157489.fb2
Зараз жа падскочыў негр і схіліўся, чакаючы загаду.
— Шампанскага і амараў,[13] — загадаў афіцэр.
— Не, пачакайце, — спыніла жанчына, — паклічце лепш Манга. Хай ён падае.
— Слухаю! — сказаў негр і пабег назад.
— Я, сястрыца, баюся, што вы пачастуеце нас вашымі ўлюбёнымі стравамі: слімакамі, чарвякамі і іншымі ласункамі. Можа, ты ўжо занудзілася па іх? — сказаў цывільны.
Грэт засмяялася і паківала яму пальцам:
— Пачакай, можа, і табе калі-небудзь прыйдзецца жывіцца такімі стравамі!
— Не, — адказаў брат, — калі ўжо не будзе чаго есці, дык я тады хоць хлеба з маслам з'ем.
Тым часам падыходзіў Манг. Хоць зусім інакшы выгляд ён меў, хоць на ім быў дасканалы сурдутны гарнітур, але ўсё ж такі кідалася ў вочы, што гэтае ўбранне не пасавала да яго. Нізкі рост, даўгія рукі, тонкія ногі, агульны выгляд і рухі — уся гэтая спадчына яго папярэдняга жыцця давала сябе адчуваць.
Калі ён убачыў сваю Белую Птушку, такую прыгожую, чыстую, у пекным шэрым адзенні, і разам з тым такую чужую, далёкую — ён не мог даць веры, што калісьці яны былі так блізка адзін ля аднаго. Але вобразы самі паплылі перад яго вачыма: вось ён яе выратоўвае з мора, вось яны на скале, потым у бацькоў, потым пяць дзён у чоўне…
— Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў ён ля сябе п'яны голас.
Манг азірнуўся і ўбачыў п'янага пана, які ўтаропіўся на яго бычынымі вачыма.
— Выбачайце! — сказаў Манг. — Я заняты.
— Што?! — гыркнуў пан і стукнуў кулаком па стале. — Хіба я не бачу, што ты ідзеш з пустымі рукамі?— І ён зноў стукнуў кулаком так, што шклянкі зазвінелі.
Падскочыў старшы служачы:
— Выбачайце, пан! Чым пан нездаволены?
— Што ж гэта ў вас тут робіцца, га? — зароў той. — Паназбіралі малпаў з усяго свету, а служыць не навучылі: ідзе з пустымі рукамі і адмаўляецца, калі яму загадваюць. Гэта ж…
Ледзь уціхамірылі яго. Але да службовай характарыстыкі Манга далучылася новая пляма…
Манг падышоў да стала Грэт і пакланіўся. Абодва мужчыны пачалі пільна прыглядацца да яго.
— Дык вось які ён! — прамармытаў ваенны.
— Ну, як жывеш, Манг? — пачала Грэт. — Як ідзе служба?
— Дзякую, міс. Служу, як магу.
— А я цяпер ужо не міс, а містрыс.[14] А гэта мой муж, капітан ваеннага карабля.
— Відаць, такі ўжо лёс твой, сястрыца, што галоўныя моманты твайго жыцця звязаны з капітанамі.
— Дзякую за параўнанне! — нездаволена буркнуў муж.
— Не абражайся, Джэк, — казаў далей брат, — ён жа ж быў не ваенны, а цывільны капітан.
Манг стаяў і сарамліва ўсміхаўся. Ен добра памятаў «урачыстую» сустрэчу на караблі.
— А што, Манг, ці не хацеў бы ты вярнуцца дахаты? — пыталася далей Грэт.
— Не ведаю, — адказаў Манг, падумаўшы. — Наведацца, у кожным разе, хацелася б.
— А мы з табой, мусіць, ужо не скора ўбачымся. Я сёння ўначы выязджаю з мужам у Індыю.
Хоць і без гэтага Манг бачыў яе за чатыры гады разы са тры, але ўсё ж яму зрабілася сумна. Адзінокі ў гэтым чужым шматмільённым горадзе, ён усё ж такі адчуваў, што тут недзе ёсць чалавек, які ведае яго, які звязан з ім агульнымі перажываннямі, успамінамі, да якога нават можна было б звярнуцца ў часе бяды. Гэта ж яна рэкамендавала яго ў гэты рэстаран і нават за першы год заплаціла гаспадарам значную суму за ўтрыманне і навучанне. І ў далейшым гаспадары лічыліся з ёй і, здаецца, яшчэ раз атрымалі грошы. Без яе ён не ўтрымаўся б тут ніводнага дня. А цяпер невядома, што будзе…
— Ну, дык прынясі нам вячэру, — сказаў ваенны і заказаў стравы.
Калі Манг адышоў, афіцэр звярнуўся да жонкі:
— Грэт, ты забываеш, што знаходзішся на людзях. Ты размаўляеш з ім, нібы з роўным. Гэта ж непрыстойна. Што могуць падумаць людзі, гледзячы на такое панібрацтва?
— Гэта ж апошні раз, на развітанне, — апраўдвалася Грэт. — Усё ж такі яму я абавязана сваім жыццём, а ты — сваёй жонкай, — дадала яна, хітра ўсміхаючыся.
— Дык жа ты зрабіла для яго ў сто разоў больш. Не кожны так адплаціў бы. Але з гэтага не вынікае, што ты павінна сябраваць з гэтай малпай.
— Ну, якое тут сяброўства! — махнула рукой Грэт.
— Капітан капітану зайздросціць, — уставіў сваё слова брат.
— А ты гатоў на ўсялякія недарэчнасці, абы толькі пажартаваць, — нездаволена адказаў афіцэр.
Калі пасля вячэры ваенны расплачваўся, ён даў Мангу «на чай» цэлыя тры фунты стэрлінгаў, за што жонка ўзнагародзіла яго ўдзячным позіркам.
Манг доўга стаяў на месцы і сачыў, як выходзіла Белая Птушка. А тая ўжо шчабятала аб ад'ездзе, аб падарожжы, аб знаёмых і зусім забылася, што на свеце існуе нейкі Манг…
Праз тры дні Манга звольнілі…
Апошняй прычэпкай было яго «непаразуменне» з п'яным панам. Яшчэ важней было тое, што яго заступніца выехала. А галоўнай прычынай было, што Манг не меў той вяртлявасці, спрытнасці, хітрасці, якія патрабуюцца ад лакеяў у такіх панскіх установах.
І Манг апынуўся на вуліцы, сярод тысяч беспрацоўнага люду — белых, чорных, жоўтых, бурых.
І, бадзяючыся на імглістых вуліцах Лондана, ён часта ўяўляў сабе іншы горад сярод скал, вуліцы-каналы, марскіх птушак, кану, сям'ю і Мгу.
1927 г.