157489.fb2
Сябры адстрэльваліся з-за апошніх каменняў. Ворагі паўзлі, набліжаліся. Адлегласць паміж імі ўсё змяншалася.
Раптам страляніна з кутка сціхла.
— Скончана справа! — сказаў адзін сіпай, устаючы.
— Лажыся! — крыкнуў яму Ханубі.
Але ўсё роўна было ціха. Мабыць, усе трое параненыя ці забітыя.
Усё ж такі ўставаць баяліся і асцярожна дапаўзлі да самых каменняў.
Але… там нікога не было!
Перагледзелі ўсе каменні, куточкі — няма дый годзе! Доўга маўчалі і толькі здзіўлена пазіралі адзін на аднаго.
— Многа неспадзяванасцей нарабілі нам гэтыя чэрці,— сказаў нарэшце Старк, — але тут нешта ўжо зусім незразумелае.
Зноў пачалі шукаць, ці няма якога-небудзь увахода ў пячору, краталі каменні, ці не зачыняюць яны якой-небудзь яміны ці дзіркі,— усё роўна нічога няма!
Вось адзін сіпай крыкнуў. Усе раптам азірнуліся на яго: ці не знайшоў? І сапраўды ён знайшоў, ды толькі… самародак з грэцкі арэх.
Убачыўшы золата, забыліся на ўсё ў свеце. Дружна прыняліся поўзаць па зямлі, капацца ў жарстве.
Паважаны містэр Скот поўзаў на карачках і капаўся ў зямлі, як самы просты чалавек, і, здаецца, зусім забыўся аб англійскай дзяржаўнасці, аб тым, што ён павінен трымаць на належнай вышыні свой аўтарытэт. Грэк Кандаракі, здавалася, гатоў быў заграбці ўсю гэтую зямлю сабе ў ахапак.
Вось і боцман знайшоў велізарны кавалак, з курынае яйка. Кандаракі, здаецца, хацеў з'есці і гэтае золата і самога боцмана. Вось другі сіпай знайшоў. Кожны баяўся спазніцца, каб другі не знайшоў той кавалак, які вось тут недзе блізка павінен ляжаць.
Нават у Скота вочы заблішчалі ад зайздрасці. Палову таго, што яны знайшлі, ён атрымае за свае выдаткі і досыць заробіць на гэтым. Але ўсё ж такі, каб ён сам знайшоў, тады б яно цалкам засталося яму аднаму.
Тым часам неба пачарнела і пайшоў дождж, але золаташукальнікі не зварачалі на гэта ўвагі. І калі ўдарыў гром, грукат ад якога пракаціўся па гарах тысячамі рэхаў, заблішчала бесперапынку маланка і паліў дождж ручаём, тады толькі яны адышліся і прытуліліся пад скалой.
Словы «бесперапынку» і «ручаём» тут трэба разумець літаральна: сапраўды, маланка ў такіх старонках блішчыць бесперапынку і, сапраўды, дождж льецца не кроплямі, а струменямі.
Зразумела, што ад такога дажджу ды яшчэ сярод гор, дзе вада раптам ляціць з усіх бакоў уніз, — рачулка адразу разлілася, і не паспелі нашы падарожнікі падумаць аб небяспецы, як іх падхапіў дзікі бег ракі (ужо ракі!) і панёс уніз…
Дарэмна яны чапляліся за сцены, за каменні,— нічога не памагала. Сіла і хуткасць былі такія, што трэба было думаць не аб тым, каб затрымацца, а аб тым, каб ухіліцца ад скал, каб не разбіцца аб іх.
Нашыя трое сяброў таксама перажывалі жудасныя хвіліны. Яны сядзелі… пад вадаспадам!
Кожны разумее, што бягучая вада не можа спыніцца раптам, падаючы з вышыні, не можа з разбегу падаць прама ўніз. Яна павінна падаць дугой, як падае кінуты намі камень. Значыцца, калі сцяна стромкая, вада будзе падаць крыху далей ад яе падножжа, асабліва ў тых выпадках, калі бег вельмі хуткі.
І вось паміж сцяной і вадзяной заслонай і схаваліся нашыя прыяцелі.[8] З бакоў шчыліны не відаць таму, што бакавая вада, не маючы хуткага бегу (затрымліваецца за берагі), падае проста ўніз.
Можна сабе ўявіць, які павінен быць там грукат! Нельга сказаць, каб там было суха. Частка вады ўсё роўна льецца на галаву, але небяспекі няма, калі цябе не зачэпяць галоўныя струмені вады.
Можна думаць, што Скот са сваімі таварышамі нарэшце сцяміў бы, куды падзеліся тры чалавекі. Інакш яму прыйшлося б дапусціць, што ўмяшалася нячыстая сіла ці які другі цуд. А ў гэта можа паверыць толькі які-небудзь Саку, а не ён.
На шчасце, золата перашкодзіла ім вельмі думаць аб гэтым. Потым надышоў крытычны момант — дождж і разліў ракі.
Як гэта ні дзіўна, але ў даным выпадку выратавацца было лепш пад вадой, як у вадзе, тым болей, што ад узмацнелага бегу вадаспад яшчэ далей падаў, як раней.
Толькі вельмі небяспечным было павышэнне вады.
Ад гэтай бяды таварышы выратаваліся, узлезшы на вялікія каменні, што ляжалі пад вадаспадам.
Як хутка ўсё зрабілася, так хутка і скончылася. Праз гадзіны дзве ўсё мела той самы выгляд, які быў перад дажджом.
Трое таварышаў павылазілі з-за сваёй заслоны і пачалі грэцца і сушыцца на сонцы.
— Усё добра, што добра канчаецца, — весела казаў Хунь-чжы.
— Асабліва, калі гэта тычыцца толькі нас, — дадаў брат. — Гляньце, якія сляды пакінуў наш вораг.
Сляды былі прыкметныя: некалькі стрэльбаў, сумкі з патронамі, якія вада не магла вынесці з-пад каменняў, нават два згубленыя самародкі.
Таварышы падабралі трафеі і пайшлі па цясніне. Пры выхадзе з яе, на другім баку ракі, яны ўбачылі некалькі чалавек з экспедыцыі.
Скот ляжаў на зямлі змярцвелы. Ля яго клапаціліся боцман і сіпай. Побач сядзеў Ханубі з перавязанай галавой.
Убачыўшы сваіх праціўнікаў, якія ішлі сабе хоць бы што з таго самага месца, адкуль іх вынесла з такой бядой, боцман і Ханубі паглядзелі адзін на аднаго, нібы кажучы: «Зноў яны цэлыя! Гэтых чарцей, відаць, нішто не бярэ».
Становішча гаспадароў было такое, што нашым прыяцелям не хапіла духу здзекавацца з іх, і яны моўчкі прайшлі міма.
Вяртанне. — У агні.— Сярод звяроў.— Правадыр аб'яднаных родаў Какаду і Мукку. — Смерць Скота. — Дасказ.
У гарачы поўдзень, калі ўсё жывое старалася схавацца ў цень, калі нават птушкі сядзелі моўчкі, праз густую траву прабіраўся гурток людзей з шасці чалавек.
Худыя, абшарпаныя, дарэшты змораныя, яны ледзь праціскаліся праз моцную густую траву, якая дасягала вышыні больш за рост чалавека. Гушчар быў такі, што часам прыходзілася валіцца на траву спіною і прыціскаць яе да зямлі, каб пасунуцца на некалькі крокаў уперад.
Гэта была грозная экспедыцыя Скота. Апрача Чунг-лі і Файлу, яна не далічвала яшчэ Кандаракі і аднаго сіпая, якія загінулі тады ў бурнай вадзе.
Да паўдня яны нічога не елі. На шэсць чалавек яны мелі толькі дзве стрэльбы.
Па іх меркаваннях, яны павінны былі праз некалькі гадзін падысці да ракі, дзе чакаў іх катэр, адпачынак, спакой і ўсе выгоды.
Кожны з іх толькі аб гэтым і думаў, і за ўвесь час яны не перакінуліся аніводным словам.
Ім трэба было прайсці невялікі кавалак стэпу да таго пералеска, які віднеўся наперадзе, а там ужо быў канец падарожжа.
Вось ззаду зашамацела трава. Не паспелі яны азірнуцца, як міма іх пранёсся дзік. Ханубі хацеў быў стрэльнуць, але не паспеў.
— Шкада! — сказаў ён, апусціўшы стрэльбу.
— Дарма, — сказаў Скот. — Што нам з ім было б рабіць? Усё роўна праз гадзіны дзве будзем дома.
— Мы павінны яшчэ радавацца, што ён не зачапіў нас, — сказаў боцман. — Неспадзявана ён мог бы нарабіць бяды.