157670.fb2 Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Чарадзейныя яблыкі - читать онлайн бесплатно полную версию книги . Страница 1

Чарадзейныя яблыкі

I

Калі студэнт, які забавіўся ў час вакацый, раптам успомніць пра родны дом, значыць, у яго канчаюцца грошы. Гэта няхітрая ісціна ці не тычылася і нашага героя.

Сябры зазвычай называлі яго Бока, скарачаючы гучнае прозвішча — Бачкароў. А забавіўся ён у адным з гарадкоў Латвіі, якая стала для нас далёкай. Цяністыя скверы, крамкі, рэстарацыі, нібыта лакіраваныя, брукаванкі, цэрквы і абавязкова кветкі на кожным рагу, а то базарчык, клумба ці звычайныя могілкі,— усё гэта закружыла хлопцу галаву, захапіла, як захапляе ўсмешка панны. Яму не хацелася ад'язджаць, але што было рабіць.

Білета да свайго роднага Полацка набыць яму не ўдалося. І тады ён узяў білет на спадарожны аўтобус. Так і апынуўся ў Асвеі.

Ён трапіў у Асвею позна ўвечары. Адразу ж, на вакзале, даведаўся, што бліжэйшы рэйс на Полацк — толькі а дзесятай гадзіне раніцы. А гэта азначала, што сёння яму яшчэ трэба паклапаціцца пра начлег.

Застаўшыся сам-насам з шырокім неасфальтаваным пляцам, над якім кружылася воблачка пылу пасля аўтобуса, што накіраваўся ў гараж, наш герой меў такое адчуванне, якое бывае ў момант няўдачы пасля некалькіх дзён шчасця і ўцех. Яму было сумна, таму што апынуўся

ў такой глушэчы. Бока адразу здагадаўся, што тут няма ні гатэля, ні нават больш-менш прыстойнай сталоўкі. Міжволі ён ужо шкадаваў, што выбраў такі маршрут…

Тут, покуль хлопец утоптвае пляц, маракуючы пра сваё становішча, скажам некалькі слоў пра яго знешнасць. Па-першае, ён меў высокі рост і прывабны твар. Праз гэты самы юначы твар, які не зведаў ляза, маладзён быў падобны на дзяўчыну. Вочы ў яго былі пекныя. Вялікія і задуменныя, яны выдавалі ў ім чалавека ўражлівага і разважлівага. Губы тым часам нічым не вызначаліся, і кірпаты нос таксама. Уражвалі яго светлыя, саламянага колеру валасы. Але, бадай, самым цудоўным у знешнасці хлопца было тое, што на шчоках яго іскрылася чырвань — то загараючыся, то прападаючы, яна была нібыта індыкатар яго ўнутранага стану. Апрануты Бока быў проста, без выдумак, як многія яго аднагодкі ў наш час: у сінія пацёртыя джынсы, чорную кашулю з вышытымі на грудзях краскамі і светлую летнюю куртачку з вышыўкай на кішэньцы.

Жнівеньскі дзень дагараў. Сонца размалявала ў ярка-чырвоны колер амаль палову небасхілу, запаліла акенцы хат. Бока адчуў, што застаецца менш за гадзіну да таго часу, калі яго просьба пераначаваць можа здацца дзіўнай. Трэба было спяшацца. Паправіўшы сумку на плячы, ён нарэшце пакінуў сваё месца ў цэнтры прывакзальнага пляца.

Міжволі ён накіраваўся туды, дзе было святлей — у бок сонца. Ён пайшоў па невялічкай вуліцы — і нечакана ўбачыў за паўкіламетра, у шырокай нізіне, вялікае возера. Жывая карціна заходу сонца над возерам прымусіла яго спыніцца. Хлопцава душа напоўнілася пачуццём радасці. Ён зусім не ўяўляў, што ў гэтым закутку сустрэне такую прыгажосць… Шырокай палоскай, нагадваючы пазалачоную дарожку, на паверхні вады зіхацелі промні. З таго месца, дзе стаяў наш герой, быў бачны ўвесь бераг. На ім туліліся да вады хаткі, быццам былі змытыя разводдзем. Некаторыя з іх стаялі на вадзе на высокіх палях. А крышку збоку, на другім беразе, цямнеў стары парк, — здалёк было відаць, як кружылася над дрэвамі чарада крумкачоў.

Агледзеўшы мясцовасць, Бока накіраваўся да парка. Ён ішоў па дарозе, цешыўся чысцінёй паветра і не мог сабе ўявіць, што паветра можа быць такое свежае, мяккае

і прыемнае. «Несумненна, — разважаў хлопец, — гэта паветра і гэта возера для мясцовых жыхароў — гонар».

Ён прайшоў праз усю вуліцу і ўбачыў апошні, бліжэйшы да парку, дом. Агароджа вакол яго падгніла і апіралася на кусты. Дом таксама патрабаваў рамонту, пра гэта сведчыла пахіленая і, здавалася, гатовая скаціцца ў канаву веранда. З коміна над страхой струменіў дымок. Пераступіўшы праз рэшткі агароджы, Бока падышоў да старой галінастай яблыні, сарваў некалькі самых лепшых яблыкаў. Ён не адважыўся б на гэта, калі б не выгляд тых самых яблыкаў. Чырвоныя, буйныя, яны быццам свяціліся з сярэдзіны…

Праз хвіліну хлопец быў ужо ў старым парку. Цікаўнасць прымусіла яго не думаць пэўны час пра пошукі начлегу. Ён пракарабкаўся праз густыя зараснікі маладых асін і апынуўся на паляне.

Перад ім паўсталі рэшткі вялізнага каменнага палаца. Першы паверх уехаў у зямлю па самыя карнізы акон. Фасад другога паверха яшчэ не быў пазбаўлены ўпрыгожанняў напаўкруглых пілястраў. У промнях сонца рэшткі ўяўлялі нешта феерычнае: здавалася, што камяні ахоплены полымем. Нават зеляніна навокал — кусты, пара старых дрэў — былі як у агні. Трапяткое лісце нагадвала вогненныя языкі. І толькі доўгія мёртвыя цені на зямлі падказвалі, што гэта феерыя — ні што інакшае, як здзекі святла.

Непадалёку ад руінаў знаходзілася сажалка. Бока падышоў да яе. Паверхня нагадвала пляц, выкладзены шліфаваным гранітам, — ні плёскат, ні які-небудзь рух не хвалявалі яго. Гэта сажалка валодала чарадзейнай уласцівасцю: на яе хацелася глядзець і глядзець, чакаць нечага звышнатуральнага. Яна абуджала фантазію.

Успомніўшы пра яблыкі, хлопец прысеў на беразе, дастаў адзін, стаў акуратна выціраць яго насоўкай. Зноў яму падалося, што яблык свеціцца з сярэдзіны…

Прыкмеціўшы гэты дзіўны эфект, Бока нарэшце пачаў есці. Але яблык быў не дужа спелы. Выгаладалы за дзень, наш герой не браў гэта пад увагу.

Яго прыцягвала сажалка. Ён заўважыў, што берагі бетанаваныя. І гэта яго здзівіла. Бока нахіліў галаву над вадой і пачаў уважліва разглядваць рэшткі бетону. Нечакана з вады, якраз у тым месцы, дзе ён нахіліўся, вылецела вялікая белая птушка. Выцягнуўшы шыю, яна моцна закрычала і, лопаючы крыламі, знікла з вачэй — толькі пер'е паляцела ў розныя бакі!.. Хлопец ускочыў на ногі. Нейкую хвіліну ён нічога не бачыў і не чуў, быццам праваліўся ў цемру. Бока быў збянтэжаны не гэтулькі крыкам птушкі, колькі нечаканым яе з'яўленнем. «Адкуль яна ўзялася?» — спытаўся ў сябе. Калі б не пер'е на хвалях, ён падумаў бы, што ўсё гэта прымроілася…

Развагі не прывялі яго да якіх-небудзь высноў. Успомніўшы пра начлег, Бока, азіраючыся, пайшоў з парка.

Неўзабаве ён зноў апынуўся на знаёмай вуліцы. Як і чвэрць гадзіны таму тут было ціха і пустэльна. Хлопец накіраваўся да дома з пахіленаю верандай. Ён ужо сварыўся на сябе за перажыты спалох. Заўважыўшы кінуты на дарогу пачак з-пад цыгарэт, ён са злосцю падцяў яго. Пусты пачак падляцеў і лёпнуўся ў сцёкавую канаву. Бока абышоў тое месца, куды ён упаў, раптам пачуў ззаду моцны воплеск, што нагадваў выбух вучэбнай гранаты… Гэта новая дзіўная нечаканасць падзейнічала на хлопца, як удар бізуна па спіне. Не адважваючыся азірнуцца, ён адным махам пераскочыў праз агароджу і кінуўся да бліжэйшага дома.

II

Дзверы дома былі незачыненыя. Бока забег у сенцы — і толькі пасля гэтага асмеліўся азірнуцца. Ён быў збянтэжаны тым, што нядаўна здарылася на дарозе. Аддыхаўшыся, ён наблізіўся да дзвярэй, якія вялі ў пакой, і, пастукаўшы, гучна запытаўся:

— Ці можна?

Адказу ён не пачуў. У сенцах і за дзвярыма было ціха, як на могілках, — толькі з вуліцы, праз шчыліны ўваходных дзвярэй, чулася мернае цвырканне конікаў… Вока вырашыў, што гаспадары — на дварэ, і пакіраваў назад. Але тут ляснуў замок, дзверы пакоя скрануліся і марудна адчыніліся. Перад хлопцам паўстала таўсматая жанчына. Пагляд яе вялікіх чорных вачэй увабраў цэлую гаму пачуццяў — цікаўнасць, страх, нездавальненне. У гэтых вачах адбіваліся праменьчыкі вечаровага сонца. Баючыся, што яна можа засердаваць, Бока хуценька растлумачыў прычыну свайго наведвання:

— Даруйце, я тут праездам. Мой аўтобус пойдзе толькі раніцой. Ці не дазволіце мне пераначаваць?

— Пераначаваць? — перапытала таўсматая. Па ўсім было відаць, што гэта просьба моцна яе здзівіла.

— Так, — не адступаўся ад свайго наш герой. — Я ўпершыню ў вашай вёсцы, нікога тут не ведаю…

Ён змоўк, думаючы, што яшчэ дадаць да свайго тлумачэння. Паўза, якая наступіла ўслед, падалася яму бясконцай. Жанчына, як на тое, не спяшалася з адказам. Яна выпрабавальна ўглядвалася ў вочы «госцю», нібы жадала прачытаць у іх тое, што ён хацеў, ды не даказаў. Нарэшце яна адазвалася:

— Не, я не магу. Прабачце. — І прызналася: — Мужчыны ў гэтым доме не было ўжо год з дваццаць. Я паспела нават забыць мужчынскі дух. Дый адкуль я ведаю, хто вы. Я не засну ўсю ноч. А раптам вы які-небудзь злодзей…

Па інтанацыі яе голасу цяжка было здагадацца, ці жартуе яна, ці гаворыць сур'ёзна.

— Ды што вы, — запярэчыў Бока.

Але старая не захацела яго даслухаць.

— Не, і не прасіце, — сказала яна. — Вы і самі падумайце. Вёска ў нас невялікая. Заначуеце — пачнуць брахаць. За год не адмыешся ад плётак.

Бока ўсміхнуўся, зрабіўшы выгляд, што гэты жарт зразумеў, а потым прапанаваў:

— Я згодзен пераначаваць вось тут, у сенцах. Я непераборлівы.

— Ні ў сенцах, ні на гарышчы, — працягвала з сур'ёзным тварам гаспадыня. — Тым болей — у сенцах, дзе водзяцца пацукі. Вайну з імі вы ўсчаняце праз пяць хвілін пасля таго, як ляжаце.

Бока раптам зразумеў, што ён наўрад ці дамовіцца з гэтакаю ўпартаю.

— Дык што рабіць? — запытаў ён у адчаі.— Парайце.

— Ідзіце, пытайцеся, пакуль яшчэ не значэла. Можа, хто і возьме.

— Але куды ж ісці? Я нікога не ведаю…

Відаць, адчуўшы, што ёй дастаткова аднаго слова, каб выправадзіць госця, таўсматая нібы памякчэла, паглядзела на хлопца з ласкаю.

— Ды вы сядайце, — нечакана прапанавала яна. — Відаць, прытаміліся з дарогі. Пасядзіце хвілінку. А я пакуль падумаю, куды вас прыладзіць.

Маленькія сенцы былі застаўлены мэбляю. Акрамя стала і крэслаў, тут умяшчалася нават шафа. Бока прысеў на ўскрайчык аднаго з крэслаў.

— Хто ж тут можа ўзяць?.. — разважала гаспадыня, выціраючы і без таго чысты стол. — У Насці — унукі ў гасцях. Кацька — не возьме, у яе мужык — звер… Пачакайце, пачакайце, дайце падумаць. — Яна прайшлася па пакоі. Рухалася гаспадыня няўклюдна, як качка, і ледзь месцілася паміж сталом і шафаю. Зачыніўшы шчыльна дзверы ў пакой, яна нечакана спытала: — А ці любіце вы яблыкі?

Хлопец адказаў:

— Не адмоўлюся… Але каб як-небудзь вырашыць з начлегам.

— Зараз-зараз, — адазвалася старая.

Яна пратупала праз сенцы і нечакана знікла за дзвярыма.

Бока застаўся адзін. Запрашэнне пасядзець і адпачыць і гэтае пытанне пра яблыкі супакоілі яго. На хвілінку ён нават забыўся пра свае клопаты. У траве, на ганках, цвыркалі конікі; у гэтую ноч, што мелася быць сухой і цёплай, яны збіраліся «музыцыраваць» доўга — да расы. Вырабляныя імі гукі закалыхвалі. Хлопец не запярэчыў бы, калі б яму дазволілі прасядзець вось так, за сталом, усю ноч…

Дзверы зноў адчыніліся. Цяпер гаспадыня ўвайшла з талеркай яблыкаў. За ёю ў сенцы раптам уляцела лупаценькая птушка. Яна гучна крыкнула, прымусіла госця здрыгануцца, — голас у яе быў рэзкі і непрыемны і нагадваў крык дзіцяці. Бока прыжмурыўся, стараючыся разгледзець у прыцемку маленькую крыкліўку, што лётала з месца на месца.