157248.fb2 Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 36

Гэта здарылася якраз два гады таму. Магічнае слова «воля» яднала людзей, і перамога, здавалася, вось-вось спусціцца да іх па срэбных аблачынках, і пратрубіць у залатую трубу, і ўзмахне празрыстымі крыламі над іхняй зямлёй, назаўжды вольнай. У Анэлі быў дзень народзінаў. Яго каханая прыйшла ў гэты свет яснай летняй раніцай, калі ўздымаўся белай пенай пад вокны глог і рассыпаліся па ўтравелых сцяжынках саду маргарыткі. І Андрусь не мог не прыйсці павіншаваць яе — з абярэмем лясных духмяных кветак. Гасцей сабралася няшмат — усе добрыя сябры, ніхто б з іх не здрадзіў. Яны зноў гулялі ў фанты і шарады, і нават у зусім дзіцячыя гульні — сляпога ката, залаты пярсцёнак, і тыя, хто прайграў, мусілі пацалавацца праз хустку. З лесу быў толькі адзін Андрусь. І таму зусім недаравальна, што ён не ўчуў, як да дома пад'ехалі ворагі. Страшныя былі не жандары. А той, хто ехаў разам з імі,— сябар па дзіцячых гульнях і сусед. Магчыма, той патрапіў на вечарыну зусім не дзеля таго, каб схапіць інсургента, скуль яму было ведаць, што вораг імперыі апынецца там? Хутчэй за ўсё, проста хацеў павіншаваць Анэлю, прыхапіўшы падначаленых. Нічога дзіўнага — Валянцін таксама кахаў шэравокую суседку. Гэта ведалі ўсе, і найперш яна сама, хаця вельмі часта здараецца, што прадмет кахання даведваецца пра такую акалічнасць апошнім. Але яны пабіліся за Анэлю, яшчэ калі ім было па чатырнаццаць, — і гэта не было падобна на звычайную дзіцячую бойку. Сціснуўшы зубы, моўчкі, зацята… Іх, акрываўленых і паўпрытомных, расцягнулі дарослыя. Тады Анэля, заплаканая, у запэцканай сукенцы — відаць, спрабавала разняць ваяроў,— і выкрыкнула сваё: «Больш не біцеся. Ніколі! Я выбіраю Андруся. Слова гонару!» І Валянцін, апусціўшы вочы, пад якімі «разгараліся» сіня-чырвоныя «ліхтары», паціснуў Андрусю руку. Як пераможаны на сумленным турніры. І Андрусь шчыра дзіваваўся, чаму Анэля прыхінулася да яго, нічым не адметнага, а не да Валянціна, бо той увасабляў усе тыя рысы, якімі Андрусь жадаў бы валодаць. І высокі, і моцны, як камень, і валасы хваліста-чорныя, а пагляд цёмных вачэй такі ганарлівы…

Убачыўшы, што гэты прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек заходзіць у дом, Андрусь зразумеў — гэта ўсё… Цяпер галоўнае — адвесці падазрэнні ад гаспадароў. Схавацца? Першаму пайсці насустрач і здацца, не пакідаючы за сабой няёмкасці вобыску, выкрыцця, арышту?

Анэля сустрэла гасцей у вітальні, відаць, прымала віншаванні, спадзеючыся надаўжэй затрымаць. Урэшце яна вярнулася да кампаніі, дзе кожны спрабаваў захаваць вясёлы выгляд, і ад гэтага гурт выглядаў страшнавата. Дзяўчына трымала ў руках прыгожы пакуначак, перавязаны атласнай ружовай стужкай, але здавалася, пальцы яе здранцвелі і вось-вось выпусцяць ношку на падлогу. Валянцін са шчырай усмешкай прывітаўся з усімі, ніяк не вылучаючы Андруся, прадставіў двух афіцэраў, што прыехалі з ім, пажартаваў, вельмі зграбна і разумна — Андрусь так ніколі не ўмеў, і сышоў, пацалаваўшы Анэлі руку.

Андрусь адчуў гарачую сімпатыю да былога сябра — як бывае заўсёды ў сумленных людзей, калі нехта, пра каго думалася кепска, аказваецца лепшым. Валянцін быў не з тых, хто служыць за грошы ці прывілеі,— ён сапраўды верыў у тое, што абараняў, і ніколі не хаваў сваіх поглядаў, што і паслужыла калісьці канчатковаму ахаладжэнню іх сяброўства. Тое, што ён не выдаў Андруся, быў сапраўды высакародны ўчынак, варты павагі. Асаблівае ўражанне на хлопца зрабіла ўмоўніцкая вясёлая ўсмешка, якую Валянцін адрасаваў яму на развітанне. Бедная Анэля тады пералякалася мацней за ўсіх — Андрусь дарэмна спрабаваў яе суцешыць. На развітанне яна горача прашаптала яму: «Як запаліцца першая зорка, чакай мяне ў нашай альтанцы, на беразе рэчкі…»

І ён чакаў, хвалюючыся, як быццам ад гэтага спаткання залежала яго вечнае жыццё. А зоркі запальваліся адна за адной, а яна ўсё нейшла… Нарэшце гнуткая постаць, уся захутаная ў белае, ірванулася да яго з чаромхавага прыцемку, і горка-салодкімі, як ягады чаромхі, былі яе пацалункі, бо слёзы каціліся па яе шчоках, так што яму было нават няёмка — ён жа яшчэ жывы… А яна нібыта развітвалася назаўсёды. Бо толькі адчай, напэўна, змусіў яго шэравокую каралеўну шапнуць яму: «Няхай гэта будзе наша шлюбная ноч!» Вядома, было б з яго боку высакародна і разумна — супакоіць яе, сысці самому, утрымацца на той мяжы, за якой пачынаецца незваротнасць і вар'яцтва… Але ён быў усяго толькі чалавек, і ён так кахаў, што яго рукі дрыжэлі ад нясцерпнага жалю і цягі да яе. І калі гэта было вар'яцтва — ён быў гатовы назаўсёды адпрэчыць розум.

А потым яны плавалі ў месяцовай вадзе, і нават вада не магла астудзіць агню пацалункаў, і сысці было горш, чым памерці… Але ён не збіраўся паміраць — ён мусіў перамагчы і вярнуцца.

Вярнуўся… Кашаль разрываў грудзі. Але Андрусь ужо вырашыў, пад чыім дахам правядзе наступную ноч, — ён пойдзе да Валянціна. Не можа быць, каб чалавек за два гады зусім змяніўся, — не выдаў тады, не павінен і цяпер. Тым больш Андрусь хворы, змучаны, а Валянцін — высакародны чалавек. І нічым не рызыкуе — бо па-за ўсялякімі падазрэннямі.

Запіска, перададзеная праз хлопчыка з дворні, не доўга заставалася без адказу. Прыблізна праз гадзіну Андрусь ужо ляжаў у цёплым сухім ложку і правальваўся ў глыбокі, як магіла, сон. Яму не давялося выслухваць пытанні, нешта тлумачыць, не сустрэў ён ні насцярогі, ні варожасці. Вядома, на гасціннасць разлічваць таксама не выпадала. Валянцін нібыта не здзівіўся, успрыняў з'яўленне аброслага, змэнчанага ўцекача годна, па-мужчынску. І Андрусь быў рады, што прыйшоў сюды. Апошняя яго думка, перад тым як заснуць, была пра Анэлю. Яна недзе побач — ён адчувае. Раніцай ён абавязкова даведаецца пра яе, магчыма — перашле вестку… А можа — убачыць?! Гэта было б проста неверагодным шчасцем!

Калі ён адплюшчыў вочы і ўбачыў над сабой мілы твар у залатой кароне кос, то падумаў — трызненне… Толькі дотык прахалоднай вузкай далонькі да ягонага лба пацвердзіў: не сон… Андрусь схапіў дзівосны прывід за плечы: Анэля… Ён быў такі шчаслівы, што нават не ўсвядоміў, як яна змянілася, як схуднела, нібыта згасла.

— Зараз тут будуць жандары. Ён не мог уразумець сэнсу слоў.

Яна цярпліва, глухаватым ад безнадзейнасці голасам паўтарыла:

— Цябе зараз арыштуюць. Нашто ты сюды прыйшоў? Андрусь хацеў прытуліць яе да сябе, але яна адхінулася.

Мілая баязліўка!

— Анэля! Не бойся, Валянцін не такі… Ён не выдасць. Які ж ён малайчына, што паслаў па цябе!

Анэля неяк дзіўна засмяялася.

— Па мяне не пасылалі. Я тут жыву.

— Жывеш? Чаму?

Прадчуванне чагосьці непапраўнага варухнулася болем, але Андрусь адагнаў здрадлівае адчуванне — яшчэ крыху падоўжыць шчасце…

— Памятаеш, тады, калі ты прыйшоў на мой дзень народзінаў… Валянцін ведаў, што ты мусіш наведаць мяне. Жандары прыходзілі па тваю душу.

— Але ж Валянцін… Анэля спыніла яго:

— Ён затрымаў мяне ў вітальні і сказаў, што мае загад цябе арыштаваць. І ёсць толькі адзіны спосаб цябе выратаваць — я павінна даць слова гонару, што стану ягонай жонкай.

Андрусь схаладнеў, а думаў, што халадней, чым у той лагчавіне, яму ўжо ніколі не будзе.

— І ты…

— Я — жонка Валянціна. Ён стрымаў сваё слова. Я — сваё… Як балюча… Андрусь зайшоўся ў прыступе кашлю, і Анэля кінулася падаць яму цёплае пітво на зёлках, што стаяла на тумбачцы ў галавах ложка. Эгаістычнае пытанне пакінутага мужчыны, ад якога самому стала сорамна.

— Ты… шчаслівая?

— Паглядзі на мяне. — Андрусь зірнуў у яе шэрыя вочы, абведзеныя чорнымі ценямі, і аж скалануўся ад вострага жалю.

Ён схапіў жанчыну ў абдоймы, цалаваў яе валасы, бровы, мілы, каханы тварык — і яна нібы прачыналася ад страшнага сну.

— Ты павінна сысці ад яго! Не думай больш пра мой лёс! Мая воля і жыццё не вартыя тваёй пакуты, любая, бо яна — і мая стакроць! І не забывай, я — вой!

Анэля захінула твар рукамі, і Андрусь пачаў цалаваць яе тонкія пальцы, асушваць вуснамі слёзы, што каціліся па іх…

— Сысці… Не было дня, каб я не марыла пра гэта… Бацькі з радасцю прынялі б мяне назад. Не падумай, што ён мяне мучыць. Ён па-свойму добры чалавек і кахае мяне… Па-свойму… «Сцерпіцца-злюбіцца…» Якая лухта! Гэткі прыгажун, асілак, павятовыя паненкі млеюць, а пагладзіць па скуры — дрыжыкі агіды. Быццам датыкаецца жаба. Але я дала слова гонару.

Андрусь адчайна пакруціў галавою.

— Ты дала слова гонару, што будзеш яго жонкай узамен за маю волю. Але ж тут жандары, мяне арыштуюць, і ты вольная! Хіба не так?

— Не так, дарагі сябра!

Дзверы расчыніліся, і ў пакой увайшоў Валянцін. Як заўсёды, упэўнены, мужны. Андрусь усхапіўся і стаў насупраць — прыгорблены, аброслы, намагаючыся здушыць кашаль… Двубой позіркаў скончыўся нічым — Валянцін відавочна не адчуваў за сабой ніякага граху. Гэтак жа ён калісьці адбіраў упадабаныя цацкі ў сябрукоў, адбіраў — сілаю, моўчкі, зацята і ніколі не прасіў даць пагуляць.

— Андрэй, табе лепш прылегчы. Сёння ўвечары прыйдзе лекар, чалавек надзейны. А ты, Ангеліна, ідзі ў свой пакой.

— Я застануся з ім, — голас жанчыны гучаў выклікам. Валянцін сціснуў зубы, памаўчаў, відаць, каб суняць гнеў.

— Вы дарэмна хвалюецеся. Ніхто не арыштуе цябе, Андрэй. Ты ў бяспецы. Вылечышся і з'едзеш — я дапамагу табе выбрацца за мяжу.

Андрусь глядзеў у твар Анэлі, у якім лучыліся радасць і пакута, і адчуваў сябе нягоднікам.

Жанчына недаверліва перапытала мужа:

— Але чаму тут жандары?

— Ім данеслі, што падазроны чалавек рушыў у бок маёнтка. Ты не быў надта асцярожны, Андрэй, — голас Валянціна гучаў халодным дакорам. — Але зараз я выйду да іх і скірую ў іншы бок. Там паручнік, мой добры знаёмца… Ніякай рызыкі, ніхто не паверыць, што я — здраднік, — у голасе гаспадара адчувалася сапраўдная горыч. Валянцін мякка ўзяў жонку за плечы. — Пойдзем… Хвораму трэба супакой.

Анэля пакорліва апусціла галаву:

— Добра… Як скажаш…

Голас яе прашалясцеў, як сухое лісце. Яна павольна рушыла да дзвярэй. Андрусь сціснуў кулакі. Закладніца… Ён змагаўся, каб здабыць свайму народу волю — і зрабіў каханую жанчыну рабыняй ворага. І яна будзе цярпець і змірацца, яна — такая гордая, жыццярадасная калісьці! Хто ж ён сам пасля гэтага?

За акном чуліся грубыя галасы, смех, тупатанне коней. Андрусь падабраўся да акна. Сапраўды, конны атрад… Два афіцэры… Якраз як два гады таму. Вось упэўнены голас Валянціна. Андрусь памацаў пад падушкай. Пісталет у яго не адабралі — ён жа не быў палоннікам. І само сабой зразумела, што ён не мог страляць у гаспадара дома, які даў яму прытулак.

Андрусь расчыніў акно і зваліўся на прэлую лістоту. Адпоўз, хаваючыся за кустамі. Няхай думаюць, што ён блукаў недзе ля дому. Рука здрадліва дрыжэла, і ён стрэліў амаль не цэлячыся. Адзін з жандараў схапіўся за плячо…

Бунтаўшчык быў знясілены і меў усяго адзін набой. Далёка не ўцёк. Інсургента звязалі і паклалі на калёсы, пазычаныя ў гаспадара. Гаспадар быў нібыта зусім пераляканы — відаць, не чакаў, што такі госць бадзяецца проста пад вокнамі. Пані, добрая душа, вынесла для арыштаванага цёплую адзежу. Няхай… Мусіць жа злыдзень дажыць да вісельні.

— Нашто ты гэты зрабіў?

Яна не плакала — вочы былі зусім сухія, з гарачым бляскам.

— Цяпер ты вольная… Сыходзь ад яго. Абяцаеш?