157489.fb2
— Чаго ён тут швэндаецца? — трывожна сказаў Манг.
— Непажаданы сусед, — сказаў і Кос. — А што мы будзем рабіць, калі ён знойдзе наш добры куток і прычэпіцца да нас? Гвалтам гнаць, ці што?
— А чаго на яго глядзець? — сурова адказаў Тайдо. — Калі трэба будзе, дык і прагонім.
Тым часам насеклі і наламалі галля. Заставалася толькі даставіць яго на месца.
— Вось гэтая работа дык куды цікавей! — весела заскакаў Манг і, набраўшы бярэмя, падбег да краю і кінуў уніз. І так пачалі кідаць з тэрасы на тэрасу.
А праз некалькі хвілін радасна закрычалі і жанчыны з дзецьмі, калі на іх галовы пасыпалася галлё.
Такім чынам, і апошняя праблема — апал — таксама была вырашана.
Мангава падарожжа. — Зялёны востраў.— Подласць Нгары. — Бура. — Гудок. — Чалавек у моры. — Манг і Белая Птушка.
Цяпер ужо Мангу зручней было рабіць свае экскурсіі. Ен мог сабе спакойна вандраваць, ведаючы, што сваіх ён заўсёды знойдзе на месцы. Апрача таго, ён спакайней адчуваў сябе і таму, што яму не рупіла, — што і як з яго раднёй. Часта ён адлучаўся на некалькі дзён, і бацькі прызвычаіліся да гэтага і не пярэчылі.
У галаве Манга ўсё была думка — як бы паглядзець бліжэй на таемных белых людзей, пабываць там, дзе яны жывуць, убачыць іхнія розныя цуды. Але праязджалі яны вельмі рэдка, а яшчэ радзей можна было да іх наблізіцца. Пакуль пад'едзеш, — карабель ужо далёка. Трэба было чакаць такога выпадку, каб акурат трапіць на яго, але калі гэта здараецца?
Ды і наогул, такая сустрэча нічога асаблівага не давала. Паглядзіш на карабель, часам адтуль кінуць табе што-небудзь — і больш нічога. Нават не паспееш добра разгледзець людзей. Не! Трэба пашукаць, дзе яны жывуць. А дзеля гэтага трэба ад'ехаць далёка, туды, на поўнач, куды ідуць і адкуль прыходзяць караблі.
І ён сказаў бацькам, што хоча праехацца далей, каб паглядзець, як жывуць белыя людзі.
— Навошта табе? Ці варта? — пачалі адгаворваць бацькі, асабліва маці.— Гэта ж далёка, на другім канцы свету. Ты не даедзеш, загінеш. Ды і яны могуць загубіць цябе.
— Вы ж бачылі самі, што яны нічога дрэннага нам не робяць, — настойваў Манг, — а што далёка, дык я паеду столькі, колькі можна будзе. Калі ўбачу, што нельга даехаць, тады магу і вярнуцца.
Супраць такой пастаноўкі пытання і пярэчыць не было чаго. Чаму хлопцу не праехацца? Усё роўна яны валэндаюцца па моры ўзад і ўперад.
— Толькі ты сцеражыся, каб яны цябе не зачаравалі,— параіла на развітанне маці.
Падарожжа для іх было такой звычайнай справай, што ніякай падрыхтоўкі не рабілася. Манг выехаў гэтак жа проста, як і заўсёды. Трэба яшчэ памятаць, што калі гутарка ідзе пра падарожжа, дык заўсёды маецца на ўвазе дарога між скал-астравоў, па каналах-калідорах, куды хвалі не дасягаюць. Пра паездку на такіх чоўнах па адкрытаму акіяну ніхто з іх нават і не падумаў бы. А тут акурат такіх каналаў і было досыць. Вось чаму падарожжа Манга нікому не здавалася незвычайным.
Зразумела, Манг не меў ніякага ўяўлення аб адлегласці, якую яму трэба было б праехаць, каб убачыць, «як жывуць белыя». Да бліжэйшага значнага горада, Вальпарайзо, было дзве тысячы кіламетраў, а каб даехаць да якога-небудзь пасёлка, таксама трэба было праехаць кіламетраў з пяцьсот. У сваім маленькім чоўне, кіруючы першабытным вяслом, ён патраціў бы прынамсі месяц, каб праехаць гэтыя пяцьсот кіламетраў, не кажучы ўжо аб тым, што па дарозе можна было чакаць розных перашкод: ці не знойдзецца ціхіх каналаў, ці бура затрымае, ці ежы, вады не хопіць і гэтак далей.
Усяго гэтага Манг не ведаў. Ен думаў, што прыедзе праз некалькі дзён, паглядзіць, падзівіцца і вернецца сабе спакойна дадому.
Першы дзень прайшоў, як звычайна. Тыя самыя скалы, вуліцы, тыя самыя птушкі. Спыняцца яму ў гэты дзень не трэба было, бо ён меў з сабой запас ежы і вады. Пераначаваў у лодцы, пад аховай скалы.
На другі дзень ужо часцей прыходзілася спыняцца. Асабліва цяжка было з вадой. Многа назапасіць не было ў што. Нават тая вада, якую ён наліваў у свой невялікі і нязграбны гаршчок, увесь час выплёхвалася ад калыхання чоўна. А на скалах і маленькіх астраўках вады не было. Трэба было пад'язджаць да галоўнага берага і шукаць, дзе цячэ зверху вада. А каб знайсці такое месца, часам трэба было значна ўхіляцца ўбок. Вось чаму ён пасунуўся наперад за ўвесь дзень, можа, кіламетраў на дзесяць, хоць наогул праехаў значна болей.
Заставалася яшчэ гадзіны са тры да захаду сонца, калі ён выбраўся з-за скал і апынуўся на шырокай адкрытай прасторы. Замест высокіх скал тут было некалькі нізенькіх, роўных астравоў, пакрытых нават травою. А траву Манг і не памятае, калі бачыў.
На адным з такіх астравоў ён рашыў спыніцца на ноч.
Аднак жа гэтае прыгожае месца мела і свае невыгоды: яно ўсё было ўсеяна рыфамі (падводнымі каменнямі), якія то вытыркаліся з вады, то хаваліся ў ёй ля самай паверхні. Нават лёгкаму Мангаваму чоўну цяжка было прабрацца між гэтых рыфаў.
Нарэшце ён высадзіўся на бераг, падцягнуў лодку і пайшоў аглядаць востраў. Усе свае прылады і маржовую скуру ён пакінуў у чоўне. Толькі на плячах была штодзённая вопратка — кароткая накідка з коцікавай скуры. Прыемна было прайсціся па мяккай траве, цікавыя былі і кветкі; птушкі таксама былі незнаёмыя, маленькія, і спявалі яны неяк прыгожа, зусім не так, як усе гэтыя чайкі, качкі, альбатросы ды іншыя марскія рыбаедныя птушкі, ад чыіх крыкаў толькі галава трашчала.
Далей, ля ўзвышша, відаць быў нават гай. Манг накіраваўся туды. На наш погляд гэта быў бы вельмі мізэрны гай, але Манг і такому быў рады. У іхняй старонцы былі толькі рэдкія скурчаныя дрэвы, якія з апошняй моцы чапляліся за голы камень, а тут яны былі прыгожыя, ветлівыя.
Ен прайшоў гай, узлез на горку і сеў. Вечар выдаўся такі добры, які рэдка бывае ў гэтым краі. Мора бадай не варушылася; на небе ані хмаркі; сонца паволі апускалася ў ваду. А ззаду, як заўсёды, высіліся снегавыя горы, і ў адным месцы ледавік спускаўся да самай вады. Ен, здаецца, быў зусім блізка, вось за той скалой, а сапраўды да яго было кіламетраў пяцьдзесят.
Манг сядзеў, адпачываў і задуменна любаваўся прыгожасцю прыроды.
Але што гэта там такое? Здаецца, чалавек у чоўне капошыцца ля берага! І акурат ля Мангавага чоўна. Вось ён ад'язджае і цягне за сабой другі човен, Мангаў!
Гэта ж Нгара, будзь ён пракляты! Па гэтай паганай птушынай вопратцы відаць.
Зароў Манг не сваім голасам, сціснуў кулакі і зубы і пабег што моцы да берага.
— Стой! Нгара! Стой! — крычаў ён засопшыся. Але кану няўхільна адсоўваліся. Пакуль Манг падбег да вады, Нгара ўжо быў на такой адлегласці, што яму не было чаго баяцца.
Нават прыпыніўся, каб паздзекавацца.
— Нгара! Стой! — усё крычаў Манг. — Гэта табе дарма не пройдзе. Калі не я, дык мой бацька і Кос цябе заб'юць. Бяры, калі хочаш, маржовую скуру, але кану пакінь.
— Ты мне аддаеш скуру тады, калі я яе ўжо ўзяў,— насмешліва адказаў Нгара, — а кану я лепш пакіну ў моры. Тады, прынамсі, ты не будзеш мне больш сустракацца на дарозе і пагражаць, як цяпер. Бацька ж будзе думаць, што ты ўтапіўся ў моры.
І ён паплыў далей.
— Пачакай! Нгара! — зноў пачаў Манг. — Вазьмі сабе і ўсе іншыя мае рэчы. Толькі адну кану пакінь.
— Ха-ха-ха! — зарагатаў той. — Дурань ты! Дык я ж ужо і так узяў усё гэта. Ну, жадаю табе ўсяго лепшага на новым месцы. Жыві сабе тут шчасліва.
І ён хутка паехаў далей. Дарэмна Манг крычаў, трос кулакамі, пагражаў, нават прасіўся. Чоўны адплывалі ўсё далей і далей і праз некалькі часу зніклі ў змроку. Схавалася і сонца.
Манг застаўся адзін на бязлюдным беразе, без ніякай прылады ў руцэ. З роспачы паваліўся на зямлю, пачаў біцца галавой і раўці, рваць на сабе валасы. Потым прыпадак прайшоў. Манг сеў, супакоіўся і так прасядзеў на месцы ўсю ноч… Паветра было цёплае, вада пяшчотна плюскатала ля ног, з-за гор паказаўся маладзік; так ціха і мірна было навокал, што нават ніхто не мог бы сабе ўявіць усю тую трагедыю, якая адбывалася тут у гэты момант.
Першыя праменні сонца вярнулі Мангу бадзёрасць, ён выпрастаўся, страсянуўся, азірнуўся навокал. Усё было нават лепей, чымся там, на бацькаўшчыне. Толькі кану не было. Але ад гэтага да смерці яшчэ далёка. Ен яшчэ паспее сам сабе пашыць кану, тым болей, што і дрэвы тут ёсць. Але ж затое і памсціцца ён тады гэтаму Нгару!
Пры гэтай думцы ён і зусім забыўся на небяспеку. Хутчэй узяцца за работу, колькі б часу гэта ні патрабавала! Але ў руках ён не меў нічога; нават складанчык застаўся ў чоўне. Ну, што ж, прыйдзецца як-небудзь іначай. Яго бацькі і ён сам раней абыходзіліся і без нажа.
Ен зараз жа назбіраў на беразе шмат розных сухіх чарапашак і пайшоў да гаю. Выбраў там тонкае высокае дрэва і пачаў калупаць яго ля кораня. Каб чарапашкі былі вастрэйшымі, ён разбіваў іх на часткі. Дрэва было таўшчынёю толькі ў руку, і ён досыць хутка падрэзаў яго, а потым зламаў. Праз некалькі гадзін ён такім чынам «насек» сем жардзін: адну пад спод лодкі, а шэсць для бакоў.
Тут толькі ён прыпомніў, што да гэтага часу нічога не еў і не піў. Падышоў да берага, налавіў маленькіх ракаў і з'еў іх сырымі. Але не было вады напіцца. Каб не траціць часу на шуканне, ён згадзіўся пацярпець і зноў узяўся за працу.
Але апрацаваць жардзіны было куды цяжэй, як ссячы іх. Ламаныя канцы нельга было так пакінуць; трэба было завастрыць іх, каб можна было ўсе сем канцоў звязаць у адзін жмут. Тут ужо, апрача чарапашак, ён пусціў у ход вострыя каменьчыкі, якія таксама трэба было разбіваць на кавалачкі. Значна ён дапамог сабе яшчэ тым, што здагадаўся ўсадзіць канцы ў шчыліны між скал і круціць іх там.
Ен так захапіўся сваёй працай, ад якой залежала яго жыццё, што нават не заўважыў, як надышоў вечар. Тады толькі ён адчуў, як хоча есці, асабліва ж — піць. Але шукаць вады ўжо было позна, і ён стомлена прытуліўся да дрэва. Цяжкая праца і папярэдняя бяссонная ноч дапамаглі яму заснуць і не адчуваць голаду і смагі.
Назаўтра ён зноў праглынуў некалькі марскіх жывёлін і зноў пачаў працаваць, але пад поўдзень адчуў, што больш не можа вытрымаць без вады. Трэба было ісці шукаць яе. Але ці знойдзеш на гэтым нізенькім востраве?
Тут ён заўважыў, што на захадзе збіраюцца хмары і вецер узмацніўся.
— Пачакаю лепш дажджу, — сказаў ён сам сабе і зноў узяўся за работу.