157489.fb2
— Ты, відаць, гатоў усіх перастраляць, — сказаў ён, — але можа здарыцца, што і цябе падстрэляць.
— Ну, цяпер тут з-за каменя ці з вышыні лёгка было б застрэліць каго-небудзь з іх, — не спыняўся Качу.
— Не, брат, — сказаў Чунг-лі,— нягожа нам гэтым займацца. Усіх нялюбых людзей не перастраляеш. Ды і карысці з гэтага не будзе: усё роўна знойдуцца другія такія самыя. Досыць будзе, калі нам удасца знішчыць самых шкодных.
Але Качу ніяк не хацеў разумець: так лёгка, проста і, галоўнае, беспакарана можна было застрэліць некалькі ворагаў, а тут чагосьці шкадуюць іх.
Хунь-чжы таксама згаджаўся з братам.
— Я ад усяго сэрца жадаю ім усім загінуць тут, — казаў ён, — але займацца гэтым не хачу. І нядобра, і не варта.
Дзень тым часам скончыўся. Праўда, там, наверсе, было яшчэ светла, верхавіны гор яшчэ ззялі на сонцы, але тут, унізе, быў ужо змрок. І ўдзень і ўначы аднолькава ціха і бязлюдна было тут; толькі рака безупынна шумела ў цішыні.
— Трэба кінуць гэтую падлу, каб не смярдзела, — сказаў Качу, узяў за ногі Файлу і павалок яго ў раку.
Мярцвяк паскакаў па бурных хвалях, як жывы, стукнуўся некалькі разоў аб каменні — і знік.
Недалёка знайшлі яны прытульны куток пад скалою і спакойна пераначавалі. Назаўтра Чунг-лі павёў іх шукаць золата ў другое месца.
Залатая ліхаманка. — Жывы мярцвяк. — Небяспека для аўтарытэту Англіі.— Уцекачы ў пастцы. — Таемнае знікненне. — Каму радасць — каму гора.
Экспедыцыя Скота начавала на некалькі кіламетраў вышэй па рацэ. Зранку яна таксама выправілася шукаць золата.
Некалькі разоў яны рабілі пробы. Час ад часу бралі пясок, прамывалі і прыглядаліся, ці няма якіх-небудзь слядоў золата. Пасля многіх разоў яны, нарэшце, заўважылі некалькі жоўтых макавінак.
Гэта сведчыла, што ў гэтых мясцінах сапраўды ёсць золата. Але каб здабыць яго, трэ было б арганізаваць тут цэлае прадпрыемства, сталае, з сотнямі рабочых, з машынамі, якія б прамывалі сотні тон пяску ў дзень. Так яно звычайна і робіцца ўсюды, і калі тона пяску дае пяць-шэсць грамаў золата, то прадпрыемства лічыцца прыбытковым.
Але побач з гэтым сустракаюцца самародкі, кавалкі чыстага золата, вагою часам па некалькі кілаграмаў.
Вось за гэтымі самародкамі і гоняцца людзі, як шалёныя.
Ледзь толькі разлятуцца чуткі, што ў якой-небудзь мясцовасці знайшлі самародкі, туды пачынаюць збірацца людзі часам з усіх канцоў свету. Трацяць апошнюю сваю маёмасць, навыперадкі пруць адзін за адным, каб толькі першаму з'явіцца ў такі куток, дзе яшчэ ніхто не быў.
Колькі сварак, забойстваў і ўсялякіх злачынстваў звычайна адбываецца ў такіх «залатых старонках»! Усяму свету знаёмая так званая «залатая ліхаманка», прага да лёгкага багацця. І сапраўды, гэтае пачуццё падобна да хваробы. Той, хто захварэў на залатую ліхаманку, не спіць, не есць, усё на свеце забывае, усё ахвяруе, траціць свядомасць і толькі думае аб адным: як бы знайсці вялізны самародак.
І распаўсюджваецца гэтая хвароба не горш за іншыя. Якому-небудзь шчасліўцу пашанцавала знайсці такі самародак. Слава аб ім разносіцца далёка навакол. Усе аб гэтым ведаюць, усе яго бачаць, і кожны думае: а чаму ж і мне не можа пашанцаваць? І пачынаецца гэтая залатая ліхаманка.
Сотні, тысячы людзей кідаюцца шукаць, — і вось сярод гэтых тысяч зноў аднаму пашанцавала. Зноў слава ідзе, зноў усе бачаць толькі яго, і зноў тысячы людзей бягуць.
А аб тых тысячах, якім не ўдалося знайсці, ніхто і не думае, ніхто іх не лічыць.
Есць такія дзівакі, якія дзесяткі год, амаль што ўсё сваё жыццё шукаюць самародкі і ўсё спадзяюцца знайсці велізарны кавалак золата хоць перад смерцю.
Так праславіліся на ўвесь свет Аўстралія, Паўднёвая Афрыка, Каліфорнія і Аляска (мясцовасць Кландайк) у Амерыцы і часткай — наша Сібір.
Вядома, што ў такіх выпадках больш за ўсіх, — можна сказаць, выключна, — можа спадзявацца на поспех толькі той, хто першы з'явіўся ў невядомы куток.
І вось з гэтага боку нашыя падарожнікі мелі шчасце. Не лічачы Чунг-лі, які, зразумела, не мог усё даследаваць, у гэтых месцах яшчэ ніхто не быў. Значыцца, можна было спадзявацца на самародкі.
Скот яшчэ раней папярэдзіў сваіх таварышаў, дзеля чаго яны едуць, растлумачыў, што большую частку знойдзенага золата павінен будзе атрымаць ён, бо снараджэнне экспедыцыі каштуе грошы, што без яго яны ўсё роўна не маглі б паехаць, але кожны атрымае ў залежнасці ад свае здабычы.
Зярняткі золата, якія яны ўбачылі, як мікробы, заразілі ўсіх залатою ліхаманкай. Усім здавалася, што вось-вось яны знойдуць шмат золата. Пры гэтым кожны думаў яшчэ, што ён схавае для сябе асабіста добры кавалак.
Яны забыліся і аб ежы, безупынна капаліся ў пяску і каменнях.
І вось аднекуль зверху яны пачулі голас:
— Памажы, божа! Ці многа золата ўжо знайшлі? Усе адразу азірнуліся і бачаць — высока на скале стаіць Чунг-лі, а за ім выглядаюць яшчэ два нейкія чалавекі.
— Чунг-лі! — вырвалася з грудзей.
— Ты жывы? — запытаўся Скот.
— Лічыце, як хочаце! — смеючыся адказаў Чунг-лі.
— А хто там яшчэ з табой? — зноў спытаўся Скот.
— Гэта мой брат Хунь-чжы, а гэта наш сябар Качу, — паказаў Чунг-лі.
— Хто гэта такія? — звярнуўся Скот да Кандаракі, бо сам ён, зразумела, не ведаў усіх сваіх рабочых.
— Гэта тыя два рабочыя, што ўцяклі нядаўна, перад нашым ад'ездам, — растлумачыў Кандаракі.
— А Файлу дзе? — крыкнуў Скот.
— Ен палічыў за лепшае застацца тут назаўсёды. Кланяўся вам, — здзекаваўся Чунг-лі.
— Ах, падлюгі! — закрычаў Скот. — Вы забілі яго! Вы наўмысля падрыхтавалі ўсю гэтую справу!
І ён ухапіўся за стрэльбу. Але яго спадарожнікі яшчэ раней пачалі страляць.
Вядома, трое таварышаў добра ведалі, што іх гутарка скончыцца такім чынам, і падрыхтаваліся ў належны момант схавацца за каменнямі.
— Шкада, што мы маем адну стрэльбу на трох і нам не хапае куль, а то мы таксама адказалі б вам! — даляцеў голас Чунг-лі, і ўсе трое зніклі.
— Злавіць іх! Забіць! — крычаў Скот, не памятаючы, што кажа.
Але аб гэтым не было чаго і думаць.
— Дык вось яно што! — сказаў Скот, крыху супакоіўшыся. — Вось дзе сакрэт! І з канём, і з тым бяздоннем, і нават з пальмавай лісцінай і ўсё іншае. Вось як яны нас ашукалі!
— Я ж казаў, што нешта такое ёсць, — сказаў Кандаракі.
— Так. Лішні раз павінен пераканацца, што вы заўсёды праўду кажаце. Але ж вы і самі не маглі сказаць нічога пэўнага, — прамовіў Скот.
— Я нюхам чуў,— адказаў Кандаракі. Пачалі радзіцца, што далей рабіць. Меліся дзве задачы: або ісці шукаць гэтых злачынцаў, каб пакараць іх, або займацца сваёй справай. Кандаракі і ўсе іншыя даводзілі, што ганяцца і знайсці іх у незнаёмых гарах немагчыма. У кожны момант яны з-за якой-небудзь скалы могуць падстрэліць.