157489.fb2 У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 13

Саку ж, з свайго боку, пачаў быў тлумачыць аб сваім жыцці, адукацыі, галоўнае, аб хрысціянскай веры, але хутка заўважыў, што матка нічога не разумее, нават не цікавіцца. Ды і наогул яна пазірала на яго неяк боязна.

Зразумела, ён і сам ведаў, што адразу «выратаваць матчыну душу» нельга, што прыйдзецца доўга, паступова асвятляць яе.

Тым часам грамадзяне рыхтаваліся да свята, чаплялі на сябе ўсё, што толькі было.

У многіх жанчын на плячы былі нейкія плямы, быццам ад даўнейшай балячкі. Гэтыя плямы таксама наўмысля робяцца для прыгожасці, як мужчынамі рубцы.

Дзяўчынцы гадоў трынаццаці прыйшоў час гадаць гэтую прыгожасць. Матка ўзяла маленькі гарачы вугольчык і палажыла яго дачцэ на голае плячо. Заскварылася скура, застагнала дзяўчынка, сцяла зубы, заварушыла пальцамі, але стаяла на месцы. Яна павінна была так цярпець, пакуль вугольчык не зробіцца попелам. А каб ён не згас, матка дзьмухала на яго…

Ідучы міма, Саку ўбачыў гэтую сцэну, не вытрымаў і скінуў вугольчык.

— Што ты робіш? — сказаў ён матцы. — За што ты мучыш дзіця?

Матка паглядзела на яго, як на вар'ята, і пачала лаяцца. Нават дзяўчынка таксама была нездаволена.

Але жанчыны прыбіраліся дарэмна, толькі, як кажуць, за кампанію. Яны не мелі права прымаць удзел у святкаванні. Усе святкаванні адбываюцца без іх. Як мужчыны, таксама і жанчыны з дзецьмі перакананы, што калі б яны толькі паглядзелі на ўрачыстасць, з імі абавязкова здарылася б якая-небудзь бяда.

Асабліва небяспечнай для іх была музыка. Дзе там граць, — нават бачыць музычныя прылады яны не павінны былі і, калі тыя выпадкова траплялі ім на вочы, самі ўцякалі, бо шчыра верылі, што ад гэтага ім пагражае няшчасце.

Тым часам ля вогнішчаў адбывалася вялікая падрыхтоўка. Паклалі два бервяны, паміж іх паставілі шмат гаршкоў. Прынеслі прывязаных да жэрдкі свіней, закалолі іх пікамі. Сабак жа проста бралі за заднія ногі і разбівалі ім галовы аб дрэвы.

У гаршкі спачатку палажылі зялёнае лісце, каб страва не прыгарала, потым сталі класці па кавалку мяса. Некаторыя ўлажылі асабліва смачную страву: яшчарак і змей, разрэзаных удоўж. Для прыправы, хто меў, дадалі жукоў, вялізных павукоў і тлустых чарвякоў. Гэтыя чарвякі (вусені), нават сырыя, лічацца найсмачнейшай стравай.

Самай жа галоўнай прыправай лічыцца соль, якой тут зусім няма. Яе здабываюць з дрэў, якія доўга былі ў моры і насыціліся соллю. Такія дрэвы яны выменьвалі ў суседзяў, што жылі бліжэй да мора. Зразумела, здаралася гэта рэдка. Кавалкі дрэў палілі на асобным вогнішчы і попел ужывалі як соль.

Кіраваў усёй справай Мапу. На ім была самая ўрачыстая вопратка — еўрапейская камізэлька, і ён адчуваў сябе ў ёй не горш, як цар у сваім каранацыйным адзенні. І відаць было, што ўсе яго падуладныя адчувалі тое самае. Толькі Саку, зірнуўшы на такую фігуру, апусціў галаву і ўсміхнуўся.

Зразумела, Саку, як пачэсны госць, павінен быў сесці побач з правадыром.

Калі мяса згатавалася, Мапу ўзяў рукамі вялізны кавалак і даў Саку першаму. Гэта было знакам вялікай пашаны да місіянера.

Пакуль елі розныя стравы, пачалася падрыхтоўка да самага галоўнага частавання: гэта было пітво, так званае — «кэу». Для прыгатавання яго ўжываецца адна расліна з пароды перцу.

Прынеслі вязкі гэтай расліны, і маладзейшыя пачалі жаваць яе і пляваць у гаршчок. Праца была марудная, дзеля гэтага частку аднеслі да дзяцей, каб яны дапамаглі. Калі ўсё перажавалі, тады дадалі вады, працадзілі праз траву і далі крыху пастаяць.[6]

Пакуль скончылі яду, гарэлка настаялася. Мапу наліў першую «шклянку» з бамбуку і таксама паднёс Саку першаму.

— Не, гэтага я не магу! — рашуча адмовіўся Саку: — Наш закон не дазваляе.

Хаця гаспадарам і непрыемна было, але яны вельмі не прымушалі: закон дык закон.

Тады другія падставілі свае бамбукавыя чаркі. Відаць, пітво было звярынае, бо шмат у каго вочы на лоб павылазілі. Але адразу адчувалася, што гарэлка зрабіла ўплыў: некаторыя нават стаяць цвёрда ўжо не маглі.

Закусілі бананамі і бататам (салодкая бульба).

Тады Мапу ўстаў і звярнуўся да народа з прамовай:

— Вось наш брат Саку. Ен уцёк ад нас і доўга жыў з белымі. Ен даведаўся аб іх сіле. Ен ведаў іхняга духа. Ен можа папрасіць яго, каб ён дапамог нам, як дапамагае белым. Саку можа папрасіць духа, каб Мукку не маглі супраць нас ваяваць, і мы тады забяром іх усіх. Хай грае музыка!

Народ закрычаў ад радасці, падняўся шум, гам. Саку вельмі здзівіўся, пачуўшы такія словы, і ўстаў, каб растлумачыць народу, у чым справа.

— Браты! — пачаў ён казаць. — Праўда, што ў белых я пазнаў вялікага духа, які ўладае ўсімі намі — як белымі, таксама і чорнымі, праўда, што вялікі дух усё можа, але…

Пачуўшы аб тым, што вялікі дух усё можа зрабіць і, значыцца, дапамагчы ім, народ зноў пачаў крычаць, вітаць Саку, уздымаць зброю.

— Смерць Мукку! Знішчым іх! — чуліся галасы.

— Браты! — пачаў ужо крычаць Саку напружаным голасам. — Вы памыляецеся! Вялікі дух не дапамагае рабіць забойстваў…

Але задаволены народ не чуў, што ён кажа; ведалі толькі, што нешта добрае, і ад гэтага яшчэ больш шумелі. Тым часам падышла музыка і танцоры, і ўся ўвага накіравалася на іх.

Саку сеў і горка ўсміхнуўся.

«Няшчасныя, цёмныя людзі,— думаў ён, — маюць у галаве толькі адно: каб забіць свайго ворага. Нялёгка будзе растлумачыць ім, што самае галоўнае — выбавіць сваю душу. Але з дапамогай бога я выканаю свой абавязак».

На сярэдзіну выйшлі чатыры танцоры. Кожны ад плеч да калень быў захутаны пальмавымі лісцямі, якія надавалі ім выгляд звычайных коп сена, толькі на дзвюх нагах. Але самае галоўнае — гэта велізарныя, страшныя маскі, якія закрывалі ўсю галаву да плеч. Маскі былі размаляваны ў розныя колеры і мелі жудасны выгляд. На высокіх вострых шышаках развявалася пер'е.

Зайграла «музыка». Адзін роў праз велізарную бамбукавую дудку, даўжынёй метры са два. Роў і завываў ён так, што здавалася, быццам сто папуаскіх сабак пачалі свой канцэрт. Другі свісцеў у пусты какосавы арэх, у якім былі прасвідраваны дзве дзіркі. Трэці дзьмуў у маленькую свісцёлку, а чацвёрты біў у калоду-барабан. Быў і больш далікатны інструмент, на манер трашчоткі: мноства чарапашак было прывязана шнуркамі да дубца, музыкант махаў гэтай пугай, і ад гэтага чарапашкі ляскаталі.

Пад гэтую музыку танцоры тупаліся туды-сюды ды нахіляліся. Але людзі глядзелі вельмі ўважліва, бо танцоры азначалі духаў памёршых продкаў і лічыліся таемнымі, вышэйшымі істотамі.

Пасля гэтага афіцыйнага і святога танца пачалі саматужныя скокі, і да самага позняга вечара весяліліся гэтыя дзеці прыроды.

Саку, як шаноўны госць, начаваў у ум-камалі. Ужо ўсе паснулі, а ён стаяў на каленях і горача маліўся, каб бог дапамог яму выбавіць душы сваіх братоў. Над галавою яго шчэрылі зубы чалавечыя чарапы, а насупраць у куту стаяла драўляная статуя — тэлум.

V

Рэлігійныя дыскусіі.— Палон містэра Брука. — Захады Саку. — Мапу хоча выкарыстаць хрысціянства. — Вызваленне Брука. — Напад Мукку. — Расправа белых.

Трывожныя чуткі насіліся сярод насельніцтва Какаду.

Казалі, што белыя на нейкай невялікай, але вельмі траскучай лодцы заехалі далёка ў глыб вострава, у такія мясціны, дзе іх да гэтага часу ніколі яшчэ не бачылі.

Казалі нават, што велізарны, таксама траскучы, птах праляцеў над галавой.

Можа, гэта тыя самыя магутныя белыя лётаюць? Тады ўсё прапала.

Казалі яшчэ, што ў краіне з'явіўся нейкі дзіўны звер, большы за ўсіх звяроў, нават за самага вялізнага кенгуру. Гэты звер вельмі шпарка бегае, і на ім… на ім быццам сядзіць чалавек! Гэта чутка была жудасней нават за траскучага птаха.

І да ўсяго гэтага яшчэ тыя праклятыя Мукку варушацца. Нядаўна яны захапілі двух Какаду.

А пасланцоў з «громам» усё няма ды няма. Мабыць, загінулі.

Трэба адзначыць, што Мукку быў той самы род, з якога паходзіў Саку з маткай. Яму цяпер усё роўна было, ці Мукку, ці Какаду, і ён баяўся толькі аднаго — каб яны зноў не перагрызліся. Але ад яго чакалі не гэтага, а дапамогі супраць Мукку.

Мапу перастаў ужо чакаць пасланцоў. Ен цяпер усю надзею злажыў на Саку і «суцяшаў» яго, што вось яны хутка падрыхтуюцца і нападуць на Мукку, а Саку хай пакуль што моліцца свайму богу, каб сэрца Мукку зрабілася мяккім.

Саку ж тым часам прапаведваў хрысціянства.

— Самы галоўны грэх перад вялікім духам, — казаў ён, — гэта забойства. Ці не жадалі б вы ўсе, каб ніхто нікога не забіваў, каб усе любілі адзін аднаго, як браты, каб ніхто вам не пагражаў смерцю?