157248.fb2 Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

Сэрца мармуровага анёла - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 37

— Любы… — яна пацалавала яго збіты твар. — Ты мусіш ведаць… У цябе ёсць сын.

— Што?!!

— Так. Твой сын. Падобны на цябе, бялявенькі і вясёлы. Завуць — Кастусь.

— Любая… — Андрусь, звязаны, хворы, збіты, захлынаўся ад шчасця. Колькі ў ім, аказваецца, яшчэ сілы, дзякуй, Госпадзе!

— Я сыду. Але Валянцін не аддасць мне сына.

— Я вярнуся, — Андрусь сказаў гэта нечакана цвёрда. — Я вярнуся па яго і па цябе.

Дождж лінуў на чорную зямлю, быццам аплакваючы яе зімовае паміранне. І раптам у нізкіх, пахавальна змрочных хмарах бліснула позняя маланка — нібы вышчарбленая ў слаўных бойках шабля, і адлюстравалася ў шэрых вачах жанчыны, што нерухома стаяла ля брамы і глядзела на пустэльную дарогу.

У пансіёне для хлопчыкаў, дзе сярод іншых вучыўся дванаццацігадовы сын стацкага саветніка Валянціна Р. Канстанцін, панавала строгая дысцыпліна. Частка навучэнцаў утрымлівалася за казённы кошт, і амаль для ўсіх вымалёўвалася адна перспектыва — папоўніць рады царскага войска. Таму асаблівая ўвага ўдзялялася выхаванню вернападданніцкага духу і цялеснай моцы. Паўночна-Заходні край, які толькі што перажыў бунт, меў патрэбу ў здаровых маладых сілах, што будуць спрыяць грамадзянскай згодзе.

Па праўдзе кажучы, стацкі саветнік мог бы для свайго адзінага сына выбраць лепшы пансіён. Тым больш Кастусь Р., бялявы разумны хлопчык, асаблівыя поспехі рабіў у вывучэнні моў, а за парушэнні дысцыпліны досыць часта трапляў у карцэр. Бацька рэдка клікаў сына на вакацыі дадому. Дзіва што — аўдавеўшы, ажаніўся другі раз. Хлопчык зрэдку наведваў толькі матчыных бацькоў — за сцены пансіёна выходзіць не дазвалялася. Шмат часу Кастусь праводзіў у бібліятэцы. Новы настаўнік нямецкай мовы, паважаны чалавек з зусім сівымі валасамі і жылістай фігурай бывалага падарожніка, асабліва адзначаў здольнасці Кастуся, нават дадаткова з ім займаўся. Таму нікога не здзівіла, што ён вызваўся праводзіць вучня да ягоных сваякоў.

Кастусь Р. і настаўнік-немец больш у пансіёне не з'явіліся. Следства выявіла, што мужчына і хлопчык, паводле пашпартоў — бацька і сын, перасяклі мяжу Расейскай імперыі на мяжы з Прусіяй. Пайшлі чуткі, што немец быў зусім не немец, а італьянец, адзін з галаварэзаў Гарыбальдзі, і ў свой час насіў славутую чырвоную кашулю. Казалі яшчэ, што ён ці то карбанарый, ці то масон і хлопчыка звабіў для нейкіх магнетычных вопытаў, і незразумела, адкуль у яго бліскучыя рэкамендацыі і неаспрэчна высокая адукаванасць.

Стацкі саветнік Валянцін Р. не праявіў зацікаўленасці ў вышуку сына. Падрабязнасці справы былі строга засакрэчаныя.

Кветка вераніка

Сцябло кветкі было такім кволым, што здавалася, яму не ўтрымаць бутона. Той хіліўся долу, нібыта ў цяжкім задуменні — ці варта аддаваць апошнія сілы, каб падарыць свету яшчэ адну драбніцу чыстае красы. Але аднойчы, на досвітку, развінуліся маленечкія сінія-сінія пялёсткі з танюткай белай аблямоўкай — нібыта ўсміхнулася дзіця.

Вінцэсь нават ведаў, як называецца гэтая кветачка, — вераніка дуброўная. У вільготным прыцемку пад старой віхлой у іхнім парку, дзе яны з Алесем і Валянцінам гулялі ў высакародных разбойнікаў, такіх кветак расло шмат… Але тут, між камянёў турэмнага акна, у выбоіне ля жалезнага прута рашоткі…

Сінявокае цуда! Тым больш бясконцыя чатыры месяцы, пакуль доўжылася следства, Вінцэсь правёў у цёмнай падвальнай камеры. Святла было адмерана — абы вязень не аслеп. Нясмелы промень на якую гадзіну прабіраўся ў каменны мяшок праз маленечкую адтуліну наверсе, якая аніяк не заслугоўвала наймення акна.

Шчасце — гэта калі ў адной кветцы табе адкрыецца багацце ўсіх кветак свету.

Вінцэсь крануў зялёны круглы лісцік з далікатнымі зубчыкамі, і падалося, што той у адказ ласкава пагладзіў палец чалавека.

Віхлу ў парку новыя гаспадары маёнтка, напэўна, загадалі спілаваць — скурчаная, сівая ад часу, з чорным дуплом, у якім яны хавалі самаробныя лукі. А галінкі схіляюцца да самай зямлі, утвараючы сапраўдны будан. Неяк на летніх вакацыях — яму было гадоў дзесяць, братам крыху больш — нават зладзілі пад той віхлою, начытаўшыся прыгодніцкіх раманаў, «таемнае брацтва» «Чырвонай рукі» і пакляліся змагацца з несправядлівасцю і абараняць бязвінна пакрыўджаных, асабліва прыгожых жанчын.

Няма больш таго брацтва. Алесь загінуў яшчэ на пачатку паўстання, калі купку інсургентаў абкружылі на ўскрайку пушчы жандары. Валянцін прысуджаны да смяротнага пакарання як кіраўнік атрада. Ён, Вінцэсь, самы малодшы з братоў, пойдзе ў Сібір.

Вінцэсь здагадваўся, каму цяпер належыць іх маёнтак. Вернападданаму, які асабліва выявіўся ў справе задушэння правінцыйнага «бунту». І ў абясшкоджванні былых гаспадароў — дзяржаўных злачынцаў.

Так што віхлы, хутчэй за ўсё, няма…

Звіняць званы… Быццам з неба сыплецца золата. Учора быў Вялікдзень. Хрыстос уваскрос… Вінцэсь мімаволі ўсміхаецца — і ў Сібіры ёсць сонца… І не загінула Радзіма, у якой яшчэ шмат сінявокіх веранік і старых віхлаў.

Загрукаў замок на дзвярах, нібыта цяжка ўставаў з магілы прывідны рыцар у ржавых латах.

— Анталевіч, да вас нявеста. Дзеля свята дазволена спатканне. Збірайцеся…

Хоць ніякай нявесты і нават знаёмай дзяўчыны, якая магла б прыйсці пад гэтым званнем, у Вінцэся не было, хлопец не здзівіўся. Ён ведаў: так робіцца досыць часта. Жанчыны з сем'яў, дзе падзялялі ідэалы разбітага паўстання, наведвалі зняволеных, да якіх не было каму прыйсці, называючыся нявестамі. Былі нават выпадкі — Вінцэсь ведаў дакладна, — што такія наведванні канчаліся сапраўдным каханнем і шлюбам і маладая прыгажуня ехала за мужам у высылку. Калісьці і яму ўсміхаліся прыгажуні…

Вінцэсь успомніў балі ў Віленскім універсітэце, гасцёўню пані М*, дзвюх паненак-блізнючак, што жылі ў суседскім маёнтку, дзе ён з братамі былі частымі гасцямі… Госпадзе, як гэта далёка! Нібыта іншы чалавек — прыгожы, спрытны, элегантны — смяяўся, жартаваў, запрашаў на вальс, гуляў у фанты…

Калі ў пакоі для спатканняў Вінцэсь пабачыў скрозь краты постаць дзяўчыны ў цёмна-зялёнай сукенцы з бялюткім каўнерыкам і капелюшыку з густым вэлюмам, стала горача. Вось дзіва… Ён ніколі раней так не губляўся перад дзяўчатамі. А тут яшчэ ўпершыню падумаў пра ўласны выгляд… Вядома, яму дзеля спаткання прынеслі касцюм, кашулю, далі магчымасць пагаліцца — турэмнаму начальству зусім не даспадобы паказваць шаноўнай публіцы сваіх падапечных у абліччы здзічэлага Рабінзона Круза. Але год турмы нікога не красіць… А да гэтага яшчэ два гады жыцця па лясных лагерах, бойкі — шаблі супраць ружжаў, выпадковыя начлегі, уцёкі — хмызнякі, якія балюча б'юцца пругкімі галінкамі па твары, быццам папракаюць, што ўцякаеш; дрыгва, якая, магчыма, хавае ў сваёй бездані бурштынавы палац або нованароджаную крыніцу, а можа схаваць і цябе; сумёты па грудзі — нібыта ты памёр і ідзеш праз аблокі да Брамы на той свет…

Дзяўчына адкінула з твару вэлюм, і Вінцэсь ледзь стрымаў уздых расчаравання. Вядома, ён не спадзяваўся, што прыйдзе прынцэса з юначых сноў… Але ўсё-ткі…

Нявеста была непрыгожай. Рудыя валасы, тонкія рысы невыразнага, у рабацінках, твару, вочы апушчаныя — быццам баіцца на яго і глянуць… Ды яшчэ адчайна чырванее — аж рабацінкі зліваюцца са скурай. Не, гэта не прынцэса, гэта ў найлепшым выпадку фрэйліна прынцэсы — стаіць са срэбным імбрычкам для кавы па левую руку пані, чакаючы загаду.

Але ж і ён, Вінцэсь, знайшоў час быць пераборлівым!

Вязень як мага больш ветла ўсміхнуўся наведніцы:

— Ну, дарагая нявеста, давайце ж пазнаёмімся бліжэй!

Рудая дзяўчына падняла вочы… І быццам заззялі дзве сінія зоркі… Ці сінія кветкі. І валасы ў яе не рудыя… Яны залатыя, як у ірландскай Ізольды.

— Гэта вам… — Госця працягнула праз рашотку акуратны скрутак у падаруначнай паперы з залацістымі херувімчыкамі, перавязаны белай атласнай стужкай.

Жандар, які сумаваў у дальнім куце пакоя, не зварухнуўся. Вінцэсь зразумеў, што змесціва скрутка ўжо правяралі.

— Дзякуй… Але як вас усё-ткі зваць?

— Вераніка… І… я, пан Вінцэсь, шмат пра вас ведаю. Вы нават не здагадваецеся, як шмат…

— Ад каго, калі не сакрэт? Дзяўчына зноў зачырванелася:

— Ад… ад агульных знаёмых…

Вінцэсь не перапытваў. Яму, вязню, не пра ўсё могуць распавядаць, што дзеецца на волі. Ён глядзеў на дзяўчыну, і яна ўсё больш і больш падабалася яму. Можа, сястра кагось з паплечнікаў? Хто з яго знаёмых быў такі руды? А можа, яна ведала яго, Вінцэся, ужо даўно, употайкі здаля назірала за ім, бліскучым маладым чалавекам. Але хіба тады ён звярнуў бы ўвагу на гэтую сінявокую рудую мышку?

— Зараз праверым, ці праўда вы шмат пра мяне ведаеце… Чулі пра брацтва «Чырвонай рукі»? — таямнічым шэптам запытаўся Вінцэсь.

У рудзенькай аж вочы скругліліся ад спалоху.

— Пятнаццаць год таму, пад старой віхлой…

Ён умеў расказваць. А яна ўмела слухаць. Хутка ім здалося, што яны знаёмыя ўжо даўно-даўно, і свет турмы з яе катавальнямі і каменнымі мяшкамі, вошамі і гнілымі сеннікамі падаваўся нерэальным і недатычным іх.

На развітанне яна працягнула яму яшчэ нешта, загорнутае ў хустачку…

Велікоднае яйка… Чырвонае, з кранальным папяровым зайчыкам, прыклееным збоку…

— Хрыстос уваскрос.

— Сапраўды ўваскрос.

Яны тройчы пацалаваліся праз рашотку. Яе вусны былі цёплыя і пяшчотныя, як сагрэтыя сонцам пялёсткі шыпшыны. Вінцэсь схамянуўся:

— У мяне таксама ёсць для вас падарунак…

І дастаў з кішэні сурдута маленькую сінюю кветку.