулкі затапляе мора веснавога водару, а цёмная лістота бэзу і язміну са светлай пенай квецені і самаму беднаму ўяўленню нагадвае хвалі.
Не, ніхто і ніколі не параўноўваў горад Б* з Венецыяй! А між тым хіба дзесьці яшчэ на свеце ёсць такія галасістыя дзяўчаты, хіба дзесьці так працінае цёплае вечаровае паветра чыстая, як месяцовы прамень, песня? А зухаватыя хлопцы горада Б*, хіба не падобныя яны да венецыянскіх гандальераў, калі плывуць іх постаці ў святочных вышыванках ля прысадаў дома, дзе жыве асабліва прыгожая паненка, і лунае над імі вечная песня вясны і кахання, якая не змянілася ад часоў Саламонавых?
Так, горад Б* спяваў не менш (а цалкам магчыма, і не горш) за тую Венецыю…
Таму нікога не здзівіла, калі Апякунства народнай цвярозасці горада Б* аб'явіла аб стварэнні хора. Акрамя дабратворнага ўплыву песеннага мастацтва на тутэйшыя норавы, хор мусіў стацца крыніцай дабрачыннага збору сродкаў на падтрыманне тых жа нораваў на адпаведнай гордаму гораду Б* вышыні.
Друзлая сцэна летняга тэатра, на якой з прычыны працякання даху і правальвання пад нагамі дошак ужо гады тры не было ніякіх тэатральных імпрэзаў, з багавейлівасцю сустрэла пятнаццаць жаўронкаў горада Б*, самаадданых прыхільніц мастацтва і, вядома ж, народнай цвярозасці.
А самаадданае служэнне мастацтву (і тым больш цвярозасці) не можа не сустрэць водгуку ў шчырым недасведчаным сэрцы…
Тэлеграфнага служачага восьмага разраду Лютыся ніхто не назваў бы дасведчаным хоць у чымсьці, гэтак жа, як горад Б* не называюць Венецыяй. Нават Лютысяў бацька, тэлеграфіст са стажам, калі глядзеў на свайго нашчадка, які лена перацягваў з кута ў кут стосы паперы, а прыпухлыя, нібыта вечна заспаныя, вочы скіроўваў пры гэтым плённым працоўным працэсэ да столі, нават гэты вытрыманы, паважаны чалавек дасадліва стукаў худым кулаком па стале:
— Пакараў жа Гасподзь мяне, грэшнага, такім ёлупнем…
Бо не выяўляў Лютысь цікавасці ні да чаго карыснага, адно да калдуноў са смятанай. Скончыў ён чатыры класы рамеснай вучэльні і быў уладкаваны бацькам на ніжэйшую пасаду гарадской тэлеграфна-паштовай службы…
У летні тэатр гарадскога парку Лютысь трапіў таму, што пачаўся дождж, што ў кішэні была прыхаваная цыгарэтка і сустракацца ні з кім не хацелася. Бо ўсе сустрэчныя заўсёды нечага ад небаракі Лютыся хацелі — каб ён ветліва павітаўся, зашпіліў каўнер, распавёў, дзе быў учора апоўдні ці заўчора вечарам, і чаму ў яго такі адсутны выгляд… Не, лепш пасядзець у ціхім спакойным месцы…
Але на гэты раз месца не было ціхім… У сырым памяшканні, адбіваючыся ад збуцвелых сцен размытым рэхам, грымнулі галасы хору Апякунства народнай цвярозасці…
Лютысь хацеў быў збегчы, але чамусьці не змог. Яны ўсе былі тут, на сцэне, — і чарнявая паненка Анэля, і бялявая кірпаценькая Юзька, і рудая кучаравая Анця… Яны спявалі для яго, адзінага слухача, недарэкі Лютыся, і як спявалі! Райскія птушкі, аблокі з мігдалавага крэму, залатыя купалы і кедр ліванскі паўставалі на прасторах Лютысевай душы!
Лютысь ніколі не быў у тэатрах, але ведаў, што пасля прадстаўлення трэба пляскаць у ладкі… Удзельніцы хору, заружавелыя, сціпла пакланіліся… Іхняя кіраўнічка, маладая жонка настаўніка літаратуры мужчынскай гімназіі, строга запатрабавала цішыні, узмахнула рукамі, і пад дзіравую столь ускрыліла новая песня…
Так Лютысь пачаў наведваць усе рэпетыцыі новага хору. Вядома, ён і раней чуў розныя спевы. І ад маці, і ад мясцовых дзяўчат… У параўнанні са спевамі хору гэта было што даматканая посцілка ў краткі перад крамным дыванком з чароўнымі пастушкамі ў гірляндах з ружаў… Хто прадугледзіць, як і калі прыгажосць пастукаецца ў ягоную душу? Харысткі пелі дзівосныя песні пра залатыя хмаркі і суровыя скалы, пра няшчасных сіротак і літасцівых пані, нарэшце, пра каханне, такое нябеснае і дасканалае, што Лютысь не разумеў і паловы слоў.
Харысткі хутка прывыклі да адданага паклонніка, які не стамляўся пасля кожнай песні біць у ладкі і так шчыра перажываў за кожную іхнюю ноту. Яго пасылалі купіць лядзенчыкаў ці піражкоў з капустай, прасілі прынесці бутэлечку сельтэрскай вады для чысціні голасу. Ніхто са знаёмых не пазнаў бы тут Лютыся — вечна санлівы, абыякавы твар гарэў такім энтузіязмам, што прыходзіць толькі да непаўналетняга юнака, які ўпершыню патрапіў на рэпетыцыю жаночага хору.
Дзіўна, але хаця Лютысь абагаўляў сваіх спявачак, кожная з іх паасобку як бы не цікавіла яго. Ні чарнявая Анэля, ні бялявая Юзька, ні нават рудая кучаравая Анця… А напэўна ж, кагосьці з іх ён сустракаў, і нават не раз, і па-за сцэнай летняга тэатру. Але яго абыякавы пагляд заўсёды кіраваўся міма, у тую кропку, дзе ззяюць залатыя купалы і спяваюць райскія птушкі… Дзе лунае звонкагалосы херувім з пятнаццаццю прыўкраснымі галовамі…
Вясна з усіх пор года мінае найхутчэй. Здаецца, толькі-толькі закружыла галовы, разгайдала сэрцы ў рытме першых дажджоў, а ўжо абсыпалася квецень і птушкі, прыгнечаныя сямейнымі клопатамі, суцішылі пошчак. Апякунства народнай цвярозасці ладзіла першую вечарыну па дабрачынным зборы сродкаў на… Гісторыя не захавала звестак, на што менавіта, але ж мы з вамі не сумняваемся, што гэта была вартая, плённая ў справе падтрымання народнай маральнасці мэта.
«Цвіком» вечарыны мусіла стацца выступленне хору.
Ах, як яны хваляваліся, як прасавалі бялюткія каўнерыкі і манжэты, а на спадніцы нечакана выяўлялася пляма, якую зараз жа спрабавалі вывесці з дапамогай солі і праса, а ў гэты час з кудзерак выпадала дзве папільёткі, а татка заўважаў, што папільёткі скручаныя з сённяшніх непрачытаных «Губернскіх ведамасцей», і ў давяршэнне брыдкая котка (ці малодшая сястрычка) скідала са стабурка парфуму… А ў горле невыносна казытала, і сціскала, і пякло…
Лютысь сядзеў у чацвёртым радзе амаль дыхтоўнага гарадскога клуба, у мундзіры тэлеграфнага служачага, зашпіленым пад самае горла, і паблажліва пазіраў на стракатую публіку. А публіка сапраўды была стракатай — акрамя актывістаў руху за гігіену, санітарыю і, вядома, народную цвярозасць былі запрошаны прадстаўнікі таго самага народу — рабочыя з мануфактуры і бровара. Лютысю страшэнна не падабалася, што замест таго, каб стаіць дыханне ў чаканні цуду, многія перашэптваліся, перасмейваліся і нават рагаталі.
Але чаму яны не змоўклі, калі заспяваў хор?
— Блеюць, нібы козы някормленыя… — сярдзіта абазваўся нейкі грубіян за Лютысевай спінай.
Лютысь якраз вывучыўся акрым пляскання ў ладкі гучна крычаць «брава!» і «біс!». Але ўсё-ткі не так гучна, каб заглушыць усе незадаволеныя галасы, смех і свістанне. А хор між тым намагаўся з усіх сіл. І панна Анэля, і панна Юзька, і рудая Анця, вытанчана склаўшы белыя ручкі перад сабой, падобна мармуровым анёлкам на каталіцкіх могілках горада Б*, старанна выводзілі рулады пра залатую хмарку і пра бедную сірацінку…
— Ну колькі можна нудзіць? Яшчэ па праграме чытальнік і піяніст. А калі ж танцы? — абураўся несвядомы люд.
Але са сцэны пятнаццаць галасоў натхнёна зацягнулі раманс…
Так, пры поглядзе ў гэты момант на публіку гарадскога клуба самы мройнік пагадзіўся б, што горад Б* мала падобны да Венецыі. З-за куліс чырванатвары чытальнік з набрыяліненымі вусамі адчайна размахваў кнігай апавяданняў Чэхава на знак кіраўнічкі хору заканчваць выступ.
Вось і растаў цуд… Развеянае чараўніцтва… Хіба хопіць у кагосьці сілы захаваць свой чароўны востраў, калі любячыя бліжнія даходліва патлумачылі, што ён — толькі купінка пасярод свойскага балота? Яны ж такія клапатлівыя і разумныя, нашы бліжнія… Яны заўсёды аберагаюць нас ад непатрэбных, няхай і прыгожых, амарокаў.
На наступны дзень мусіла адбыцца чарговая рэпетыцыя. Сем самых стойкіх да жыццёвых няўдач паненак, якія сёння толькі і прыйшлі ў пусты летні тэатр, сумна зацягнулі пра залатую хмарку пад суровыя ўзмахі рук кіраўнічкі. Плач старазапаветнага прарока Іерэміі па зруйнаваным Іерусаліме і стогн наведніка Бурыгавай карчомкі па паўнюткім, перакуленым на падлогу куфлі піва — нішто ў параўнанні з той нябеснай тугой, з тым тужлівым шкадаваннем, якімі трымцелі абражаныя грубай рэальнасцю галасы парадзелага хору Апякунства народнай цвярозасці. Вось апошні гук растаў пад дзіравым дахам. А магчыма, праз тыя дзіркі, на рапараванне якіх сквапная гарадкая рада не выдзяляе сродкаў, узняўся той гук высока-высока, аж да нябеснага прастола, дзе спяваюць райскія птушкі на аблоках з мігдалавага крэму…
І ці то з тых аблокаў, ці то з цёмнага кута сырога памяшкання летняга тэатра грымнула:
— Брава! Біс!
Верны Лютысь стаяў і зацята біў у ладкі, нязграбна прыціскаючы да сябе локцем вялікі букет хрызантэм.
І няхай дзесьці ў вялікіх бліскучых залах прымадонны з непамернымі бюстамі атрымліваюць ружы кошыкамі.
Хіба гэта прыгожа — ружы ў кошыку?
І хор аднавіў свае рэпетыцыі. І наважваўся на новыя і новыя выступленні… І сціплы тэлеграфны служачы восьмага разраду заўсёды сядзеў у чацвёртым радзе справа і крычаў свае «брава» і «біс» і шчыра перажываў за кожную нотку… І бегаў па асабістых просьбах па лядзенчыкі, а да Каляд і Вялікадня абавязкова атрымліваў цэлы стос сурвэтачак, вышытых незабудкамі ці галубочкамі. Так што Лютысева маці, гучнагалосая мажная кабета, разглядаючы прэзенты, расчулена выцірала слязу і думала: «Вылюднеў… Хутка жэніцца…»
Лютысь не зважаў, калі змяняліся харысткі ці калі чарговы знаўца падчас іх выступаў хапаўся за галаву. Ну і няхай хапаецца, калі гэта ў яго слабое месца!
Бо херувімы пяюць на грэшнай зямлі толькі для абранцаў. І нават у горадзе Б*.
Герой Ахілес меў непаражальнае цела, за выключэннем пяткі. Сын цара Троі Парыс, які не вызначаўся ваеннымі талентамі, забіў героя, пацэліўшы яму стралой у гэтае адзінае паражальнае месца.
Калі сумленнаму абывацелю горада Б* не хапала ўласных праблем, ён пачынаў вырашаць праблемы грамадскія.
Праўда, сорамна прызнацца, гэткіх шчаслівых людзей у горадзе Б* жыло няшмат. Большасць абывацеляў корпалася ў сваіх штодзённых асабістых справах, нараджаліся, жаніліся, сварыліся, паміралі і ведаць не ведалі пра новыя павевы ў цывілізаваным свеце. Так-сяк дзейнічалі Апякунства народнай цвярозасці і Гурток аматараў драматычнага мастацтва, і то дзякуючы хору і танцавальным вечарынам. Несвядомы люд насяляў горад Б*!
Мадам Касіо, утрымальніца пансіёна высакародных паненак горада Б*, раздражнёна адклала на ампірны столік газету. Нават у горадзе Н* стварылі Таварыства абароны жанчын! А тут — суцэльны патрыярхат, цямноцце.
Мадам Касіо карысталася павагай усяго горада Б*. Калі насустрач імкліва рухалася ейная танклявая высокая постаць у чорнай сукенцы з пышным карункавым каўняром і манжэтамі, увенчаная купалам сапраўднага парыжскага капелюша, нават самы смелы служачы сельскагаспадарчага банка — а пра служачых гэтага банка гаварылі, што любога з сарочкі выведуць, — намагаўся збочыць, зрабіцца непрыкметным, як павуцінка бабінага лета. Абы толькі не наставіла мадам Касіо на цябе свой страшны ларнет, абы не сустрэцца позіркам з яе светлымі, як ільдзінкі, вачыма… Ну а зусім гора, калі скіруе на цябе мадам свой доўгі чорны парасон, калі прагучыць металёвае:
— Пра вашыя манэры, малады чалавек, я буду размаўляць з вашым рара.
Таму ліст па збіранні сродкаў на стварэнне ў горадзе Б* Таварыства абароны жанчын падпісалі і сам губернатар, і паліцмайстар, і нават дырэктар сельскагаспадарчага банка Шкудровіч. Там, дзе металёвы голас і ларнет былі менш дзейсныя, у бяспройгрышную бойку ўступалі серабрысты галасок і сарамліва-прамяністыя пагляды маладзенькай мадэмуазель Нінэль, выкладчыцы музыкі і спеваў пансіёна мадам Касіо. Мадэмуазель Нінель, або ў сапраўднасці засцянковая шляхцянка Ніна Гаршкова, мініяцюрная сільфіда ў німбе штучных локанаў, пазірала на сумніўца справы абароны жанчын з такім натуральным жахам, з такім немым дакорам увасобленай жаноцкасці, што самае каменнае сэрца мусіла здрыгануцца, а рука — пацягнуцца падпісваць ліст.
Ніхто не ўстаяў перад двайным націскам актывістак прагрэсу. Ніхто… Акрамя Базыля Магарыша, уладальніка невялікага, але працвітаючага конезавода. Ах, якія коні былі ў Магарыша! Сытыя, гладкія, шыракаспінныя, нібыта створаныя вазіць рыцараў у поўным узбраенні. Праўда, набывалі іх для куды больш празаічных патрэб. Але коні прыносілі не малы даход. І не дзіва — Магарыш, палкоўнік- кавалергард у адстаўцы, свету не бачыў за сваімі грывастымі ўлюбёнцамі. Ні вясёлыя сябрукі, аматары халасцяцкіх уцех, ні прыўкрасныя паненкі горада Б* з пасагамі рознай велічыні не маглі звесці Магарыша з ягонага суровага мужчынскага шляху. Часам ён і сам нагадваў неаб'езджанага рысака — чорныя валасы грывай, бакенбарды і вусы неймавернай велічыні, ноздры раздзімаюцца, ногі ў кавалерыйскіх ботах нецярпліва пераступаюць, а на твары напісана адно: кажы, чалавеча, якая патрэба, ды збаў мяне ад сваёй прысутнасці.
Але Магарыш, як уладальнік буйнога (у межах горада Б*) капіталу, не мог быць прамінуты ў працэсе збору сродкаў на новае таварыства.
Як пунсавелі шчокі ў мадам Касіо, калі яна шпаркім крокам у суправаджэнні зарумзанай мадэмуазель Нінель выходзіла з дубовых варотаў Магарышавага дома! Напэўна, каб патрапіў у гэтае імгненне якісь небарака пад прыцэл лінзаў ейнага ларнета, спапяліўся б, як волас над свечкай.
Гэта была параза. Мадам Касіо збіралася друкаваць падпісны ліст за стварэнне Таварыства абароны жанчын у губернскай газеце разам з усімі сабранымі подпісамі… І сярод іх не будзе подпісу палкоўніка ў адстаўцы Магарыша! Палкоўнік славіўся не толькі дзікім норавам, але й тым, што мог шчодрай рукой адваліць грошай на карысную дабрачынную справу. Напрыклад, на палеанталагічны музей ці атлетычны гурток. Хадзілі чуткі пра незвычайныя акалічнасці ранняй адстаўкі палкоўніка. Нібыта быў ён западозраны ў сімпатыях да дзівакоў, што не надта любілі магутную імперыю, якая літасціва ўзяла пад сваё крыло тутэйшы край… Ды яшчэ меў палкоўнік дрэнны звычай згадваць былыя шляхецкія вольнасці гэтага краю ды сваіх ваяўнічых продкаў, што змагаліся пад іншым, забытым цяпер, штандарам… І ці то Магарыш адмовіўся аддаць загад у некага страляць, ці то сам пацэліў не ў таго…
«А з-за жанчыны, пэўна, гісторыя была, таму й не любіць жанчын», — адмахваліся скептыкі. Але і яны пачціва кланяліся ды таемна зайздросцілі, калі Магарыш пралятаў па вуліцы горада Б* на сваім улюбёным чорным жарабцы.
Але за пятнаццаць гадоў існавання пансіёну ніхто не наважыўся спрачацца з ягонай дырэктаркай.