157489.fb2
— Я таксама лічу, што трэба нарэшце высветліць гэтую таемную гісторыю, — падтрымаў Кандаракі.
— Паспрабуем, — згадзіўся Скот, — толькі нядоўга. Няварта траціць часу на іх, калі яны нас не чапаюць.
Пайшлі. Наперадзе сіпаі з нарыхтаванымі стрэльбамі ў руках, за імі Скот і боцман, далей Чунг-лі, а ля яго з аднаго боку Файлу, а з другога — Кандаракі з рэвальверамі ў руках.
Чунг-лі стараўся надаць сабе самы бесклапотны выгляд, але сэрца яго білася так, што ён нават баяўся, каб не пачулі суседзі.
Зрабіўшы некалькі заваротаў, яны сапраўды ўбачылі спутанага каня, які спакойна пасвіўся сабе на зялёным лужку.
Смешна было глядзець, як дзесяць чалавек са стрэльбамі, рэвальверамі, бомбамі, азіраючыся ва ўсе бакі, падкрадваліся да каня, нібы да нейкага незвычайнага страшыдла.
Конь падняў галаву, здзіўлена паглядзеў на войска і трохі адскочыў убок. Падарожнікі акружылі яго, памацалі,— звычайны конь і больш нічога. Больш нідзе нікога не было.
Паглядзелі адзін на аднаго і — засмяяліся.
— Ну, і што ж цяпер будзем рабіць з ім? — запытаўся боцман.
— Мусіць, нічога, — сказаў Скот. — Узяць з сабой не можам, бо самім прыйдзецца лазіць па скалах. Заставацца або пакідаць каго пільнаваць — не варта. Усё роўна, калі гаспадар не захоча паказацца, дык і не пакажацца.
І сапраўды, нічога іншага не заставалася рабіць. Падзі віліся, пагаварылі і пайшлі назад.
Даліна паступова пачала звужацца. Горы набліжаліся з абодвух бакоў і рабіліся ўсё больш і больш стромкімі. Вось яны ўжо зусім сціснулі раку, якая пачала біцца, як шалёны конь.
Берагі зніклі, і ўжо нельга было ісці наперад.
Скот азірнуўся на Чунг-лі.
— Ну, што цяпер будзем рабіць? — запытаўся ён.
— Тут павінна быць сцежка, — сказаў Чунг-лі, азіраючыся, і паказаў на адно месца, дзе па каменнях сяк-так можна было падняцца ўгору, а там далей, здавалася, можна было прайсці па беразе.
— Вядзі! — загадаў Скот.
— Пачакайце, пачакайце! — крыкнуў Файлу і выразна паглядзеў на Скота. — Мне здаецца, лепш было б, каб наперадзе ішоў хто-небудзь іншы, а Чунг-лі за ім.
Скот зразумеў і прапанаваў Файлу, але той сказаў, што і гэта нядобра. Тады наперадзе пайшоў Ханубі, за ім Чунг-лі, а за ім ужо Файлу. Далей Скот, Кандаракі і рэшта атрада.
— Трэба прызнаць, што Файлу добра размеркаваў,— ціха сказаў Кандаракі Скоту.
— Вельмі добра, — адказаў Скот. — Калі раней ён не ўцёк, дык тут няма чаго і думаць.
— Пабачым, — зноў сказаў Кандаракі.
З вялікай цяжкасцю ўзлезлі яны наверх і пайшлі па рабру скалы. З левага боку таксама стромка ўздымалася гара, з правага яна абрывалася ў бяздонне. Ісці можна было толькі па вузенькай сцежачцы, шырынёю з крок, а часам і меней. Рака шумела дзесьці далёка ўнізе. Адзін толькі няўдалы рух — і чалавек паляцеў бы ўніз, дзе ад яго нічога не засталося б.
Так яны ляпіліся з гадзіну. Ніхто не сказаў аніводнага слова. Кожны быў заняты толькі тым, каб цвёрда і правільна паставіць нагу. Сцежка ж тым часам блыталася, круцілася, то адыходзіла ад берага, то набліжалася. У некаторых месцах з бяздоння вытыркаліся верхавінкі кустоў. Відаць, бок быў зарослы.
Раптам пачуўся жудасны, нечалавечы крык. Чунг-лі слізгануўся, узмахнуў рукамі і паляцеў уніз. Зачапіўся за куст, абарваўся, зноў зачапіўся; шолах рабіўся ўсё цішэй і цішэй — і ўрэшце ўсё сціхла…
Падарожнікі стаялі як скамянелыя. Гэты прадсмяротны крык заледзяніў іх сэрцы; баяліся паварушыцца.
Але не паспелі яшчэ яны апамятацца, як Файлу неяк злосна зароў і… таксама паляцеў у бяздонне. Зноў затрашчалі кусты, і зноў усё сціхла. Толькі гул ракі даносіўся аднекуль, як з пустой бочкі.
— Гэта ж… можна розум страціць ад такой жудасці,— прамовіў Скот дрыжачым голасам.
Ніхто нічога не адказаў: усе стаялі моўчкі, з пабялелымі тварамі. Потым асцярожна схіліліся, глянулі ўніз: сцяна ішла проста ўніз, са шчылін расло шмат кустоў, ніякага дна не было відаць, толькі чутна было, як дзесьці далёка-далёка ўнізе грукатала рака.
— Што ж цяпер будзем рабіць? — прамовіў Кандаракі.
— Чунг-лі казаў, што там, далей, гэтая рака прымае некалькі прытокаў,— сказаў Скот. — Ля гэтых прытокаў нам і трэба шукаць. Цяпер ужо мы самі знойдзем гэтае месца. Але якое жудаснае здарэнне!..
І яны ціха і асцярожна пасунуліся далей.
Хунь-чжы і Качу. — Як яны тут апынуліся. — Мёртвы хоча загубіць жывога. — Просты канец таемнай гісторыі.
У гэты самы дзень, на некалькі гадзін раней, па гэтай жа самай, даліне праходзілі двое людзей і вялі ў паваду каня.
Адзін з людзей быў чорны, звычайны папуас, высокага росту, дужы. Толькі ён не меў усіх тых прыкрас, якія носяць дзікуны. Другі быў маленькі жоўты чалавечак, жывы, рухавы, вяртлявы.
За плячыма ў яго была стрэльба.
— Ну, паглядзі, Хунь-чжы, у сваю паперку, — сказаў чорны, — што там сказана?
Хунь-чжы выняў паперку, тую, што напісаў Чунг-лі тады на катэры, і стаў разглядаць.
— Вось тут сказана, — пачаў ён, — што даліна зусім звузіцца…
— Яна і пачынае ўжо звужвацца, а там, далей, здаецца, і зусім прайсці нельга, — паказаў рукою Качу.
— Потым, — разбіраў Хунь-чжы, — трэба падняцца налева ўверх і там абысці па вузенькай сцежачцы. Ну, але з гэтым мы пасля разбяромся, — скончыў ён, хаваючы паперку. — А цяпер трэба будзе схаваць каня, бо далей з ім не прайсці.
І яны завялі яго ў тую далінку, якую мы ўжо ведаем.
Потым пайшлі далей, дайшлі да таго месца, дзе трэба было падымацца, папаўзлі па тым самым беразе, дзе потым зваліліся Чунг-лі і Файлу, і праз некаторы час зноў спусціліся ўніз да ракі.
Тут ужо быў бераг, па якім можна было ісці.
Хунь-чжы зноў паглядзеў у паперку.
— Цяпер, — сказаў ён, — трэба адысціся крыху назад, да таго месца, дзе бакі зараслі кустамі і дзе над галавой будзе выступ. Там, кажа, ці чакаць яго, ці ён будзе чакаць, калі раней прыйдзе.
Хутка яны сапраўды ўбачылі, што сцяна з правага боку была больш зарослая і пасярэдзіне вытыркаўся выступ, нібы балкон, а далей сцяна зноў уздымалася ўверх, дзе ўжо ледзь значна віднелася блакітная стужка неба.
Яны прыселі пад гэтымі скаламі, як пад страхой, дасталі з торбы смажанага казуаравага мяса, закусілі, напіліся з ракі, якая тут жа шумела ля ног.
— Значыцца, сёння яны павінны быць тутака, — пачаў Качу. — Але чаго нам трэба было цягнуцца аж сюды? Хіба да гэтага ніяк нельга было вызваліць Чунг-лі?