157489.fb2 У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 14

— Вядома, хацелі б, — адказала некалькі людзей.

— Ну, дык і вы таксама рабіце. І калі вам хто зробіць крыўду, перацярпіце, як вучыць нас вялікі настаўнік Хрыстос.

— А вось нядаўна Мукку з'елі аднаго нашага, — сказаў малады хлапец. — Калі мы будзем цярпець, яны ўсіх нас з'ядуць.

І зноў пачыналася спачатку… Мапу ён казаў:

— Ты не зразумеў і памыляешся наконт таго, што я казаў. Ты думаеш, што бог можа стаць на адзін бок, дапамагчы табе скрыўдзіць другога? Не, ён да ўсіх аднолькава ставіцца. І калі я табе сказаў, што мы павінны прасіць бога, каб ён змякчыў сэрцы людзей, дык гэта тычыцца ўсіх: і Мукку, і Какаду.

Мапу падумаў-падумаў і сказаў:

— Ну, добра, маліся за абодвух, абы толькі твой бог дапамог.

Мапу сцяміў, што і ў гэтым выпадку ён страціць не можа: хай толькі Мукку пакарацца, ён забярэ іх і з мяккім сэрцам.

Раптам загрукаў барабан. Нешта здарылася…

Народ замітусіўся.

— Мукку ідуць! — пачуліся галасы. Мужчыны ўхапіліся за зброю, а жанчыны з дзецьмі пачалі ўцякаць у лес.

Трэба ведаць, што папуасы ў лесе звычайна маюць другія хаты, пабудаваныя высока на дрэвах, на той выпадак, калі патрэбна будзе ратавацца ад ворагаў. Там у іх зложаны запасы яды і зброі, напрыклад, каменняў, каб не падпусціць ворага да дрэва.

Але сёння здарылася нешта больш дзіўнае: вялі звязанага белага чалавека!

Сярод густога натоўпу набліжаўся ён да ум-камаля, а па баках горда ішлі тыя два пасланцы, якіх Мапу паслаў за «громам». Калі яны падышлі зусім блізка, Саку не мог утрымацца, каб не крыкнуць ад здзіўлення: белы быў містэр Брук!

Ен быў без шапкі, твар скрываўлены, адзенне падзёртае.

Страх і злосць відаць былі ў яго вачах. Падвялі і пхнулі яго пад ум-камаль. Народ аглядаў яго, бы дзіўнага звера, некаторыя нават краталі і казалі:

— Добры пачастунак будзе з яго!

І Брук, здаецца, здагадваўся, што азначае гэтае мацанне і гэтыя словы…

Сабралася нарада. Пасланцы расказалі сваю гісторыю:

— Мы далі ім золата і птушак. Прасілі «грому». Яны нам далі агнёвай вады. Больш мы нічога не памяталі. Апынуліся адны ў лесе. І ў нас засталося толькі гэта.

І яны паказалі бутэльку з адбітым горлам. Усе пачалі яе разглядаць, перадаваць з рук у рукі, нюхаць, глядзець праз яе. Асабліва было заўважана, што канцы дужа вострыя. Гэта можа быць вельмі добрай прыладай. Можа, яно адно варта таго золата, з якога ніякай карысці няма.

Але большасць усё ж такі разумела, што гэта ашуканства.

— Мы пайшлі дадому, — казалі далей пасланцы. — Праз некалькі дзён убачылі на рацэ траскучую лодку і пачалі сачыць за ёю. Гэта ехалі белыя з той самай станцыі. І вось мы гэтага злавілі.

Каб зразумець, як гэта яны пехатой зраўняліся з маторнай лодкай, трэба глянуць на карту Новай Гвінеі. Мы заўважым, што ад паўднёвага берага, дзе была станцыя (ля ракі Марэгед), да пачатку ракі Фляй ёсць два кірункі: або па вадзе, на ўсход уздоўж берага, а потым на захад па рацэ, або па зямлі, проста на поўнач. У першым выпадку будзе кіламетраў шэсцьсот — семсот, а ў другім — якіх-небудзь сто — сто дваццаць.

Спрэчак аб лёсе палоннага не было, бо досыць ужо таго, што белыя са сваімі страшнымі прыладамі чамусьці заехалі так далёка. Ясна, яны маюць нейкія злыя намеры. Хіба з добрымі яны б паехалі? Пэўна, яны хочуць забраць усю зямлю Какаду і ўсіх жыхароў. Значыцца, трэба ворагаў знішчыць, і не толькі гэтага, але і тых, што засталіся.

Усе тыя папуасы, што жылі ля берага мора, ужо даўно трапілі пад уладу белых; вольнымі засталіся толькі тыя, што жылі ў сярэдзіне вострава. І вось цяпер белыя дабіраюцца і да іх! Апрача таго, гэтыя белыя подла ашукалі іх.

І яшчэ трэба мець на ўвазе, што чэрап белага надасць шчасце, славу і магутнасць роду Какаду. Мукку да гэтага часу яшчэ не маюць чэрапа белага чалавека.

Некаторыя нават думалі, што прысутнасць Саку гэтаму дапамагла, што вялікі дух зрабіў белых ціхімі і мяккімі, як раіў Саку, і што белыя ўжо не могуць даць адпору. А ўжо аб Мукку і казаць няма чаго: тых можна загадзя лічыць зусім знішчанымі.

Адным словам, справы роду Какаду складваліся вельмі добра.

Саку сядзеў, слухаў нараду, і сэрца яго аблівалася крывёю.

— Не, браты, — пачаў ён казаць, — нядобра будзе, калі мы загубім гэтага чалавека. Бог нам не даруе. Каб яшчэ ў бойцы, дык і то нядобра. А так загубіць — вялікі грэх. Бог пакарае: пашле белых, і будзе нам бяда.

— Значыцца, твой бог заступаецца толькі за белых? Ты ж сам казаў, што за ўсіх, — адказалі яму сябры.

— За ўсіх тых, хто не робіць злачынства, хто любіць бога і людзей, хто не робіць нікому аніякай шкоды. А хто бога не слухае, таго ён карае, — намагаўся растлумачыць Саку.

— Пачакай, — сказаў Мапу, — хіба ж яны не робяць ніякай шкоды? Хіба яны не забралі ў нашых суседзяў зямлю? Хіба яны не прыехалі сюды, каб і нашу зямлю забраць! Хіба яны не ашукалі нашых пасланцоў? Хіба яны не забіваюць нас?

— Хто зрабіў грэх, таго бог сам будзе судзіць і караць, а не мы, — адказаў Саку.

— А чаму ж ты толькі што казаў, што белыя самі прыйдуць і пакараюць нас, калі мы заб'ём гэтага чалавека? — сказаў Мапу. — Чаму ж яны не хочуць чакаць, пакуль бог сам будзе судзіць?

Саку зноў з прыкрасцю ўбачыў, як цяжка дагаварыцца з гэтымі цёмнымі людзьмі. Яны бачаць і разумеюць толькі тое, што тычыцца іх непасрэдных інтарэсаў, а падумаць глыбей, аб сваёй душы, яны не хочуць ці не могуць.

Ен замаўчаў і пачаў прыдумваць другія спосабы, каб дапамагчы містэру Бруку.

Брука павялі ў адну хаціну, дзе ён павінен быў правесці апошнюю ноч у сваім жыцці. І вось па дарозе ён убачыў Саку!.. Брук спыніўся, пабялеў, пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але не мог вымавіць слова.

Саку стаяў і быццам чытаў біблію, як ён звычайна рабіў. Усё насельніцтва прывыкла бачыць яго заўсёды з бібліяй і лічыла, што ў гэтай прыладзе захоўваецца тая цудоўная сіла, якую прывёз Саку ад белых.

Як толькі Брук падышоў бліжэй, Саку, нібы чытаючы біблію, сказаў па-англійску:

— Містэр Брук! Не звяртайце на мяне ўвагі. Я спадзяюся, што сёння ўначы вызвалю вас.

Надзея асвятліла ўвесь твар Брука. Кожнаму, хто паглядзеў бы ў гэты момант на яго, магло б здацца, што гэта самы найлепшы, самы ласкавы чалавек у свеце.

Яго пасадзілі ў адну з хацін, больш шчыльную, хаця і без дзвярэй, і паставілі вартаўніком франта з вапнянай галавой. Вартаўніка паставілі на кожны выпадак, бо Брук быў звязаны так моцна, што і думаць не мог уцячы. Апрача таго, на ноч яго зноў агледзелі і перавязалі.

Саку ўсё ламаў галаву, што яму рабіць? Падкрасціся і развязаць Брука ні ў якім разе нельга было, асабліва ўначы, калі кожны шолах лёгка пачуць. З вартаўніком таксама нічога не зробіш. Заставаўся толькі адзін, няпэўны, але апошні план.

Не чакаючы, пакуль будзе позняя ноч, ён, нібы шпацыруючы, падышоў да вартаўніка.

— Ты адзін будзеш стаяць усю ноч? — запытаўся Саку.

Вартаўнік павярнуўся.

— Не, з поўначы мяне зменяць, — адказаў ён. Тым часам Саку непрыкметна кінуў праз дзверы нож.

— Ну глядзі, пільнуй добра! — сказаў тады Саку і пайшоў сабе далей.