157489.fb2
— Скажы, Саку, — дакрануўся Мапу да яго пляча, — ці гэтыя белыя таксама пакланяюцца таму вялікаму духу, аб якім ты казаў? Ці яны гэтак жа гавораць, як і ты?
— Яны прызнаюць гэтую веру, — неахвотна адказаў Саку.
— Значыцца, яны нічога дрэннага не будуць рабіць нам? — запытаўся зноў Мапу.
— Не ўсе з іх слухаюць загады бога, — млява сказаў Саку, — злы дух клапоціцца, каб адвярнуць чалавека ад бога.
— А як можна змагацца з гэтым злым духам?
— Маліцца, каб бог адагнаў яго.
— А ты можаш гэта зрабіць? Можаш памаліцца, каб бог адагнаў ад іх злога духа? — вёў сваю лінію Мапу.
— Мы заўсёды гэта павінны рабіць. Я сам пайду насустрач белым, — сказаў Саку, але не было ўжо ў яго голасе той упэўненасці, шчырасці і яснасці, як раней.
Праз некаторы час вёска сціхла. Жанчыны з дзецьмі пайшлі, а мужчыны пахаваліся за будынкамі.
Ледзь золак — паказалася экспедыцыя. Белыя ішлі шарэнгай, трымаючы стрэльбы напагатове.
Вось з-за будынка выйшаў нейкі чалавек. Туман не даваў магчымасці добра разгледзець яго.
— Вось адзін! — крыкнулі ў атрадзе белых, і раздаліся два стрэлы.
Але чалавек не схаваўся, а, наадварот, здавалася, ішоў да іх.
— Сюды ідзе! — крыкнуў Кандаракі.— Не варта і страляць.
— Чаго глядзець на іх? — закрычаў Брук. — Дайце мне стрэльбу, я сам з прыемнасцю ўсаджу кулю ў лоб людаеда.
— Праўду кажучы, у якія перагаворы нам яшчэ ўваходзіць з імі? — сказаў Скот. — Справа ясная, і нам застаецца толькі пакараць іх.
І некалькі чалавек зноў нацэліліся.
— Пачакайце, пачакайце! — крыкнуў боцман. — Гэта ж наш чорны місіянер.
Стрэльбы апусціліся.
— Праўда, — паскроб патыліцу Брук. — Я ж павінен быў здагадацца, што гэта мог быць толькі наш святы дзікун. Хто ж другі палез бы пад стрэлы! Вось была б гісторыя, каб я сам забіў свайго збаўцу! Саку падышоў.
— Браты па Хрысту! — сказаў ён урачыстым голасам. — Я хачу верыць, што вы ідзяце не для таго, каб зрабіць зло гэтым цёмным людзям.
— Праўда, — адказаў Скот, — мы ідзём для таго, каб пакараць іх.
— Але за што і як вы думаеце караць іх?
— За тое, што яны асмеліліся напасці на нас і нават ледзь не з'елі аднаго з нашых. А як пакараць? Ды так, каб больш не толькі ім, але нікому не прыходзіла ў галаву падымаць на нас руку.
— Але ж, урэшце, нічога дрэннага не здарылася, апрача смерці іхніх двух людзей, — даводзіў Саку.
— Гэта толькі выпадкова, дзякуючы, па-першае, вам, а па-другое, таму, што мы акурат падышлі,— сказаў Скот. — Але іх замах застаецца злачынствам, якое патрабуе кары.
— Вы ж самі мяне навучылі, што бог патрабуе дараваць людзям іх грахі,— з прыкрасцю сказаў Саку.
— Па-першае, не мы вас навучылі, а місіянеры, а па-другое, вы павінны ведаць, што на зямлі існуе суд і закон, які павінен караць злачынствы, — сурова адказаў Скот і пайшоў далей. За ім пайшоў і ўвесь атрад.
Саку стаяў і глядзеў ім услед, быццам не разумеючы, дзе ён і што з ім. Выходзіла, што гэты «брат па Хрысту» таксама яго не разумеў, як і «брат па крыві» — Мапу. І адзін і другі мелі свае пэўныя жыццёвыя інтарэсы, зусім не падобныя да яго душэўных спраў.
Ен завярнуўся і ціха павалокся за імі.
Туман разыходзіўся, рабілася ўсё святлей і святлей, але вёска была нібы мёртвая: аніводнай фігуры не паказвалася. Атрад набліжаўся.
І вось неспадзявана сярод хацін замільгалі чорныя фігуры папуасаў.
— Ага! — сказалі белыя. — Яны самі збіраюцца ісці на нас. Тым лепей, — і пачалася страляніна.
Саку, пачуўшы стрэлы, кінуўся да Скота, учапіўся за стрэльбу і пачаў прасіцца:
— Пан, пашкадуйце няшчасных людзей. Забіце лепш мяне!..
Скот нахмурыўся і сказаў:
— Не лезьце не ў сваю справу! Трымайцеся сваіх хрысціянскіх абавязкаў і модлаў. Клапаціцеся аб душах гэтых людзей, а аб целе паклапоцімся мы.
Але Саку, як непрытомны, усё паўтараў:
— Не трэба, не трэба!.. Пан… Злітуйцеся… Скот нецярпліва азірнуўся. Тады Ханубі ўзяў Саку за руку і адвёў яго ўбок. Падышоў Брук.
— Слухай, Саку, — сказаў ён, кратаючы яго за плячо, — ты добры чалавек, мы цябе вельмі шануем і лічым амаль што такім, як і мы. Вось і мне ты дапамог, і ўсё такое. Але чаго табе так пнуцца? Чаго ты са скуры вылазіш з-за якогась там людаеда? Ну, каму якая будзе шкода, калі некалькі з іх загіне? Кінь гэтае глупства. Ты ж чалавек адукаваны і павінен сам разумець.
Але Саку нават не чуў гэтых «разумных» слоў. Ен глядзеў наперад і не верыў сваім вачам — там рабілася нешта незразумелае: папуасы павыскаквалі з-за сваіх хат, бегалі ўзад і ўперад і, здаецца, зусім не звярталі ўвагі на небяспеку, якая ім пагражала. Часам можна было падумаць, што яны б'юцца адзін з адным.
Цяпер ужо страляніна пайшла бесперапынку. Адзін за адным валіліся чорныя на зямлю і, нарэшце, разбегліся.
Калі белыя ўвайшлі ў вёску, то ўбачылі шмат забітых, з якіх некаторыя, відаць, знайшлі смерць не ад куль, але ад сваіх жа стрэл ці пік.
— Глядзіце, яны нават пачалі адзін аднаго біць! — сказаў Кандаракі.
— Тым лепей, — сказаў Брук, — нам меней будзе працы.
Саку схіліўся над адным забітым і ўсё зразумеў: забіты быў Мукку! Значыцца, яны напалі з другога боку, і гэтым тлумачыцца ўсё тое, што адбылося! Далей ён убачыў мёртвага Мапу. Ззаду трапіла яму страла, а спераду куля. Небарака так і не дачакаўся, калі бог змякчыць сэрцы белых і Мукку.
— Божа! — застагнаў Саку. — Дзе ж твая любоў? Дзе ж твая праўда?
— Падпаліць хаціны! — загадаў Скот, і праз хвіліну ўся вёска была ў агні.
Галлёвыя хаціны гарэлі лёгка, весела, быццам жартуючы.