157670.fb2
А Шадурскі ўслед заклапочана прамовіў:
— Бачу, панове, што мне давядзецца ўгаворваць вас на гэтую бяскрыўдную гульню.
— Не-не, гэтага вам рабіць не давядзецца, — запярэчыў Скарлоцы. — Вядзіце, — запатрабаваў ён і першы выйшаў з-за стала. — Згараю ад жадання пакаштаваць гэтых яблыкаў. І не баюся, бо не веру ў байкі. У гэтым свеце ўсё падпарадкавана законам прыроды. Нічога незвычайнага адбыцца не можа. Казкі пра чараўнікоў і лятаючых ведзьмаў могуць здзівіць хіба што дзяцей.
— Адразу відаць — смяльчак, — падбадзёрыла яго панна.
— Вядзіце! — палка паўтарыў італьянчык і падаўся да выхаду.
Падняўся і Шадурскі. За ім, як па камандзе, з-за стала пачалі выходзіць астатнія кампанейцы.
— Запрашаю вас паглядзець тое, што, калі прызнацца, не ўцямлю сам, — сказаў гаспадар.
Сліва, адчуваючы дробныя дрыжыкі ў целе, змушана засмяяўся, прамовіў:
— Я не палохаюся. О не, ніколькі. Проста смяхоцце, зразумейце. «Чарадзейныя» — фі, гэта несур'ёзна…
Зноў апошнія сталоўку пакідалі панна Яніна і наш Бока. Затрымаўшыся каля выхаду, панна азірнулася на хлопца. На яе твары гуляла насмешка.
— Спадзяюся, пан Вальдэмар, — сказала яна, — на гэты раз вы не напалохаецеся?
Бока, які гатовы быў праваліцца скрозь зямлю ад сораму, адказаў ёй:
— Не сярдуйце. Калі б вы ведалі ўсе абставіны, якія звязалі мяне з вамі, то былі б больш спагадлівыя.
— Няўжо? — робячы выгляд, што здзіўленая, праказала панна. — А мне здавалася, што абставіны не маюць улады над тымі, каго можна назваць сапраўдным рыцарам.
Гэта быў укол. Хлопец зразумеў, што нядаўнюю памылку яму нельга нічым апраўдаць. Упершыню ён падумаў, што трэба было не ўцякаць адсюль, а затрымацца, каб пастарацца выправіць сваю прамашку.
Між тым, працягваючы насмешліва ўхмыляцца, панна ўзяла яго пад руку. Яна як бы давала зразумець, што яшчэ можа дараваць яму. Так, прытуліўшыся адзін да аднаго, яны моўчкі выйшлі з залы.
— І ўсё ж чаму «чарадзейныя»? Няўжо яны здольныя ўчаўпці што-небудзь незвычайнае? — дапытваўся Сліва ў Шадурскага, калі ўсе — і гаспадары, і госці — стаялі перад невялікім каржакаватым дрэвам, голле якога было літаральна аблеплена чырвонымі яблыкамі.
— Не ведаю, не ведаю, пан Сліва, — адказаў Шадурскі.— Здарыцца можа невядома што: ад звычайнага да неверагоднага. Заўважу толькі, што назіраецца дзіўная завядзёнка: над аднымі, здаецца, найбольш набожнымі, яблыкі проста паджартоўваюць, затое над другімі могуць наладзіць сапраўдную экзекуцыю. Таму папярэджваю, панове, перш чым выпрабаваць сябе, узважце вашыя грахі.
Гэтае папярэджанне, хоць і выказанае як бы жартам, крыху суцішыла гулякаў. Насмешлівасць з іх твараў як ветрам здзьмула. Між тым гаспадар маёнтка ціхамірна працягваў:
— Усё, што здарыцца з вамі, панове, здарыцца нездарма.
Аднак гэтая кароткая заўвага не дадала смеласці гасцям. Наадварот, яны як быццам страцілі бадзёрасць. А Скарлоцы панура прагудзеў:
— Н-ну, пасля такіх прадмоў страшна нават падыходзіць да гэтага дрэва…
Надышла чарга ўступіць у размову панне.
— І гэта кажа пан Скарлоцы, смелы мужчына, — з іроніяй прамовіла яна. — Не ведаю, але думаю, што той заяц з Сар'інскага лесу быў смялейшы.
Скарлоцы тут жа ступіў да яблыні.
— Падумаеш, яблыкі! Не веру ў вашыя байкі!
Ён сарваў буйны яблык і, жадаючы адразу ж даказаць сваю смеласць, пачаў яго есці. Ён жаваў — і ягоныя вусы пры гэтым варушыліся, бы ў рака, які падпільноўвае здабычу. Усім сваім выглядам ён хацеў паказаць, што і самога чорта не баіцца. Сябры зазіралі яму ў рот, — чакалі дзіва…
Аднак дзіва не спяшалася.
— А неблагія на смак, — шчыра прызнаўся смяльчак.
— Гэта французскі гатунак, «перлашэз»2, знаны ў Еўропе, — пахваліў Шадурскі.
— Няўжо ж, ну і назва, — прабурчаў Скарлоцы, — не маглі прыдумаць што-небудзь весялейшае. — Аднак працягваў хрумсцець сакаўным яблыкам.
— Дзіўна… нічога не адбываецца, — задуменна сказаў, гледзячы на італьянца, Сліва. — Сябры, — звярнуўся ён да Шадурскага і яго дачкі,— прызнайцеся, вы пажартавалі над намі? — Твар яго расплыўся ад усмешкі. Відаць, ён жадаў, каб усё, што казалі пра яблыню, сапраўды было жартам.
Асмялеўшы, ён таксама сарваў яблык і, выцершы яго аб рукаво, пачаў есці.
— О, дзякуй Богу! Цудоўныя, смаката! — з захапленнем праказаў ён.
— Як жа гэта, пан Шадурскі, вы ж абяцалі! — ужо злуючыся на тое, што нічога не адбываецца, усклікнуў заўсёды незадаволены Скарлоцы. У ягоным голасе гучала амаль што крыўда.
— Пацярпіце, пацярпіце, пан Скарлоцы, — азваўся гаспадар дрэва. — Чарадзейнай сіле таксама патрэбна разварушыцца. Пакуль яна ўзважыць усе вашыя вартасці і недахопы…
— Тата кажа праўду, не варта прыспешваць наканаванае, — падтрымала бацьку панна. Яна таксама сарвала яблык і пачала адкусваць. — Запэўніваю вас, панове, што гэтая яблыня яшчэ ніводнага разу не падвяла нас.
Чмякаючы, Сліва пацікавіўся:
— А ці здольна сіла гэтага дрэва выконваць жаданні, ну, скажам, прынесці сюды кухаль халоднага піва?..
— Усё па волі нябёсаў,— адказаў Шадурскі.— Яна здольная на што хочаш. Можа нават пасадзіць вас за стол з самім Аўгустам Панятоўскім. — Ён таксама пацягнуўся да адной з галінак, каб сарваць плод. Але раптам перадумаў — азірнуўся на таўсмача.
Слівава чмяканне рабілася ўсё больш непрыстойным. У кампаніі ўжо ўсе звярнулі на гэта ўвагу. Але тое, што здарылася далей, прымусіла сяброў здзівіцца. У Слівы раптам пачала выпінацца наперад сківіца. Ён працягваў жаваць — а тым часам яго нос і рот пачалі ператварацца ў свіны лыч. Адначасова ў яго пакарацелі ногі і рукі. Неўзабаве недаедзены яблык выпаў у яго з рук, і ён змушаны быў укленчыць і шукаць яго на зямлі. Праз хвіліну перад сябрамі замест дабрадушнага таўсмача паўстаў укормлены ружовы парсюк у адзежы. Скарлоцы працягнуў рукі да таго месца, дзе толькі што стаяў яго неразлучны сябар, і залямантаваў:
— Пан Сліва! Пан Сліва!
Але ўжо было позна. Пан Сліва — дакладней тое, што з яго здзеелася, — даядаў упалы на зямлю яблык, гучна рохкаў і абыякава пацепваў вялікімі вушамі…
— Божа, святы і справядлівы, заступіся! — прастагнаў Скарлоцы. — Вось ён, суд Божы! Вось калі Бог пачынае судзіць за грахі нашыя!
— Адступімся, панове, — грэбліва наморшчыўся, прапанаваў Шадурскі,— выпадак, я вам скажу, непрыгожы…
— Бедны пан Сліва!.. Бедны пан Сліва!.. — працягваў енчыць Скарлоцы, кінуўшы яблык.
— Так-так, паглядзеў бы ён зараз на сябе, — заўважыў Шадурскі.
— Але чаму з усіх нас наканавана было выбраць якраз яго? — запытаўся Скарлоцы.
А чарадзейства, па ўсім было відаць, само пачынала дзейнічаць. Калі ўсе кінуліся прэч ад яблыні, панна раптам ускрыкнула. Скарлоцы, Шадурскі і Бока азірнуліся і ўбачылі дзівосы: лёгкая ружовая сукенка панны вісела высока на яблыневым голлі, а яе гаспадыня стаяла назусім голая і прыкрывала свае спакусы ручкамі. Гэтая, вядома ж, прыемная для мужчынскіх вачэй, сцэнка доўжылася ўсяго колькі імгненняў. Здагадаўшыся, што яблыня не аддасць ёй сукенку, прыгажуня стрымгалоў кінулася да палаца.