157248.fb2 Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 33

Горад Б* з цікавасцю чакаў сыходу двубою.

Ніякія спробы расчуліць сэрца конезаводчыка не ўдаліся. Ён не баяўся гарадскіх улад, не заляцаўся да кабет, не напіваўся, што выключала наяўнасць сардэчных сябрукоў, і не меў сваячак з цвёрдым характарам.

Заснавальніцы Таварыства аховы жанчын сабраліся ў класным пакоі пансіёна высакародных паненак. Між кавай і мігдалавым печывам пагаварылі пра дзіцячыя яслі для немаўлятак працоўных кабет, між гарачым шакаладам і безэ пасварыліся наконт рэпертуару дабрачыннага хору. Калі прынеслі садавіну, усплыла непрыемнай плямай на вясёлкавы настрой прысутных праблема — ненавіснік жанчын Магарыш. Па горадзе Б* лётала ўжо некалькі ягоных з'едлівых выказванняў наконт «бабскай самадзейнасці».

— Мужчына — істота прымітыўная, — цвёрда сказала мадам Касіо. — Варта толькі добра падумаць і знайсці яго слабае месца. Згадайма, што наша таварыства клапоціцца не толькі аб жанчынах, але і аб дзетках. Калі гэтая асоба раўнадушная да становішча кабет, ці гэтак жа паставіцца да слёз нявіннага дзіцяці?

Нявіннае дзіця, якое належала ўключыць у чарговую дэлегацыю, знайшлося, — гадавалы малеча настаўніка прыродазнаўчых навук. Хлапчук быў слаўны, шчакасты. Ягоная маці падабалася мадам Касіо куды менш — мітуслівая кабета, якая ў нанятую мадам Касіо пралётку прыцягнула яшчэ й гэткую ж мітуслівую пудзеліху з мяшчанскай мянушкай Жужу.

Магарыш хаваўся ў сваім летнім доміку побач з канюшняй у прадмесці горад Б*, там, дзе ўвесну разлівалася мора яблыневай квецені. Мадам Касіо, быццам чорны карабель, праплыла па засыпанай жоўтым пяском сцежцы, рассякаючы духмяныя бела-ружовыя хвалі. У фарватэры за мадам, нібыта за флагманскім караблём, палахліва рухаліся мадэмуазель Нінель, выкладчыкава жонка са сваім нашчадкам, прыбраным у карункавы каптурык неймавернай велічыні, і пудзеліха Жужу. Ля дзвярэй у логавішча жанчынаненавісніка караван прыпыніўся. Прыслужнік, былы панскі дзяншчык, нізавошта не хацеў упускаць у дом спешчаную сабачку: маўляў, у пана жывуць здаровыя ганчакі. А ўладальніца пудзеліхі нізавошта не хацела пакідаць сваю ненаглядную Жужу адну на чужым двары ў падазронным асяроддзі. Мадэмуазель Нінель ахвяравала сабой і засталася сцерагчы знерваваную жывёлінку.

Мадам Касіо для баявітага настрою ўспомніла апошні выпуск сваіх пансіянерак, зацягнула разбэрсаныя пачуцці ў сталёвы гарсэт грамадзянскага доўгу і рушыла ў наступ:

— Недзеля фанабэрыі і славы, а дзеля дзяцінства! Яно глядзіць вам у вочы, яно патрабуе вашай дабрадатнасці! Вы адмаўляеце ў ласцы бязвінным дзеткам, якіх Хрыстос загадаў шанаваць найперш, бо ім належыць Царства Божае! — Мадам тыцкала пальцам, абцягнутым чорнай пальчаткай, у бязвіннае дзіця, якое зацята спрабавала сцягнуць з сябе карункавы каптурык. Але бессаромны конезаводчык толькі іранічна хмыкаў ды паўтараў:

— Мадам, мая спецыяльнасць — коні. Я не разбіраюся ў жаночых клубах… Хіба што з націскам на другі склад.

Ад падобных удараў касы аб камень высякаліся іскры. Няшчасная выкладчыкава жонка туліла да сябе немаўля, нібыта хаваючыся за яго ад маланак, якімі шпурляліся багі-алімпійцы. І тут на двары адчайна завішчэла сабака, і адразу ейны віск падхапіў магутны сабачы хор.

— Стой, сабачка, стой! — лямантавала дзесьці мадэмуазель Нінель.

— О, мая небарака Жужу! Я іду да цябе! — усклікнула пудзеліхіна гаспадыня, з мілабожным «О, мадам!..» сунула свайго дзіцёнка на рукі дырэктарцы пансіёна і выскачыла за дзверы.

У пакоі запанавала цішыня. Крыкі і сабачы брэх расталі ў далечыні. Мадам трымала дзіцёнка перад сабой, нібыта амфару з рэдкім віном. Няёмка прызнацца, але твар мадам Касіо чамусьці не выказваў замілавання. Магарыш таксама паглядаў на мілае дзіцятка, якое паспела сцягнуць набакір свой накрухмалены каптурык і агаліць круглую макаўку, прыкрашаную адзіным завітым чубком, з нейкім складаным пачуццём.

— У-а-а-а-а-у!

Дырэктарка ледзь не выраніла дзіцёнка. Палкоўнік у адстаўцы спрытна падтрымаў крыклівага госця на яе руках. А немаўля гарлала так адчайна, з такой крыўдай на гэты недасканалы свет!

— Супакойце яго, мадам, — раздражнёна буркнуў Магарыш. — Вы ж самі казалі, што бавіцца з такімі недараслямі — ваш грамадзянскі доўг.

— Я — дырэктар пансіёна для дзявіц, — цвёрда прамовіла мадам, робячы націск на апошнім слове. — Я не маю досведу ў выхаванні немаўлятак.

— Эк гарлапаніць, — дасадліва сказаў Магарыш і паклікаў дзеншчыка. Але той, відаць, таксама збег па сабачых справах, якія нагадвалі пра сябе аддаленым брэхам і жаночым віскам.

Мадам нязграбна гушкала падкідыша.

— А-та-та… Гэта ён вас баіцца. Дзеці адчуваюць нядобрых людзей..

— Перастаньце яго трэсці, ён і змоўкне, — адрэзаў Магарыш і наставіў на немаўля два пальцы казою: — У-цю-цю-цю-цю!

Малеча збрыкнуў нагою і патрапіў забаўніку ў тоўсты нос. Магарыш ледзь стрымаў лаянку.

— Давайце яго мне. Ён жа мужчынскага полу. Я хутчэй з ім паразумеюся. А то, далібог, вушы закладае. Хлопец, любіш коней? Хочаш на коніку пакатацца?

Дзіцёнак адчайна супраціўляўся. Капялюш дырэктаркі, упрыгожаны страусавымі пёрамі, з'ехаў набакір і нарэшце зусім зваліўся ў суправаджэнні звонкага дажджу шпілек. Мадам Касіо расчырванелася, яе валасы, заўсёды сцягнутыя ў строгі вузел, рассыпаліся залацістымі локанамі. А вочы, не абароненыя ларнетам, былі такія разгубленыя… І светлыя… Так што ніхто не пазнаў бы з першага погляду мадам Касіо. Ды і суровага палкоўніка Магарыша, які скакаў па пакоі, трымаючы на плячах тоўсценькага капрызулю, у той час як мадам бегала за гэтай жывапіснай групай, падтрымліваючы малога кавалерыста.

— А вось мы на коніку… На коніку… Першы раз бачу кабету, якая не можа даць рады дзіцёнку! У вас што, ніколі не было ўласных дзяцей? — соп Магарыш.

— Можна падумаць, у вас цэлая куча спадчыннікаў! — агрызалася мадам. — Вы ўвогуле здзічэлі са сваімі коньмі! Цішэй, не скіньце малога! Я, прынамсі, стараюся нешта даць хоць чужым дзецям. А вы?..

— А мне часам здаецца, што коні больш вартыя шкадобы і разумення, чымсьці людзі. Ай, нешта за каўнер пацякло…

Калі вярнулася легкадумная маці з ускалмачанай пудзеліхай на руках, пакінуты ёю гэтак падступна дзіцёнак бесклапотна спаў на Магарышавай канапе, а паабапал яго сядзелі пан Магарыш у турэцкім халаце і мадам Касіо без капелюша, хаця з падабранымі зноў у вузел валасамі.

— Прабачце, прабачце, але на Жужу напала зграя злосных грубых дварнякоў!

Мадэмуазель Нінель таксама прапішчэла ў сваё апраўданне:

— Я нічога, нічога не змагла зрабіць! Іх адагналі толькі вадою!

Мадам Касіо годна ўздзела капялюш, акуратна закалола яго шпількамі.

— Думаю, наш візіт скончаны.

Мадэмуазель Нінель са здзіўленнем глядзела на ружовыя плямы на шчоках мадам і гадала, ці ўдалося ейнай ваяўнічай кіраўніцы дамагчыся патрэбнага.

Пан Магарыш сур'ёзна пазіраў на маўклівую дырэктарку:

— Да сустрэчы, мадам.

Толькі шчаслівая супруга выкладчыка прыродазнаўчых навук была цалкам паглынутая сваімі праблемамі і нічога не заўважала, спрабуючы адначасова супакоіць і раззлаваную пудзеліху, і абуджанага ад салодкага сну і невымоўна гэтым пакрыўджанага сынулю.

Калі жыхар горада Б*не мог даць рады сваім клопатам, ён абмаўляў клопаты сваіх суседзяў. І такіх выпадкаў у горадзе Б* чамусьці было амаль столькі ж, колькі жыхароў. Таму канец халасцяцкага жыцця конезаводчыка Базыля Магарыша абгаворваў увесь горад.

Адны шкадавалі небараку — узяць за сябе такую мегеру! Другія дзівіліся — якім шляхам пракралася ў кавалерыйскую душу падступнае пачуццё? На гэтае пытанне маглі б, напэўна, адказаць непаўналетнія наведнікі ясляў для дзяцей працоўных кабет горада Б*, але, на жаль, яны яшчэ не ўмелі размаўляць.

Пігмалеон і Галатэя

Скульптар Пігмаліён зрабіў з мармуру прыўкрасную дзяўчыну Галатэю і закахаўся ў яе. Багі паспачувалі яго вялікаму каханню і ажывілі статую. Галатэя зрабілася жонкай Пігмаліёна.

Старажытнагрэчаскі міф

Горад Б*, улюбёны мой горад Б*! Як часта сумую па тваіх брукаваных вулках, і нават небрукаваных, што ператвараюцца падчас дажджоў у суцэльную куламесу. Так што даводзіцца прыстойным паненкам ахвяраваць чысцінёй сваіх высокіх чаравікаў на шнуроўцы, на далікатна выгнутых абцасіках…

А паненкам належыць ступаць па кветках і аблоках! Чарговая брудная лужына надарыла мокрым кляймом модныя, у жоўта-зялёную клетачку, нагавіцы настаўніка малявання жаночай гімназіі горада Б* пана Рамуальда. О, правінцыя! Дзе твая паэзія?

Але чароўныя цёмныя вочы дачкі дырэктара сельскагаспадарчага банка горада Б* Зоф'і Шкудровіч, пышнацелай, беласкурай багіні Зоф'і, партрэт якой мусіў да ейнага васемнаццацігоддзя папоўніць галерэю сямейных партрэтаў Шкудровічаў, несумненна тояць у сабе бездань рамантыкі! Бездань жарсцяў і тонкіх адчуванняў тояць яны! Варта толькі абудзіць усе гэтыя бездані — бо, незапатрабаваным у мешчукоўскім шкудровічаўскім асяродку, суджана спаць ім доўга і безнадзейна. Каб не ён, вольны мастак…

Пан Рамуальд самазадаволена падкруціў свае тонкія вусікі, якія зазвычай тапырыліся, як у жука, і зноў патрапіў штыблетам рыхтык у велізарную лужыну. Але ад узрушэння нават не заўважыў гэтага, як не заўважыў бруднай ніягары, што зноў папаўзла па нагавіцах, як не заўважаў шалапуцтва сваіх вучаніц, як не заўважае насмешак цёмнага навакольнага люду: «Ромка-мазідла аптэкарскі па лужынах шыбуе, як з вяселля».

Бо гэта якраз і ёсць уласцівасць праўдзіва творчага чалавека — бачыць тое прыўкраснае, чаго яшчэ няма, і не заўважаць таго паскудства, што ёсць навокал. І ёсць, на жаль, гэтак адчувальна…

Як, напрыклад, жаніх прыўкраснай цемнавокай панны Зоф'і, руды таўсматы Ганька, спадчыннік мануфактурнай фабрыкі. Сядзіць гэтае ўвасабленне банальнасці на канапе, сонна прымружыўшы вочы, назірае, як пад натхнёным пэндзлем пана Рамуальда (які на самай справе сапраўды ёсць сын мясцовага аптэкара, называны ад нараджэння Ромкам) вымалёўваюцца на шэрым паркалі антычныя рысы нявесты… Але хіба ён ведае нават такое слоўца — антычныя!

Ах, як ненавідзеў пан Рамуальд сямейныя партрэты Шкудровічавага роду! Са сцен гасцёўні пазіралі пысы, што нагадвалі пра поўныя кубельцы і скарбонкі, канкрэтнае здароўе і ўстойлівую псіхіку. Няўжо белыя пальчыкі з ружовымі пазногцікамі панны Зоф'і калі-небудзь зробяцца гэтак жа падобнымі на сасіскі, знізаныя пярсцёнкамі… Не, такога нельга дапусціць! Нездарма ж панна Зоф'я хадзіла два гады таму на курсы дэкламацыі да сталічнага артыста, што застрануў у горадзе Б* з прычыны тэрміновага апусцення кішэняў. Значыць, гарыць у ейнай душы іскрынка мастацтва! Толькі распаліць яе…

Дасканалая эрудыцыя дазволіла пану Рамуальду скласці дакладны план абуджэння духоўнай сутнасці панны Зоф'і. Штовечар дапазна бедны мастак сядзеў у сваім улюбёным фатэлі, са спецыяльнай сетачкай на набрыяліненых вусах, скручаных у колцы, і на валасах, падзеленых раўнюткім праборам, моўчкі варушыў вуснамі, час ад часу ускрыкваў нешта незразумелае, кшталту: «О, багіня! Успомнім вялікага Леанарда!» Старэнькі аптэкар Лёйза, уздыхаючы, выходзіў са свайго пакоя і асцярожна ставіў перад мройным сынам шкляначку з мікстурай «Сад маёй бабулі», самым надзейным сродкам ад меланхоліі. Пан Рамуальд адным глытком выпіваў пякучую вадкасць з прыемным ментолавым пахам і нецярпліва махаў бацьку рукой.

— Ромка, а Ромка, цёця Аліцыя звала ў госці ў суботу. Мурачка прыйдзе, памятаеш, такая рудзенькая, вясёленькая?

Пан Рамуальд абурана хмыкаў, і бацька, пахітваючы галавою, ішоў у свой закуток, застаўлены рознакаляровымі бутэлечкамі, рэтортамі і прабіркамі. А пан Рамуальд працягваў інтэлектуальную падрыхтоўку да чарговага сеанса пазіравання, дакладней, да лекцый, што суправаджалі іх. Ад біблейскіх матываў, «Найвышэйшай Саламонавай песні» і Вірсавіі размова перайшла на гісторыі Абеляра і Элаізы, Дантэ і Беатрычэ, Рамэо і Джульеты, паралельна апісваліся жыцці гераічных жанчын — Гіпатыі, старажытнагрэчаскай жанчыны-астранома, закатаванай цемрашаламі, Жанны д'Арк, выратавальніцы Францыі, мясцовай лекаркі Саламеі Пільштыновай, што лячыла і жонак султана, і расійскую царыцу. Панна Зоф'я не заканчвала гімназіі, хаця бацькі паспрабавалі неяк аддаць яе ў лепшы прыватны пансіён горада Б*, які трымала строгая мадам Касіо. У летапісе горада Б* не захавалася дакладных звестак, ці то сама далікатная паненка запрасілася дахаты ад жахлівых цяжкасцей навучання ў пансіёне, ці то цярплівая мадам Касіо, хаця і звыклая да капрызаў багатых бацькоў і іхных дзетак, не вытрывала паводзін мілай Зосенькі, але доўгі час любячыя бацькі наймалі для сваёй кветачкі гувернантак. Прычым мяняліся яны кожны год, а то і па некалькі разоў на год. Бібліятэка Шкудровічаў складалася з некалькіх соцень тоўсценькіх, аднолькавага памеру томікаў у такіх прыгожых, дарагіх вокладках, што разгортваць іх лічылася відавочна залішнім. У выніку пан Рамуальд меў справу з цнатліва чыстай паненчынай свядомасцю, не сапсаванай інтэлектам, што давала яму магчымасць прыўносіць у вядомыя сюжэты плён уласнай фантазіі, асабліва ў аповеды пра сваё навучанне ў Санкт-Пецярбургскай рысавальнай школе.