157248.fb2
Алесь прысеў побач на лаўку.
— Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзесяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васемнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з'явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі — вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх — на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала — мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.
Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага — тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.
Галена узяла рукі брата ў свае.
— Ты не вінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.
Алесь паківаў галавою:
— Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці… Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?
Галена сцішана ўздыхнула:
— Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў — і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі…
— Гэта так. — пагадзіўся Алесь. — І да гэтага выпадку — я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзесяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут… Разумееш, сонечная восеньская раніца… І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым… Гэта — мае людзі, з маёй радавой зямлі… Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне, — вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.
— Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат, — трывожна прамовіла Галена.
— Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта, — зноў спакойна сказаў Алесь. — Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго — мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны — я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна — той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.
Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней… Не, ён не мае права так абысціся з імі!
Маці адчыніла амаль адразу — нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.
— Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік — гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш…
Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.
— Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.
Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку — зусім халодная…
— Павер, мамачка! Гэта Алесь… Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны… Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!
Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.
— Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.
Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела — маці дастае дагератыпы і старыя лісты… І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.
Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне… Убачаць, данясуць… Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.
— Не журыся, мілая, — Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека. — Не журыся, — паўтарыў той. — Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста — сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.
Апошні братаў падарунак — ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.
Маці ведала…
Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх — сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся… Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.
У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс — Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.
Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна — столькі пакутавала па трох загінулых сынах.
Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!
Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя… Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.
Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку…
Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка — быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка… Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж з загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця… Бо гэтага яму адмерана — хоць задушыся тым спакоем… Сорак гадоў — а яму ўсё спакойна… Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях… А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні — не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу. Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?
У дзверы настойліва пастукалі. Ну, так, час вячэры. Роўна а шостай вечара. Не раней і не пазней. Колькі дзяцей у гэтым доме заставаліся без салодкага за тое, што спазняліся да ўрачыстага сямейнага стала! А сёння вячэра асаблівая — Асяніны, Змітраўскія Дзяды. Продкі сядуць разам з жывымі нашчадкамі за стол, і ён ізноў уявіць — ці сапраўды ўбачыць — прывідныя вочы, што паглядаюць з паблажлівым дакорам.
Вінцэсь намацаў рукой кульбачку, што звалілася на падлогу, абапёрся, рыўком падняў з крэсла сваё дужае цела. Так, усё яшчэ дужае — яны з братам абодва былі плячыстыя, высокія, хваліставалосыя. За буйную грыву валасоў ім нават далі мянушку «львяняты».
Цяпер кудзеры Вінцэся зусім сівыя… Але целу ён не даў саслабець, спесціцца, заплысці тлушчам. Як бывалы ваяр нават падчас доўгага зацішша трымае напагатове зброю.
Хаця ён, Вінцэсь, не ваяр…
За сталом сабралася ўжо ўся сям'я — чакалі толькі яго. І бацька, як і некалі, сурова зірнуў з-пад насупленых броваў — цяпер ужо зусім белых. Што ж, Вінцэсь не супраць саступіць сваё салодкае… Ну хаця б малодшай сваёй дачушцы, гарэзе-Янінцы. Вунь як яна па-змоўніцку пазірае на бацьку і ўсміхаецца краёчкам ружовага роціка. Відаць, паспела выхапіць з куцці кавалачак празрыста-мядовага цукату і зжаваць, маленькая блюзнерка. Гэтаксама міла ўсміхалася калісьці Марыя, яе маці і Вінцэсева жонка. Яна сядзіць злева ад свёкра, па-ранейшаму стройная і прыгожая, толькі рысы твару сталі больш рэзкімі, між броваў пралягла зморшчына, а вусны ўжо даўно не кранае ўсмешка. Апошні раз яна бесклапотна ўсміхалася, мабыць, яшчэ калі была нявестай старэйшага Вінцэсевага брата, Славаміра.
У іх добрая сям'я — у Вінцэся і Марыі. І цудоўныя дзеткі, і згода, і… Але вось жа не ўсміхаецца Марыя чамусьці так, як колісь… Бацька, старэйшы з роду, цяжка абапіраючыся рукамі аб старажытны дубовы стол, за якім сядзела мо з дваццаць пакаленняў роду Севярынічаў, падняўся і надтрэснутым, але ўсё яшчэ гучным голасам прачытаў малітву. Потым кінуў пад стол рытуальны кавалак хлеба.
— Стаўры, Гаўры, ідзіце куццю есці…
Сын Габрусь, ужо падлетак, падобны на жвавае галчаня, гэткі ж калматагаловы, як Вінцэсь, нешта шапнуў сястрычцы Янінцы, і тая ледзь чутна віскнула і падабрала ножкі. Відаць, пагразіў, вісус, што прывідныя паляўнічыя сабакі Дзядоў — Стаўры і Гаўры зараз укусяць пад сталом.
Так, прывіды наносяць раны больш балючыя і незагойныя, чым рэальная зброя. Вінцэсь глядзіць на дальні кут стала, дзе перад пустым крэслам — міска, у якую адкладзена па лыжцы ад кожнай стравы, і чарка гарэлкі, з якой ніхто не адап'е. Цікава… Славамір быў старэйшы ўсяго на год, але ён ужо мае права заняць месца на гэтым пустым крэсле, як Вінцэсеў продак, і судзіць яго сваёй прывіднай уладай… А за што, Божа мілы?
Прайшло ўжо дваццаць гадоў. На папялішчах, што засталіся ад многіх сядзіб, выраслі маладыя дрэўцы. Бацька не хацеў, каб ад роду Севярынічаў засталося толькі папялішча і — няхай слаўная — памяць. А яны абодва — і Славамір, і Вінцэсь — збіраліся далучыцца да інсургентаў, як і амаль усе іх сябры па Віленскім універсітэце. Столькі разам марылі, складалі ўзнёслыя вершы, а яшчэ вучыліся трапна страляць і добра валодаць шабляй… Але бацька вырашыў іначай. Вядома, Севярынічы ніколі не ўнікалі бойкі, асабліва калі гэта — бойка за волю. Таму няхай адзін з сыноў падтрымае гонар роду. А другі мусіць падтрымаць ягоны працяг — і застацца, бо калі загінуць абодва, герб разаб'юць на магіле таго, хто з іх трох памрэ апошнім. Не засталося ў свеце больш ніводнага Севярыніча, а ў жылах іхніх цячэ кроў вялікіх князёў, і занадта вялікая раскоша — касаваць такі род.
Па традыцыі, што існавала ў іх краях, заставацца на дзедаўшчыне мусіў малодшы.
Слова бацькі для іх заўсёды было законам. Але Вінцэсь збіраўся аслухацца. І ён бы паехаў за Славамірам, калі б не прыкрае здарэнне. Раніцай ён звычайна наведваў свайго Аякса, белага, з шэрымі падпалінамі каня, падоранага яму яшчэ жарабём. Чамусьці менавіта ў тую раніцу, што была прызначаная для ад'езду, бервяно, цераз якое ён няўважна пераступаў столькі год, сарвалася з падпорак і прыціснула нагу. Добра, што побач аказаўся конюх Базыль, іначай пракаветная сасна — таўсшчынёй у паўабхвата — нарабіла б яшчэ большай бяды, бо Вінцэсь паваліўся і амаль страціў прытомнасць ад болю. Пералом аказаўся цяжкі, ступак ледзь не раструшчыў, Вінцэсь кульгае дасюль. Бацька тады сказаў: «Божая воля… Знак лёсу». А Славамір суцешыў: «Мы ўсё роўна будзем змагацца разам, браце!»
І з'ехаў, каб праз год загінуць самай слаўнай для мужчыны з рыцарскага роду смерцю — у бойцы, пад штандарам выбітнага вайскаводцы, адабраўшы жыцці многіх ворагаў.
Вінцэсь пасля таго, як вымушаны быў застацца, па загаду бацькі кінуў універсітэт. І — ніякіх зносін з інсургентамі. Іх сям'я і так пад падазрэннем. Вядома, Вінцэся і бацьку таксама цягалі на допыты. Але абышлося. Хаця небяспека была большай, чым ведаў бацька, — Вінцэсь не раз дапамагаў сябрам, чым мог, і не раз у яго пакоі начаваў госць з лесу, каб яшчэ перад досвіткам сысці рамантычным шляхам — праз акно.
Ніхто не здрадзіў, не выдаў.
Вінцэсь выйшаў з крывавае сячкарні чысценькім. А столькі разоў марыў загінуць… А галоўнае — Марыя…