157489.fb2 У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

У краіне райскай птушкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 6

— У сярэдзіне вострава ёсць невядомыя горы, дзе яшчэ не была нага белага сабакі. Там я знайшоў золата.

Нешта мільганула каля іх; праз некаторы час ціхенька рыпнулі дзверы…

— Вось шчаслівец! — зайздросліва сказаў Чык-чу.

— Хто табе забараняе таксама шукаць шчасце? — адказаў Чунг-лі.— Але трэба праўду сказаць, што гэта толькі шчаслівы выпадак, на які спадзявацца нельга. Я не дзеля гэтага ўцякаў, а быў вымушаны. І раіць нікому не буду, бо не заўсёды пашанцуе. Але калі каму-небудзь з вас нічога ўжо не застанецца рабіць, як тады было мне, — скажы, хай шукаюць месца Абу за сто кіламетраў на захад ад пачатку ракі Фляй. Ну, бывай здароў!

— Што ж ты цяпер будзеш рабіць? Куды пойдзеш? — спытаў Чык-чу.

— Не ведаю яшчэ, — адказаў Чунг-лі і пачаў ціхенька паўзці, але спыніўся і зноў падышоў да Чык-чу.

— Вось што, Чык-чу. Ты такі самы, як і мы. Ты не захочаш скрыўдзіць нас.

— Вядома, ці трэба аб гэтым гаварыць? — горача сказаў той.

— Можа здарыцца, што ты раней за нас вернешся дадому, або я зусім не вярнуся, — дык вось табе кавалак золата, аддай яго маім бацькам. Калі трэба будзе, і сабе вазьмі на выдаткі. Памятай, што, можа, яны атрымаюць гэты кавалак замест двух сыноў. А калі і мы вернемся, дык тады ўжо і ты атрымаеш. Сцеражыся толькі, каб ніхто не даведаўся, што маеш.

Ен выняў з торбы кавалак золата і аддаў Чык-чу.

— Добра, будзь спакойны, усё будзе зроблена, калі я буду жывы і вярнуся, — сказаў Чык-чу. — Хай бароняць цябе добрыя духі.

— І цябе таксама, — адказаў Чунг-лі і пасунуўся да выхада. Ціхенька адчыніў дзверы, пераступіў парог і адчуў… як некалькі пар рук абхапілі яго і скруцілі.

— Калі ласка, адважны Чунг-лі! — пачуўся насмешлівы голас Файлу. — Містэр Брук даўно жадае вас бачыць.

— У-у, сабака! — сказаў Чунг-лі.— Дачакаешся і ты свайго часу!

— Ці будзем будзіць містэра Брука або Скота? — запытаўся адзін з мужчын.

— Дзеля такога госця няварта, — сказаў Файлу, — заўтра ўбачыць.

— Ну, хадзем! — сказалі мужчыны і павялі Чунг-лі ў суседні будынак.

Чык-чу чуў, як Чунг-лі папаўся. Шкада яму было свайго сябра. Але мімаволі ён падумаў, які ён, Чык-чу, шчаслівы: ніхто яго не ловіць, ніхто не арыштуе, жыве ён ціха, спакойна, засталося яму працаваць толькі адзін год; гэты год праляціць непрыкметна, і ён сабе паедзе дадому багаты, вольны. А неспакойны Чунг-лі павінен пакутаваць…

Нельга апісаць, што рабілася з містэрам Брукам, калі ён даведаўся, што Чунг-лі злоўлены. Ен то рукі паціраў ад радасці, то рыкаў, як звер, ад злосці.

— Трэба паказаць усім, — крычаў ён, — што значыць падымаць руку на белага! Трэба яго перад усімі павесіць!

Містэр Скот аднёсся да гэтага спакайней.

— Павесіць мы не маем права, — гаварыў ён, — а трэба адаслаць яго ў Морсбі[4] і засудзіць. Усё роўна яго не пашкадуюць.

— Гэта занадта будзе проста і мякка, — пярэчыў Брук, — хоць скуру садраць з яго трэба…

— Ну, гэта ўжо ваша справа, — сказаў Скот. Увайшоў Кандаракі. Увесь яго выгляд сведчыў, што ён ведае нешта цікавае.

— Ці ведаеце, панове, — пачаў ён, — што справа з гэтым няшчасным кітайцам можа мець інтарэс для нас усіх? Я толькі што даведаўся аб усім падрабязна, — і вось вам довад.

Пры гэтым ён паклаў на стол два кавалкі золата: адзін велічынёю з грэцкі арэх, а другі — крыху меншы.

— Што гэта значыць? — запытаўся Скот.

— Гэта знойдзена пры Чунг-лі. Ен, аказваецца, знайшоў у сярэдзіне вострава месца, дзе сустракаюцца вось такія рэчы. Прыйшоў ён сюды, каб забраць свайго брата і ўцячы дадому.

— Ну што ж! — сказаў Скот. — Значыцца, будзе з чаго ўзяць няўстойку як за яго, так і за брата.

— Толькі няўстойку? — закрычаў Брук. — Гэтага мала! Дайце мне спачатку палічыцца з ім!

— Я параіў бы палічыцца з ім зусім іншым чынам, — сказаў Кандаракі.— Нічога яму не рабіць, абяцаць яму поўную свабоду за тое, што ён завядзе нас у тое месца.

— Як? — стукнуў кулаком Брук. — Пакінуць яго зусім непакараным? Не можа гэтага быць!

Скот глыбока задумаўся, а Кандаракі падышоў да Брука і ціха шапнуў яму:

— Не пярэчце. Калі ён пакажа нам месца, тады вы заўсёды будзеце мець магчымасць палічыцца.

— Ага! Гэта іншая справа, — супакоіўся Брук.

— Гэта добрая ідэя, — сказаў Скот, — але ж вы самі павінны ведаць, як цяжка наладзіць экспедыцыю ў глыб вострава.

— Ведаем, — адказаў Кандаракі,— аднак трэба таксама прыняць пад увагу, што калі ён адзін дабраўся, то добра падрыхтаваная экспедыцыя — тым болей, а па-другое, трэба памятаць, што не шукаць мы ідзём, а на пэўнае месца.

— Гэта праўда, — задуменна сказаў Скот, — прывядзіце яго сюды!

Праз некалькі хвілін прывялі Чунг-лі. Ен увайшоў пад наглядам двух салдат-сіпаяў.[5]

Чунг-лі са звязанымі рукамі стаяў перад Скотам і чакаў, што будзе. Брук сядзеў і глядзеў на яго, як звер на сваю здабычу. Скот даў знак, каб сіпаі выйшлі, потым звярнуўся да Чунг-лі:

— Ты ведаеш, што, паводле закону, за тое, што ты хацеў забіць англічаніна, ты можаш быць асуджаны на смерць.

— Зусім я не думаў і не хацеў забіваць, — сказаў Чунг-лі.

— Суд не можа ведаць, што ты думаў; ён будзе судзіць па тым, што ты рабіў. І тваё дзеянне лёгка назваць замахам на жыццё. Разумееш?

Чунг-лі маўчаў.

— Ты бачыш, — прадаўжаў Скот, — што ты знаходзішся ў нашых руках. Мы можам з табою зрабіць што хочам.

Скот спыніўся і пачакаў, каб Чунг-лі лепш адчуў сэнс апошніх слоў.

— Але ты можаш атрымаць поўную волю, сваё золата, скасаванне кантракта і нават дапамогу вярнуцца дадому, калі ты нам пакажаш тое месца, дзе знайшоў золата. Згодзен?

Чунг-лі маўчаў. Па-першае, яму вельмі не хацелася зноў пачынаць гэту цяжкую і небяспечную дарогу, па-другое, ён не хацеў служыць сваім ворагам і, па-трэцяе, — самае галоўнае — не быў упэўнены, што яны выканаюць сваё абяцанне. Але што яму заставалася рабіць? Яны маглі б і зараз яго забіць, і нічога ім за гэта не было б.

— Ну, адказвай! — сказаў Кандаракі.

— Ці сапраўды вы мяне тады адпусціце? — спытаў Чунг-лі, каб толькі адразу не паказаць, што ён згодзен.